Постапакаліптыка
Постапакаліптыка — жанр навуковай фантастыкі, у якім дзеяньне разьвіваецца ў сьвеце, які перажыў глябальную катастрофу. Постапакаліптычным таксама называюць творчы стыль, які нясе настрой пустыннасьці, самоты і вусьцішы ў вобразах састарэлай і пакінутай тэхнікі альбо будынкаў.
Гісторыя [рэдагаваць]
Постапакаліптычная фантастыка зарадзілася ў канцы XIX — пачатку XX стст. Першы клясычны твор гэтага жанру — раман Рычарда Джэфэрыса «Пасьля Лёндану» (1885), у якім дзеяньне адбываецца праз тысячы гадоў пасьля катастрофы. Сцэнар Джэфэрсана, паводле якога адразу ж пасьля катастрофы сьледуе пэрыяд барбарства, а за ім новы (неўрбанізаваны) фэўдалізм, многаразова выкарыстоўваўся іншымі аўтарамі, у тым ліку і Джэкам Лёнданам у «Пунсовай чуме», Джонам Крыстафэрам у «Сьмерці травы», Рабэра Мэрлям у «Мальвіле», Джорджам Ст'юартам у «Зямлі безь людзей». Ажыцьцяўленьня гэтага сцэнару з усяе сілы імкнуцца не дапусьціць героі «Молата Люцыфэра» Лары Нівэна і Джэры Пурнэля.
На постапакаліптычную вобразнасьць часткова паўплывалі карціны дэградаванага чалавецтва і астыванай Зямлі ў рамане Гэрбэрта Ўэлза «Машына часу» (а ў яго экранізацыі прычынай дэградацыі становіцца менавіта глябальная катастрофа).
Зь зьяўленьнем кіно, а пазьней — кампутарных гульняў жанр апынуўся запатрабаваным і там. Аднымі з самых вядомых твораў кінэматографу зьяўляюцца сэрыя фільмаў «Шалёны Макс», «Кніга Ілая», а сярод гульняў — серии Fallout, Half-Life 2 і S.T.A.L.K.E.R.