Пэдра Фэрнандэс Кірас

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Пэдра Фернандэс дэ Кірас
Pedro Fernandes de Queirós
Pedro Fernández de Quirós.JPG
Род дзейнасьці мараплавец
Дата нараджэньня 1565
Месца нараджэньня Эвара, Партугалія
Падданства Гішпанія
Дата сьмерці 1614
Месца сьмерці Панама

Пэдра Фернандэс дэ Кірас (па-гішпанску: Pedro Fernandes de Queirós; 15651614) — гішпанскі мараплавец партугальскага паходжаньня.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пэдра Фэрнандэс нарадзіўся ў 1565 годзе ў партугальскім Эвара. У маладосьці перайшоў на службу Гішпаніі. У 1589 годзе ажаніўся на прадстаўніцы гішпанскага рыцарскага роду Чакон, ад якой меў сына й дачку.

Прымаў удзел у другой экспэдыцыі гішпанскага мараплаўца дэ Нэйры ў Ціхім акіяне. У 1598 годзе зьвярнуўся да караля Гішпаніі Філіп III, а ў 1600 годзе да папы рымскага Клімэнт VIII з прапановай арганізаваць новую экспэдыцыю з мэтай адкрыцьця невядомага паўднёвага мацерыка (лац. Terra Australis Incognita). У 1603 годзе дэ Кірасу было дазволена вярнуцца ў Пэру для падрыхтоўкі прапанаванага ім мерапрыемства.

У 16051606 гадох дэ Кірас на трох караблях перасёк Ціхі акіян і адкрыў востраў Эспірыту-Санта, які прыняў за частку мацерыка. Ім былі заснаваны паселішча Новы Ерусалім і каталіцкі ордэн Сьвятога Духа, што павінен быў займацца хрышчэньнем тубыльцаў. Аднак з-за сутычак з абарыгенамі й незадаволенасьці каманды калёнію прыйшлося пакінуць. Пад час шторму карабель дэ Кіраса аддзяліўся ад астатняй флятыліі й накіраваўся ў Акапулька. Астатняя каманда на чале капітанам Торэсам дасягнула Манілы, па дарозе адкрыўшы праліў Торэса, які знаходзіцца паміж Новай Гвінэяй і сапраўднай Аўстраліяй.

Пасьля вяртаньня ў Гішпанію дэ Кірас зноўку зьвяртаўся да каралеўскіх уладаў з прапановай яшчэ адной экспэдыцыі, пакінуўшы пасьля сябе падрабязныя запісы й тлумачэньні. Хаця кароль адмовіўся фінансаваць гэтае прадпрыемства, ён накіраваў дэ Кіраса зь лістом падтрымкі ў Амэрыку, дзе той памёр ў 1614 годзе ў горадзе Панаме.

Значэньне дзейнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пэдра Фэрнандэс дэ Кірас быў адным зь першых дасьледчыкаў паўднёвай часткі Ціхага акіяна, адкрыў частку астравоў Піткэрн, астравы Лайн і Новых Гебрыдаў. Падрабязныя апісаньні дэ Кіраса былі перакладзены й апублікаваныя на некалькіх мовах, у тым ліку на францускай і ангельскай. Імі ў будучым карысталіся Джэймз Кук і Жан-Франсуа дэ Ляпэруз.

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канцы XIX стагодзьдзя ў Аўстраліі прадстаўнікамі каталіцкай абшчыны распаўсюджвалася думка, быццам бы дэ Кірас ўсё ж такі дасягнуў Аўстраліі, і каталікі былі першымі эўрапейцамі, якія дасягнулі гэтага мацерыка. Пэдра Фэрнандэсу дэ Кірасу было прысьвечана некалькі літаратурных твораў на ангельскай мове.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]