Плюшавы дэсант

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Плю́шавы дэса́нт» — падзея, зьвязаная з групай швэдзкіх лётчыкаў, якія паводле паведамленьняў некаторых інфармацыйных агенцтваў[1][2][3][4][5][6] 4 ліпеня 2012 году выляцелі з аэрадрому ў Пацюнах (Летува, Ковенскі раён), перасяклі межы беларускае паветранае прасторы ў раёне Дзевянішак (побач з Салечнікамі ды Іўем), праляцелі на Івянцом[7] і, па некаторых меркаваньнях, ляталі нават над Менскам[8]. Паводле сьцьверджаньняў імаверных удзельнікаў інцыдэнту, яны скідвалі з самалёта пакеты з парашутамі, на якія былі прывязаны цацкі ў выглядзе мядзьведзяў з улёткамі, што заклікалі да выкананьня свабоды слова ў Рэспубліцы Беларусь. Пілёты заўляюць, што ў выпадку затрыманьня беларускімі ўладамі яны плянавалі знайсьці прытулак у амбасадзе Швэцыі і што акцыя плянавалася цэлы год, таксама ў раёне Менску іх выклікалі дыспэтчары менскага аэрапорту. У мэтах пілётаў спачатку быў намер скінуць цацкі на рэзыдэнцыю прэзыдэнта Беларусі, але потым пілёты пабаяліся гэта рабіць[9].

Прадстаўнікі вайскова-паветраных сілаў Летувы паведамлялі выданьню Lietuvos rytas аб факце парушэньня паветранае прасторы[10].

Паводле словаў пілётаў, што прымалі ўдзел у акцыі[11], яны прабылі на тэрыторыі паветранае прасторы Рэспублікі Беларусь прыкладна 1—1,5 гадзіны і бязь цяжкасьцяў вярнуліся ў Летуву.

Адзнакі інцыдэнту[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На фота[12] і відэа[13][14] ўпэўнена бачныя сьведчаньні палёту неідэнтыфікаванага самалёту над беларускай мясцовасьцю: у відэа бачная частка івянецкага краявіду й панарама аднаго зь мікрараёнаў, які некаторыя чытачы беларускіх інтэрнэт-рэсурсаў ідэнтыфікуюць як мікрараён Малінаўка альбо Сухарава. Іншыя чытачы лічаць інцыдэнт грубай фальсыфікацыяй, зробленай у палітычных мэтах.

Палёт швэдзкага самалёта над Беларусьсю быў неаднаразова параўнаны зь пералётам і прызямленьнем на Чырвонай плошчы ў Маскве Матыяса Руста, нямецкага спартоўца-пілёта, 28 траўня 1987 году[15].

Сьведчаньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жыхары Івянцу сьведчаць аб тым, што бачылі[7] пралёт самалёта над пасёлкам і скідваньне цацак на зямлю. Таксама некаторыя сьведкі інцыдэнту адзначаюць, што мясцовая міліцыя апэратыўна сабрала скінутыя на Івянец цацкі[16]. Мясцовыя жыхары баяліся таго, што цацкі могуць быць атручанымі і ўвогуле баяліся рэакцыі ўладаў, якія маглі даведацца пра тое, што жыхары зьяўляліся звычайнымі сьведкамі інцыдэнту[17]. Паводле інфармацыі газэты Наша Ніва, знайшоўся жыхар мікрараёну Сухарава, які здолеў атрымаць адну з цацак, што прызямлілася ў мікрараёне[18].

Рэакцыя беларускага ўраду[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь лічыць сам факт пранікненьня замежнага самалёта ў беларускую паветраную прастору, парушэньне яе цэласнасьці і скіданьне цацак з заклікамі да выкананьня свабоды слова фальсыфікацыяй[19]. У міністэрстве заяўляюць, што «фактаў, якія пацьвярджаюць перасячэньне замежным транспартным сродкам беларускае паветранае прасторы, няма».

Паводле інфармацыі некаторых інфармацыйных агенцтваў і бацькоў КДБ Беларусі арыштавала Антона Сурапіна — чалавека, які фатаграфаваў плюшавых мядзьведзікаў[20].

26 ліпеня 2012 году кіраўнік беларускай дзяржавы прызнаў факт парушэньня мяжы[21], а 31 ліпеня адправіў у адстаўку старшыню беларускага памежнага камітэту генэрал-маёра Ігара Рачкоўскага і камандуючага войскамі СПА Беларусі генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна[22]. Да таго ж Лукашэнка пазбавіў пасады й віцэ-прэм’ера Сяргея Румаса[23].

7 жніўня фігурантам справы — Антону Сурапіну й Сяргею Башарымаву — прад’яўленыя афіцыйныя абвінавачваньні[24][25][26].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Швэды сьцьвярджаюць, што бамбардавалі рэзыдэнцыю Лукашэнкі цацкамі з заклікамі да свабоды // Наша Ніва
  2. ^ Швэды бамбардавалі Беларусь цацкамі з заклікамі да свабоды // SLUCAK. org(недаступная спасылка)
  3. ^ Doubts cast over Belarus teddy bear drop // The local Sweden news in English (анг.)
  4. ^ Курэйчык аб «швэдзкай бамбардыроўцы»: Добра, што іх ня зьбілі // Беларускі Партызан(недаступная спасылка)
  5. ^ Плюшавых мядзьведзяў над Беларусьсю раскідвалі прадстаўнікі швэдзкай піяр-кампаніі Грамадзтва. БелаПАН (5 ліпеня 2012). Праверана 7 ліпеня 2012 г.
  6. ^ Новае відэа дэсанту мядзьведзікаў: самалёт над Менскам // Наша Ніва
  7. ^ а б Жыхары Івянца: Мы бачылі і самалёт, і мядзьведзяў // Радыё Свабода
  8. ^ Новае відэа дэсанту мядзьведзікаў: самалёт над Менскам // Наша Ніва (рас.)
  9. ^ Швэд-«медзьведзіроўшчык»: Перасяклі мяжу ў раёне выступу, у Менску аэрапорт нас выклікаў // Наша Ніва
  10. ^ У сераду ў Летуве выяўлена парушэньне паветранай прасторы // Радыё Свабода
  11. ^ Swedes launch teddy bear 'assault' on Belarus // The local Sweden news in English (анг.)
  12. ^ Swedish PR firm’s pro-democracy teddy bear drop on Belarus // The local Sweden news in English (анг.)
  13. ^ Teddybear Air Drop Minsk: Plane over the village Ivianiec
  14. ^ Teddybear Air Drop Minsk: Plane over Minsk
  15. ^ Юры Дракахруст Плюшавая бомба
  16. ^ Жыхары Івянца: Скінутых з самалёта мядзьведзікаў сабрала міліцыя // Наша Ніва
  17. ^ Відэа зь Івянца: «Ангельскае ня ведаем. Адно слова зразумелі — мядзьведзь» // Наша Ніва
  18. ^ Мядзьведзі, якія прызямліліся ў Сухараве — фотафакт // Наша Ніва
  19. ^ Сообщение пресс-службы // В Министерстве обороны Республики Беларусь проводится проверка информации, размещенной рядом Интернет-источников, о якобы имевшем место несанкционированном полете над территорией Беларуси иностранного авиационного средства. (рас.)
  20. ^ Антона Сурапіна ня выпусьцяць // Радыё Свабода
  21. ^ Палітыка Лукашэнка прызнаў факт палёту швэдаў. «Вінаватыя панясуць адказнасць»
  22. ^ Рачкоўскі і Пахмелкін у адстаўцы за плюшавы дэсант
  23. ^ Сяргей Румас больш не віцэ-прэм’ер
  24. ^ Башарымаву і Сурапіну афіцыйна прад’яўленыя абвінавачванні // Наша Ніва
  25. ^ Выстаўленыя абвінавачаньні ў справе «плюшавага» дэсанту. Радыё Свабода.
  26. ^ Сурапіну і Башарымаву выстаўлены абвінавачанні (дапоўнена). БелаПАН.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]