Правілы беларускай артаграфіі і пунктуацыі (2008)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Правілы беларускай артаграфіі і пунктуацыі — звод правілаў беларускага афіцыйнага правапісу (наркамаўкі), зацьверджаны ўпершыню ў сусьветнай гісторыі мовазнаўства ў форме закону «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» 23 ліпеня 2008 году (набыў сілу 1 верасьня 2010 году[1]) Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і асабіста Аляксандрам Лукашэнкам[2]. Дагэтуль апошні раз афіцыйныя правілы беларускай мовы зацьвярджаліся пастановай Савету міністраў БССР у 1957 годзе[3] і зводам 1959 году — частковымі зьменамі правапісу, якія не былі рэформай, але ўдакладнялі і разьвівалі рэформу беларускага правапісу 1933 году[4]. У некаторых крыніцах праект 1959 году фігуруе пад назвай «рэдакцыя 1957—1959 гадоў»[5].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Разьвязаньне правапіснага пытаньня ў Беларусі, што паўстала ў выніку русіфікатарскай палітычнай рэформы беларускага правапісу 1933 году, узяла за мэту Камісія па ўдасканаленьні правапісу (старшыня Генадзь Цыхун) Таварыства беларускай мовы, у якую сярод іншых увайшлі Вінцук Вячорка і Зьміцер Санько. Камісія актыўна працавала ў 1991—1992 гадох, а ў 1993 годзе апублікавала свае прапановы. Сьведчаньнем афіцыйнага прызнаньня неабходнасьці ўдакладненьняў у правапісе стала ўнясеньне адпаведнага пункту ў «Дзяржаўную праграму развіцця беларускай мовы і іншых нацыянальных моў у Беларускай ССР» і наступныя лягічныя крокі: правядзеньне ў Акадэміі навук 19—20 лістапада 1992 году Рэспубліканскай навуковай канфэрэнцыі «Праблемы беларускага правапісу», прыняцьцё ў 1993 годзе Саветам Міністраў пастановы № 556 «Аб удакладненні правапісу беларускай літаратурнай мовы» і, дзеля рэалізацыі пастановы, стварэньне Дзяржаўнае камісіі па ўдакладненьні правапісу (старшыня Ніл Гілевіч), у якую ўвайшлі пераважна прадстаўнікі афіцыйных структураў. Камісія вынесла на грамадзкае абмеркаваньне шэраг прапановаў, але кардынальная трансфармацыя агульнае сытуацыі ў краіне (сярод іншага — вяртаньне ўладаў да палітыкі русіфікацыі) зрабіла далейшую дзейнасьць камісіі немэтазгоднаю, таму яна спыніла сваё існаваньне праз год па стварэньні, даручыўшы Акадэміі навук і Міністэрству адукацыі «да канца 1995 года падрыхтаваць да выдання новую рэдакцыю „Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі“ (з дадаткам правілаў беларускай артаэпіі)». У выніковых рэкамэндацыях, апублікаваных 13 верасьня 1994 году, адзначалася, што хоць вяртаньне пэўных дарэформавых нормаў і магло б быць пажаданым, але час для такіх зьменаў пакуль неадпаведны[6].

У 1997 годзе пад эгідай Інстытуту мовазнаўства і Міністэрства адукацыі распачалася чарговая праца над рэдакцыяй беларускага правапісу. Утварыўся калектыў мовазнаўцаў на чале з Аляксандрам Падлужным (1935—2005), які займаўся гэтым пытаньнем з 1960-х гадоў[7], дыялектолягам Аляксандар Крывіцкім, прафэсарам Арнольдам Міхневічам, Паўлам Шубам (1926—2000), Міхасём Яўневічам (1922—2010) і ягонай дачкой Аленай Цясевіч (нар. 1951)[8]. У 1998 годзе Аляксандар Падлужны адзначыўся тым, што ў адной з сваіх публікацыяў[9] заклікаў рэжым Лукашэнкі да рэпрэсіяў у дачыненьні да карыстальнікаў клясычнага правапісу[10].

У 1999 годзе праект Падлужнага разаслалі на катэдры беларускай мовы ў розныя ВНУ Беларусі, аднак шырокай дыскусіі прапанова ня выклікала. Толькі 19 лістапада 1999 году дацэнт катэдры беларускага мовазнаўства БДПУ Алесь Каўрус у часопісе «Літаратура і Мастацтва» апублікаваў артыкул "Які ён, «новы правапіс?», дзе не рэкамэндавалася зацьвярджаць праект Падлужнага[8]. 18 лютага 2000 году дацэнт Гомельскага ўнівэрсытэту Дзьмітры Паўлавец у тым жа часопісе апублікаваў артыкул «Паспех — курам на смех: Патрэбны грунтоўны арфаграфічны звод»[11]. Прафэсар Гарадзенскага ўнівэрсытэту Павал Сьцяцко ў сваёй разгорнутай рэцэнзіі "Сучасныя моўныя рэальнасці і праект новай рэдакцыі «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі», ацэньваючы разьдзел «Правапіс марфем», прыходзіць да высновы:

« Тут нямала штучнага, што замацоўвае разнамоўную трасянку[12] »

Рэцэнзэнт засяродзіўся на крытыцы разьдзелу «Асабовыя ўласныя імёны і прозвішчы» аўтарства старшага навуковага супрацоўніка Інстытуту мовазнаўства Тацяны Рамзы[8]. Пазьней, у апошнім варыянце ўжо Міністэрскага праекту разьдзел, які выклікаў найбольш крытычных выпадаў з боку прафэсара Сьцяцко, зьнік[8].

15 сакавіка 2001 году Аляксандар Падлужны выступіў з дакладам, прысьвечаным праекту, на паседжаньні Прэзыдыюму Акадэміі навук. Карэспандэнт «Радыё Рацыя» Віктар Мухін у сваім артыкуле "Новы правапіс: між «бюстгальтарам» і «ніёбіем» распавёў пра асаблівасьці дыскусійнага абмеркаваньня праекту:

« Акадэмік Сушчэня пацікавіўся ў Аляксандра Падлужнага — якім правапісам выдадзены трохтомны «Руска-беларускі слоўнік» пад рэдакцыяю Кандрата Крапівы. А іншы ягоны калега запытаўся ў дырэктара Інстытуту мовазнаўства — як мае быць правільна па-беларуску: «экалёгія» або «экалогія». Пытаньні беларускіх акадэмікаў сьведчылі пра неабазнанасьць іх ня толькі ў правапісе, але й у беларускай мове наагул. Далей паседжаньне працягвалася па-расейску[13] »

Па абмеркаваньні на катэдрах Міністэрства адукацыі сабрала водгукі і, як вынік, зьявіўся збор зь перапрацаваньнямі праекту з улікам заўвагаў і прапановаў іншых мовазнаўцаў[8]. 22 сьнежня праект ухваліў Прэзыдыюм Акадэміі навук.

14 сакавіка 2003 году Саюз пісьменьнікаў Беларусі склікаў «круглы стол» з удзелам літаратараў і мовазнаўцаў і ў цэлым паставіўся да шэрагу выкладзеных прапановаў крытычна[8]. Завершаны праект новых правілаў быў перададзены на разгляд у Адміністрацыю прэзыдэнта і пазьней стаў асновай новага закону. Тым ня менш, ня ўсе палажэньні праекту Падлужнага былі ўлічаныя Міністэрствам адукацыі ў канчаткова зацьверджаных «Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі»[14]. Правілы праекту пачалі прыводзіцца ў газэце «Звязда», што парушыла пастанову Савету Міністраў № 556 ад 17 жніўня 1993 г. «Аб удакладненьні правапісу беларускай мовы» за подпісам першага намесьніка старшыні СМ Міхаіла Мясьніковіча[8].

У 2004 годзе зьявілася трэцяя, апошняя рэдакцыя праекту Падлужнага, але працэс яго афіцыйнага прыняцьця ішоў вельмі марудна. У гэты час намесьнік дырэктара Інстытуту мовазнаўства Аляксандар Лукашанец прызнаўся:

« Пасля таго як праект «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» быў адобраны на пасяджэнні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, ён быў накіраваны ў адпаведныя дзяржаўныя інстанцыі для ўзгаднення. Аднак гэты працэс ідзе вельмі марудна. Зараз робяцца захады, каб паскорыць вырашэнне гэтага пытання[15] »

У 2005 годзе па наведваньні Міністэрства адукацыі Аляксандрам Падлужным і Аляксандрам Лукашанцам і атрыманьня падтрымкі з боку прызначанага Аляксандрам Лукашэнкам міністра адукацыі Аляксандра Радзькова справа прыняцьця трэцяй рэдакцыі артаграфічнага праекту паскорылася[8].

У 2006 годзе Міністэрства адукацыі стварыла яшчэ адну працоўную групу, каб чарговы раз падкарэктаваць праект Падлужнага. У выніку зьявіўся новы праект, які яшчэ больш аддаліўся ад свайго прататыпу[8]. Паводле Аляксандра Радзькова, у працы камісіі прымалі ўдзел:

« принимали участие представители общественности и сотрудники «Настаўніцкай газеты», … молодые ученые, а также учителя белорусского языка и методисты[16]. »

—Інтэрвію для БелаПАН. 2006. 29 жніўня.

Камісію ачолілі Аляксандар Лукашанец (нар. 1954) і прафэсар журфаку БДУ і адначасна дарадца міністра адукацыі ў сувязях з СМІ і грамадзкасьцю Віктар Іўчанкаў (нар. 1962). Мовазнаўца Зьміцер Саўка не адкідае, што дзякуючы менавіта Віктару Іўчанкаву рысы праекту Міністэрства адукацыі пачалі супрацьпастаўляцца праекту Падлужнага[8]. 25 жніўня 2006 году Аляксандар Радзькоў наведаў Аляксандра Лукашэнка і закрануў пытаньне пра патрэбу прыняцьця новай рэдакцыі правілаў артаграфіі і пунктуацыі беларускай мовы[8]. Лукашэнка даручыў цягам двух тыдняў падаць праект на разгляд.

У канцы жніўня — пачатку верасьня інфармацыя пра будучыя правапісныя зьмены выйшла на старонкі дзяржаўных СМІ. Некаторыя назіральнікі сьцьвярджалі, што «ўлады пайшлі чарговым наступам, магчыма, каб забараніць клясычны правапіс». Пазьней гэтыя падазрэньні ўзмацніла заява Аляксандра Лукашанца:

« Ня ведаю, ці забароняць «тарашкевіцу»... Калі б гэта залежала ад мяне, то я б забараніў[17] »

У кастрычніку 2007 году, напярэдадні прыняцьця Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу закону «Аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі» Аляксандар Радзькоў, увогуле, адкрыта заявіў, што мэта дакумэнту — забарона «супрацьзаконнага ўжываньня ў пэрыёдыцы» клясычнага правапісу[18]. 1 верасьня 2010 году закон «Аб правілах беларускай артаграфіі і пунктуацыі» ад 23 ліпеня 2008 набыў сілу.

Асноўныя правапісныя зьмены[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўныя адрозьненьні ў афіцыйных правілах беларускай мовы 2008 году ад праекту 1957 году[19][20][21] (у вузейшым сэнсе — рэдакцыі 1957—1959 гадоў)[14] і моўнага праекту Аляксандра Падлужнага 2003 году і перагледжанага Міністэрствам адукацыі яго канчатковага варыянту[5]:

Правілы беларускай артаграфіі і пунктуацыі 1957—1959 гадоў Праект Аляксандра Падлужнага Правілы беларускай артаграфіі і пунктуацыі 2008 году
(па пераглядзе Міністэрствам адукацыі)
Аканьне ў спалучэньні «-i + галосны» ў словах іншамоўнага паходжаньня
Ненаціскное «о» перадаецца праз «а» незалежна ад паходжаньня слова.
Выняткі: ада́жыо, капры́чыо, сальфе́джыо, тры́о; Анто́ніо, Ма́о, Ца́о, Ся́о; Анта́рыо, Більба́о, Мінда­на́о, Цында́о, То́кіо[14]
Спалучэнні галосных «іо» пад націскам і «іа» не пад націскам перадаюцца як «іё» («ыё»), «іё» («ыя»):
Напрыклад: радыё, трыё, адажыё, Токіё, Рыё-дэ-Жанэйра; біёлаг, сацыёлаг, трыёд, шпіён, іён; біялогія, сацыялогія, трыяда, шпіянаж, аўдыявізуальны, варыяскапічны, варыяфільм. У некаторых словах іо (іа) захоўваюцца, калі з «іё» слова гучыць немілагучна (дыоптрыя, эфіоп, ніобіевы)[14]
Пастанова Правапіснай камісіі ТБМ па пытаньні засвойваньня «-іо» супадала з прапановай Падлужнага і пашыралася таксама на «iu»[a]
Такое напісаньне часам сустракаецца ў даведачнай літаратуры і афіцыйных дакумэнтах. СІС: эўдыёметр, рэка́мбіё; БелЭн: Сен-Брыё і інш.[14]
Літара «о» пішацца толькі пад націскам;[21] Літары «іё» («ыё») пішуцца пад націскам і «ія» («ыя») не пад націскам:[21]
Напрылад: адажыа, трыа, Токіа, Ватэрлоа, але радыё; біёлаг, біёграф, дамініён, Ліён, аксіёма, бібліёграф, біялогія
Мовазнаўца Зьміцер Саўка адзначае, што аўтары Міністэрскага праекту адкінулі нават тое, што ўтрымлівалася ў праекце Падлужнага, і прапанавалі найболь няўдалы разьвязак, бо «страчваецца фанэтычная сувязь з зыходнай формай, слова робіцца непазнавальным, не суадносіцца з прататыпам»[14]
Міністэрскі праект крытыкуецца за разыходжаньне ва ўласных правілах. Так напрыклад, Рыа-Грандэ і Рыа-дэ-Жанэйра (§ 27:1) пішуцца праз «а», але Сант-Эліё і Дзі Віторыё (§ 25:1-2) зь літарай «ё», што супярэчыць правілу напісаньня ненаціскнога «а» і адсылае яшчэ да праекту Падлужнага[14]
Мовазнаўца Зьміцер Саўка адзначае, што ў Праекце штучна спараджаецца міжмоўная аманімія ў дзясятках словаў праз супадзеньне арыгінальнай формы жаночага роду і беларускай формы мужчынскага роду ва ўласных імёнах: Antonia (яна) — Антоніа (ён)[14]
Аканьне ў канцавым спалучэньні «галосны + ненаціскны o»
Канцавыя спалучэньні «галосны + ненаціскны o» ў словах неславянскага паходжаньня ўводзяцца ў вынятках:
Напрыклад: Токіо, Ватэрлоо, Медэо
Літара «о» пішацца ў невялікай групе слоў, уласных імён і геаграфічных назваў іншамоўнага паходжання для абазначэння ненаціскнога гука [о] пасля галосных «о», «а» ў канцы слоў:
Напрыклад: макао, Ватэрлоо, Більбао, Мао, Сяо, Цао, Рамэо.
Старыя выняткі ліквідуюцца і «галосны + ненаціскны o» перадаюцца праз «а»: Токіа, Ватэрлоа, Маа, Цындаа
Мовазнаўца Зьміцер Саўка адзначае, што пасьля пашырэньня аканьня на «галосны + ненаціскны o» адбудзецца «страта фанэтычнай сувязі з зыходнай формай, што зробіць беларускія формы непазнавальнымі і выклікае ўзьнікненьне новых непажаданых асацыяцыяў: напр., кіт. Мао Цзэ-дун → Маа і эст. maa — зямля, краіна» [14]
Замена «-эр», «-эль» на «-ар», «-аль» у словах іншамоўнага паходжаньня
Іншамоўныя словы, якія сканчваюцца на «-er» і «el» у большасьці выпадкаў перадаюцца праз «-эр» і «эль»:
Напрыклад:гендэр, гунтэр, камп’ютэр, лідэр, дрыфтэр, крофтэр, філістэр
Ненаціскныя фіналі «-эль», «-эр» у запазычаных словах перадаюцца як -аль, -ар:
Напрыклад: шніцаль, шпіндаль, шпаталь, міталь, форталь, карцар, грэйдар, лідар, камп’ютар, пэйджар, рэйсфедар, эспандар, тэндар, ордар, менэджар, фюрар, фарватар.
Пастанова Правапіснай камісіі ТБМ аб пашырэньні яканьня ў запазычаных словах, якія сканчваюцца на ненаціскныя «-ар» (з «-er») і «-аль» (з «-el») супадае з прапановай Падлужнага[14][b].
Ненаціскныя фіналі «-эль», «-эр» у запазычаных словах перадаюцца як «-аль», «-ар»:[21]
Напрыклад: шні́цаль, шпа́таль, мі́таль, фо́рталь, ка́рцар, грэ́йдар, лі́дар, камп’ю́тар, пэ́йджар

Пастанова Правапіснай камісіі ТБМ аб пашырэньні яканьня ў запазычаных словах, якія сканчваюцца на ненаціскныя «-ар» (з «-er») і «-аль» (з «-el») супадае з канчатковым праектам «Беларускай арфаграфіі і пунктуацыі»
У некаторых пазычаньнях і вытворных ад іх словах у беларускай мове этымалягічны [э] перадаецца праз «ы»: брызэнт, дрызіна, інжынэр, канцылярыя, рысора, цырымонія, што было зацьверджана ў граматыцы Тарашкевіча і пазьней рэвізавана ў Акадэмічным праекце рэформы беларускага правапісу 1930 году. Паводле Зьмітра Саўкі, пачатак рэвізіі гэтай уласьцівасьці беларускага правапісу не зьяўляецца станоўчым[14].
Беларускі паэт Уладзімер Дубоўка ў часе дыскусіі аб правядзеньні аканьня ў дачыненьні ненаціскнога «о» ў запазычаньнях адзначыў факт зьніжэньня тэрміналягічнай магчымасьці мовы і ўскладненасьці ідэнтыфікацыі лексемы ў гэтай сытуацыі: гэтак два розныя тэрміны — anthologia (зборнік) і ontologia (філязофскае вучэньне) — супадаюць у адной лексэме: анталёгія[14].
На думку Зьмітра Саўкі правядзеньне «арацыі» прыводзіць да размываньня і далейшага скасаваньня аднаго з асноўных прынцыпаў беларускага правапісу — разьмежаваньня ўласнай і запазычанай лексыкі, то бок яе аманімізацыі, што фармальна выяўляецца ва ўзьнікненьні поўных амонімаў (ка́тэр «тып судна» і ка́тар «хвароба» → ка́тар), амафонаў (ка́тэр «тып судна» → ка́тар і Ка́тар (краіна) → Ка́тар), амографаў (лі́хтэр «тып баржы» → лі́хтар і ліхта́р «асьвятляльная прылада» → ліхта́р)
Зьміцер Саўка адзначае, што, на першы погляд, увядзеньне «арацыі» спрыяе замацаваньню на пісьме спэцыфічных рысаў беларускай мовы, але адначасна ўзгадвае словы аўтара гэтага правіла — беларускага мовазнаўцы Вінцука Вячоркі, які неўзабаве па вылучэньні гэтае ідэі, адмовіўся ад яе, аргумэнтуючыся парушэньнем ідэнтыфікацыі кароткіх — двухскладовых — запазычаньняў, дзе кожны гук мае большую інфармацыйную нагрузку: сэтэр, унтэр, табэль[22]. Паводле яго словаў, сёньня гэтая артаграма не паддаецца адназначнай кадыфікацыі.
Яканьне ў лічэбніках «дзявяты», «дзясяты», «сямнаццаць» і «васямнаццаць»
Лічбэнікі «дзевяты», «дзесяты», «семнаццаць» і «васемнаццаць» складаюць вынятак з агульнага правіла яканьня
Брытанскі беларусіст Пітэр Мэё ў 1977 годзе разглядаў праблемнасьць гэтых выняткаў у беларускім правапісе[23]
Прапанова А. Падлужнага і яе рэалізацыя ў зводзе правілаў 2008 году ідэнтычныя Галосныя «е», «ё» ў першым складзе перад націскам абазначаюцца на пісьме літарай «я»: … дзéвяць — дзявя́ты, дзéсяць — дзяся́ты, сем — сямна́ццаць, во́сем — васямна́ццаць…
Зьміцер Саўка адзначае гэтае новаўвядзеньне як «несумненна станоўчы момант Праекту»[24]
Аканьне ў складанаскарочаных словах і абрэвіятурах
Паводле § 135 зводу 1959 году «у апошняй частцы некаторых складанаскарочаных слоў пад націскам можа аднаўляцца этымалагічнае „о“, якога ў поўным слове не бывае, напрыклад: райком (раённы камітэт), нарком (народны камісар), селькор (сельскі карэспандэнт), парторг (партыйны арганізатар) і інш».
Зьміцер Саўка адзначае ў гэтым правілы відавочны «русацэнтрычны» ўплыў[24]
Прапанова Падлужнага і яе рэалізацыя ў зводзе правілаў 2008 году ідэнтычная У абрэвіятурах скарочаныя часткі пішуцца так, як у адпаведных поўных словах:
Напрыклад: гарсавет (гарадскі), прафсаюз (прафесійны), … прамкамбінат (прамысловы), … Цэнтрвыбаркам (цэнтральны выбарчы камітэт), прафкам (прафсаюзны камітэт), ваенкам (ваенны камітэт), гарвыканкам (гарадскі выканаўчы камітэт), селькар (сельскі карэспандэнт), юнкар (юны карэспандэнт), член-кар. (член-карэспандэнт), лінкар (лінейны карабель), … газпрам (газавая прамысловасць)…
Зьміцер Саўка адзначае, што «практыка 1990-х — 2000-х гг. беларусізавала форму гэтых словаў» і ўхваляе дадзеную артаграму[24]
Зьмены ў напісаньні «э» замест «е» паводле фанэтычнага прынцыпу
У артаграфічных правілах 1957—1959 гадоў фанэтычны прынцып пры напісаньні «э»/«е» рэалізоўваўся не заўсёды:
Напрыклад: Шапен, Кенедзі, Насер, Нені
Прапанова Падлужнага і яе рэалізацыя ў зводзе правілаў 2008 году ідэнтычныя У словах іншамоўнага паходжаньня літары «э», «е» як пад націскам, так і не пад націскам пішуцца ў адпаведнасьці зь літаратурным вымаўленьнем:[21]
Напрыклад: у пачатку слова: э́ра, эсэ́, э́ўрыка, э́пас, э́тыка; але ерэты́к, Еўро́па, Еўпато́рыя, Ерэва́н, Еўфра́т
У канцы нязьменных словаў, а таксама ўласных імёнаў і геаграфічных назваў пасьля зычных, акрамя л, к, пішацца э:[21]
Ныпрклад: купэ́, рэзюмэ́, рэнамэ́, кафэ́, кабернэ́, плісэ́, дэкальтэ́;
Літара «э» ў запазычаных словах пасьля губных зычных, а таксама «з», «с», «н» пішацца згодна зь літаратурным вымаўленьнем:[21]
Напрыклад:капэ́ла, пэ́йджар, сурвэ́тка, экзэмпля́р; меда́ль, парла́мент, перспекты́ва, газе́та
Зьміцер Саўка паказвае на факт перайманьня на ўзроўні цытаты найноўшым беларускім правапісам артаграмы літары «э» з расейскага зводу Якава Грота «Русское правописаніе» 1885 г.[c], дзе «э» рэалізуецца амаль выняткова ў пазычаных словах, што, на думку мовазнаўцы, ігнаруе шматлікія беларускія словы і словаформы з «э» пасьля зацьвярдзелых[5]
Зьміцер Саўка адзначае, што ўсе пададзеныя ў прыкладах словы з «э» (апроч лексэмы сурвэ́тка) рэпрэзэнтуюць расейскае літаратурнае вымаўленьне і ідэнтычнасьць з расейскай артаэпічнай нормай[5]
Нягледзячы на факт перайманьня новым беларускім правапісам расейскага вымаўленьня, сам працэс «рэабілітацыі» «э» ў запазычаньнях, паводле словаў Зьмітра Саўкі, — несумненна, станоўчы[5]
Уніфікацыя напісаньня прыметнікаў на «-скі», утвораных ад імёнаў уласных
Прыметнікі на «-скі» не былі ўніфікаваныя ў артаграфічных правілах 1957—1959 гг: «чаньчуньскі» і «цяньшаньскі» пісаліся зь мяккім знакам, тым часам як «любанскі» і «астраханскі» — без. Прапанова Падлужнага і яе рэалізацыя ў зводзе правілаў 2008 году ідэнтычныя Усе прыметнікі на «-скі», утвораныя ад імёнаў уласных, пішуцца безь зьмякчэньня:
«§ 17.7. Мяккі знак не пішацца:… прыметніках з суфіксам „-ск-“, утвораных ад назоўнікаў на „-нь“: конскі (конь), астраханскі (Астрахань), любанскі (Любань), плзенскі (Плзень), чань-чунскі (Чань-Чунь), цянь-шанскі (Цянь-Шань
Зьміцер Саўка адзначае, што па-за межамі літаратурнай нормы спалучэньне «-нь- + -ск-» амаль паўсюдна выкарыстоўваецца ў народнай мове[26][27] і выняткамі з правіла будуць зьўляцца не арыенталізмы, а ўласнабеларуская лексыка[24].
Скасаваньне асобнага правіла для прыметнікаў ад кітайскіх назваў спародзіць аманімічныя пары:
Напрыклад: Мінск → мінскі, мінь (дыялект) → мінскі
Пашырэньне нескладовага «ў» на некаторыя словы іншамоўнага паходжаньня
У артаграфічных правілах 1957—1959 гадоў «у» не скарачалася: «у пачатку слоў іншамоўнага паходжання…: праменні ультрафіялетавыя, дзяржаўны універсітэт…» Прапанова Падлужнага і адрозьненьне яе рэалізацыі ў праекце 2008 году невядомыя Праект 2008 году пашырае выкарыстаньне «ў» нескладовага ў іншамоўных словах:
Напрыклад: для ўніята, ва ўніверсітэце, саўна, фаўна, шоў
Зьміцер Саўка адзначае разумнасьць прапановы падпарадкаваньня асноўнаму правілу ранейшай групы запазычаньняў[5]
На думку Зьмітра Саўкі, захаваньне «у» складовага ў канцы іншамоўных словаў фрау, Шоу, Ландау, Каратау, Дахау і г.д. (§ 15.1)[21] зьяўляюцца нематываванымі празь пярэчаньне асновам беларускай фанэтыкі, самому зводу 1959 г. і традыцыі, якая склалася ў БелЭн[5] (Брэслаў, Бюлаў, Вірхаў, Дэсаў, Ленаў)
Упарадкаваньне напісаньня малой і вялікай літары ў назвах органаў ўлады, арганізацыяў, тытулаў, званьняў, пасадаў
Не рэглямэнтавалася зводам правілаў Прапанова Падлужнага і адрозьненьне яе рэалізацыі ў праекце 2008 году невядомыя Зь вялікай літары пішуцца «Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь», «Канстытуцыйны Суд Рэспублікі Беларусь», «Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», «Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі», «Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь» (§ 28.1[21])

Зьміцер Саўка адзначае, што «праект улічвае толькі актуальныя для нашай рэчаіснасьці палітычныя інстытуты, ігнаруючы вялізны сэгмэнт штодзённасьці, новыя рэаліі ды сытуацыі»[5]
Напісаньне спалучэньняў «й + галосны»
Звод артаграфічных правілаў 1959 году пакідаў напісаньне «й + галосны» нерэгулярным
Напрыклад: Йемен, Нью-Йорк, Іаркшыр, Іаганесбург і г. д.
Прапанова Падлужнага і адрозьненьне яе рэалізацыі ў праекце 2008 году невядомыя Напісаньне літары «ё» замест «йо» у пачатку, пасьля галоснага ў сярэдзіне і на канцы слова (§ 16.3[21])
Напрыклад: Ёфе, Нью-Ёрк, фае, секвоя, Мая, Папая
Зьміцер Саўка лічыць станоўчым падпарадкаваньне нерэгулярных напісаньняў асноўнаму правілу, але шэраг выняткаў (Іо́сіф, Іо́ў, Іо́на, Іасафа́т, Іаан Багаслоў, Іаган Себасцьян Бах супярэчаць пададзенаму ў праекце правілу[5]
Зьмена правілаў пераносу
Перанос праводзіўся строга па складах Прапанова Падлужнага і адрозьненьне яе рэалізацыі ў праекце 2008 году невядомыя Адбываецца лібэралізацыя правілаў пераносу: «Калі ў сярэдзіне слова паміж галоснымі маецца спалучэнне зычных, то пераносіцца на наступны радок або ўсё гэта спалучэнне, або любая яго частка. Можна пераносіць: ся-стра, сяс-тра, сяст-ра; во-стры, вос-тры, вост-ры; пту-шка, птуш-ка; кро-пля, кроп-ля; ма-ста-цтва (§ 41.2[21]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «Перадаваць іншамоўныя спалучэнні галосных, першым з якіх з’яўляецца і або ы, пры дапамозе ўстаўкі j (на пісьме абазначаецца праз ётавыя літары е, ё, ю, я): адажыё, трыё, імпрэсарыё, Рыё, Антоніё, Токіё, Сільвіё, трыюмф, радыюс, кансіліюм, прэзідыюм»
  2. ^ «Пашырыць аканне ў запазычаных словах, якія заканчваюцца на ненаціскныя -ар (з -er) і -аль (з -el): карцар, прынтар, грэйдар, дэбаркадар, лідар, дэкодар, фламастар, ваўчар — як характар; шніцаль, шпаталь, шпіндаль — як буталь»
  3. ^ Зьміцер Саўка ў сваёй публікацыі «Правілы левапісу», якая закранае шматлікія пытаньні найноўшага беларускага правапісу, прыводзіць наступнае супадзеньне: у новым зводзе «§ 3.1. Літара «э» пішацца: у пачатку выклічнікаў э, эге, эге-ге, эй, эх; пасля прыстаўнога «г» у слове гэты і вытворнага ад яго (дагэтуль), а таксама ў выклічніках гэ, гэй...», тым часам у «Русском правописаніі» 1885 г.: «Въ собственно-русскихъ словахъ звукъ э встречается только въ началѣ немногихъ междометій, мѣстоименій і нарѣчій: экъ, эхъ, эво; этотъ, этакій, экій, этакъ, эстолько...»[25]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Закон Рэспублікі Беларусь «Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» // Зьвязда : Газэта. — 26 ліпеня 2008. — № 138 (26251). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Саўка З. Мазаічная артаграфія (ч. 4) // ARCHE. № 11—12, 2009. — С. 135.
  3. ^ Валянціна Аксак (5 жніўня 2008) Гісторыя зьменаў беларускага правапісу. Радыё СвабодаПраверана 29 сакавіка 2011 г.
  4. ^ Інфармацыя аб «Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» Праверана 29 сакавіка 2011 г.
  5. ^ а б в г д е ё ж з Саўка З. Правілы левапісу, або Што нас чакае, калі новая рэдакцыя «Правілаў беларускага правапісу і пунктуацыі» стане афіцыйным дакументам // ARCHE Пачатак. — 2007. — № 3 (54).
  6. ^ Сучасная беларуская мова: вучэб. дапам. — Менск: Выш.школа, 2006. — С. 100, 101.
  7. ^ Іна Студзінская (5 жніўня 2008) Шэсьць абяцаньняў Казіміра Фарыно. Радыё СвабодаПраверана 29 сакавіка 2011 г.
  8. ^ а б в г д е ё ж з і к Саўка З. Вярблюд на трасянцы // ARCHE Пачатак. — 2007. — № 1—2 (53).
  9. ^ Падлужны А. Праблемы варыянтнасці беларускай літаратурнай мовы // Беларуская мова ў другой палове ХХ стагоддзя. — Менск: 1998. — С. 31.
  10. ^ Bazhutkina A. Belarussische Standardsprache(n) im Diskurs. Dissertation. — 2020. — С. 100.
  11. ^ Паўлавец Д. Паспех — курам на смех: Патрэбны грунтоўны арфаграфічны звод // Літаратура і Мастацтва. — 2000.
  12. ^ Сьцяцко П. Сучасныя моўныя рэальнасці і праект новай рэдакцыі «Правілаў беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» // Роднае слова. — 2000. — № 3.
  13. ^ Віктар Мухін (15 сакавіка 2001) Новы правапіс: між «бюстгальтарам» і «ніёбіем». Радыё РацыяПраверана 30 сакавіка 2011 г.
  14. ^ а б в г д е ё ж з і к л Саўка З. Правілы левапісу, або Што нас чакае, калі новая рэдакцыя «Правілаў беларускага правапісу і пунктуацыі» стане афіцыйным дакументам // ARCHE Пачатак. — 2007. — № 1—2 (53).
  15. ^ Анастасія Зелянкова (14 траўня 2004) Мова без дамовы. Салідарнасць. Праверана 30 сакавіка 2011 г.
  16. ^ Белорусский язык упростят. Naviny.by (29 жніўня 2006). Праверана 30 сакавіка 2011 г.
  17. ^ Зьміцер Панкавец (28 жніўня 2006) Аляксандар Лукашанец: «Ня ведаю, ці забароняць «тарашкевіцу».... Наша НіваПраверана 30 сакавіка 2011 г.
  18. ^ Кары за «няправільны» правапіс вызначыць Савет міністраў. Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё.
  19. ^ Валянціна Аксак (5 жніўня 2008) Сямнаццаць істотных зьмен у новай рэдакцыі правілаў. Радыё СвабодаПраверана 29 сакавіка 2011 г.
  20. ^ Кірыла Пазьняк. «Правапіс трохі абеларусіцца» New Belarusian Language Reform. pravapis.org. Праверана 29 сакавіка 2011 г.
  21. ^ а б в г д е ё ж з і к Правілы беларускай арфаграфіі і пунктуацыі Праверана 29 сакавіка 2011 г.
  22. ^ Вячорка В. Правапіс: Спроба сучаснае нармалізацыі // Спадчына. — Полымя, 1995. — № 5.
  23. ^ Mayo, P. J. Byelorussian Orthography: from the 1933 Reform to the Present Day // The Journal of Byelorussian Studies. — 1978. — В. 4. — № 2. — С. 25-47, 46-47.
  24. ^ а б в г Саўка З. Правілы левапісу, або Што нас чакае, калі новая рэдакцыя «Правілаў беларускага правапісу і пунктуацыі» стане афіцыйным дакументам // ARCHE Пачатак. — 2007. — № 4.
  25. ^ Грот Я. Правописаніе. Заимствованныя слова. // Русское правописаніе. — 1885. — С. 77. — 172 с.
  26. ^ Раслінны і жывёльны свет // Лексічны атлас беларускіх народных гаворак. — Мн: АНБ; Інстытут мовазнаўства. Т. І., 1993. — С. 112—113.
  27. ^ Жывёльны свет: Тэматычны слоўнік. — Мн: НАНБ; Інстытут мовазнаўства, 1999. — С. 166.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]