Польская літаратура (сярэднявечча)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аркуш з Фларыянскага псалма

Польская літаратура ў пэрыяд Сярэднявечча — эпоха ў гісторыі польскай літаратуры, якая прыпадае на час ад Х стагодзьдзя да 1500 году.

Польская літаратура эпохі Сярэднявечча ахоплівае пэрыяд у пяць стагодзьдзяў і зьяўляецца найдаўжэйшым пэрыядам у разьвіцьці польскай літаратуры, але адначасова і самым бясплённым адносна колькасці літаратурных тэкстаў. Шмат літаратурных помнікаў зьяўляюцца ўзорамі ананімнай творчасьці, а большасьць тэкстаў зьяўляюцца не датаванымі і вызначэньне прыблізнага часу іх напісаньня магчыма толькі дзякуючы працы сучасных дасьледнікаў. Існуе таксама пэўная колькасьць твораў, якія не захаваліся да нашых дзён.

Літаратура ў перадхрысьціянскі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Не захавалася ніводнага дакумэнта, які мог бы пацьвердзіць існаваньне на польскіх землях перадхрысьціянскага пісьменства. З упэўненасьцю можна сьцвярджаць толькі тое, што існавала перадхрысьціянская вусная творчасьць, занатаваная этнографамі. Гэта былі песенькі, легенды, паданьні, міты, а таксама народныя басьні й байкі. Рэха вуснай творчасьці ў ператворанай форме захавалася ў народнай творчасьці на шматлікія стагодзьдзі пасьля сканчэньня эпохі сярэднявечча.

Літаратура X/XI—XIII стст[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Багародзіца, рукапіс 1407 году

Літаратура X/XI-XIII стст. зьяўляецца эпохай панаваньня раманскага мастацтва, якая цягнулася на польскіх землях даўжэй чым на Захадзе. Пачатак яе зьвязаны з прыняцьцем Польшчай хрысьціянства ў 966 годзе і адкрыцьцём краіны для ўплываў заходняй культуры. Хоць раманскае мастацтва было пазычанае польскай культурай звонку, гэта аднак утварыла пэўныя ўласьцівыя рысы выключна для Польшчы. У гэтую эпоху пры новазбудаваных кляштарах і катэдрах пачалі зьўляцца школы з двума кірункамі навучаньня: trivium (навука граматыкі, дыялектыкі, лацінскай рыторыкі) i quadrivium (арытмэтыка, геамэтрыя, астраномія й музыка). Некаторыя школы мелі досыць паказальныя бібліятэкі, напрыклад бібліятэка ў Кракаве, з інвэнтаром 1110 году, у якой захоўваюцца працы антычных пісьменьнікаў (Авідыя, Стацыя, Тэрэнцыя, Пэрсія, Салюстыя), прававыя кодэксы, падручнікі й тэалягічныя працы. Шмат палякаў у той час выязджала навучацца за мяжу ў Балёнію й Сарбону.

Літаратура гэтае эпохі была пераважна лацінаскай. Зачаткі пачалі зьяўляцца ўжо ў часы Баляслава Храбрага (польск. Bolesława Chrobrego). Збольшага, гэта творы агеаграфічныя: тры жыцьці сьвятога Войцеха, а таксама твор «Vita quinque fratrum». Тэксты былі напісаныя іншаземцамі, якія адаптавалі іх пад узор рэлігійных жыцьцяпісанньняў (жыцій), акцэнтуючы ўвагу на аскетызм, пакору й веру. Прадстаўніком такога роду літаратуры ў XIII стагодзьдзі зьўляўся паляк Вінцэнты з Кельцы — аўтар двух паэтычных жыцій сьвятога Станіслава. Аднак найвыбітнейшымі лацінамоўнымі творамі гэтага пэрыяду зьўляюцца хронікі, якія адлюстроўваюць грамадзкую і культурную рэчаіснасьць Польшчы. Аўтар першай зь іх — Гал Ананім — зьўляецца іншаземцам, які ў сваёй «Хроніцы польскай» абмаляваў падзеі Баляслава Крывавуснага і яго пястоўскіх продкаў. Наступным храністам быў кракаўскі біскуп Вінцэнты Кадлубэк, які выконваў функцыю канцлера пры двары Казімера II Справядлівага. Ён стварыў «Хроніку» ў чатырох кнігах, якая апісвала падзеі на Польшчы ад старажытных часоў. У адрозьненьне ад працы Гала Ананіма ў хроніцы Кадлубка шмат баечных і фантастычных эпізодаў: у першай кнізе апісваецца перамога палякаў над Аляксандрам Вялікім і Юліям Цэзарам, аднак апісаньне пазьнейшых часоў зьяўляецца больш падобным да стылю апісаньня Галам Ананімам. Цэннымі гістарычнымі крыніцамі зьўляюцца таксама летапісы, якія ствараліся ў гэты пэрыяд (напрыклад «Летапіс Сьвятакрыжскі»). Акрамя лацінскай прозы ўзьнікала й лацінская паэзія ў форме эпіграмаў, эпічных твораў, накшталт «Паэмы пра Пятра Властовіча» (польск. Poemat o Piotrze Włostowiczu), рэлігійнай лірыкі, а таксама вершаў са своеасаблівым зьместам (напрыклад лекарская паэма дамініканіна Мікалая з Польшчы). Адным з найстаражытнейшых твораў, напісаных на польскай мове зьўляецца гімн Багародзіца, першыя два слупкі якога узьніклі прыкладна ў сярэдзіне XII ст., а першыя згадкі пра яго датуюцца XV ст. Гэты гімн выконваў ролю неафіцыйнага дзяржаўнага гімну Рэчы Паспалітай, яе сьпявала рыцарства падчас Грунвальдзкай бітвы. Па-польску таксама пісаліся «Казаньні сьвятакрыжскія» (польск. Kazania świętokrzyskie) — збор казаньняў першай паловы XIII ст. — каштоўны літаратурны помнік тагачаснай польскай прозы.