Першая сусьветная вайна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Першая Сусьветная вайна»)
Першая сусьветная вайна
Дата: 28 ліпеня 1914 — 11 лістапада 1918
Месца: Эўропа, Афрыка, Сярэдні Ўсход, Ціхі акіян, Атлянтычны акіян, Міжземнае мора, Азія
Прычына:
Вынік:
Тэрытарыяльныя
зьмены:
Агульныя страты
Каля 17 000 000

Першая сусьветная (усясьветная[1]) вайна — вайна 1914—1918 гадоў між Антантай (Вялікабрытанія, Францыя, Расея, Сэрбія, Японія, Італія (з 1915 г.), ЗША) і Цэнтральнымі дзяржавамі (Аўстра-Вугоршчына, Нямеччына ды Турэччына і Баўгарыя), у якой удзельнічалі 38 з 59 існых на той час незалежных дзяржаваў[2] з усяго сьвету.

Напачатку называлася «Вялікая вайна», назву «Першая сусьветная вайна» атрымала ў 1920 годзе. Непасрэдным повадам да вайны было забойства аўстрыйскага эрцгерцага Фэрдынанда басьнійцам Гаўрылам Прынцыпам у Сараеве.

У выніку вайны зьніклі чатыры імпэрыі: Расейская, Аўстра-Вугорская, Асманская і Нямецкая (хоць узьніклая замест кайзэраўскай Нямеччыны Ваймарская рэспубліка фармальна працягвала называцца Нямецкай імпэрыяй). Краіны-ўдзельніцы згубілі 12 млн чалавек забітымі (разам з цывільнымі жыхарамі), каля 55 млн былі параненыя.[3]

Чыньнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Перадгісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Канадзкі плякат, які заклікае франкаканадцаў да ўступленьня ў войска.

Венскі кангрэс, які тэрытарыяльна ўладкаваў Эўропу, не даваў правоў на самавызнаньне й свабоду іншым народам, аддаючы ім месца пад патранажам магутных дзяржаваў. Доўгі час пастанаўленьні кангрэса існавалі дзякуючы гэтак званаму Сьвятому зьвязу, але з часам паміж эўрапейскімі краінамі сталі ўзьнікаць непаразуменьні. Аб’яднаньне Італіі ў 1861 годзе й Нямеччыны ў 1871 годзе, дасягнутае нацыяналістамі, прывяло да перастаноўкі сілаў. У выніку франка-прускай вайны Францыя страціла на карысьць Нямеччыны Эльзас і Лятарынгію, што пасеяла сярод французаў жаданьне помсты суседзям. У Аўстра-Вугоршчыне й на Балканах усе часьцей успыхалі канфлікты на этнічнай глебе. У асноўным хваляваньні адбываліся ў паўднёвай частцы імпэрыі, якую насялялі славяне, прыхільнікі панславянізму, пашыраны Сэрбіяй і Расейскай імпэрыяй. Аналягічнай дактрынай панславянізму зьяўлялася дактрына пангерманізму, якая была пашырана сярод урада Нямеччыны й Аўстра-вугоршчыны, што безумоўна вяло да абастрэньня канфлікта.

Адным з фактараў напружаньня паміж дзяржавамі быў імпэралізм. У выніку прагрэса індустрыяльнай рэвалюцыі, Вялікабрытаніі, Францыі й Нямеччыне, былі неабходныя вялікія рынкі сбыту, для сваіх тавараў, колькасьць якіх павялічвалася з кожным разам. Гэтыя краіны актыўна ўдзельнічалі ў эканамічнай экспансіі Афрыкі, Азіі й Акіяніі. Ангельшчына й Францыя здолелі мірна вырашыць любыя пытаньні, датычныя сваіх калёніяў, але не жадалі мірыцца з агрэсіўнай каляніяльнай палітыкай, якую праводзіў Другі Райх, што яшчэ больш павялічыла напружаньне. На Блізкім Усходзе за паслабелай Асманскай імпэрыяй, уважліва назіралі Расея й Аўстра-Вугоршчына, якія рыхтаваліся да падзелу тэрыторыяў саслабелага суседа.

Напрыканцы XIX стагодзьдзя ўзьнікла новая сацыяльная й філязофская дактрына, якая атрымала назву сацыяльны дарвінізм. Паводле гэтай тэорыі ўсе нацыі, народы й этнічныя групы, павінны былі весьці канкурэнцыю за сусьветнае першынство. Будавалася гэтая тэорыя на думках Дарвіна, а менавіта на біялягічнай эвалюцыі й міжвідавай канкурэнцыі, што разумелася як «выжываньне найбольш прыстасаваных». Такая ідэалёгія выдатна ўпісвалася ў імпэрскую палітыку, правадзімую эўрапейскімі дзяржавамі. Апраўданая жорсткая «бітва за выжываньне» паміж краінамі, вымушала мацнейшых «зьядаць» слабейшых, што пазьней, у міжваенны пэрыяд, дало пачатак нацыскаму расізму. Сацыяльны дарвінізм, таксама служыў апраўданьнем правадзімай калянізацыі ў Азіі й Афрыцы.

У дадатак, у такіх краінах, як Аўстра-Вугоршчына й Нямецкая імпэрыя, ішла барацьба паміж нямецкай і славянскай культурамі. Менавіта ў гэты час ваенная перавага над суседзямі стала ключом разьвіцьця для шматлікіх эўрапейскіх цывілізацыяў. Тупік у імпэрскай палітыцы азначаў бы толькі адно — крах і катастрофу. Такая філязофія была каталізатарам для фармаваньня патрабавальных адносінаў паміж дзяржавамі. Большасьць краінаў пачало праводзіць агрэсіўную прапагандысцкую кампанію, выклікаючы такім чынам у грамадзтве нянавісьць і агрэсію да ворага. Любыя дыпляматычныя крокі разглядаліся як правакацыя.

Унутраная палітыка Нямеччыны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На парплямэнцкіх выбарах 1912 году ў Нямеччыне адносна вялікую колькасьць галасоў атрымала партыя левых сацыял-дэмакратаў, то бок Сацыял-дэмакратычная партыя Нямеччыны. Прускія юнкеры, якія склалі большасьць новага парлямэнту, асьцерагаючыся ўзрастаючай папулярнасьці левых, імкнуліся адцягнуць увагу грамадзтва ад палітычных справаў. Правыя пачалі шукаць зьнешняга канфлікту, які б зьяднаў народ і выклікаў патрыятычныя пачуцьці да ўрада. Некаторыя крыніцы сьцьвярджаюць, што шматлікія прускія кансэрватары выступалі супраць любых ваенных дзеяньняў, нават пераможных, лічачы што вайна можа выклікаць рэвалюцыйны настрой, калі б яна была доўгай і зьнішчальнай.

Крах зьвязаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расейскі імпэратар Мікалай II

Першая сусьветная вайна часткова была справакавана існаваньнем дзьвюх варожых зьвязаў Антанты (Велікабрытанія, Францыя й Расея) і Траістага зьвязу (Нямеччына, Аўстра-Вугоршчына й Італія), якія зарадзіліся дзякуючы канцлеру Райха — Бісмарку, пасьля франка-прускай вайны. Бісмарк, жадаючы ізаляваць Францыю, у 1879 годзе склаў з Астра-Вугоршчынай вайсковую дамову супраць Расеі, паводле якой у выніку вайны паміж Нямеччынай і Францыяй, Аўстра-Вугоршчына павінна была захаваць нэўтральнасьць. У 1882 годзе скарыстаўшы становішча «жалезны канцлер» уцягнуў у альянс супраць Францыі Італію, якая была незадаволена захопам французамі Тунісу. Італія павінна была застацца нэўтральнай калі б Расея атакавала Аўстра-Вугоршчыну, а немцы й аўстра-вугорцы ў сваю чаргу згаджаліся дапамагчы італьянцам, калі б яны падвергліся нападу з боку Францыі. Тым часам адносіны паміж Аўстра-Вугоршчынай і Расеяй, пагаршаліся праз сытуацыю на Балканах, аднак да адкрытай вайны не даходзіла. Справа ў тым, што яшчэ перад адстаўкай Бісмарк склаў з Расейскай імпэрыяй мірную дамову, паводле якой абодва бакі павінны былі захоўваць нэўтральнасьць у выпадку, калі адзін з бакоў знаходзіўся ў стане вайны.

Пасьля сыходу Бісмарка зьнешняй палітыкай займаўся сам кайзэр Вільгельм II, які зьмяніў кірунак зьнешняй палітыкі Райху. Новыя прадстаўнікі ўраду былі нецярпімыя да славянаў, а менавіта да Расеі, такім чынам нядаўняя мірная дамова ня мела шанцаў на далейшае існаваньне. Францыя выкарыстала гэтую магчымасьць, і знайшла сабе новага хаўрусьніка ў асобе Мікалая II, расейскага імпэратара, склаўшы зь ім шэраг абаронных трактатаў у 1892 годзе. Тым часам, Вялікабрытанія пачала насьцярожана ставіца да нямецкіх палітычных праграмаў, у прыватнасьці велізарнае пашырэньне нямецкага флёту, якое ставіла пад пагрозу панаваньне ангельскага флёту.

У 1904 годзе Францыя й Вялікабрытанія вырашылі пераадолець узаемную варожасьць і аб’яднацца ў палітычна-ваенны зьвяз, які атрымаў назву Антанта. У 1907 годзе да зьвязу далучылася Расея. Вялікабрытанія таксама мела хаўрусьніцкія адносіны зь Японіяй. Гэтак Эўропа на пачатку XX стагодзьдзя была падзелена на два варожыя лягеры: Антанта й Траісты зьвяз.

Плян Шліфэна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напружаньне нарастала, вайны было не пазьбегнуць. Тэарэтыкі пачалі распрацоўваць ваенныя пляны. Большасьць зь іх лічыла, што для перамогі неабходна напасьць першым і такім чынам атрымаць перавагу над праціўнікам. Для ажыцяўленьня гэтага пляну, неабходна было як мага хутчэй аб’явіць мабілізацыю й не патрапіць зьнянацку, аказаўшыся ў абароне.

Нямецкае вярхоўнае кіраўніцтва ў выпадку вайны паміж дзяржавамі разьлічвала першым чынам хутка разабрацца з Францыяй, для таго каб Расея не пасьпела мабілізаваць свае грамадныя людзкія рэсурсы. Пасьля ліквідацыі аднаго праціўніка ўсе нямецкія войскі павінны былі перайсьці на ўсходні фронт. Хоць плян бліцкрыга быў распрацаваны яшчэ ў 1905 годзе, графам Адольфам Шліфэнам, нямецкае кіраўніцтва ўскладала на яго велізарныя надзеі, асабліва пасьля расейска-японскай вайны, якая агаліла ўсе слабыя месцы царскай Расеі.

Гонка ўзбраеньняў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эўропа рыхтавалася да вайны. Большасьць краінаў увялі воінскую павіннасьць, распрацавалі пляны-дзеяньні ў выпадку пачатка канфлікту. Тэхналягічнае й арганізацыйнае разьвіцьцё прывялі да стварэньня генэральных штабаў з выразным раскладам для мабілізацыі й наступальных апэрацыяў.

Войскі Францыі й Нямеччыны павялічылі сваю колькасьць амаль ўдвая. Гонка ўзбраеньняў на моры была відавочнай, асабліва паміж Вялікабрытаніяй і Нямеччынай. Дзеля забесьпячэньня марскога панаваньня былі распрацаваны новыя мадэлі ваеннай марской тэхнікі. Вайна 1905 году паміж Расеяй і Японіяй паказала ўсю моц сучаснага флёту й падштурхнула эўрапейскія дзяржавы да стварэньня вялікай колькасьці браняванных, буйнакаліберных караблёў. Калі Велікабрытанія павялічыла вытворчасьць ваенных суднаў, Нямеччына ў адказ зрабіла тое ж самае, таксама наладзіўшы вытворчасьць караблёў. Між тым, міжнародныя высілкі былі накіраваныя на спыненьне й запавольваньне гонкі ўзбраеньняў, у тым ліку Гаагаўскія канвэнцыі 1899 і 1907 гадоў, якія, на жаль, ня мелі посьпеху.

Асноўныя падзеі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Удзельнікі Першай сусьветнай вайны. Чырвоны колер — Цэнтральныя дзяржавы. Сіні — Антанта.

1914[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1915[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палонныя расейцы з-пад Дарава ў Баранавічах. Нямецкая паштоўка 1918 году
  • 24 красавіка: улады Асманскай імпэрыі разьвязалі генацыд армянаў
  • 23 траўня: Італія абвясьціла вайну супраць Аўстра-Вугоршчыны
  • 14 верасьня: пачалася Бітва пад Маладэчнам (1915)
  • 14 кастрычніка: Баўгарыя абвясьціла вайну супраць Сэрбіі, і ўвайшла ў вайну на баку Нямеччыны і Аўстра-Вугоршчыны

1916[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Імша па 7 нямецкіх жаўнерах Ландверу. Вайсковыя могілкі ў лесе пад Баранавічамі. Нямецкая паштоўка 1916 году

1917[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 27 чэрвеня: Грэцыя ўваходзіць у вайну на баку Антанты
  • 27 жніўня: Кітай абвясьціў вайну супраць Нямеччыны
  • 26 красавіка: Бразылія абвясьціла вайну супраць Нямеччыны
  • 7 сьнежня: ЗША абвясьцілі вайну супраць Аўстра-Вугоршчыны

1918[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • 11 лістапада: падпісана замірэньне. Вайна скончылася.

Беларусь у гады вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Беларусь у Першай сусьветнай вайне
Фронт на лініі Дзьвінск — Паставы — Баранавічы — Пінск

Згодна з распрацаванымі плянамі ваенных дзеяньняў Нямеччына разьлічвала спачатку разьбіць Францыю, а затым Расею. Уварваўшыся праз тэрыторыю нэўтральнай Бэльгіі ў межы Францыі, немцы стварылі рэальную пагрозу для Парыжу. Расея плянавала нанесьці галоўны ўдар па Аўстра-Вугоршчыне ў напрамку Галіцыі, што давала магчымасьць пранікнуць на Балканы і да праліваў Басфор і Дарданэлы. З пачатку 1915 году асноўныя сілы Нямеччыны знаходзіліся на Ўсходнім фронце. У выніку нямецкага наступленьня расейскія войскі ў чэрвені 1915 году пакінулі Галіцыю, страціўшы каля 600 тыс. палоннымі, забітымі, параненымі. Захапіўшы Галіцыю, Нямеччына сканцэнтравала галоўныя сілы на польскім тэатры ваенных дзеяньняў. Расейскія войскі, церпячы паражэньне за паражэньнем у Польшчы, у ліпені 1915 г. здалі Варшаву. Фронт імкліва набліжаўся да Беларусі. У жніўні 1915 г. пачалося нямецкае наступленьне ў напрамку Коўна-Вільня-Менск. У пачатку верасьня 1915 г. расейская армія пакінула Вільню, Горадню, Ліду, Берасьце і іншыя гарады Заходняй Беларусі. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандуючага была пераведзена з Баранавіч у Магілёў. У кастрычніку 1915 г. фронт стабілізаваўся на лініі Дзьвінск-Паставы-Баранавічы-Пінск. Частка тэрыторыі Беларусі апынулася пад нямецкай акупацыяй. Напярэдадні і ў першыя дні вайны ў заходніх, у тым ліку беларускіх губэрнях, было аб’яўлена ваеннае становішча. Забараняліся забастоўкі, сходы, шэсьці, маніфэстацыі, уводзілася ваенная цэнзура. У сувязі з наступленьнем нямецкіх войскаў на ўсход рушыў вялікая плынь бежанцаў з Польшчы, Летувы і заходніх паветаў Беларусі (больш за 1320,5 тыс. чалавек). На захопленай Нямеччынай тэрыторыі Беларусі ўводзіліся розныя вайсковыя павіннасьці. На абаронныя работы (капаньне акопаў, будаўніцтва мастоў, рамонт дарог, ахову вайсковых аб’ектаў і г. д.) прыцягвалася ўсё насельніцтва прыфрантавой паласы. Пачаліся масавыя рэквізіцыі жывёлы, прадуктаў харчаваньня і фуражу. У Віцебскай губэрні з 1 чэрвеня 1914 г. да 1 чэрвеня 1915 г. было рэквізавана для арміі 120 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы, у выніку яе пагалоўе скарацілася на 21,5%. Рэквізіцыі і прымусовыя работы на патрэбу фронту праводзілі і нямецкія ўлады. Акупанты сілаю забіралі ў сялянаў коней, кароваў, іншую хатнюю жывёлу, прадукты, фураж, адзеньне, абутак, прымушалі выконваць розныя павіннасьці.

Сельская гаспадарка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выключна цяжкім становішчы апынулася сельская гаспадарка Беларусі. Больш як палова ўсіх працаздольных мужчынаў беларускай вёскі была мабілізавана і адпраўлена на фронт. Толькі зь Менскай, Магілёўскай і Віцебскай губэрняў было прызвана ў армію 634 400 чалавек. За гады вайны скараціліся пасяўныя плошчы Беларусі: жыта — на 18,7%, пшаніцы — на 22,1%, бульбы — на 34,2%. Ва ўмовах неверагоднай галечы, вялікай скучанасьці насельніцтва і голаду ў прыфрантавых губэрнёх шырока распаўсюдзіліся розныя эпідэмічныя хваробы — тыф, халера ды іншыя. Пачынаючы з 1915 году на Беларусі назіраецца нарастаньне рабочага руху. У красавіку 1915 году адбылося выступленьне рабочых і служачых Гомельскага чыгуначнага вузла. Летам таго ж году страйкавалі рабочыя дэпо Лібава-Роменскай чыгункі ў Гомелі. У 1916 годзе стачачны рух ахапіў 11 населеных пунктаў Беларусі, у якім удзельнічала 1800 чалавек. Асноўным патрабаваньнем стачачнікаў зьяўлялася павышэньне заработнай платы.

Сялянскія хваляваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Значна ўзрасьлі сялянскія хваляваньні ў 1915 годзе. У сувязі зь перанясеньнем баявых дзеяньняў на тэрыторыю Беларусі і ростам рэквізіцыяў сярод сялянаў поруч з антыпамешчыцкімі ўзмацніліся антыўрадавыя настроі. На працягу 1915 году адбылося 99 сялянскіх выступленьняў. Аднак у 1916—1917 гадох іхняя колькасьць значна зьменшылася. У 1916 годзе іх было 60, а ў студзені — лютым 1917 году толькі 7.

Вайсковыя паразы расейскай арміі ў кампаніі 1915 году, няўдачы баявых дзеяньняў у 1916 годзе, велізарныя людзкія страты выклікалі нездаволенасьць жаўнераў. У войсках успыхнулі хваляваньні, якія былі зьвязаны з дрэнным забесьпячэньнем прадуктамі харчаваньня і абмундзіраваньнем, недахопам зброі і боепрыпасаў. Усяго ў Беларусі ў пэрыяд вайны адбыліся 62 значныя хваляваньні жаўнераў. Расло дэзэртэрства. Цэлыя вайсковыя часткі і злучэньні адмаўляліся ісьці ў наступ. Узмацнілася антыўрадавая агітацыя сярод вайскоўцаў. 22 кастрычніка 1916 году адбылося паўстаньне жаўнераў, казакоў і матросаў на разьмеркавальным пункце ў Гомлі. Паўстаньне ўспыхнула ў сувязі з арыштам аднаго з казакоў. На ягоную абарону выступілі каля 4 тыс. жаўнераў і матросаў, якія абяззброілі каравул гаўптвахты і вызвалілі з-пад арышту больш за 800 чалавек. 26 кастрычніка жаўнеры-паўстанцы разагналі паліцэйскі атрад, які займаўся вобыскамі. Паўстанцы былі жорстка пакараны. Да суду было прыцягнута 16 чалавек. Зь іх 9 было расстраляна, а астатнія адпраўлены на катаргу і ў арыштанцкія роты. Але спыніць працэс разлажэньня войска ўжо было нельга, яно паступова станавілася небаяздольным.

Балянс вайны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страты па краінах[4]
Краіна Змабілізавана Загінулі і памерлі Паранены Палонныя
і зьніклыя
Агульныя
страты
Адсотак страт
сярод змабілізаваных
Антанта
Расея 12 000 000 1 700 000 4 950 000 2 500 000 9 150 000 76,3
Францыя 8 410 000 1 357 800 4 266 000 537 000 6 160 800 76,3
Вялікабрытанія (разам з калёніямі) 8 904 467 908 371 2 090 212 191 652 3 190 235 35,8
Італія 5 615 000 650 000 947 000 600 000 2 197 000 39,1
Злучаныя Штаты 4 355 000 126 000 234 300 4500 364 800 8,2
Японія 800 000 300 907 3 1210 0,2
Румынія 750 000 335 706 120 000 80 000 535 706 71,4
Сэрбія 707 343 45 000 133 148 152 958 331 106 46,8
Бэльгія 267 000 13 716 44 686 34 659 93 061 34,9
Грэцыя 230 000 5000 21 000 1000 27 000 11,7
Партугалія 100 000 7222 13 751 12 318 33 291 33,3
Чарнагорыя 50 000 3000 10 000 7000 20 000 40,0
Разам 42 188 810 5 152 115 12 831 004 4 121 090 22 104 209 52,3
Цэнтральныя Дзяржавы
Нямеччына 11 000 000 1 773 700 4 216 058 1 152 800 7 142 558 64,9
Аўстра-Вугоршчына 7 800 000 1 200 000 3 620 000 2 200 000 7 020 000 90,0
Турэччына 2 850 000 325 000 400 000 250 000 975 000 34,2
Баўгарыя 1 200 000 87 500 152 390 27 029 266 919 22,2
Разам 22 850 000 3 386 200 8 388 448 3 629 829 1 404 477 67,4
Агулам 65 038 810 8 538 315 21 219 452 7 750 919 37 508 686 57,6

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]