Полацак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.

Перайсьці да: навігацыя, пошук
Полацак
Coat of Arms of Połack, Belarus.png
Герб Полацку
Першыя згадкі: 862
Магдэбурскае права: 1498
Вобласьць: Віцебская
Раён: Полацкі
Насельніцтва: 83 400 (2008)
Часавы пас:
• летні час
UTC+2
UTC+3
Тэлефонны код: +375 214
Паштовы індэкс: 211291, 211400—211402, 211404—211415, 211422
Геаграфічныя каардынаты: 55°29′ пн. ш. 28°48′ у. д. / 55.483° пн. ш. 28.8° у. д. / 55.483; 28.8 (G)Каардынаты: 55°29′ пн. ш. 28°48′ у. д. / 55.483° пн. ш. 28.8° у. д. / 55.483; 28.8 (G)
Сафійскі сабор
Сафійскі сабор
Полацак на мапе Беларусі
Полацак
Полацак
Полацак
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Wikimedia Commons

По́лацак (По́лацк) — горад у Віцебскай вобласьці Беларусі, на рацэ Заходняя Дзьвіна пры ўпадзеньні ў яе рэчкі Палата. Адміністрацыйны цэнтар Полацкага раёну. Геаграфічныя каардынаты: 55° 29' 10.00″ пн ш., 28° 45' 31.40" у. д. (дакладней — гэта каардынаты Сафійскага сабору). Насельніцтва 83,4 тыс. чалавек (2008).

Знаходзіцца непадалёк ад Наваполацку, разам зь якім складае г.зв. Полацкі рэгіён, за 100 км ад Віцебску. Вузел чыгунак, лініі на Маладэчна, Віцебск, Невель (Расея), Дзьвінск (Латвія) і аўтамабільных дарог.

Зьмест

[рэдагаваць] Этымалёгія назвы

Места атрымала сваю назву ад імя ракі Палата. У сваю чаргу найменьне рэчкі, відаць, балцкага паходжаньня ад асноваў pal або palte — балота, лужына, з далейшай славянскай асыміляцыяй.[1]

У летапісах вядомы як Полотеск, Полотьск, Полтеск, ням. летапіс. Плоцэке[2], у скандынаўскіх сагах Paltesjuborg.

[рэдагаваць] Гісторыя

[рэдагаваць] Полацкае княства

Упершыню Полацак згадваецца ў гістарычных дакумэнтах за 862 годам і зьяўляецца, такім чынам, найстаражытнейшым горадам на тэрыторыі Беларусі. Полацак зьяўляўся буйным палітычным цэнтрам усходнеслявянскага племені крывічоў і сталіцай Полацкага княства.

Герб Полацкага ваяводзтва

Полацкае княства пастаянна ўдзельнічала ў міжусобнай барацьбе між рускімі князямі. Горад і яго жыхары, вядома, дужа цярпелі ад гэтага. Так, падчас чарговай міжусобнай вайны, якая ў летапісах датуецца 980 годам, Полацак быў захоплены і спалены войскам князя Ўладзімера. Гэта пацьвярджваецца зьвесткамі археалягічных дасьледаваньняў, якія зафіксавалі сьляды пажару, датаванага канцом X стагодзьдзя.

Найвышэйшага ўздыму старажытны Полацак дасягнуў пад час княжаньня Ўсяслава Брачыславіча (княжыў з 1044 па 1101), вядомага за прозьвішчам «Чарадзей». У гэты час у горадзе быў пабудаваны Сафійскі сабор.

Пасьля сьмерці Ўсяслава Полацкае княства, як і ўся г. зв. «Кіеўская Русь», уваходзіць у пэрыяд фэадальнай раздробленасьці.

[рэдагаваць] У складзе Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага

Полацак, XVI ст.

У XIII стагодзьдзі перад Полаччынай паўстала крыжацкая пагроза. У гэтых умовах горад у 1307 годзе ўвайшоў у склад Вялікага Княства Літоўскага. Пры гэтым Полацак ня страціў свайго значэньня. Ён застаўся найбуйнейшым на тэрыторыі Беларусі і другім пасьля Вільні значным местам у Вялікім Княстве. У 1498 годзе Полацак атрымаў Магдэбурскае права. У 1504 годзе было створанае Полацкае ваяводзтва. У XVI ст. пачынае ўжывацца мескі герб «у блакітным полі на срэбнай вадзе трохмачтавы карабель з разгорнутымі ветразямі».[3]

Пачынаючы з XVI стагодзьдзя Полацак робіцца арэнай баявых дзеяньняў паміж Вялікім Княствам ды Маскоўскім Княствам. Практычна ў кожную маскоўска-літоўскую вайну маскоўскае войска зьдзяйсьняла аблогу места. У 1512 годзе Полацак быў спалены.

Вельмі моцна пацярпеў Полацак пад час лівонскай вайны, асноўныя баявыя дзеяньні якой як раз і прыйшліся на Полаччыну. У 1563 годзе, пасьля аблогі, што доўжылася некалькі тыдняў, места было захопленае маскоўскім войскам на чале з царом Іванам IV «Жахлівым». Праз 15 гадоў места было павернутае да Вялікае Княства вялікім князем Стэфанам Баторыям.

Аблога места войскамі С. Батуры

У 1654 годзе, з разьвязваньнем Расеяй вайны супраць Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, Полацак зноў апынуўся пад маскоўскай уладай. На гэты раз места, пасьля шматтыднёвай аблогі, бяз бою здалася маскоўскаму войску. У 1667 годзе, паводле Андрусоўскага пагадненьня, Полацак быў вернуты Вялікаму Княству.

Пад час Паўночнай вайны ў Полацку знаходзілася расейскае войска на чале зь Пятром I, вынікам чаго сталася ўчыненьне разьні вуніяцкіх сьвятароў у мурах Сафійскага сабора, ператварэньне яго на парахавы склад і далейшае разбурэньне найстаражытнейшага хрысьціянскага храма Беларусі. А ў 1706 годзе ўжо швэдзкае войска заняло места, спаліўшы і абрабаваўшы яго.

Усе гэтыя падзеі прывялі да паступовага заняпаду Полацку і страты ім ранейшага значэньня.

[рэдагаваць] У складзе Расейскай імпэрыі

Полацак у кан. XVIII ст.

У выніку Першага падзелу Рэчы Паспалітай Полацак адыйшоў да Расейскай імпэрыі. Ён быў улучаны ў склад Пскоўскай губэрні. 6 верасьня 1776 году была створаная Полацкая губэрня; у гэтым жа годзе горад быў пазбаўлены Магдэбурскага права. 23 сьнежня 1796 году была створаная Беларуская губэрня, у склад якой увайшоў і Полацак. А з 13 сакавіка 1802 году места увайшло ў склад Віцебскай губэрні. Горад быў цэнтрам павету.

Места было арэнаю жорсткіх баявых дзеяньняў падчас расейска-францускай вайны 1812 году Полацак і Полаччына зрабіліся шляхам адступленьня расейскай арміі на чале з Барклаем дэ Толі. У памяць пра тыя падзеі адзін з мастоў праз Палату названы чырвоным.

У 1866 годзе праз Полацак прайшла Рыга-арлоўская чыгунка, якая злучыла горад зь Дзьвінскам ды Віцебскам. У пачатку XX стагодзьдзя праз горад прайшла другая чыгуначная лінія, і Полацак зрабіўся чыгуначным вузлом.

[рэдагаваць] XX стагодзьдзе

Панарама места, 1812

У 1914 годзе Расея ўступіла ў Першую сусьветную вайну. У 1915 годзе, у выніку няўдачаў расейскай арміі, Полацак фактычна стаў прыфрантавым горадам. Лінія баявых дзеяньняў праходзіла прыкладна за 100 км на захад ад гораду. Подступы да места абараняла 3 армія.

3 сакавіка 1917 году, пасьля адмовы Iмпэратара Мікалая II ад трону, улада ў горадзе перайшла да рабочых, якія, пры падтрымцы жаўнераў, раззброілі паліцыю і жандармэрыю. Празь некалькі дзён у горадзе быў створаны Савет рабочых дэпутатаў.

Захоп улады бальшавікамі пасьля Кастрычніцкай рэвалюцыі быў больш напружаным. Вырашальнай была ўнутраная барацьба ў 3-й арміі, частка якой стала на бок г.зв. Камітэту выратаваньня Рэвалюцыі. 17 лістапада яна скончылася на карысьць бальшавікоў. 18 лістапада ў горадзе прайшлі выбары ў гарадзкі савет, у якіх перамаглі бальшавікі. У месьце былі праведзеныя арышты палітычных супраціўнікаў.

Полацак, ХІХ ст.

У сьнежні 1917 году між Расеяй ды Нямеччынай было заключанае замірэньне. Аднак яно цягнулася нядоўга: ужо 18 лютага 1918 году нямецкая армія зноў пачала баявыя дзеяньні. 25 лютага Полацак быў заняты нямецкімі войскамі. Немцы намагаліся разьвіць наступ, але ім гэта не ўдалося. Фронт спыніўся за некалькі дзясяткаў кілямэтраў на паўночны ўсход ад гораду. Полацак прабыў пад нямецкай уладай да лістапада 1918 году. 21 лістапада, неўзабаве пасьля нямецкай рэвалюцыі 1918 году горад зноў перайшоў пад савецкі кантроль.

У сакавіку 1919 году пачалася савецка-польская вайна. 22 жніўня Полацак быў абвешчаны на асадным становішчы. Аднак наступ польскага войска ўдалося спыніць прыкладна за 20 км ад гораду. Але ў верасьні палякі аднавілі наступ і захапілі левабярэжную частку Полацку ды Полаччыны. Правабярэжная (паўночная) частка гораду засталася пад кантролем бальшавікоў. Такім чынам, лінія фронту пралегла па Дзьвіне. Абодва бакі вялі жорсткія баі зь пераменным посьпехам, але ніводнаму зь іх не ўдавалася дасягнуць вырашальнай перавагі. Абедзьве часткі гораду несупынна падвяргаліся абстрэлам. Вядома, гэта прынесла Полацку страшэнныя разбурэньні. 14 траўня 1920 году польскае войска пакінула места. За Рыскім мірным пагадненьнем Полацак застаўся ў складзе Савецкай Расеі.

Сафійскі сабор і кляштар базылянаў, Н. Орда

У 1925 годзе Полацак увайшоў у склад БССР.

У 1941 годзе горад быў захоплены нямецкімі войскамі. Полацак абараняла 174 стралковая дывізія на чале з Аляксеем Зыгіным. Наступ немцаў зьдзяйсьняўся сіламі 3 танкавай арміі, якой камандаваў Герман Гот. Нягледзячы на жорсткі супраціў, які адзначыў нават сам Герман Гот, 16 ліпеня савецкія войскі вымушаныя былі пакінуць горад.

Пад час нямецкай акупацыі ў Полацку актыўна дзейнічала савецкае падпольле. Адным зь яго герояў стала Тацьцяна Марыненка, якая ў жніўні 1942 году была арыштаваная і закатаваная нямецкімі ўладамі. Цяпер у яе гонар названы мікрараён гораду.

Полацак, пач. ХХ ст.

23 чэрвеня 1944 году пачалася наступальная апэрацыя савецкіх войскаў, вядомая пад назвай «Багратыён». Адной зь яе частак была Полацкая апэрацыя, якая пачалася 23 чэрвеня і праводзілася сіламі Першага Прыбалтыйскага фронту. Працягам апэрацыі горад быў акружаны; 1 ліпеня пачаўся штурм гораду, і ўжо 4 ліпеня супраціў немцаў быў канчаткова зломлены. Места атрымала вялікія разбурэньні.

У хуткім часе пасьля аднаўленьня савецкай улады, 20 верасьня 1944 году, была створаная Полацкая вобласьць, але ўжо праз 10 год, 8 студзеня 1954 году, яна была скасаваная. Полацак ізноў быў паніжаны да статусу цэнтру раёну.

Пасьля вайны Полацак імкліва разьвіваўся. У 1957 годзе ў горадзе быў пабудаваны шклозавод, а ў 1958 годзе побач з Полацкам узьнік прамысловы гігант Наваполацак.

[рэдагаваць] Насельніцтва

  • 1861 — 15028 чал.
  • 1865 — 13812 чал.
  • 1887 — 19434 чал., у тым ліку праваслаўных 3875 мужчынаў і 3718 жанчын, каталікоў — адпаведна 595 і 609, пратэстантаў — 50 і 54, юдаістаў — 4812 і 5157, інш. веравызнаньня — 292 і 299.[4]
  • 1891 — 20321 чал.: праваслаўных 6989, аднаверцаў 204, раскольнікаў 407, каталікоў 1634, лютэранаў 299, габрэяў 10797, магамэтанін 1.
  • 1897 — 20751 чал. (9957 мужчынаў і 10794 жанчын).[5]
  • 1939 — 30 000 чал.
  • 1959 — 44 000 чал.
  • 1970 — 64 000 чал.
  • 1974 — 72 000 чал.[6]
  • 1991 — 8 700 чал.[7]
  • 2006 — 82 400 чал.
  • 2007 — 81 700 чал.
  • 2008 — 83 400 чал.
  • 1 студзеня 2009 — 83 700 чал.

[рэдагаваць] Адукацыя

У Полацку месьціцца Гістарычна-філялягічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (астатнія — ў Наваполацку).

[рэдагаваць] Культура

З 2003 працуе філія Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа.

[рэдагаваць] Эканоміка

Кансэрвавая фабрыка

Прадпрыемствы хімічнай, машынабудаўнічай і мэталаапрацоўчай, лёгкай, харчовай, будаўнічых матэрыялаў, паліграфічнай прамысловасьці.

  • ААТ «Полацкі малочны камбінат»
  • ААТ «Полацкі камбінат хлебапрадуктаў»
  • ААТ «Полацаклес»
  • Полацкая ЦЭС.

[рэдагаваць] Транспарт

Мескі вакзал

У месьце знаходзіцца чыгуначная станцыя, аўтавакзал. Зладжаны міжнародны і міжмескі аўтобусны і чыгуначны рух.

Асноўны полацкі транспарт — аўтобусы і маршрутныя таксі.

[рэдагаваць] Інфармацыя для турыстаў

Гатэль «Дзьвіна»

Полацак — пэрспэктыўны цэнтар турызму Беларусі міжнароднага значэньня.

У месьце створаны Нацыянальны Полацкі гістарычна-культурны музэй-запаведнік, які ўлучае стала дзеючыя музэі: Полацкі краязнаўчы музэй, Полацкі музэй беларускага кнігадрукаваньня, Полацкі музэй-бібліятэку Сімяона Полацкага, Полацкі музэй традыцыйнага ткацтва Паазер’я, Полацкі музэй баявой славы, Полацкі музэй гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора, Полацкі дзіцячы музэй, музэй Тусналобавай-Марчанка, Полацкі дом Пятра I, Полацкую стацыянарную выставу «Шпацыраваньне па Ніжнепакроўскай», Мастацкую галерэю.

Спыніцца можна ў гасьцінічным комплексе «Славянскі» або ў гатэлі «Дзьвіна».

[рэдагаваць] Выдатныя мясьціны

Сафійскі сабор

[рэдагаваць] Страчаная спадчына

  • Полацкія замкі.
  • Капліца (1890-я).
  • Касьцёл і кляштар дамініканаў (1774—1804).
  • Касьцёл Магілы Гасподняй і Францішка Ксавэрыя (1786).
  • Касьцёл Сьв. Антонія Падуанскага (1763—1775)
  • Касьцёл сьвятога Стэфана (XVIII ст.)
  • Кляштар базыльянаў (XVIII ст.)
  • Кляштар марыявітак
  • Помнік вайне 1812 г. (1850)
  • Манастыр Сьв. Барыса й Глеба (XII ст.)
  • Царква Сьв. Георгія
  • Царква Сьв. Міхала Арханёла
  • Царква Сьв. Параскевы Пятніцы (1670)
  • Сынагога харальная

[рэдагаваць] Галерэя

[рэдагаваць] Выбітныя асобы

[рэдагаваць] Глядзіце таксама

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 301
  2. ^ Хроніка Вартбэрга
  3. ^ Полацак // Анатоль Цітоў. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с.
  4. ^ Połock // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich.Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście. — Warszawa, 1887. S. 719
  5. ^ Полоцк // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона. Санкт-Петербург, 1890—1907
  6. ^ Полоцк // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  7. ^ Полоцк // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
  8. ^ Сементовский А.М. Белорусские древности. — СПб., 1890. С. 109
  9. ^ Праспэкт Маркса атрымае імя Францыска Скарыны // Радыё Свабода, 26 траўня 2009 г.

[рэдагаваць] Літаратура

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg  Полацаксховішча мультымэдыйных матэрыялаў