Полацкія замкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік гісторыі і абарончай архітэктуры
Полацкія замкі
Полацкія замкі
Полацкія замкі
Краіна Беларусь
Места Полацак
Каардынаты 55°29′12.7″ пн. ш. 28°45′52.3″ у. д. / 55.486861° пн. ш. 28.764528° у. д. / 55.486861; 28.764528Каардынаты: 55°29′12.7″ пн. ш. 28°45′52.3″ у. д. / 55.486861° пн. ш. 28.764528° у. д. / 55.486861; 28.764528
Полацкія замкі на мапе Беларусі
Полацкія замкі
Полацкія замкі
Полацкія замкі

По́лацкія за́мкі — помнік гісторыі і абарончай архітэктуры ў Полацку. Складаўся зь Верхняга і Ніжняга замкаў, фартыфікацыяў Вялікага і Запалоцкага пасадаў. Існавалі ў XI—XVIII стагодзьдзях.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Полацак упамінаецца ў 862 годзе, калі ў ім, відаць, ужо існавалі першыя драўляныя фартыфікацыі. У XI ст. упамінаюцца фартыфікацыі Вялікага пасаду, у XII ст. — фартыфікацыі Запалоцьця. Паводле летапісных зьвестак, яны былі драўлянымі. «Сага аб Тыдрыку Бэрнскім», запісаная ў XIII ст., паведамляе пра наяўнасьць у Полацку мураваных фартыфікацыяў.

У канцы XV ст. на загад вялікага князя Аляксандра, а потым у 1561 годзе фартыфікацыі замкаў паправілі і пашырылі.

31 студзеня — 15 лютага 1563 году замкі трымалі аблогу маскоўскага войска Івана IV Тырана. Па ўзяцьці Полацку маскоўскі гаспадар загадаў не губляць часу і хутка аднавіць фартыфікацыі. Менавіта ў час маскоўскага панаваньня ўзьвялі г. зв. «вал Івана Жахлівага», які стаў ключавым элемэнтам абароны Ніжняга замка. Будаўнічымі працамі ў 1563—1564 гадох кіравалі гаспадарскія службоўцы Пётар Зайцаў і дзяк Барыс Шчокін. Паводле створанай маскавітамі фартыфікацыйнай схемы, Ніжні замак стаў моцным прыкрыцьцём для Верхняга. Пры авалодваньні ж Верхнім Замкам Ніжні рабіўся безабаронным, бо месьціўся ніжэй за апошні, што і прадвызначыла пазьнейшую тактыку штурму замка войскамі Рэчы Паспалітай.

Пры ўзяцьці Полацку войскамі Рэчы Паспалітай пад камандаю Каспара Бекеша Запалоцьце згарэла. Сьцены Верхняга і Ніжняга замкаў атрымалі значныя пашкоджаньні, што вымусіла маскоўскую залогу здацца. Па вызваленьні места Стэфан Баторы загадаў аднавіць фартыфікацыі паводле дадзеных ім жа інструкцыяў.

Драўляныя замкі ў 1607 і 1642 гадох гарэлі, ў 1647, 1654 гадох — паднаўляліся.

Канчаткова аднаўленьне замкаў закінулі па іх зьнішчэньні расейскім генэралам фон Вэрдэнам ў 1706 годзе, хоць рэшткі драўляных фартыфікацыяў было відаць яшчэ ў канцы XVIII ст.

Археалягічныя дасьледаваньні мескіх фартыфікацыяў праводзілі Васіль Булкін (1979 год), Сяргей Тарасаў (1986—1989 гады). Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Полацкім гістарычна-культурным музэі-запаведніку[1].

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле дакумэнтах XV—XVII стагодзьдзяў, у 1552 годзе на Верхнім Замку былі драўляныя сьцены-гародні. Уздоўж сьценаў пэрымэтрам замка стаялі вежы: Вусьцейская, Асьвейская, Міхайлаўская, Багародзіцкая, Сафійская і 4 безыменныя.

За часамі вызваленьня Полацку Стэфанам Баторыям у 1579 годзе Полацкія фартыфікацыі складаліся з Верхняга і Ніжняга замкаў, або Стралецкага астрогу, і Запалоцьця. Верхні замак займаў тэрыторыю старажытнага дзядзінца і меў сем вежаў. Ніжні замак збудавала маскоўскае войска на месцы ранейшых гандлёвых пасадаў, а на тэрыторыі Запалоцьця, відаць, жыло гандлёва-рамеснае насельніцтва.

У XVI—XVII стст. фартыфікацыі Вялікага пасаду былі аналагічнымі ўмацаваньням Верхняга замка. Абарончая сьцяна пачыналася ад Барбарынскай вадзяной вежы Верхняга замка, якая стаяла на беразе Дзьвіны, цягнулася ўздоўж правага берага прыкладна на 1,5 км уверх плыньню ракі да крайняй Міронаўскай вежы, тут паварочвала на поўнач, ўздоўж глыбокага рова да ракі Палаты. Існавалі вежы: Ложная (праезная), Ільлінская, Скарбная, Невельская і Навугольная (кутняя паўночна-ўсходняя). Ад апошняй сьцяна ішла левым берагам ракі Палаты на захад да Кабыльчынай вежы (побач з сучасным Чырвоным мостам). Далей стаяла вежа-фортка, а за ёй, уздоўж левага берага Палаты да Верхняга замка, — сьцяна бязь вежаў.

У XVI ст. фартыфікацыі Запалоцьця былі аналагічнымі ўмацаваньнямі Верхняга замка і Вялікага пасада. Аднак тут не было валоў, а замест зрубаў-гародняў стаяў падвойны «стаячы тын».

У 1654 годзе Верхні замак меў пяць вежаў шасьцікутнай або васьмікутнай формы і сьцяну працягласьцю 729 ½ сажняў, Ніжні замак — 8 вежаў і сьцяну ў 1231 сажань. На Ніжнім замку ў XVII ст. вежы і сьцены, даўжыня якіх складала ў 1654 годзе 1231 сажань, замянілі «тынам стаячым».

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Тарасаў С. Полацкія гарадскія ўмацаванні // БЭ. — Мн.: 2001 Т. 12. С. 470.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 12: Палікрат — Праметэй. — 576 с. — ISBN 985-11-0198-2
  • Брэжго Б. Замкі Віцебшчыны. — Вільня: Друкарня Я. Левіна, 1933. — 38 с.: іл.
  • Дэйніс І. Ніжні замак у Полацку // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. № 2, 1983.