Правіла Босмана

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Правіла Босмана (па-ангельску: Bosman ruling) — закон, які дзейнічае ў краінах ЭЗ, што дазваляе гульцам, у якіх мінуў тэрмін кантракту з клюбам, перайсьці ў іншы клюб без грашовага кампэнсаваньня. Да ўвядзеньня правіла клюб на працягу двух з паловай гадоў захоўваў правы на кампэнсаваньне за гульца.

Справа Босмана[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1990 годзе бэльгійскі «Льеж» прапанаваў Жану-Марку Босману падоўжыць кантракт, што сканчваўся, аднак з 75-адсоткавым памяншэньнем заробка. Босман меў добрую прапанову ад францускага клюба «Дункерк», які прапанаваў лепшыя ўмовы. «Льеж» запытаў за гульца каля мільёна даляраў адчэпных. Кіраўніцтва «Дункерка» аплочваць кампэнсацыю не пажадала. Кампраміс так і не быў дасягнуты, Босман застаўся без працы. Былы футбаліст жыў у гаражы й ледзь звадзіў канцы з канцамі. Пазьней ад яго сышла жонка. Аднак Босман працягваў судовыя разгляды з «Льежам», спрабуючы атрымаць кампэнсаваньне ў 16 мільёнаў бэльгійскіх франкаў.

Рашэньне суда[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасля 5-гадовых цяжбаў, 15 сьнежня 1995 года, Бэльгійскі суд прызнаў, што прынятае Эўрапейскім зьвязам заканадаўства забараняе абмяжоўваць правы чалавека на свабоду перамяшчэньня па сканчэньні дзеяньня кантракту й патрабаваньне кампэнсаваньня зьяўляецца незаконным. Уся йснавалая эўрапейская трансфэрная сыстэма была прызнана нелегітымнай.

Паралельна Босман вёў яшчэ адну скандальную справу супраць УЭФА — пра незаконнасьць ліміту на замежнікаў, які выкарыстоўваецца УЭФА (3+2 — 3 замежніка, 2 "натуралізаваных" гульца, якія выступаюць у краіне больш за пяць гадоў). Гэты пазоў таксама быў задаволены.

Наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па меркаваньні шматлікіх экспэртаў прыняцьце «Правіла Босмана» адмоўна адбілася на ўсім эўрапейскім футболе. Значна вырасьлі сумы заробкаў футбалістаў, дзіцячыя футбольныя школы прыйшлі ў заняпад. Маладыя гульцы сыходзілі задарма, і клюбы, якія жылі за кошт продажу сваіх талентаў, былі на грані банкруцтва. Некаторыя клюбы цалкам складаліся з легіянэраў, абыходзячыся без сваіх выхаванцаў.

Адмоўна адбілася справа й на паўднёваамэрыканскім футболе — маладыя гульцы ў вядучых клюбах кантынента, ледзь адзначыўшыся на міжнароднай арэне, адразу атрымліваюць прапановы ад багацейшых эўрапейскіх камандаў. Таму ў паўднёваамэрыканскіх клюбах дагэтуль назіраецца даволі высокая цякучка кадраў і нестабільны выступ камандаў (але агульны ўзровень футбола застаецца высокім, з-за надзвычай высокай прадукцыйнасьці футбольных школ).

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]