Пулапяйскі крызіс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Пулапяйскі крызіс — падзеі 1993 року ў Эстоніі, якія адзначыліся ўзброеным паўстаньнем, злоўжываньнем уладай, стралянінай і звальненьнем двух сілавых міністраў.

Храналёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

6 ліпеня 1993 валянтэрскае фармаваньне эстонскага войска Егерскі валянтэрскі аддзел Ляэнэмаа пад даводзтвам Аса Комера атрымала загад перадысьлякавацца з Хаапсалу ў Палдыскі. Комэр з прычыны кепскіх умоваў пражываньня ў Палдысках ад імя свайго аддзелу адмовіўся выканаць загад. За гэта ён быў вызвалены ад пасады галоўнакамандуючым Аляксандрам Айнзэльнам, але адмовіўся падпарадкавацца і гэтаму рашэньню. 25 ліпеня валянтэры выказалі сваю падтрымку камандзіру і абвясьцілі пра выхад з падпарадкаваньня эстонскіх узброеных сілаў.

27 ліпеня эстонскі ўрад абвясьціў раззбраеньне аддзелу, аднак егеры адмовіліся падпарадкавацца і гэтаму загаду. Наступным днём аддзел пакінуў Палдыскі і накіраваўся ў Пулапяю. Эстонскія вайскоўцы перакінулі батальён Купяр’янава ў поўнай боегатоўнасьці ў Ягалу і падрыхтаваліся да ўзброенага супрацьстаяньня, аднак да гэтага не дайшло. Аддзел Комэра таксама быў рыхтаваўся да бітвы, атрымаўшы чуткі пра тое, што прэзыдэнт Эстоніі Ленарт Мэры аддаў загад пачаць наступ 31 ліпеня а 16:00. Да Комэра ў гэты час далучыліся таксама асобныя чальцы Саюзу абароны Эстоніі і жанчыны. Крыніцу чутак высьветліць не атрымалася.

2 жніўня Эстонская абарончая паліцыя арыштавала Яака Мосіна, камандзіра зьвяна ў аддзеле Комэра. Пасьля гэтага Егерскі валянтэрскі аддзел Ляэнэмаа скасаваў сваю заяву 25 ліпеня. 3 жніўня падаў у адстаўку міністар абароны Хайн Рэбас. Узброенае супрацьстаяньне болей не пагражала, і далей крызіс перайшоў у крымінальную фазу. 12 жніўня супраць Аса Комэра і Яаак Мосіна была ўзбуджаная крымінальная справа па падазрэньні ў злоўжываньні ўладай.

4 верасьня Аса Комэр зь яшчэ двума людзьмі выкралі ў Таліне бізнэсоўцу Паўла Калмыкава і зьвезьлі яго на ўласнай машыне. 12 верасьня Яак Мосіна, які быў адпушчаны на волю на час расьсьледаваньня, папрасіў палітычнага прытулку ў Швэцыі.

26 лістапада падчас страляніны Комэр параніў двух паліцыянтаў, Койта Пікару і Арга Аўнапуў. Пазьней у гэты дзень ён быў затрыманы. Наступнага дню ў адстаўку падала міністар унутраных справаў Лагле Парэк.

26 лістапада 1993 року Аса Комэр па некалькіх абвінавачаньнях быў прыгавораны да 6,5 гадоў турэмнага зьняволеньня. 9 сьнежня ён паказаў сьледзтву месца пахаваньня цела скрадзенага бізнэсоўцы Паўла Калмыкава.

Аналіз[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падобныя інцыдэнты з вайсковым непадпарадкаваньнем прыкладна ў той самы час адбыліся ў Латвіі і Летуве. Гэта дало падставу эстонскаму генэралу Ёганэсу Керту заключыць, што яны былі арганізаваныя агульным зьнешнім агентам, аднак ніякіх доказаў датычнасьці аніякіх дзяржаваў у гэтым інцыдэнце знойдзена не было.

Найбольш часта прычынай крызісу называюць няздольнасьць эстонскай вайсковай адміністрацыі арганізаваць прымальныя ўмовы для пражываньня, а таксама значны бюракратызм і дзёрзкасьць у перапісцы між камандаваньнем і тымі, хто зьвяртаўся да іх з запытамі. Прынамсі дзьве пэтыцыі Егерскага валянтэрскага аддзелу Ляэнэмаа засталіся без адказу, а на трэцюю прыйшоў адказ пра неабходнасьць выкананьня субардынацыі замест спробы вырашэньня апісаных праблемаў.

Паліцыя раней ужо падазравала чальцоў Егерскага валянтэрскага аддзелу Ляэнэмаа ў забойстве прыкладна 30 этнічных расейцаў, зьвязаных зь пермскай мафіёзнай групоўкай. Валянтэры такім чынам намагаліся супрацьстаяць прыходу арганізаванай злачыннасьці з Расеі, аднак фактычна яны сталі памагатымі іншае мафіёзнае групоўкі, г. зв. «птушкафабрыкі», якая складалася з этнічных эстонцаў. Пермская і птушкафабрычная групоўкі ў той час удзельнічалі ў г. зв. «мэталічнай вайне» ў сфэры валоданьня каляровымі мэталамі, у прыватнасьці, дастаўкай кобальту.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]