Прыпяць
| Рака | |
| Прыпяць | |
| Рака Прыпяць каля Мазыру | |
| Агульныя зьвесткі | |
| Выток | каля в. Гладзін (Украіна) |
| Вусьце | Дняпро |
| Краіны басэйну | Беларусь, Украіна |
| Даўжыня | 775 км |
| Сярэднегадавы сьцёк | 450 м³/с |
| Плошча басэйну | 121 тыс. км² |
| Нахіл воднай паверхні | 0,1 ‰ |
| Месцазнаходжаньне | |
Пры́пяць — рака ў Валынскай, Ровенскай і Кіеўскай абласьцях Украіны, Берасьцейскай і Гомельскай абласьцях Беларусі, правы прыток Дняпра. Даўжыня 761 км, у межах Беларусі 500 км. Вадазбор 121 тыс. км². Сярэднярочны расход вады ў вусьці 450 м³/с. Агульнае падзеньне ракі 69,5 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,1 ‰.
Зьмест |
[рэдагаваць] Асноўныя прытокі
- Праваруч: Тур’я, Стаход, Весялуха, Стыр, Гарынь, Сьцьвіга, Убарць, Славечна.
- Леваруч: Піна, Ясельда, Бобрык 1-ы, Цна, Лань, Случ, Бобрык 2-і, Пціч, Трэмля, Іпа.
[рэдагаваць] На рацэ
- Месты: Пінск (порт), Мазыр (порт), Тураў (прыстань), Петрыкаў (порт), Нароўля (порт), Чарнобыль (порт).
- Мястэчкі: Ратна, Любешаў.
[рэдагаваць] Агульныя зьвесткі
Пачынаецца за 1 км на паўднёвы ўсход ад в. Гладзін Любамльскагу раёну Валынскай вобласьці на вышыні 168 м над узроўнем мора, цячэ ўздоўж Прыпяцкай нізіны на працягу 204 км па Ўкраіне, 500 км — па Беларусі і астатнія 57 км — зноў па Ўкраіне. Упадае з паўночнага ўсходу ў Кіеўскае вадасховішча.
У выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС (1986) басэйн нізкай плыні Прыпяці быў забруджаны радыенуклідамі. Зь месцаў, дзе пражываньне зрабілася небясьпечным для здароўя, насельніцтва эвакуявана і створаны Палескі радыяцыйна-экалягічны запаведнік. У сярэдняй плыні Прыпяці, на тэрыторыі Жыткавіцкага і Петрыкаўскага раёнаў, паблізу ракі знаходзіцца Прыпяцкі ляндшафтава-гідралягічны запаведнік.
Даліна слабавыразная, шырынёй 70—75 км; каля Мазырскай грады трапэцападобнай формы, звужаецца да 5 км. Вылучаюцца абалона і 2 надабалонавыя тэрасы. Абалона разьвітая на ўсім працягу ракі; шырыня яе да возера Любяж (Любязь, Валынская вобласьць) 2—6 км, у Беларусі ў вусьці Піны і Гарыні 16—18 км, ніжэй паміж в. Кажан-Гарадок Лунінецкага раёну і вусьцем Сьцьвігі 8—9 км, уздоўж Мазырскай грады да в. Барбароў Мазырскага раёну звужаецца да 1 км і далей пашыраецца да 9 км. Першая надабалонавая тэраса разьвітая на ўсім працягу, адсутнічае толькі каля Петрыкава і Мазыра. Шырыня яе 1—8 км, у месцах упадзеньня буйных прытокаў да 18 км. Шырыня 2-й тэрасы ад 200—500 м да 28 км.
Рэчышча ў вярхоўі каналізаванае, на астатнім працягу зьвілістае, вольна мэандруе, шмат нізкіх пясковых выспаў, старарэччаў, затокаў. На тэрыторыі Ўкраіны ніжэй вусьця р. Турыя пабудаваны гідравузел, празь які частка сьцёку Прыпяці падаецца ў Белаазёрскі канал для жыўленьня Дняпроўска-Бускага каналу. Ніжэй гідравузла на невялікім працягу рэчышча месцамі перасыхае і ператвараецца ў азёрападобныя плёсы. Пераважная шырыня ракі ад вытоку да вусьця р. Стаход 4—15 м, ніжэй па плыні 50—70 м, у нізоўі 100—250 м, пры ўпадзеньні ў Кіеўскае вадасховішча 4—5 км. Да р. Бобрык 1-ы рэчышча Прыпяці нярэдка абвалаванае, у сярэдняй плыні — прыродныя берагавыя валы (вышыня да 1,5 м).
Характарыстыкі гідралягічнага рэжыму ракі — расьцягнутае веснавое разводзьдзе, кароткачасовая (100—120 дзён) летняя межань, якая парушаецца дажджавымі паводкамі і амаль шторочнымі восеньскімі пад’ёмамі ўзроўню вады. На пэрыяд веснавога разводзьдзя прыпадае 60%, летне-восеньскую межань — 24%, зімовую — 16% рочнага сьцёку. Максымальныя ўзроўні вады — у першай палове красавіка. Вышыня пад’ёму ў высокай плыні да 2 м, у сярэдняй і нізкай да 5 м, у межах вузкай абалоны (каля Мазыру) да 7 м над самай нізкай межаньню. Самыя нізкія ўзроўні звычайна ў верасьні — кастрычніку. Замярзае амаль адначасова на ўсім працягу звычайна ў першай палове сьнежня, ачышчаецца ад лёду ў канцы сакавіка. Веснавы ледаход 4—8 дзён. Сярэднярочны выдатак вады: каля вёскі Кораб'е (Столінскі раён, 310 км ад вытоку) — 119 м³/с, каля Турава — 264 м, Мазыра — 383 м; найбольшы — адпаведна 1760 (1932), 3990 (1979), 5670 (1895); найменшы — адпаведна 9,66 (1953), 38,6 (1954), 22 (1921).
[рэдагаваць] Рэльеф
Большая частка паверхні вадазбору ўяўляе сабою плоскую, нізінную раўніну, у значнай ступені занятую мэліяраванымі землямі. Аднастайнасьць і роўнасьць рэльефу падкрэсьліваецца чаргаваньнем водна-ледавіковых раўнінаў і плоскіх затарфаваных старажытных азёрных лагчынаў, на фоне якіх вылучаюцца дзюнава-ўзгорыстыя ўтварэньні вышынёй 5—8 м. У нізкай плыні р. Прыпяці сярод манатоннага раўніннага ляндшафту ўзвышаюцца Мазырская града і Хойніцка-Брагінскія вышыні.
[рэдагаваць] Расьліннасьць
Лясныя масівы разьмешчаныя пераважна па левабярэжжы, паміж нізоўямі рэчак Ясельда і Пціч, па правабярэжжы яны засяроджаныя на паўднёвы захад ад Мазыра. Пераважаюць хвоя і дуб. Абалоны рэчак часта пакрытыя дубровамі і дубова-грабавымі лясамі, высечкі і гары звычайна занятыя бярэзьнікамі. Лясісьасьць вадазбору каля 25%.
Вялікія масівы нізінных, травяных балотаў залягаюць на левабярэжжа паміж Агінскім каналам і р. Пціч (Выганаўскае, Капацэвіцкае, Грычына). Усходняй мяжой распаўсюду вялікіх балотных масіваў на правабярэжжы зьяўляецца р. Убарць. Балоты тут галоўным чынам пераходныя і верхавыя, нярэдка зарослыя лесам ці хмызьняком (Тураўскія балоты). Найвялікшай забалочанасьцю вылучаюцца вадазборы рэчак Стыр, Ільва, Сьцьвіга, Убарць.
[рэдагаваць] Жывёльны сьвет
- Водзяцца: шчупак, акунь, плотка, лешч, лінь, карась залаты, верхаводка, гусьцяра; каштоўныя — судак, галавень, падуст, сом.
[рэдагаваць] Азёры
Азёрнасьць басэйну малаважная (каля 1%). Азёры вадазбору маюць рознае паходжаньне, найбольш характэрныя плыткія зарослыя вадаёмы, нярэдка абалонавыя. Найвялікшыя зь іх: воз. Чырвонае, Выганаўскае (водападзельнае), Чорнае, Спораўскае, знаходзяцца па левабярэжжы.
[рэдагаваць] Гаспадарчая дзейнасьць
Рака суднаходная на ўсёй тэрыторыі Беларусі, навігацыя на працягу 240—270 дзён. Злучана Дняпроўска-Бускім каналам з р. Мухавец (басэйн Заходняга Буга), Агінскім каналам (ня дзейнічае) — зь Нёманам, Мікашэвіцкім каналам — з рачным портам Мікашэвічы. Вада ў рацэ гідракарбанатава-кальцыевай клясы, умерана жорсткая, сярэдняй мінэралізацыі.
У басэйне р. Прыпяць шмат штучных вадаёмаў. Асабліва павялічылася іх колькасьць у сувязі з праведзенымі на вадазборы буйнамаштабнымі мэліярацыйнымі працамі і неабходнасьцю рэгуляваньня сьцёку для мэтаў сельскай гаспадаркі ды індустрыі. На вадазборы створаныя буйныя вадасховішчы: Чырвонаслабадзкое, Салігорскае, Любанское, Сялец.
Значная плошча вадазбору (23%) у межах Беларусі па стане на 1 студзеня 2006 году мэліяраваная, здадзена ў эксплюатацыю каля 56 000 км адкрытай асушальнай сеткі каналаў. Найбольш маштабныя мэліярацыйныя працы (асушваньне) праведзеныя ў басэйнах прытокаў р. Прыпяць: р. Піна (35%), р. Няслуха (47%), р. Ясельда (31%), р. Бобрык (30%), р. Цна (22%), р. Гарынь (12%), р. Лань (24%), р. Случ (25%), р. Убарць (14%), р. Пціч (24%), р. Іпа (25%), р. Ніжняя Брагінка (55%).
Рэжым ракі вывучаўся на 21 гідропасьце, у наш час дзейнічаюць 7 гідрапастоў (м. Пінск, в. Качановічы (верхні і ніжні б’еф), в. Чарнічы, м. Петрыкаў, м. Мазыр, мяст. Нароўля, мост Любанскі).[1]
[рэдагаваць] Галерэя
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Гідрамэтцэнтар Беларусі(рас.)
[рэдагаваць] Літаратура
- Блакiтная кнiга Беларусi: энцыкл. / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. ISBN 5-85700-133-1.
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2. — Л., 1971.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл./ БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с, 40 л. ил.
- Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год) / М-во природных ресурсов и охраны окружающей среды. — Мн., 2005. — 135 с.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Прыпяць — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў