Прырода Эстоніі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Прыро́да Эсто́ніі

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Клімат Эстоніі
Туман у заказьніку Пых’я-Кырвэмаа

Эстонія належыць да падзоны зьмяшаных лясоў атлянтычна-кантынэнтальнай вобласьці ўмеранага пасу, для якой характэрныя цёплае лета і ўмерана мяккая зіма[1]. Найцяплейшы месяц — ліпень, найхаладнейшы — люты. Тэмпэратурныя максымум і мінімум складаюць адпаведна 35°C і -43°C[2].

На клімат аказвае ўплыў Атлянтычны акіян, найперш — Паўночна-Атлянтычная плынь. Сярэднегадавая тэмпэратура ў Эстоніі значна вышэйшая, чым на тэрыторыях з кантынэнтальным кліматам, што знаходзяцца на такой самай шыраце далей на ўсход. Узімку на прыбярэжных тэрыторыях значна цяплей, чым у кантынэнтальнай частцы Эстоніі. Увесну цэнтральная частка праграваецца хутчэй, чым мора, аднак улетку тэмпэратурныя адрозьненьні зьнікаюць. Увосень тэмпэратура на аддаленай ад мора тэрыторыі тэмпэратура падае заўважна хутчэй, і розьніца тэмпэратураў павялічваецца[3].

Працягласьць найкарацейшага і найдаўжэйшага дзён у гадавым цыклі значна адрозьніваюцца з-за вялікай геаграфічнае шыраты Эстоніі. Дзень зімовага сонцавароту доўжыцца ад 6 гадзін 2 хвіліны (Талін) да 6 гадзін 39 хвілін (Валга). Працягласьць дню летняга сонцавароту складае 18 г 40 хв і 18 г 10 хв адпаведна[3].

Рэльеф[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пустэча Юсьсі ў заказьніку Пых’я-Кырвэмаа

Тэрыторыя Эстоніі зьяўляецца часткай Усходне-Эўрапейскае раўніны, таму ейная тэрыторыя нізкая і роўная. Максымальная вышыня (у тым ліку ва ўсёй Прыбалтыцы) — пагорак Суўр-Мунамягі (317 м) у цэнтральнай частцы ўзвышша Хаанья. Іншыя ўзвышшы: друмлінавае поле Саад’ярвэ (144 м), Ахтмэскае (Йыхвіскае) (81 м) і Заходне-Саарэмааскае (54 м) ўзвышшы. Акрамя таго, некалькі буйных плято — Хар’юскае, Вірускае і Угандзі — таксама адносяцца да тэрыторыяў з узвышаным рэльефам[4].

Амаль палову тэрыторыі Эстоніі ахопліваюць нізіны, якія маюць вышыню да 50 м над узроўнем мора. Найбольшыя зь іх знаходзяцца на захадзе Эстоніі (Заходне-Эстонская нізіна).

Своеасаблівы сымбаль Эстоніі, унікальная і самая грандыёзная форма рэльефу — Балтыйскі глінт. Гэта найбуйнейшы ў раўніннай Паўночнай Эўропе ўступ, які ўтварыўся пасьля сыходу ледавіка і лічыцца меркавана берагам старажытнага мора. Распасьціраецца ад вострава Эланд (Швэцыя) да Ладаскага возера (Расея)[4].

Суша[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эстонскае ўзьбярэжжа зьмяняецца ад стромы з чыстага вапняку на поўначы да пясчаных берагоў і адхонных узьбярэжных лугоў на захадзе.

Унікальныя мэтэарытныя кратэры.

Лясы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лес пад глінтам Пурцэ Хіемяэ (Іда-Вірумаа)

Лясы і палесістыя мясцовасьці складаюць амаль палову тэрыторыі краіны. Эстонія разьмешчаная ў пераходнай (так званай гемібарэальнай) падзоне, дзе хваёвыя лясы эўрасыбірскай тайгі пераходзяць у эўрапейскую зону шыракалістых лясоў[5]. У лясох Эстоніі налічваецца 87 спрадвечных відаў дрэваў і хмызьнякоў і больш за 500 прывезеных[6]. Тут растуць і пражываюць прынамсі 20 000 відаў жывых арганізмаў[7].

Значная частка лясоў належыць дзяржаве, што стрымлівае іх актыўную вырубку і пагаршэньне экалягічнай сытуацыі. Вялікая колькасьць драпежнікаў — мядзьведзяў, рысяў, ваўкоў — паказвае на даволі спрыяльны экалягічны стан лясоў Эстоніі. Аднак, насуперак сьцьвярджэньням паляўнічых-энтузіястаў, іхняя колькасьць не перавышае 500 асобінаў бурых мядзьведзяў, 200 ваўкоў і 100 рысяў[5].

Індыкатарам экалягічнага здароўя лесу зьяўляецца беласьпінны дзяцел (Dendrocopos leucotos), прысутнасьць якога ў Эстоніі — даволі звыклая зьява, у адрозьненьне ад Швэцыі і Фінляндыі, дзе гэты від знаходзіцца пад пагрозай зьнікненьня з прычыны надта інтэнсыўнага вядзеньня лясной гаспадаркі[5].

Лугі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лясісты луг у нацыянальным парку Соомаа

Лясістыя лугі(et) — падобныя да паркаў палі. Некалькі стагодзьдзяў таму лясістыя лугі былі распаўсюджаныя на тэрыторыі паўднёвай Фінляндыі, Швэцыі і ў іншых краінаў Эўропы, аднак цяпер яны захаваліся толькі ў заходняй Эстоніі і на астравах[8]. У цяперашні час такія лугі галоўным чынам зарастаюць.

Адным з найбольш разнастайных расьлінных згуртаваньняў у Эўропе зьяўляецца кіраваны лясісты луг Лаелату(et), дзе на адным квадратным мэтры было выяўлена 76 адменаў судзінкавых расьлінаў[9].

Вапняковыя лугі — лугі з тонкім слоем глебы на вапняковай аснове. Па-за Эстоніяй падобныя лугі выяўленыя толькі на двух швэдзкіх астравах. З-за экалягічнага стану гэтыя асяродзкі пражываньня часам называюць псэўдастэпамі[9].

Водныя рэсурсы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле вадазбору тэрыторыю Эстоніі можна падзяліць на 4 часткі: басэйн Чудзкага возера (38%), басэйны Рыскае (32%) і Фінскае затокаў (21%) і астравы Заходняй Эстоніі (9%). Найістотнейшым водападзелам ёсьць узвышша Пандывэрэ[10].

Рэкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рака Мустайыгі ў Іда-Вірумаа
Асноўны артыкул: Рэкі Эстоніі

Вялікая колькасьць рэчак, аднак большасьць зь іх кароткія і плыткаводныя, некаторыя зь іх нават перасыхаюць падчас працяглых засухаў. Даўжэйшыя за 100 кілямэтраў толькі 10 рэк, адзіная суднаходная зь якіх на ўсім працягу — Эмайыгі (101 км)[10].

Азёры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Азёры Эстоніі

Налічваецца прыкладна 1200 прыродных азёраў, якія складаюць 4,7% тэрыторыі Эстоніі. Аднак вялікімі лічацца толькі два зь іх: Чудзкае і Выртс’ярв. Большасьць азёраў плыткаводныя, найглыбейшае (Рыўге Суўр’ярв) максымальна 38 м[10]. Мноства азёраў зарасьлі або зарастаюць, большая частка іх пакутуе ад перавышкі пажыўных рэчываў[11].

Балоты[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Балоты зьяўляюцца найстаражытнейшымі біятычнымі супольнасьцямі і займаюць прыкладна чвэрць тэрыторыі Эстоніі[12].

Найбольш вядомым прыбярэжным забалочаным раёнам у Эстоніі зьяўляецца мястэчка Мацалу, лясы, зарасьці трысьнягу і выспачкі якога прыцягваюць увесну больш за 2 мільёны вадаплаўных птушак: даўгахвостых качак, тундравых лебядзёў (Cygnus columbianus), казарак белашчокіх (Branta leucopsis), гуменьніц (Anser fabalis), белалобых гусей (Anser albifrons), чапляў[13].

Акрамя Мацалу, вядомыя шмат іншых істотных узьбярэжных забалочаных земляў, якія прывабліваюць птушак для пералёту і размнажэньня. Вільсандзі, Пухту, затока Кяйна і выспы Хіюмаа маюць статус водна-балотных надзелаў міжнароднага значэньня[13].

Павольна падымаючыся, зямля ў заходняй Эстоніі стварае новыя ўзьбярэжныя забалочаныя землі — плыткаводныя бухты і вузкія пратокі, лягуны і балоты, лугі і мяліны[14]. Спробы чалавека асушыць балоты не далі асаблівага выніку, і мэліярацыя ў Эстоніі была скончаная ў 1970-я[11].

Астравы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эстонія мае даволі доўгую і зрэзаную берагавую лінію даўжынёй 3794 км (на 2540 км даводзіцца больш за 1000 астравоў)[14].

Найбуйнейшыя астравы: Саарэмаа, Мухумаа, Хіюмаа.

Глеба[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўным матэрыялам покрыўнай пароды ў Эстоніі зьяўляецца морэна.

Можна вылучыць каля дзесяці відаў глебаў, якія прысутнічаюць у Эстоніі. У Паўночнай і Заходняй Эстоніі распаўсюджаныя дзярнова-карбанатныя і друзавыя глебы. На марэнных раўнінах Цэнтральнай Эстоніі і ўзвышшы Пандывэрэ сустракаюцца вылужаныя і падзолістыя глебы, тут разьмешчаныя галоўныя агракультурныя рэгіёны. На марэнных раўнінах Паўднёвай і Цэнтральнай Эстоніі распаўсюджаныя псэўдападзолістыя глебы, дзе пад верхнім слоем знаходзіцца болей шчыльны слой, які блага прапускае ваду[15].

Прыкладна ¼ тэрыторыі займаюць багністыя глебы з характэрный торавым слоем. На ўзвышшах Паўднёвай Эстоніі распаўсюджаныя спалучэньні эразаваных глебаў.

Флёра[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Флёра Эстоніі

Паводле апошніх зьвестак, флёра Эстоніі прадстаўленая 1441 відам судзінных расьлінаў, а разам з падвідамі — 1538 відамі. Зь ніжэйшых расьлінаў у Эстоніі выяўленая больш за 2500 відаў водарасьцяў і 680 відаў лішайнікаў[16].

Вядомыя 83 віды або падвіды расьлінаў, якія сустракаюцца выключна ў Эстоніі. Большасьць зь іх адносяцца да роду ястрабкоў (Hieracium). З такіх расьлінаў добра вядомы званец саарэмааскі (Rhinanthus osiliensis), меней вядомая сасюрэя эстонская (Saussurea alpina esthonica)[16].

Лясныя супольнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У цёмнахваёвых лясох, акрамя елак, часта растуць высакародныя лістападныя дрэвы — дуб, ясень, вяз, клён і ліпа. Характэрныя хмызьнякі цёмнахваёвых лясоў — арэшнік, бружмель, каліна і парэчкі альпійскія. На травяным ярусе сустракаюцца сьнітка, яснотка, шчамяліца, зоркаўка дуброўная, падалешнік, папараць жаночая, пралеска і курасьлеп дуброўны[17].

У рэгіёнах з урадлівай і ўмерана вільготнай глебай растуць сураменевыя лясы — пераважна хваёвыя зь невялікай колькасьцю бяроз і асін. У суборах растуць сосны амаль без дамешку іншых дрэваў; яшчэ менш іншых відаў у сасновых барох. У далінах і абалонах расьце балотны лес з чорнае вольхі[17].

Расьліннасьць балотаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сярод балотных расьлінаў пераважаюць тарфяныя мхі, багун балотны, верас, імшарніца і марошка[12].

У забагненых балотных лясох і пераходных балотах распаўсюджаная асака, тарфяны мох. Сустракаюцца дрэвы: бяроза, вольха, елка, сасна[12].

Грыбы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Эстоніі зарэгістравана больш за 3700 відаў грыбоў, хоць іхняя колькасьць можа дасягаць і 4500. Большасьць іх складаюць сапрагенныя бактэрыі або паразыты. Ядомых грыбоў налічваецца каля 60 відаў. Эстонцы спажываюць значна больш відаў грыбоў, чым народы Цэнтральнае і Заходняе Эўропы[18].

Фаўна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Фаўна Эстоніі

Сысуны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На тэрыторыі Эстоніі зафіксаваныя 64 віды сысуноў[19]. У цяперашні момант назіраецца адносна высокая колькасьць драпежных зьвяроў (медзьвядзёў, ваўкоў, рысяў і выдраў) у параўнаньні зь іншымі эўрапейскімі краінамі[20].

Тры віды — андатра, янотападобны сабака і амэрыканская норка — завезеныя ў Эстонію, а бабёр і эўрапейскі алень рэінтрадукаваныя[20].

Непарушаныя ўзьбярэжжы прыдатныя для шэрага цюленя (Halichoerus grypus), чыя колькасьць ва ўзьбярэжжы Эстоніі найвышэйшая ў Балтыйскім моры[14].

Птушкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Эстоніі зарэгістравана 329 відаў птушак, зь якіх гняздуюць тут 222 віды, 38 відаў стала пралятаюць альбо зімуюць, астатнія трапляюць зрэдку. Тэрыторыя Эстоніі разьмешчаная ў зоне ўсходнеатлянтычнага міграцыйнага шляху арктычных пералётных птушак[19].

Разнастайнасьць узьбярэжных асяродзішчаў робіць Эстонію надзвычай прыцягальнай для пералётных птушак. Паводле ацэнак, цягам міграцыйных пэрыядаў па ўсходнеатлянтычным пералётным шляху эстонскія ўзьбярэжжы перасякаюць да 50 мільёнаў водных і ўзьбярэжных птушак[13].

Земнаводныя і рэптыліі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Эстоніі пражываюць 11 відаў земнаводных[13]. Рэдкімі відамі зьяўляюцца рапуха чаротавая, рапуха зялёная і трытон грабеньчаты[20].

З рэптыліяў распаўсюджаныя тры віды яшчарак (жывародная яшчарка, звычайная яшчарка і ломкая вераценьніца) і два віды зьмеяў (гадзюка і вуж)[20].

У шматлікіх унутраных вадаёмах пражываюць бізуньнікі (Flagellata), наліўнікі (Infusoria), губкі (Spongiae), сцыфазоі (Scyphozoa), турбэлярыі (Turbellaria), паліхеты (Polychaeta), прыяпуліды (Priapulida), нэмэртыны (Nemertea), чэраварасьнічныя чарвякі (Gastrotricha), п’яўкі (Hirudinea), мяккуны (Mollusca) і мшанкі (Bryozoa); у глебе пражываюць шматлікія круглыя чарвякі (Nematoda), алігахеты (Oligochaeta) і кляшчы (Acari)[20].

Самымі шматлікімі казуркамі зьяўляюцца двукрыльныя (Diptera), балонкакрылыя (Hymenoptera), цьвёрдакрылыя (Coleoptera), матылі (Lepidoptera) і паўцьвёрдакрылыя (Hemiptera)[20].

Рыбы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У водах Эстоніі водзяцца 65 відаў рыб[19]. З прычыны малой салонасьці Балтыйскага мора падзел на марскіх і прэснаводных рыб даволі ўмоўны.

Папуляцыі сама звычайнага, жэраха і ласося знаходзяцца на мяжы выміраньня[20].

Бесхрыбетныя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На тэрыторыі Эстоніі вядома каля 15 000 казурак і больш за 3500 відаў іншых бесхрыбетных[19].

Ахова прыроды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

14 жніўня 1910 року ў Вільсандзі быў створаны першы птушыны заказьнік Вайка — будучы нацыянальны парк Вільсандзі. Гэтая дата лічыцца пачаткам афіцыйнае аховы прыроды ў Эстоніі[21]. Па стане на 1 студзеня 2010 року налічвалася 3442 ахоўныя прыродныя аб’екты, якія займаюць 17,9% сушы:[22]

  • 131 запаведнік;
  • 148 ляндшафтных запаведнікаў;
  • 5 нацыянальных паркаў;
  • 118 тэрыторыяў са старым ці састарэлым парадкам аховы;
  • 546 паркаў і зялёных насаджэньняў;
  • 343 ахоўныя тэрыторыі;
  • 1038 пастаянных месцаў пражываньня;
  • 1203 асобныя прыродныя аб’екты;
  • 11 ахоўных аб’ектаў мясцовага значэньня.

За савецкім часам эстонская берагавая лінія зьяўлялася часткай заходняй мяжы СССР і таму ахоўвалася надзвычай рупліва. Насельніцтва ня мела доступу на гэтыя тэрыторыі[14].

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Природа Эстонии (рас.). Eestimaa Looduse FondПраверана 4 лістапада 2012 г.
  2. ^ Климат Эстонии (рас.). Eesti Maaturism MTÜ. Праверана 19 лістапада 2012 г.
  3. ^ а б Климат (рас.) Estonica. Праверана 13 лістапада 2012 г.
  4. ^ а б Рельеф (рас.) Estonica. Праверана 13 лістапада 2012 г.
  5. ^ а б в Леса (рас.) Природа Эстонии. Eestimaa Looduse FondПраверана 4 лістапада 2012 г.
  6. ^ Леса Эстонии (рас.) Puhka Eestis Праверана 10 лістапада 2012 г.
  7. ^ Лес живет (рас.). Eestimaa Looduse FondПраверана 13 лістапада 2012 г.
  8. ^ Луга Эстонии (рас.) Puhka Eestis Праверана 13 лістапада 2012 г.
  9. ^ а б Лесистые луга (рас.) Природа Эстонии. Eestimaa Looduse FondПраверана 4 лістапада 2012 г.
  10. ^ а б в Водная сеть (рас.) Estonica. Праверана 13 лістапада 2012 г.
  11. ^ а б Природа Эстонии (рас.). Eesti Maaturism MTÜ. Праверана 19 лістапада 2012 г.
  12. ^ а б в Растительность водно-болотных угодий (рас.) Estonica. Праверана 8 лістапада 2012 г.
  13. ^ а б в г Миграция птиц (рас.) Природа Эстонии. Eestimaa Looduse FondПраверана 4 лістапада 2012 г.
  14. ^ а б в г Охрана морского побережья (рас.) Природа Эстонии. Eestimaa Looduse FondПраверана 4 лістапада 2012 г.
  15. ^ Покрывающая порода и почвы (рас.) Estonica. Праверана 13 лістапада 2012 г.
  16. ^ а б Растительность (рас.) Estonica. Праверана 8 лістапада 2012 г.
  17. ^ а б Лесные сообщества (рас.) Estonica. Праверана 8 лістапада 2012 г.
  18. ^ Грибы (рас.) Estonica. Праверана 9 лістапада 2012 г.
  19. ^ а б в г Фауна (рас.) Природа Эстонии. Eestimaa Looduse FondПраверана 4 лістапада 2012 г.
  20. ^ а б в г д е ё Животный мир (рас.) Estonica. Праверана 10 лістапада 2012 г.
  21. ^ Охране природы Эстонии исполняется 100 лет (рас.) Охрана природы. Министерство окружающей средыПраверана 19 лістапада 2012 г.
  22. ^ Охрана природы (рас.). Министерство окружающей средыПраверана 19 лістапада 2012 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Eesti: loodus / Koostaja A.Raukas. — Tallinn: Valgus, 1995.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прырода Эстоніісховішча мультымэдыйных матэрыялаў