Прачысьценская царква (Вільня)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Прачысьценская царква
Прачысьценскі сабор па расейскай перабудове
Прачысьценскі сабор па расейскай перабудове
Краіна Летува
Места Вільня
Каардынаты 54°40′52″ пн. ш. 25°17′31″ у. д. / 54.68111° пн. ш. 25.29194° у. д. / 54.68111; 25.29194Каардынаты: 54°40′52″ пн. ш. 25°17′31″ у. д. / 54.68111° пн. ш. 25.29194° у. д. / 54.68111; 25.29194
Канфэсія праваслаўе[d]
Эпархія Віленская і Літоўская япархія[d] 
Архітэктурны стыль готыка
Дата заснаваньня 1346
Сайт soborvilnius.lt
Прачысьценская царква на мапе Летувы
Прачысьценская царква
Прачысьценская царква
Прачысьценская царква
Прачысьценская царква на Вікісховішчы

Прачысьценская саборная царква[a] — помнік гісторыі і архітэктуры XIV—XIX стагодзьдзяў у Вільні. Знаходзіцца ва ўсходняй частцы Старога Места пры Рускай вуліцы[b], на беразе ракі Вільні. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, пазьней Сьвятога Пасаду, цяпер — у валоданьні Маскоўскага патрыярхату. Дзее. Твор гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, які ў выніку расейскай перабудовы візуальна наблізілі да цэркваў Армэніі і Грузіі[1]. Аб’ект Рэгістру культурных каштоўнасьцяў Летувы.

Віленская Прачысьценская царква — колішняя катэдра Літоўскай мітраполіі (разам з Барысаглебскай царквой у Наваградку), адзін з найбуйнейшых гатычных абарончых храмаў Вялікага Княства Літоўскага. Адна з найбольш старажытных хрысьціянскіх сьвятыняў Вільні, галоўная архітэктурная дамінанта Рускага Гораду.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У панараме места. Т. Макоўскі, каля 1600 г.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як сьцьвярджае пазьнейшы надпіс над уваходам, Прачысьценскую царкву ў Вільні заснаваў у 1346 годзе вялікі князь Альгерд. Мяркуецца, што яе будавалі кіеўскія дойліды на ўзор Сафійскага сабору ў Кіеве, а ў 1348 годзе асьвяціў мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі Алексі.

У 1414 годзе з ініцыятывы вялікага князя Вітаўта Наваградзкі сабор абвясьціў незалежнасьць Праваслаўнай царквы Вялікага Княства Літоўскага ад мітраполіі ў Маскве. Абвяшчалася аднаўленьне самастойнай, незалежнай ад Масквы Кіеўскай мітраполіі, але сядзібай мітрапаліта фактычна стаў Наваградак або (часьцей) Вільня, «кіеўскім» ён называўся адно паводле тытулу. Прачысьценская саборная царква стала сядзібай мітрапаліта літоўскага і кіеўскага ў Вільні. У лютым 1495 году тут адбыўся шлюб вялікага князя Аляксандра з князёўнай Аленай Іванаўнай, дачкой вялікага князя маскоўскага Івана III.

Зь інвэнтару XVII ст. паводле перамалёўкі І. Трутнева, 1870 г.

У 1507 годзе праз работы з умацаваньня берагоў ракі, якія праводзілі побач з царквой, абрынуўся яе купал. У 1511—1522 гадох гетман найвышэйшы Канстантын Астроскі фундаваў аднаўленьне царквы, у выніку чаго яна набыла абарончы выгляд. У 1513 годзе ў царкве спачыла вялікая княгіня Алена Іванаўна.

У 1589 годзе царкву наведаў патрыярх канстантынопальскі Ерамія II. Разам зь мітрапалітам манэмвасійскім Ерафеем, япіскапамі дыманіцкім Арсенем, уладзімерскім Мялеціем і львоўскім Гедэонам ён высьвяціў тут новага мітрапаліта Міхала Рагозу, які стаяў ля вытокаў Берасьцейскай уніі і стаў першым уніяцкім кіеўскім мітрапалітам. У 1609 годзе яго пераемнік мітрапаліт Іпаці Пацей адслужыў у царкве малебен за злучэньне цэркваў і ўспомніў імя рымскага папы падчас набажэнства.

Барокавая царква, 1809 г.

У 1610 годзе будынак царквы пацярпеў ад пажару, у 1612 годзе яго аднавілі. У 1652, 1716 і 1748 гадох царква зноў цярпела ад пажараў. Па апошнім зь іх набажэнствы перанесьлі ў малую так званую «цёплую» Спаскую царкву з паўднёвага боку будынка. Аднак фактычнае функцыянаваньне царквы як мітрапалічай катэдры і рэзыдэнцыі спынілася толькі па 1795 годзе.

У 1785 годзе мітрапаліт Ясон Смагаржэўскі аднавіў царкву ў формах барока, а «цёплую» Спаскую царкву пераабсталяваў пад шпіталь.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па перабудове пад анатамічную залю. І. Трутнеў, 1864 г.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Вільня апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, расейскія ўлады ліквідавалі ўніяцкую мітраполію, а будынак царквы перадалі Траецкаму базылянскаму манастыру. Аднак сыстэматычны перасьлед расейскімі ўладамі Ўніяцкай царквы прывёў да заняпаду царквы. У 1806 годзе яе будынак за 3000 рублёў атрымала вайсковае ведамства Расейскай імпэрыі, якое ператварыла царкву ў склад хлеба, а ў 1808 годзе будынак перадалі Віленскаму ўнівэрсытэту. У 1810 годзе яго радыкальна перабудавалі паводле праекту архітэктара Міхала Шульца дзеля абсталяваньня анатамічнага тэатру (унутраную прастору падзялілі на два паверхі[2]), пазьней тут былі навучальныя аўдыторыі і бібліятэка. Зь ліквідацыяй Віленскай мэдычна-хірургічнай акадэміі ў 1841 годзе тут разьмяшчаліся кашары, архіў, гандлёвыя і гаспадарчыя памяшканьні, прыватныя жылыя памяшканьні, кузьня.

Пры здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) з ініцыятывы Мураўёва-вешальніка ў 1864 годзе будынак царквы перадалі Ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царкве), а ў 1865—1868 гадох яго рэканструявалі паводле праекту расейскіх архітэктараў Аляксандра Разанава і Мікалая Чагіна. У кастрычніку 1868 году адбылося асьвячэньне царквы.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1930-я гады ў царкве дзеяў хор, якім кіраваў беларускі дзяяч Рыгор Шырма. У сьвяточныя дні хор часам выконваў у царкве беларускія рэлігійныя сьпевы[3].

За савецкім часам набажэнствы ў царкве не перапыняліся. У 1948 годзе савецкія ўлады афіцыйна зарэгістравалі царкоўны прыход. У 1949 і 1957 гадох будынак царквы капітальна рамантаваўся. У 1990—1992 гадох праводзілася яго рэстаўрацыя. З канца 1990-х гадоў тут праходзяць выступленьні ўдзельнікаў міжнароднага фэстывалю расейскай духоўнай музыкі.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік гатычнай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, які набыў рысы рэнэсансу, барока, клясыцызму і ўрэшце расейскай эклектыкі. Гэта квадратны ў пляне аб’ём (36 на 36 мэтраў). З усходняга боку да яго далучаюцца 3 апсыды, сярэдняя зь якіх вышэйшая за бакавыя і выступае за вонкавы контур ix сьценаў. Ад пачатку ўсярэдзіне разьмяшчаліся чатыры слупы, якія меркавана падтрымлівалі канструкцыю купала[4].

У выніку рэканструкцыі 1511—1522 гадоў асноўны аб’ём атрымаў высокі 2-схільны дах, а на яго кутох паставілі чатыры абарончыя вежы (да канца XVIII ст. захавалася толькі адна зь іх). Над фасадамі ўзвышаліся трыкутныя гатычныя франтоны, сьцены праразаліся сьпічастымі вокнамі, якія мелі складанапрафіляваныя адхоны. Вокны былі ва ўсіх травеях бакавых нэфаў, a таксама ў кожнай грані алтарнай часткі. Вокны сярэдняй апсыды былі вузейшымі і завяршаліся аркай сьпічастай формы значна вышэй, чым y бакавых апсыдах. У аснову дэкору — чаргаваньне вокнаў сьпічастай формы і нішаў розных абрысаў: вузкіх і высокіх, паўцыркульных і здвоеных. Ніжняя частка нішаў аздабляецца рамбавіднай формы арнамэнтам, выкананым з цэглы, якая рэльефна выступае з муроўкі. Асноўны аб’ём меў багаты вонкавы плястычны дэкор. У яго ніжняй частцы быў шырокі дэкаратыўны пас з розных геамэтрычных фігураў[5].

У выніку рэканструкцыі 1865—1868 гадоў да асноўнага аб’ёма дабудавалі тры бакавыя вежы, надбудавалі адну ацалелую бакавую вежу і ўладкавалі мэталічны цэнтральны купал з шатровым завяршэньнем. Шатровыя завяршэньні вежаў і купала зрабілі яго нетыповым для бізантыйска-рускай традыцыі і візуальна наблізілі да традыцыяў армянскай і грузінскай сакральнай архітэктуры. Інтэр’ер вылучаецца 5-ярусным іканастасам з 73 абразамі, выкананым расейскім мастаком Іванам Трутневым.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назва помніка архітэктуры прыводзіцца паводле беларускай гістарычнай традыцыі. Адзін зь цяперашніх афіцыйных тытулаў: «Сабор Усьпеньня Прасьвятой Багародзіцы» або «Сьвята-Ўсьпенскі сабор» (рас. Собор Успения Пресвятой Богородицы, Свято-Успенский собор); таксама царква саборная Прачыстай Багародзіцы
  2. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — Maironio g. 14

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Wałejko K. Praktyczny przewodnik po Wilnie / red. ks. M. Borysiak, A. Franko, I. Jutkiewicz, K. Jutkiewicz. — Suwałki, 2003. S. 99.
  2. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 433.
  3. ^ Голас Праваслаўнага Беларуса. № 2, 1931. С. 22.
  4. ^ Габрусь Т. Саборы помняць усё. — Менск, 2007. С. 53.
  5. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 434.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]