Пярэспа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Пярэспа і Старажоўка, 1853 р.

Пярэспа, Пярэсьпенскае прадмесьце — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў паўночнай частцы места, пры ўтоку ракі Пярэспы ў Сьвіслач. Знаходзілася за Старажоўскай заставай, паміж старадаўнімі паштовымі шляхамі на Вільню і Даўгінаў (Старавіленскі і Даўгінаўскі тракты)[1]. Часам Пярэспу аб’ядноўваюць з суседнім Старажоўскім прадмесьцем, якое разьмяшчаецца бліжэй да цэнтру места. Тэрыторыю Пярэспы можна вызначыць як раён на правым беразе Сьвіслачы, на поўнач ад сучаснай вул. М. Багдановіча (вул. Старажоўская, Камуністычная, Крапоткіна, Даўмана)[2].

Плян Пярэспы і Старажоўкі

На паўднёвы захад ад Пярэспы пачынаецца Людамонт, на паўднёвы ўсход — Старажоўка, на поўдзень — Старосьцінская Слабада[3][4].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дом Гутмана, да 1900 р.

Паводле паданьня, непадалёк ад віленскай дарогі і ракі Пярэспы некалі пасяліўся волат або вядзьмар Мянеск, які збудаваў на рацэ Сьвіслачы вадзяны млын і тым самым заснаваў места Менск[5]. Некаторых дасьледнікі лічаць, што менавіта ад дзеяслова «перасыпаць» (муку зь меху ў мех — па абмалоце яе на млыне) і пайшла назва мясцовасьці[6]. Таксама існуе вэрсія, паводле якой слова «Пярэспа» азначае перасып — насып, які зрабілі каля мастка праз раку Пярэспу на шляху Старавіленскага гасьцінца.

У дакумэнтах XVII—XVIII стагодзьдзяў[7] упамінаецца фальварак Пярэспа, які менскі земскі судзьдзя Марцін Валадковіч ахвяраваў менскаму манастыру Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла[2].

У 1-й палове XIX ст. упамінаецца слабада Пярэспа ў зьвязку з судовай спрэчкай паміж менскімі ўладамі і Пінскім Богаяўленскім манастыром за права валоданьня зямлёй з цагельняй, разьмешчанай на тэрыторыі слабодкі. У 1840—1850-я рокі ў Пярэсьпе працавала скураное прадпрыемства купца 3-й гільдыі Чартка. Паводле сьведчаньняў падарожніка Паўла Шпілеўскага, у сярэдзіне XIX ст. каля слабады знаходзілася возера, на беразе якога разьмяшчалася фэрма[8].

Агульны выгляд, 1941—44 рр.

Прыкладна ў канцы XIX ст. слабада ўвайшла ў межы Менску. У «Сьпісе вуліцаў места Менску» за 1892 рок налічвалася каля дзесяці вуліцаў, у найменьнях якіх прысутнічала назва «Пярэспа». Аднак ужо ў сьпісе вуліцаў 1911 року «Пярэспа» не ўпамінаецца[2].

На пачатак XX ст. прадмесьце ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую частку места і мела пераважна драўляную забудову з садамі, агародамі і пляцамі. Праз прадмесьце праходзілі Старавіленскі, Даўгінаўскі і Смаргоўскі тракты, Віленскі завулак, усходняй ускраінай — Мікалаеўская вуліца (цяпер Крапоткіна)[9].

У 1941 року ў раёне Пярэспы выкапалі Камсамольскае возера, вакол якога па сканчэньні Другой сусьветнай вайны стварылі парк культуры і адпачынку[1].

У канцы XX ст. зьявіўся праект аднаўленьня Пярэспы як кампазыцыйнагу працягу архітэктурна-гістарычнага комплексу Траецкага прадмесьця, але па 1995 року разам зь зьменай дзяржаўнага курсу гэты плян быў адхілены мескімі ўладамі[10]. У 2000-я рокі на месцы даўніх пярэспаўскіх падмуркаў і легендарнага млыну Мянеска паставілі помнік Пушкіну і збудавалі новы шматпавярховы гмах банка «Менск—Масква», а таксама «Дом Масквы».

22 сьнежня 2006 року Менскі гарадзкі савет дэпутатаў прыняў пастанову аб наданьні безназоўнай пляцоўцы паміж вуліцай А. Чарвякова і Старавіленскім трактам назвы Пярэсьпенскі сквэр[11].

Старыя адрасы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Мікалаеўская, 53. Ганчарна-кафляны завод А. Поляка. Адкрыўся ў 1883 року. Выпускаў белую і маёлікавую кафлю, ганчарныя і тэракотавыя вырабы, вогнетрывалую цэглу. Цяпер на месцы дарэвалюцыйнага заводзіка знаходзіцца Менскі ордэна «Знак Пашаны» парцалянавы завод (Крапоткіна, 91).
  • Мікалаеўская. Меская востразаразная лякарня. Адкрылася 8 лістапада 1913 року. З усімі службамі і лядоўнямі займала 12 асобных камяніцаў. Для хворых адводзіліся 3 карпусы, кожны зь якіх меў 60—100 ложкаў. У лякарні існавала паравое ацяпленьне, электравэнтыляцыя, каналізацыя, мэханічная пральня, дэзінфэкцыйная камэра. Цяпер у дарэвалюцыйных будынкаў знаходзіцца меская інфэкцыйная клінічная лякарня (Крапоткіна, 76).
  • Старавіленская, 15а. Дрожджава-вінакурны завод М. Урэвіча (колішні Любецкіх і Пэрэльмана), збудаваны ў 1907 року, але на поўную магутнасьць запрацаваў толькі ў 1911 року. У 1912 року новы гаспадар усталяваў паравую машыну магутнасьцю 32 конскія сілы. Будынак захаваўся, цяперашні афіцыйны адрас — Даўмана, 13б.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Праект заводу М. Урэвіча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Собаль В. Пярэспа // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 552.
  2. ^ а б в Боровой Р. Минские пригороды XVI — начала XX века // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
  3. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 196—197.
  4. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 550—551.
  5. ^ Зельскі А. Паданне пра Змееву гару, Менск стары і новы
  6. ^ Иванова С. В поисках утраченного(недаступная спасылка) // «Советская Белоруссия», 17 чэрвеня 2006.
  7. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 224.
  8. ^ Шпилевский П. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. — Минск, 1992.
  9. ^ Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
  10. ^ Мануйлаў К. Пярэспа — новая магіла старога Мінска(недаступная спасылка) // «Наша Свабода», 16 траўня 2000.
  11. ^ Решение 22-й сессии Минского городского Совета депутатов 24-го созыва №274 от 22.12.2006: «Аб прысваенні назваў вуліцы, скверам і мікрараёнам г. Мінска»(недаступная спасылка)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
  • Боровой Р. Минские пригороды XVI — начала XX века [1](недаступная спасылка) // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]