Полацкае ваяводзтва
| Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | |
| Полацкае ваяводзтва | |
| Герб | |
| Агульныя зьвесткі | |
| Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
| Адміністрацыйны цэнтар | Полацак |
| Ваяводы | Ваяводы полацкія |
| Кашталяны | Кашталяны полацкія |
| Насельніцтва | гл. Дэмаграфія |
| Плошча | 18,8 тыс.[1] км² |
| Час існаваньня | 1504—1793 |
| Месцазнаходжаньне Полацкаага ваяводзтва | |
По́лацкае ваяво́дзтва[а 1] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на поўначы Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 18,8 тыс. км². Сталіца — места Полацак.
Найбуйнейшыя месты і мястэчкі: Асьвея, Бешанковічы, Вула, Вушачы, Глыбокае, Дзісна, Друя і Лепель[2].
Зьмест |
Сымболіка[рэдагаваць]
Герб ваяводзтва меў наступны выгляд: «Пагоня ў белым полі»[3].
Ваяводзкая харугва была белага або, паводле іншых зьвестак, ружовага колеру з выяваю гербу Пагоня ў цэнтры[4].
Гісторыя[рэдагаваць]
У 1504 Полацкае намесьніцтва (колішняе Полацкае княства) атрымала статус ваяводзтва[1]. У 1537 на карысьць Маскоўскай дзяржавы страчаны Себеж і шэраг дробных памежных воласьцяў (г. зв. «Завалочча»). Цягам 1563—1581 войскі цара маскоўскага Івана Жахлівага акупавалі значную частку Полаччыны.
У 1618 у выніку вайны з Маскоўскай дзяржавай у склад ваяводзтва вярнуліся Невельская і Себеская воласьці. У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) Полаччыну акупавалі войскі цара маскоўскага Аляксея Міхайлавіча.
У 1773 у зьвязку з захопам Расейскай імпэрыяй значнай часткі ваяводзтва, ягоную сталіцу перанесьлі ў Вушачы. У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) пад расейскай уладай апынулася рэшта тэрыторыі Полаччыны.
Дэмаграфія[рэдагаваць]
У сярэдзіне XVII ст. Полацкае ваяводзтва налічвала 23 204 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да Трынаццацігадовай вайны (1654—1667) колькасьць насельніцтва складала каля 186 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 41 тыс. чал.[5]
Геаграфія[рэдагаваць]
На поўначы межавала з Маскоўскай дзяржавай, на захадзе — з Інфлянтамі і Віленскім ваяводзтвам, на поўдні — зь Менскім ваяводзтвам, на ўсходзе — зь Віцебскім ваяводзтвам[6].
Рака Дзьвіна падзяляла ваяводзтва на дзьве роўныя часткі. Большасьць тэрыторыі на поўнач ад яе займалі слабазаселеныя дзяржаўныя і магнацкія воласьці, асноўная частка шляхецкіх маёнткаў ляжала на поўдзень ад Дзьвіны[7].
- Полаччына на даўніх мапах
-
Полацкае, Віцебскае і Амсьціслаўскае ваяводзтвы (Парыж, 1665)
-
Менскае, Амсьціслаўскае, Полацкае і Віцебскае ваяводзтвы (Вэнэцыя, 1781)
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць]
Ваяводзтва не падзялялася на паветы. У ягоны склад ўваходзілі Дзісьненскае[3], Лепельскае і Невельскае староствы (дзяржаўныя воласьці), а таксама прылеглыя прыватнаўласьніцкія маёнткі.
Ваяводзкі і павятовы соймікі праходзілі ў Полацку, з 1773 року — у Вушачах.
Мясцовая шляхта абірала двух паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, а таксама двух дэпутатаў на Галоўны Трыбунал (аднаго на «літоўскую» і аднаго на «рускую» кадэнцыю).
Ураднікі[рэдагаваць]
- Асноўныя артыкулы: ваяводы полацкія і кашталяны полацкія
У Сэнаце Рэчы Паспалітай Полацкае ваяводзтва мела двух прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна. Паводле вялікакняскіх прывілеяў, мясцовы ваявода (як і віцебскі) прызначаўся толькі са згоды мясцовай шляхты[6].
Згодна зь Люблінскай уніяй (1569) ваявода полацкі паводле значнасьці займаў месца пасьля люблінскага і перад бельскім. За ўвесь час свайго існаваньня ваяводзтва мела 21 ваяводу і 16 кашталянаў[3].
Ваяводзкі мундзір быў аднолькавым са смаленскім — малінавы («кармазыновы») кунтуш і цёмна-сінія («гранатовыя») жупан і адвароты[6].
Галерэя[рэдагаваць]
-
Дзісенскі манастыр
Заўвагі[рэдагаваць]
Крыніцы[рэдагаваць]
- ^ а б Вячаслаў Насевіч. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 34—39.
- ^ Вячаслаў Насевіч. Полацкае ваяводства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 448.
- ^ а б в Województwo połockie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 341.
- ^ Вячаслаў Насевіч. Полацкае ваяводства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 446.
- ^ Насельніцтва Беларусі ў сярэдзіне ХVІІ ст. па паветах // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
- ^ а б в Województwo połockie // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 720.
- ^ Вячаслаў Насевіч. Полацкае ваяводства // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. С. 524.
Літаратура[рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
|
||||||||
|
||||||||||||||||||||