Песьня будаўніцтву (верш)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Песьня будаўніцтву
Жанр: верш
Аўтар: Янка Купала
Мова арыгіналу: беларуская
Год напісаньня: 22 лістапада 1931
Публікацыя: 25 лістапада 1931
Асобнае выданьне: зборнік «Песьня будаўніцтву» (1936)
Электронная вэрсія

«Песьня будаўніцтву» — верш Янкі Купалы, напісаны 22 лістапада 1931 году. Упершыню надрукаваны ў газэце «Звязда» 25 лістапада 1931 году. Верш даў назву зборніку вершаў Я. Купалы, які быў выдадзены ў 1936 годзе.[1]

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Прыйдзе новы — а мудры — гісторык,
А ён прыйдзе — ужо ён ідзе —
І сказ дзіўны, праўдзівы ад зорак
І да зорак аб нашых прасторах,
Аб падзеях, людзях павядзе...»

Я. Купала «Песьня будаўніцтву»

Янка Купала ў 1930-я гады падвяргаўся моцнаму ціску з боку партыйных і дзяржаўных органаў з прычыны неадпаведнасьці вершаў духу новай эпохі. У адказ на ціск ён вымушаны пісаць творы ў духу сацыялістычнага рэалізму. Верш «Песьня будаўніцтву» зь іх ліку. Разам з тым, калі абстрагавацца ад рэвалюцыйнай лексыкі, якая выкарыстана ў творы («варожыя клясы», «бальшавіцкая праўда», «цьвёрдая рука пралетараў»), верш набывае больш глыбокае гучаньне. У вершы аўтар выказвае спадзяваньне на праўдзівае, аб’ектыўнае асэнсаваньне мінуўшчыны і сучасных для Янкі Купалы падзеяў.[2]

Ладу высокага прамаўленьня верша адпавядае строга вытрыманы вершаваны памер (анапэст), строфіка (пяцірадкоўі з аднатыпнай рыфмоўкай «абааб») і ўся кампазыцыя твору, акаймаванага страфічным кальцом. Публіцыстычная прыўзьнятасьць вершу ствараецца слоўнай экспрэсыяй і ўстойлівай шматразовай градацыяй. Уласьцівыя твору сынтаксічныя паўторы, гукавыя збліжэньні, унутраная кантраснасьць, пераносы ствараюць эмацыянальна-паэтычную атмасфэру для выказаваньня думкі аб шчасьлівым лёсе разьняволенага народу і вялізарным уздыме Радзімы на новым гістарычным этапе. Твор успрымаецца як своеасаблівы лірычны эпас пройдзенага, перажытага і дасягнутага народам.[1]

Пераклады і мастацкія ўвасабленьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На ангельскую мову верш пераклаў Ўолтэр Мэй, на армянскую — Г. Камуні, на карэйскую, на летувіскую — А. Вэнцлава, на малдаўскую — П. Дарые, на расейскую — С. Абрадовіч, С. Батвіньнік, А. Карчагін, А. Чывіліхін, на румынскую — С. Дэлчу, на таджыцкую — М. Фархат, на туркмэнскую — А. Ніязаў, на ўкраінскую — М. Бажан, на чуваскую — А. Алга.[1]

На музыку верш паклаў Сяргей Картэс (араторыя-паэма «Памяці паэта»).[1]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г В. Бечык Песьня будаўніцтву (верш) // Янка Купала : Энцыклапедычны даведнік. — Менск: БелСЭ, 1986. — С. 479.
  2. ^ Янка Купала чытае верш (аўдыёзапіс, 1934 г.) AdVerbum.org Праверана 16 чэрвеня 2013 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Песня будаўніцтву (верш)» / Аўтар — В. Бечык. — C. 479.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]