Пружанскі раён
| Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка | |
| Пружанскі раён | |
| Краіна | Беларусь |
| Уваходзіць у | Берасьцейская вобласьць |
| Адміністрацыйны цэнтар | Пружаны |
| Насельніцтва (2009) | 52 511[1] |
| Шчыльнасьць | 21 чал./км² |
| Плошча | 2834[2] км² |
| Месцазнаходжаньне Пружанскага раёну | |
| Мэдыя-зьвесткі | |
| Афіцыйны сайт | |
Пружа́нскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным захадзе Берасьцейскай вобласьці Беларусі. Мяжуе з Камянецкім, Бярозаўскім, Івацэвіцкім і Кобрынскім раёнамі Берасьцейскай вобласьці, Слонімскім, Ваўкавыскім, Сьвіслацкім раёнамі Гарадзенскай вобласьці, а таксама з Рэспублікай Польшча.
У складзе раёну 245 населеных пунктаў, у тым ліку места Пружаны, пасёлкі гарадзкога тыпу — Ружаны і Шарашоў. Тэрыторыя адміністрацыйна падзеленая на 2 пасялковыя і 10 сельскіх саветаў.
Зьмест |
Геаграфія [рэдагаваць]
Плошча 2834 км², у тым ліку на сяльгасугодзьдзі даводзіцца 1280,12 км²[3]. Асноўныя рэкі — Ясельда, Мухавец, Зальвянка, Ружанка, Нараўка. Азёры і вадасховішчы: Паперня, Гута, Пружанскае, Рудніцкае і іншыя.
У заходняй частцы Пружанскага раёну пачынаецца нацыянальны парк Белавеская пушча. На тэрыторыі раёну месьцяцца таксама заказьнікі рэспубліканскага значэньня — «Міхалінска-Бярозаўскі», «Ружанская пушча», «Буслаўка», «Дзікае» (гідралягічны), а таксама заказьнікі мясцовага значэньня — «Выдранка» ды «Зяльвянка».
Помнікі прыроды рэспубліканскага значэньня: Ліноўскі піхтарнік і сасна Веймутава ў Пружанскім лясьніцтве.
Карысныя выкапні — торф.
Гісторыя [рэдагаваць]
Як сьцьвярджаюць археолягі, землі Пружанскага раёну пачалі засяляцца блізу 8—9 тысяч гадоў таму. Першыя паселішчы, што паўсталі ўздоўж берагоў Ясельды і Мухаўца, далі пачатак будучым вёскам Носкі, Харава, Труханавічы, Смаляніца, Руднікі. Зьмяшчаючыся на адлегласьці 3—5 кілямэтраў адна ад аднае, гэтыя паселішчы нібы пунктырна пазначаюць найстаражытнейшы і найкарацейшы шлях «з варагаў у грэкі», які зьвязвае цераз рэкі Нараў і Ясельду Прыбалтыку ды Прычарнамор’е. Пазьней гэты шлях страціў значэньне праз забалочваньне міжрэчча і ўтварэньне балотнага масіву Дзікае. У гэты ж час існаваў і іншы шлях у Балтыйскі басэйн — па рэках Ружанка, Зальвянка і Нёман. Балтыйскія плямёны рухаліся ўверх па далінах гэтых рэк і паступова засялялі ўсю сучасную тэрыторыю Пружаншчыны, асымілюючыся зь індаэўрапейскімі плямёнамі, якія пасяліліся тут раней.
У VIII—X стагодзьдзях усю тэрыторыю Берасьцейшчыны засялялі дрыгавічы. Найбольш старажытныя іх помнікі — курганныя могільнікі з пахавальным абрадам трупаспаленьня, з канца X стагодзьдзя — з пахавальным абрадам трупапалажэньня на гарызонце або ў падкурганнай яме, часам на попельна-вугальнай падсыпцы. Самы раньні курганны могільнік Берасьцейшчыны, які датуецца не пазьней за VIII стагодзьдзе, вядомы яшчэ з канца XIX стагодзьдзя ва ўрочышчы Пель за 1,1 км на паўднёвы захад ад вёскі Бярэзьніца Пружанскага раёну.
Пераход ад першабытнаабшчыннага ладу да фэадалізму ў плямён, якія засялялі тэрыторыю Беларусі, адбываўся ў VI стагодзьдзе—X стагодзьдзях. Пачала разьвівацца папарная сыстэма земляробства, хатнія рамёствы паступова ўтваралі асобную галіну рамеснай вытворчасьці — апрацоўку жалеза, каляровых мяталаў, наладжваліся зьнешнія сувязі.
У канцы 1-га тысячагодзьдзя на тэрыторыі расьсяленьня дрыгавічоў склалася Тураўскае княства, у якое ўвайшла ўся тэрыторыя сучаснай Берасьцейскай вобласьці. Першы верагодны князь — Сьвятаполк Уладзімеравіч (Акаянны), загінуў у барацьбе за вялікакняскую ўладу. Пасьля ягонай сьмерці ў 1019 Яраслаў Мудры ўключыў княства ў склад Кіеўскай Русі.
Вялікае Княства Літоўскае [рэдагаваць]
За часамі сярэднявечча Пружаншчына апынулася на скрыжаваньні істотных гандлёвых і вайскова-транспартных шляхоў між Заходняй Эўропай і Масковіяй, а таксама Прыбалтыкай і Ўкраінай.
Першыя гістарычныя зьвесткі пра Прушанскую воласьць адносяцца да 1433 году. Пад 1563 рокам у «Рэвізіі Кобрынскай эканоміі праз каралеўскага рэвізора Дзьмітрыя Сапегу» згадваецца эканамічны абшар, які ўлучаў эканомію мястэчка Дабучын (Пружаны). На той час Дабучынская воласьць складалася з дзьвюх частак: абшара двара Дабучынскага і абшара двара Блудзенскага[4].
Захавалася мноства гістарычных дакумантаў, курганаў, помнікаў, вядомых і безыменных пахаваньняў, якія сьведчаць пра тагачасныя вайсковыя канфлікты: войны Рэчы Паспалітай з Расеяй 1654—1667 гадоў і Паўночная (1700—1721), напалеонаўскае нашэсьце 1812 году, Першую і Другую сусьветныя войны.
Адзін зь першых беларускіх летапісаў XVI стагодзьдзя «Хроніка Быхаўца» быў знойдзены ў вёсцы Магілёўцы.
Расейская імпэрыя [рэдагаваць]
-
Глядзіце таксама: Пружанскі павет (Расейская імпэрыя)
Пра бітву часоў 1812 году між расейскім і напалеонаўскімі войскамі нагадвае адноўленая каплічка каля вёскі Паддубна.
Не абмінулі Пружаншчыну і падзеі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1830—1831 гадоў. Актыўна дзейнічаў на Кобрыншчыне паўстанцкі атрад, сфармаваны ў родавым маёнтку кіраўніка паўстаньня Тытуса Пуслоўскага — Плянта. У атрадзе Антона Бронскага на Ружаншчыне прымалі актыўны ўдзел і мясцовыя сяляне[5].
У 1846—1848 гадах Пружанскі павет стаў месцам, дзе разгарнуўся антыалькагольны рух сялянаў. Неўзабаве ён перакінуўся на іншыя паветы Беларусі й Расеі як форма пратэсту супраць увядзеньня манаполіі памешчыкаў на прыгатаваньне і продаж алькаголю.
Паўстаньне 1863 году [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Паўстаньне 1863 году на Пружаншчыне
Падзеі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў супраць царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага мелі шырокую падтрымку значнае часткі шляхты, жыхароў гораду і мястэчак, сялян-аднадворцаў, каталіцкага духавенства. З дасягненьняў паўстанцаў — захоп гораду Пружаны ў ноч з 12 на 13 лютага 1863, напад дзеля пакараньня здраднікаў і даносчыкаў на мястэчка Шарашова ў жніўні 1863, баі ля вёсак Міхалін, Гута, Ласасін ды іншых.
Другая Рэч Паспалітая [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Пружаншчына ў міжваеннай Польшчы
Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка [рэдагаваць]
Самастойнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР раён стаў 15 студзеня 1940.
У гады нямецка-фашысцкай акупацыі на Пружаншчыне дзейнічаў падпольны антыфашысцкі камітэт, а з 1943 году — падпольныя райкамы камуністычнае партыі і камсамолу.
Насельніцтва [рэдагаваць]
Раён знаходзіцца на мяжы Заходнепалескага (дзе пераважае славянская тапаніміка) і Цэнтральнабеларускага (суіснуе славяна-балцкая тапаніміка) тапанімічных рэгіёнаў.
Сучасныя гісторыкі сьцьвярджаюць, што поўнач Пружаншчыны засялялася пераважна балтамі. Этнографы мяжы XIX-XX стст. адзначалі, што насельніцтва, якое жыло на поўнач ад лініі, утворанай вярхоўямі Нарава і Ясельды — Белавеская пушча — Пружана — Бяроза — рэкі Шчара, Бобрык — Лунінец, называла паўднёвых суседзяў палешукамі, а тыя, у сваю чаргу, сваіх паўднёвых суседзяў — ліцьвінамі[6].
Падчас «вялікага перасяленьня народаў» гэтыя землі насяліла племя дрыгавічоў. У другой палове XIII ст. з дазволу вялікалітоўскага князя Трайдзеня тут пасяліліся прусы.
Насельніцтва раёну складае 52 511 чалавек (2009)[1].
Палітыка [рэдагаваць]
Эканоміка [рэдагаваць]
Прамысловасьць [рэдагаваць]
Прамысловы комплекс раёну складаюць 15 прадпрыемстваў (сярэднесьпісавая колькасьць працаўнікоў 2,7 тысячы чалавек). Вядучыя месцы займаюць ААТ «Пружанскі малочны камбінат», філія Пружанскага райва (райпо) «Камбінат каапэратыўнай прамысловасьці», УП «Ружанская мэблевая фабрыка» і РУП «Пружанскі завод радыёдэталяў», на долю якіх даводзіцца адпаведна 47,7%, 16,4%, 6,9% і 4,9% ад агульнага аб’ёму прамысловай вытворчасьці.
Прадпрыемствы раёну выпускаюць пладовагароднінавыя кансэрвы, цьвёрдыя сыры, жывёльнае масла, цэльнамалочную прадукцыю, кандытарскія і кілбасныя вырабы, крухмал, пладовыя віны, піва, безалькагольныя напоі, будаўнічыя матэрыялы, піламатэрыялы, мэблю, мэблевыя дадаткі, прадукты радыёэлектронікі, ільновалакно, нятканыя матэрыялы і іншыя віды прадукцыі.
Пастаўка лесаматэрыялаў, мэблі, ільну-сырцу, цьвёрдых сыроў і іншых відаў прадукцыі зьдзяйсьняецца ў Расейскую Федэрацыю, Украіну, Нямеччыну, Бэльгію, Францыю, Нідэрлянды[7].
Сельская гаспадарка [рэдагаваць]
Агульная плошча сяльгаснадзелаў 131,2 тысячы гектараў, зь іх асушана 47,6 тысячы гектараў. Сярэдні бал сяльгаснадзелаў па раёне складае 29,4, у тым ліку пашні — 32,1.
Сельскую гаспадарку раёну складаюць 21 калгас, 5 камунальных унітарных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, 3 адкрытыя акцыянэрныя таварыствы, 2 рэспубліканскія ўнітарныя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, 27 фэрмэрскіх гаспадарак.
Сялянская гаспадарка спэцыялізуецца пераважна на малочна-мясной жывёлагадоўлі. На 100 га сяльгаснадзелаў даводзіцца 48,6 галавы буйнога рагатага скату, у тым ліку 17,3 каровы.
Узрошчваюцца зерневыя і кармавыя культуры, лён, бульба і цукровыя буракі.
Сярэднегадавая колькасьць працаўнікоў сельскай гаспадаркі складае болей за 6 тысячаў чалавек.
На тэрыторыі раёну працуюць установа адукацыі «Пружанскі аграрна-тэхнічны каледж», РУП «Берасьцейская дзяржаўная абласная сельскагаспадарчая вопытная станцыя», КУСГП «Берасьцейская абласная праектна-дасьледчая станцыя хімізацыі»[8].
Гандаль [рэдагаваць]
На тэрыторыі раёну разьмешчаныя 286 гандлёвых прадпрыемстваў, у тым ліку 181 крама Пружанскага райва, 12 крамаў РУГВП «Ваенсервіс г. Пружаны», 14 фірмовых і ведамасных гандлёвых прадпрыемстваў і 72 гандлёвыя аб’екты індывідуальных прадпрымальнікаў. Працуе 51 прадпрыемства грамадзкага харчаваньня[9].
Транспарт [рэдагаваць]
Цераз раён праходзіць чыгунка Берасьце — Менск — Ворша, а таксама аўтадарогі:
- Р47Сьвіслач — Поразава — Пружаны,
- Р85Слонім — Высокае,
- Р98Пяшчатка — Дзьмітравічы — Клепачы — Лыскава — Сьвіслач,
- Р101Пружаны — Бяроза,
- Івацэвічы — Ваўкавыск,
- Кобрынь — Пружаны.
Культура і адукацыя [рэдагаваць]
У раёне дзейнічаюць дамы культуры, адзін аўтаклюб, 2 школы народнае творчасьці, 12 народных калектываў, раённая бібліятэка, гарадзкая бібліятэка, 2 гарпасялковыя бібліятэкі, 3 дзіцячыя, 40 сельскіх бібліятэк, 5 сельскіх бібліятэк-клюбаў, музэй, дзіцячы парк, 4 дзіцячыя школы мастацтваў, 2 музычныя школы[10].
Выдатныя мясьціны [рэдагаваць]
Hа тэрыторыі раёну знаходзіцца 6 помнікаў археалёгіі, 42 помнікі архітэктуры, 115 помнікаў гісторыі і 9 старажытных паркаў.
- Палацавы комплекс князёў Сапегаў у г. п. Ружаны (XVI—XVIII стст.);
- Траецкі касьцёл дамініканцаў у г. п. Ружаны (XVII—XIX стст.);
- Петрапаўлаўская царква (Ружаны);
- Кляштар базылянаў (Ружаны) (другая палова XVII — пачатак XVIII стст.);
- Сынагога ў вёсцы Шарашова (XIX ст.);
- Касьцёл і кляштар місыянэраў у вёсцы Лыскава (1763—1785);
- Лыскаўскі замак (XV—XVI стст.).
Вядомыя выхадцы і жыхары [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Сьпіс вядомых асобаў Пружаншчыны
Выхадцы [рэдагаваць]
- Міхась Забэйда-Суміцкі (1900—1981) — сьпявак. З посьпехам выступаў у Міляне. Выконваў клясычныя, народныя партызанскія сьпевы. Працаваў у Празе, там і пахаваны. Нарадзіўся ў вёсцы Шэйпічы.
- Мікола Засім (1908—1957) — беларускі паэт. Нарадзіўся ў вёсцы Шані Пружанскага раёну.
- Каэтан Крашэўскі (1827—1896) — пісьменьнік, астронам-аматар, уладальнік бібліятэкі, што налічвала больш за 10 тысячаў тамоў (у тым ліку і зборы Сапегаў). Родны брат Язэпа Крашэўскага. Нарадзіўся ў вёсцы Доўгае Пружанскага раёну.
- Люцыян Крашэўскі (1820—1892) — беларускі і польскі мастак, фатограф.
- Мікалай Пружанскі (Ліноўскі) (1844—1919) — габрэйскі пісьменьнік.
- Васіль Сёмуха (1936) — перакладнік.
- Іван Хвораст (1902—1983) — беларускі танцоўшчык, балетмайстар, зьбіральнік беларускага харэаграфічнага фальклёру. Нарадзіўся ў вёсцы Кацёлкі Пружанскага раёну.
Жыхары [рэдагаваць]
- Міхась Баброўскі (1785—1848) — беларускі славіст, арыенталіст, філёзаф, доктар тэалёгіі, сябра Археалягічнай Акадэміі ў Рыме, Парыскага і Лёнданскага азіяцкіх навуковых таварыстваў, прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту. Зь ягоным імем зьвязанае адкрыцьцё Супрасьлеўскага рукапісу. Пахаваны ў Шарашове.
- Павал Баброўскі (1832—1905) — гісторык і этнограф. Пляменьнік Міхаіла Баброўскага. У дзяцінстве жыў у вёсцы Абруб Пружанскага раёну. Скончыў Пружанскую дваранскую вучэльню.
- Станіслаў Жукоўскі (1875—1944) — мастак, сябра таварыства перасоўных выставаў (з 1903 году), Саюзу расейскіх мастакоў (з 1907 году). Дзяцінства правёў у вёсцы Стараволя.
- Францішак Карпінскі (1741—1825) — паэт-драматург, адзін з родапачынальнікаў польскага сэнтымэнталізму. З 1793 па 1825 гады арандаваў маёнткі Красьнік і Хораўшчызна на тэрыторыі цяперашняга Пружанскага раёну.
- Язэп Крашэўскі (1812—1887) — пісьменьнік, гісторык, грамадзкі дзяяч лібэральнага кірунку, акадэмік Кракаўскай Акадэміі навук. Нарадзіўся ў сям’і пружанскага харунжага.
- Міхась Федароўскі (1853—1923) — зьбіральнік фальклёру і дасьледнік беларускай культуры і гісторыі.
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ а б Перепись населения — 2009. Брестская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Район(рас.). Пружанскі раённы выканаўчы камітэт. Праверана 16 кастрычніка 2011 г.
- ^ Государственный земельный кадастр Республики Беларусь(рас.) (па стане на 1 студзеня 2010 г.)
- ^ Мікола Валошчык. З сівой мінуўшчыны. «Гістарычная брама» №6 (10) 1998. Праверана 27 лютага 2012 г.
- ^ Пракаповіч, Натальля Ружаны: позірк у мінулае. Усё пра Ружаны. Праверана 17 кастрычніка 2011 г.
- ^ Наталля Пракаповіч Загадкавыя імёны зямлі Пружанскай // Газета для вас. — 9 кастрычніка 2009. — № 719.
- ^ Регионы Брестской области: Пружанский район. Промышленность(рас.)
- ^ Регионы Брестской области: Пружанский район. Сельское хозяйство(рас.)
- ^ Регионы Брестской области: Пружанский район. Торговля(рас.)
- ^ Регионы Брестской области: Пружанский район. Культура(рас.)
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Пружанскі раён — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Старонка Пружанскага райвыканкаму(анг.)(рас.)
- Пружанскі раён на «Радзіме майго духу»
- Пружанскі раён (рас.) на «Глёбусе Беларусі»
|
|||||||||||||
|
||||||||