Пінск
| Пінск | |||||
Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьв. Панны Марыі |
|||||
|
|||||
| Першыя згадкі: | 1097 | ||||
| Магдэбурскае права: | 12 студзеня 1581 | ||||
| Вобласьць: | Берасьцейская | ||||
| Раён: | Пінскі | ||||
| Плошча: | 47,36[1] км² | ||||
| Насельніцтва (2009) • колькасьць: • шчыльнасьць: |
130 355[2] 2752 |
||||
| Тэлефонны код: | +375 165 | ||||
| Паштовы індэкс: | 225700—225716 (з выняткамі), 225745 | ||||
| Аўтамабільны код: | 1 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 52°7′ пн. ш. 26°5′ у. д. / 52.117° пн. ш. 26.083° у. д.Каардынаты: 52°7′ пн. ш. 26°5′ у. д. / 52.117° пн. ш. 26.083° у. д. | ||||
|
Пінск на мапе Беларусі
Пінск
|
|||||
| www.pinsk.gov.by | |||||
Пінск — места ў Беларусі, на сутоках рэчак Піна і Прыпяць. Адміністрацыйны цэнтар Пінскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Плошча 4736 га[1]. Насельніцтва 130 355[2] чал. (2009). Знаходзіцца за 180 км на ўсход ад Берасьця. Вузел аўтамабільных дарог на Івацэвічы, Лунінец, Столін і Янаў. Чыгуначная станцыя на лініі Берасьце — Лунінец, рачны порт.
Пінск — даўняе магдэбурскае места, цэнтар гістарычнага рэгіёну. У наш час мае неафіцыйны статус сталіцы Палесься, тут налічваецца 44 гістарычна-культурныя каштоўнасьці, што знаходзяцца пад аховай дзяржавы.
Зьмест |
Назва[рэдагаваць]
Паводле распаўсюджанага меркаваньня, тапонім «Пінск» утварыўся ад назвы ракі Піна. Тым часам няма адназначнасьці датычна паходжаньня гідроніму: на думку беларускага географа В. Жучкевіча, ён утварыўся ад славянскай асновы «пін», сэнсавае значэньне якой — прыпынак, прыстань, вір у рацэ, гаць[3]. Існуюць таксама і іншыя тэорыі, найбольш пашыраныя зь якіх: «Піна» ад «пена», што пляскалася на ўзьбярэжжы; «Піна» ад лацінскага «пінус» — «хвоя», хвоі ў вялікай колькасьці расьлі на берагах рэчкі.
У гістарычных крыніцах таксама згадваецца як Пиньск[4], Пинеск[5].
Гісторыя[рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Гісторыя Пінску
Тураўскае і Пінскае княствы[рэдагаваць]
Першы пісьмовы ўспамін пра Пінск («Пінеск») зьмяшчаецца ў «Аповесьці мінулых часоў» і датуецца 1097[6]. Узьнікненьне гораду ў XI ст. пацьвярджаюць археалягічныя зьвесткі. Да XII ст. ён уваходзіў у склад Тураўскага княства.
У 1174 Пінск зрабіўся сталіцай удзельнага княства. У летапісах згадваюцца князі пінскія: Яраслаў (1183) і Яраполк (1190). На той час горад меў гандлёвыя зьвязкі з Валыньню, Сярэднім Падняпроўем і Паўночным Прычарнамор’ем[6].
У XIII ст. Пінск зрабіўся цэнтрам Пінска-Тураўскай япархіі[7]. Пад 1263 упершыню згадваецца праваслаўны храм пры манастыры ў прадмесьці Лешча — рэлігійным і асьветніцкім цэнтры Піншчыны.
Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць]
У пач. XIV ст. Пінскае княства далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. Неўзабаве ў самім месьце збудавалі замак. З 1320 тут княжыў Нарымунт Гедымінавіч, які ў 1348 загінуў у бітве з крыжакамі. У 1396 будучы вялікі князь Жыгімонт Кейстутавіч заснаваў у Пінску касьцёл францішканаў[8]. Станам на 1471 у месьце валадарыла княгіня Марыя — удава Сямёна Алелькавіча, які вёў свой род ад Ґедыміна. Вялікая колькасьць яе дароўных грамат дазваляюць спасылацца на першыя пісьмовыя ўспаміны вёсак Піншчыны[9].
У 1521 вялікі князь Жыгімонт Стары перадаў Пінск сваёй жонцы вялікай княгіні Боне, якая пачала актыўна праводзіць аграрныя пераўтварэньні на Палесьсі. У 1527 сцены Пінскага замка спынілі апошні набег татараў на Літву. З 1539 места зрабілася цэнтрам староства.
У сяр. XVI ст. у Пінску было 27 вуліцаў і 800 двароў, а таксама магутная сыстэма ўмацаваньняў[7]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) места зрабілася сталіцай павету Берасьцейскага ваяводзтва. 12 студзеня 1581 кароль і вялікі князь Стэфан Баторы надаў Пінску Магдэбурскае права (пацьвярджалася ў 1589, 1633, 1650, 1785 гадох) і герб: «у чырвоным полі шчыта залаты лук са стралой і нацягнутай цецівой»[10]. Неўзабаве тут збудавалі ратушу.
- Сымболіка гістарычнай Піншчыны
-
Пячатка князя пінскага Ф. Яраславіча, XVI ст.
-
Пячатка магістрату з гербам места, XVII ст.
Па складаньні Берасьцейскай уніі (1596) утварылася Турава-Пінская грэка-каталіцкая япархія. Цягам 1636—1675 у месьце ўзьвялі мураваныя езуіцкія касьцёл і калегіюм[11]. У 1648 на Запарожжы пачалося паўстаньне Хмяльніцкага, якое набыла характар рэлігійнай вайны. Хваляваньні дайшлі і да Пінску, але іхных удзельнікаў разам з казакамі разьбіў гетман польны Януш Радзівіл. У сяр. XVII ст. места было важным цэнтрам гандлю, тут праходзіў шлях з Балтыі да паўднёвых местаў Каралеўства Польскага.
У Трынаццацігадовую вайну (1654—1667) 5 кастрычніка 1655 маскоўскі ваявода Валконскі заняў Пінск, разрабаваў яго і спаліў разам з навакольнымі слабодамі[12]. Пазьней у 1660—1664 места неаднаразова трымала аблогу казацкіх і маскоўскіх загонаў, якія 25 чэрвеня 1660 зноў узялі яго штурмам[7].
У 1705 князь Міхал Вішнявецкі і ягоная жонка Кацярына заснавалі ў Пінску кляштар бэрнардынаў (праіснаваў да 1832 году). У Вялікую Паўночную вайну ў 1706 кароль Швэцыі Карл XII заняў места, разрабаваў і спаліў яго. Разбурэньні спазнаў і бастыённы замак у прадмесьці Каралін, збудаваны сьпярша для маршалка вялікага і перададзены пазьней князям Вішнявецкім. У 1710 у Пінску, Парахонску, Плешчыцах, Марозавічах, Лапаціне, Калбах спыняўся Васіль Тацішчаў — аўтар пяцітомавай «Гісторыі Расейскай», навуковец, дыплямат, асьветнік, падарожнік, дзяржаўны дзяяч XVIII стагодзьдзя. Таго ж году на Піншчыне на загад цара маскоўскага Пятра I ён зладзіў вытворчасьць 30 гарматаў і 7 суднаў.
- Даўнія графічныя выявы места
-
Калегіюм езуітаў, абмерны рысунак
Цягам 1729—1746 пры Пінскім езуіцкім калегіюме працавала друкарня. У 1750—1782 на паўночна-ўсходняй ускраіне прадмесьця Каралін айцы-камуністы збудавалі мураваны касьцёл, вядомы цяпер пад тытулам Караля Барамэя. У 1784 у Пінску спыняўся кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які прысутнічаў на цырымоніі закладкі Палаца Бутрымовічаў і наведаў таксама вёскі Лапаціна, Горнава і Альбрэхтова. У 1787 распачалася будова мураванага касьцёла пры кляштары дамініканаў. 1 ліпеня 1791 пачала працу Пінская генэральная кангрэгацыя, мэтай якой зьяўлялася ўтварэньне аўтакефальнай праваслаўнай царквы Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Аднак другі і трэці падзелы Рэчы Паспалітай не дазволілі зьдзейсьніцца гэтым плянам[13].
Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць]
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Пінск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе з 1795 атрымаў статус павятовага места Менскага намесьніцтва. У 1804 на землях абшарніка Рыдзеўскага знайшлі вялікі манэтны скарб.
У сяр. XIX ст. Пінск зрабіўся буйным цэнтрам гандлю, тут працавалі 2 гарбарні, завод апрацоўкі медзі, піваварня, тытунёвая фабрыка. млын. У 1857 у месьце адкрылася гімназія, пераўтвораная ў 1878 у рэальную вучэльню. У 1865 муж і жонка Фляросы заснавалі ў Пінску лякарню. У 1882 празь места прайшла паўднёвая лінія Палескіх чыгунак[12]. У 1885 распачалі працу суднарамонтны і мэханічны завод, у 1892 — запалкавая фабрыка «Прагрэс — Вулькан».
- Пінск: работы Напалеона Орды, 2-я пал. XIX ст.
У пач. ХХ ст. у Пінску было 5 лякарань, 3 аптэкі, 3 царквы, мужчынскі манастыр, 2 касьцёлы, 2 сынагогі, паштова-тэлеграфную кантору, турэмны замак, 22 фабрыкі і заводы з 1100 працоўнымі. Станцыя Палескай чыгункі, суднаходзтва па Прыпяці. Акрамя грузавой прыстані, мелася параходная пасажырская зь лініямі Пінск — Кіеў, Пінск — Любяшоў, Пінск — Целяханы. У месьце працавалі Азова-Данскі камэрцыйны банк, рэстарацыя, тэатар, рэальная вучэльня, жаночая гімназія, 6 прыходзкіх школаў, 2 пачаткевыя вучэльні, 2 прыватныя гімназіі, 3 прыватныя пачатковыя навучальныя ўстановы, мужчынская духоўная вучэльня, кнігарні, фатаграфіі, крамы і розныя адміністрацыйныя ўстановы[14]. У сакавіку 1904 у Пінску зьявілася тэлефонная сетка (станам на 1910 яе паслугамі карысталіся 196 абанэнтаў). У лістападзе 1911 у месьце пачаліся першыя сэансы кінэматографу. Цягам 1912—1914 тут жыў і працаваў народны паэт Беларусі Якуб Колас.
Найноўшы час[рэдагаваць]
У Першую сусьветную вайну 15 верасьня 1915 Пінск занялі нямецкія войскі. 4 сакавіка 1918 урад УНР абвясьціў места часткай украінскай дзяржавы, адначасна ад 25 сакавіка таго ж году Пінск увайшоў у склад Беларускай Народнай Рэспублікай. Тэрыторыя Палесься была прадметам перамоваў паміж БНР і УНР[15].
1 студзеня 1919 Пінск занялі бальшавікі, якія, у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, далучылі яго да БССР як цэнтар павету («падраёну») Берасьцейскага раёну[16]. 5 сакавіка 1919 адбылася бітва за Пінск паміж Палескай групай войска Польскай Рэспублікі і бальшавікамі, у выніку якой палякі здабылі места, а таксама цягнікі, вайсковыя склады, калёну пантонаў і ўзялі ў палон некалькі дзясяткаў жаўнераў[17]. У жніўні 1920 Пінск зноў занялі бальшавікі, якія ўтрымлівалі места да 26 верасьня 1920.
- Места на старых фатаздымках
Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Пінск апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіўся сталіцай павету Палескага ваяводзтва. 7 верасьня 1921 здарыўся вялікі пажар: агонь зьнішчыў практычна ўсю цэнтральную частку места. У 1924 у Пінску заснавалі краязнаўчы музэй (адкрыўся ў 1926 годзе). У 1936 у мескім парку «Лешча» прайшла вялікая сельскагаспадарчая выстава, напярэдадні якой выйшаў «Informator m. Pinska»[18].
У 1939 Пінск увайшоў у БССР, у кастрычніку таго ж году савецкія карныя ворганы расстралялі ці вывезьлі ў Катынь больш за 500 палякаў і беларусаў. Васіль Корж і ягоныя паплечнікі з НКВД бралі ўдзел у забойстве людзей. 4 сьнежня 1939 места зрабілася цэнтрам Пінскай вобласьці (існавала да 1 жніўня 1954). У Другую сусьветную вайну з 4 ліпеня 1941 да 14 ліпеня 1944 Пінск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
10 жніўня 1946 распачаўся рух на першым аўтобусным маршруце. У 1953 у Пінску ўсталявалі першыя чатыры тэлефоны-аўтаматы. У 1956 камуністычныя ўлады злачынна зьнішчылі выбітны помнік архітэктуры барока — Касьцёл Сьв. Станіслава, Рынкавы пляц з гандлёвымі радамі, а таксама рэнэсансавую Вялікую сынагогу. У 1960 распачалася будова аўтамабільнай трасы Пінск — Столін, у 1965 — камбінату верхняга трыкатажу, вядомага цяпер як ААТ «Палесьсе».
17 студзеня 1987 у Пінску адкрыўся новы будынак аўтавакзалу, 5 красавіка таго ж году да новага Пінскага порту прычаліла першае судна. 7 лістапада 1989 у месьце адкрыўся новы будынак Цэнтральнай бібліятэкі. 15 жніўня 1992 выйшла першая тэлепраграма пінскага тэлеканалу «Вараг».
Геаграфія[рэдагаваць]
Пінск разьмяшчаецца ў зоне ўмерана кантынэнтальнага клімату[19]. Праз уплыў марскіх паветраных масаў тут мяккая зіма і ўмерана цёплае лета. Цыклёны, якія зьяўляюцца прычынай гэтага, перамяшчаюцца з Атлянтычнага акіяну з захаду на ўсход. Сярэдняя тэмпэратура студзеня складае −4,5 °C, ліпеня 18,5 °C. Гадавая колькасьць ападкаў — каля 630 мм. Колькасьць дзён з тэмпэратурай вышэйшай за нуль складае 253. У сярэднім назіраецца 165 дзён з ападкамі[20].
| Паказьнік | Сту | Лют | Сак | Кра | Тра | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сьн | |
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| Сярэдняя t, °C | −4,5 | −3 | 1,5 | 8 | 14 | 17 | 18,5 | 17,5 | 13,5 | 8 | 2,5 | −1,5 | |
| Норма ападкаў, мм | 40 | 30 | 30 | 40 | 60 | 70 | 80 | 75 | 50 | 40 | 50 | 45 | |
| Крыніца: Клімат Пінску(рас.) Метеоновости Праверана 15 кастрычніка 2011 г. | |||||||||||||
Пінск стаіць у вусьці ракі Піны, якая ўпадае ў Прыпяць і аддзяляе горад ад прылеглых балотаў. У старажытнасьці балоты зьяўляліся адзінай прыроднай абаронай ад захопнікаў. Раней Піна і Струмень (які палешукі завуць верхняй плыньню Прыпяці), зьліваліся насупраць старога замка. Рэчышча ракі ў межах Пінску зрэзанае, шырыня складае 35—55 мэтраў[21].
Насельніцтва[рэдагаваць]

- XVI стагодзьдзе: сяр. 1550 — каля 3,5 тыс. чал.[7], 1600 — каля 5 тыс. чал.
- XVII стагодзьдзе: 1625 — каля 30 тыс. чал.[22], 1650 — каля 10 тыс. чал.[7]
- XVIII стагодзьдзе: 1794 — 3716 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1825 — 4,2 тыс. чал.; 1841 — 6,8 тыс. чал.; 1860 — 8,6 тыс. чал.[22]; 1861 — 11,3 тыс. чал.; 1870 — 18 тыс. чал.[22]; 1887 — 22 967 чал. (11 847 муж. і 11 120 жан.), у тым ліку паводле стану: шляхты — 266 муж. і 275 жан., духоўнікаў праваслаўных — 49 муж. і 37 жан., духоўнікаў каталіцкіх — 3 чал., купцоў і ганаровых грамадзянаў — 208 муж. і 224 жан., мяшчанаў і цэхавых — 10 806 муж. 10 439 жан., вайскоўцаў — 325 муж., сялянаў — 190 муж. і 145 жан.; паводле веры: 2848 праваслаўных, 1082 каталікоў, 20 эвангелістаў, 19 017 юдэяў[22]; 1897 — 28 028 чал. (13 649 муж. і 14 379 жан.)[23]; 1900 — 29,5 тыс. чал.
- XX стагодзьдзе: 1907 — 34 756 чал.[24]; 1910 — 36 409 чал., у тым ліку 26 626 габрэяў[25]; 1921 — 23,5 тыс. чал.; 1931 — 33,5 тыс. чал., зь іх 73,5% складалі габрэі, да 10% — «рускія»; палякі складалі некалькі адсоткаў і былі ў асноўным прыбылым элемэнтам — вайскоўцы, ксяндзы, службоўцы, настаўнікі[26]; 1939 — 35,9 тыс. чал.; 1959 — 41,5 тыс. чал.; 1974 — 77,1 тыс. чал.[27]; 1986 — 112,6 тыс. чал.; 1993 — 123 тыс. чал.[28]; 1995 — 130 тыс. чал.[29]; 1996 — 130 тыс. чал.; 1998 — 132,6 тыс. чал.[30].; 2000 — 132,6 тыс. чал.
- XXI стагодзьдзе: 2006 — 129,9 тыс. чал.; 2007 — 131,0 тыс. чал.; 2008 — 130,8 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 — 131,2 тыс. чал.[31]; 2009 — 130 355[2] (перапіс)
Паводле зьвестак перапісу 1999 сярод насельніцтва Пінску больш за 85% беларусаў, каля 9% расейцаў, каля 3,5% украінцаў, каля 1% палякаў, каля 0,15% габрэяў[32].
Адукацыя[рэдагаваць]
У Пінску функцыянуюць 35 дзіцячых дашкольных установаў. Дзейнічаюць 3 пазашкольныя установы: Мескі экалягічны цэнтар навучэнцаў, Цэнтар тэхнічнай і мастацкай творчасьці навучэнцаў, Цэнтар дзіцячага і юнацкага турызму.
У месьце працуюць 14 сярэдніх школаў і 3 гімназіі, 2 музычныя школы, дзіцячая харэаграфічная школа, школа выяўленчага мастацтва.
У Пінску працуюць 7 сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў:
- Пінскі дзяржаўны індустрыяльна-пэдагагічны каледж
- Пінскі дзяржаўны пэдагагічны каледж імя А. С. Пушкіна
- Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж імя А. Я. Кляшчова
- Пінскі дзяржаўны мэдычны каледж
- Пінская вучэльня мастацтваў
- Пінскі сельскагаспадарчы каледж
Атрыманьне вышэйшай адукацыі забясьпечвае Палескі дзяржаўны ўнівэрсытэт.
12 верасьня 2001 у Пінску адбылося адкрыцьцё Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай сэмінарыі імя сьвятога Тамаша Аквінскага.
Мэдыцына[рэдагаваць]
Мэдычныя паслугі насельніцтву Пінску надае шэраг спэцыялізаваных установаў аховы здароўя. У месьце дзейнічае УАЗ «Пінская цэнтральная паліклініка» (1 філія), УАЗ «Пінская цэнтральная лякарня» (1 філія), УАЗ «Дзіцячая лякарня» (1 філія), УАЗ «Міжраённы радзільны дом» (2 філіі), УАЗ «Стаматалягічная паліклініка» (1 філія).
У месьце маюцца філіі наступных установаў: «Міжраённы скурна-вэнэралягічны дыспансэр», «Міжраённы псыханэўралягічны дыспансэр», «Міжраённы супрацьсхотны дыспансэр», «Міжраённы наркалягічны дыспансэр», «Станцыя пераліваньня крыві», «Спэцыялізаваны дом дзіцяці», «Станцыя хуткай мэдычнай дапамогі»
Дзяржаўны санітарны нагляд у забесьпячэньні санітарна-эпідэмічнага дабрабыту насельніцтва ажыцьцяўляе ДУ «Пінскі занальны цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі».
Культура[рэдагаваць]
У Пінску дзейнічаюць мескі Дом культуры, Палац культуры «Трыкатажнік», Дом культуры ЗАТ «Пінскдрэў», дзяржаўны Музэй Беларускага Палесься, мескі парк культуры і адпачынку, Палескі драматычны тэатар, меская кінавідэасетка (кінатэатар «Перамога», відэатэка), кінавідэапракат, меская канцэртная заля. У месьце працуюць тэатар-студыя «Дыяген» і народны моладзевы тэатар «Візаві».
Дзейнічае цэнтралізаваная бібліятэчная сыстэма, у якую ўваходзяць: цэнтральная бібліятэка для дарослых, дзіцячая бібліятэка і 7 філіяў з агульным кніжным фондам у 600 тысячаў асобнікаў. У 1986 адкрылася дзіцячая бібліятэка, у фондах якой больш за 100 тысячаў кніг[33].
У месьце налічваецца больш за 100 калектываў мастацкай самадзейнасьці: харавыя, харэаграфічныя, тэатральныя, інструмэнтальныя, вакальныя, эстрадна-цыркавыя. 34 калектывы маюць званьне «народны» і «ўзорны». Дзейнічае 5 навучальных установаў, дзе навучаецца больш за 1,5 тысячы навучэнцаў, вучэльня мастацтваў, дзіцячыя музычныя школы №1, №2, дзіцячая харэаграфічная школа, дзіцячая школа выяўленчага мастацтва[34].
Раз у два-тры гады ў канцы вясны — пачатку лета ў Пінску праходзіць Міжнародны фэст фальклёру «Палескі карагод». У апошні месяц зімы ў месьце традыцыйна праходзяць творчыя сустрэчы пад агульнай назвай «Лютаўскія музычныя вечары». Раз на два рокі ў красавіку праходзіць традыцыйнае сьвята гітарнай музыкі «Каралеўская фіеста». Таксама раз на два гады ў траўні праходзіць музычнае сьвята «Віват, баян!» Улетку ці напачатку восені ў навакольлях Пінску праходзіць міжнародны мотафэст «Пінск»[35].
Спорт[рэдагаваць]
Пінск — адно з найлепшых спартовых местаў Беларусі, у 2009 годзе ён заняў 2 месца ў гэтай намінацыі.
У Пінску разьмяшчаецца Спэцыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзэрву ў вясьлярных відах спорту, выхаванцы якой — алімпійскія чэмпіёнкі 1996 году Тамара Давыдзенка, Яраслава Паўловіч. Тры чэмпіянаты Эўропы па мотаболе прымаў за апошнія паўтара дзесяцігодзьдзі спартовы комплекс БЕЛАСТТ.
Станам на 1 студзеня 2003 у Пінску было 128 спартовых збудаваньняў, у тым ліку 3 стадыёны з трыбунамі, 50 спартовых заляў, 2 басэйны, 11 міні-басэйнаў, 38 прыстасаваных памяшканьняў. У спартовых школах места займаліся каля 30 тыс. юных спартоўцаў па 15 відах спорту. Апроч таго, у месьце працуе шахава-шашачны клюб.
Спартовы комплекс «Хваля»[рэдагаваць]
Унівэрсальны спартовы комплекс «Хваля», які ўмясьціўся на плошчы 32740 м², аб’ядноўвае ў сабе футбольны стадыён з трыбунамі, мэдычна-аднаўленчы цэнтар, лёдавую арэну, басэйны і ўнівэрсальную спартовую залю. Адначасна наведваць яго могуць больш за 5000 чалавек. Спартовае збудаваньне ўяўляе сабою 2-3-павярховы комплекс з аб’ёмаў розных формаў і памераў.
Увод у эксплюатацыю лёдавай арэны «Хваля» адбыўся 29 снежня 2007. Унікальнасьць яе ў тым, што тут упершыню ў Беларусі выкарыстоўваюцца гнута-клееныя драўляныя аркі пад дахам. Асноўныя парамэтры арэны адпавядаюць эўрапейскім стандартам: шырыня лёдавага пакрыцьця — 29 м, даўжыня — 60 м. Агульная плошча — 8450 м², колькасьць гледачоў — звыш 600 чалавек.
Басэйны прызначаюцца ня толькі для студэнцкіх заняткаў, але і для ўсіх жыхароў Пінску. Пры неабходнасьці спаборніцтва могуць глядзець каля 500 чалавек. Стадыён мае сучаснае інжынэрнае абсталяваньне, яго трыбуны разьлічаны на больш за 3000 гледачоў.
Футбольны клюб «Хваля-Пінск»[рэдагаваць]
У Пінску ёсьць уласны футбольны клюб «Хваля» (заснаваны ў 1987 годзе, зваўся «Камунальнік» (1989—1996), «Пінск-900» (1997—2005)). Хатнія гульні праводзіць на стадыёне «Хваля» (умяшчальнасьцю 3100 месцаў). Срэбны прызэр чэмпіянату Беларусі ў першай лізе, а таксама 4-разовы бронзавы прызэр чэмпіянату Беларусі. За 18 сэзонаў, праведзеных у чэмпіянатах і Кубках Беларусі, «Хваля» згуляла 497 матчаў: 238 перамогаў, 94 нічыі, 165 паразаў, розьніца мячоў 806:597 (станам на 1 студзеня 2009).
Мотабольны клюб «Аўтамабіліст»[рэдагаваць]
Найбольш тытуляваны клюб Беларусі, заснаваны ў 1979. 17-разовы чэмпіён Беларусі, 6-разовы срэбны прызэр, 16 разоў здабываў кубак Беларусі, срэбны прызэр чэмпіянату Ўсходне-Эўрапейскай лігі 2007 году, бронзавы прызэр 2006 году.
Забудова[рэдагаваць]
Архітэктурнае аблічча Пінску складвалася з XVI ст.: у гэты час існавалі Траецкі мост, 2 брамы, 14 цэркваў, 3 праваслаўныя манастыры (Лешчанскі, Варварынскі і Богаяўленскі) і 2 каталіцкія кляштары (францішканаў і дамініканаў). Цягам XVII—XVIII стст. сфармаваўся архітэктурны цэнтар места: тут збудавалі мураваныя езуіцкі касьцёл і калегіюм, дамініканскі і кармэліцкі кляштары, ратушу, палац Бутрымовічаў, кляштар бэрнардынаў, у прадмесьці Каралін — замак, касьцёл Караля Варамэя.
Аснову ўнутранага плянаваньня Пінску склалі мескія вуліцы, крыніцамі назваў якіх служылі асабістыя імёны князёў і месьцічаў, геаграфічныя назвы, прыродныя ўмовы мясцовасьці, рамесныя заняткі часткі мяшчанаў, нацыянальная прыналежнасьць жыхароў. Яшчэ з XVI ст. згадваюцца асобныя пінскія вуліцы: Вялікая Спаская, Замкавая, Вароўская і іншыя. Вуліцы выбрукоўваліся лесам, што было асабліва важна ва ўмовах вялікай забалочанасьці мескай тэрыторыі. Брукоўка на цэнтральных вуліцах Пінску зьявіліся ў канцы XIX ст. Да нашага часу ў месьце захавалася частка ягонага даўняга радыяльна-паўкольцавага плянаваньня.
Вуліцы ды пляцы[рэдагаваць]
| Цяперашняя назва | Першапачатковая назва | Былыя назвы |
| Веры Харужай вуліца | Касьцёльная вуліца (частка) | |
| Горкага вуліца | Замкавая вуліца (частка) Перакопная (частка) |
Дамініканская вуліца Саборная вуліца |
| Заслонава вуліца | Хведараўская вуліца | |
| Леніна вуліца | Вялікая Спаская вуліца | Вялікая Францішканская вуліца Вялікая Кіеўская вуліца |
| Ленінградзкая вуліца | Старавіленскі тракт | |
| Насырава вуліца | Замкавая вуліца | |
| Савецкая вуліца | Бэрнардынская вуліца | Турэмная вуліца |
| Чырвонафлоцкая вуліца | Вароўская вуліца (частка) |
Эканоміка[рэдагаваць]
У Пінску разьмяшчаюцца прадпрыемствы машынабудаўнічай, лёгкай, дрэваапрацоўчай, харчовай, будаўнічых матэрыялаў, мікрабіялягічнай прамысловасьці.
| Пералік прамысловых прадпрыемстваў Пінску |
|---|
|
Транспарт[рэдагаваць]
Пінск — значны чыгуначны, аўтамабільны, рачны транспартны вузел. Працуюць два аўтапаркі (пасажырскі і грузавы), некалькі аўтамабільных базаў. Эксплюатацыяй ракі Піны займаецца РУЭСП «Дняпроўска-Бускі водны шлях». У сфэры чыгуначнага транспарту працуе «Досьледны завод шляхавых машынаў».
Грамадзкі транспарт у Пінску — аўтобусы і маршрутныя таксі. Аўтобусная сетка Пінску адкрылася 10 жніўня 1946 і налічвае цяпер 21 маршрут. Рухомы склад — галоўным чынам аўтобусы МАЗ-105, МАЗ-107,МАЗ-103 і Ikarus-280. Прыгараднае і міжгароднае аўтобуснае злучэньне ажыцьцяўляецца зь аўтавакзалу. Аўтобусня маршруты злучаюць Пінск зь Берасьцем, Горадняй, Менскам і іншымі вялікімі местамі Беларусі.
Чыгуначная станцыя «Пінск» адкрылася ў 1884 годзе. Чыгуначныя маршруты злучаюць Пінск з шматлікімі местамі Беларусі, Ўкраіны і Расеі. Цягнікі далёкага руху ходзяць празь Пінск да Менску, Смаленску, Масквы, Гомелю, Віцебску, Кіева, Сімфэропаля. Празь места праходзяць маршруты прымескіх цягнікоў: Берасьце — Лунінец, Драгічын — Лунінец і іншыя.
Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць]
Пінск — пэрспэктыўны цэнтар турызму Беларусі міжнароднага значэньня[36]. У колішнім кляштары езуітаў працуе Музэй Беларускага Палесься.
Гатэлі: «Аэліта»; «Прыпяць»; «Спорт»; «Хваля»
Пінск зьяўляецца другім колькасьцю захаваных помнікаў архітэктуры ў Беларусі местам пасьля Горадні. Цягам стагодзьдзяў у Пінску ўзводзіліся грамадзянскія і сакральныя збудаваньні, у якіх ня толькі захоўваліся мясцовыя традыцыі і рысы Палескага дойлідзтва папярэдніх эпохаў, але і выкарыстоўваліся дасягненьні эўрапейскай архітэктуры.
Выдатныя мясьціны[рэдагаваць]
- Гарадзішча (XI—XIII стст.)
- Гістарычная забудова (XIX—XX стст.)
- Калегіюм езуітаў (1635—1675)
- Капліца (XVII ст.)
- Касьцёл (1786; цяпер царква Cьвятой Барбары) і кляштар бэрнардынаў
- Касьцёл ордэну камуністаў Cьвятога Караля Барамэя (1770—1782)
- Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі (1712—1730) і кляштар францішканаў (XVIII ст.)
- Палац Бутрымовічаў (1784—1790)
- Парк Лешчанскі (XVIII ст.)
- Сынагога (1900)
- Сядзіба Асмалоўскіх (XIX—XX стст.)
Страчаная спадчына[рэдагаваць]
- Капліца Cьвятога Георгія (пач. XX ст.)
- Касьцёл Маці Божай Балеснай (1820)
- Касьцёл Найсьвяцейшай Панны Марыі (1635)
- Касьцёл Cьвятога Дамініка (1787)
- Кляштар бэрнардынаў (XVIII ст.)
- Кляштар кармэлітаў (1734)
- Кляштар марыявітак (XVIII ст.)
- Манастыр і царква Яўленьня Гасподняга (1596)
- Сынагога Вялікая (1506)
- Царква Cьвятога Хведара (XII ст.)
- Царква Cьвятога Мікалая (1823)
Галерэя[рэдагаваць]
- Сакральныя збудаваньні
- Іншыя выдатныя мясьціны
-
Колішняя Вялікая Францішканская у бок прадмесьця Каралін
Месты-сябры[рэдагаваць]
Вядомыя асобы[рэдагаваць]
- Мацей Бутрымовіч (1745—1814) — падстароста і мечнік Пінскага павету, удзельнік Чатырохгадовага Сойму
- Хаім Вайцман (1874—1952) — навуковец-хімік, адзін зь лідэраў сіянісцкага руху, 1-ы прэзыдэнт Дзяржавы Ізраіль; нарадзіўся ў паселішчы Моталь (Матылі) пад Пінскам і вучыўся ў Пінску
- Вольга Гаварцова (нар. 1988) — беларуская тэнісістка
- Ян Жаўтоўскі (1867—1959) — беларускі савецкі архітэктар
- Андрэй Кандрацюк (нар. 1936) — польскі рэжысэр, сцэнарыст і кінаапэратар
- Рышард Капусьцінскі (1932—2007) — сусьветна вядомы рэпартэр, пісьменьнік, паэт
- Аляксандар Качан (нар. 1971) — беларускі і расейскі кінасцэнарыст
- Якуб Колас (1882—1956) — беларускі грамадзкі дзяяч, пісьменьнік, паэт і перакладнік; у 1912—1914 працаваў настаўнікам у 3-й прыходзкай вучэльні ў Пінску, таксама сустрэў тут і ажаніўся на Марыі Каменскай
- Ісак Лур'е (1890— пасьля 1933) — беларускі дзяяч габрэйскага паходжаньня
- Антоні Машынскі (1800—1893) — гісторык і пісьменьнік
- Голда Мэір (1898—1978) — дзяржаўны дзяяч і дыплямат Ізраіля; яе дзяцінства прайшло ў Пінску
- Адам Нарушэвіч (1733—1796) — філёляг, гісторык, перакладнік, паэт і пісьменьнік
- Напалеон Орда (1807—1883) — беларускі мастак і кампазытар
- Хелена Скірмунт (1827—1874) — скульптар і мастак
- Рышард Тадэвуш Стахоўскі (нар. 1937) — псыхоляг, доктар гуманітарных навук, прафэсар Унівэрсытэту імя Адама Міцкевіча
- Яўген Шатохін (1947—2012) — беларускі мастак
Крыніцы[рэдагаваць]
- ^ а б Государственный земельный кадастр Республики Беларусь(рас.) (па стане на 1 студзеня 2012 г.)
- ^ а б в Перепись населения — 2009. Брестская область(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 290.
- ^ ПСРЛ. Т.1. — М., 1962. С. 258.
- ^ М. Н. Тихомиров. Список русских городов дальних и ближних // Исторические записки. Т. 40. — М., 1952.
- ^ а б Згадкі пра Пінск у летапісе(рас.) Гісторыя Пінску Праверана 14 кастрычніка 2011 г.
- ^ а б в г д Пінск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 432.
- ^ Аляксандр Ярашэвіч. Пінскі кляштар францысканцаў // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 436.
- ^ Пісцовая кніга Пінскага і Клецкага княстваў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. С. 508.
- ^ Пінск // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.
- ^ Пінскі езуіцкі калегіум // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 435.
- ^ а б Юлія Гаева. Пётр Лысенка. Пінск // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. С. 495.
- ^ Пінская кангрэгацыя // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 434.
- ^ Пінск // Целеш, В. Гарады Беларусі на старых паштоўках. — Мн.: Беларусь, 2001. С. 209.
- ^ Валянціна Лебедзева. Дыпламатычная місія БНР у перамовах з Украінай (1918 г.) // Беларускі Гістарычны Зборнік — Białoruskie Zeszyty Historyczne nr 15.
- ^ У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002.
- ^ Lech Wyszczelski. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. S. 65.
- ^ Informator m. Pinska. Rok 1936.
- ^ Т. М. Прокопович, Атлас географии Беларуси. — РУП «Белкартография», Минск, 2004. С. 14.
- ^ Т. М. Прокопович. Атлас географии Беларуси. — РУП «Белкартография», Минск, 2004. С. 16.
- ^ Апісаньне ракі Піна(рас.) FisherMenFromPinsk Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
- ^ а б в г Pińsk // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście. — Warszawa, 1887. S. 174.
- ^ Пинск // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
- ^ Pińsk // Napoleon Rouba. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909; — Gdańsk, 1995.
- ^ Наш Пинск исторический. — Пинск: Пинск-900, 1997.
- ^ Tadeusz Zienkiewicz. Rosyjskie zycie kulturalno-literackie w Pinsku 1918—1939 // Acta Polono-Ruthenica XII, 2007. S. 8.
- ^ Пинск // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ Пинск // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ^ Pinsk // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. P. 172.
- ^ Юлія Гаева. Пётр Лысенка. Пінск // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. С. 494.
- ^ У 14 гарадах Беларусі колькасьць насельніцтва перавышае 100 тыс. чалавек // «Наша Ніва», 26 сакавіка 2009 г.
- ^ Т. М. Прокопович. Атлас географии Беларуси. — Минск: РУП «Белкартография», 2004. С. 32.
- ^ Пинск — город для человека(рас.) Epinsk.net Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
- ^ Пинск. Культура и искусство(рас.) Pinsk-city.info Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
- ^ Столица Белорусского Полесья(рас.) Interfax.by Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
- ^ Пинск // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.
Літаратура[рэдагаваць]
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 5: М — Пуд / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1999. — 592 с.: іл. ISBN 985-11-0141-9.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 788 с.: іл. ISBN 985-11-0378-0.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
- Pińsk // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście. — Warszawa, 1887. S. 167—183.
- Наш Пинск исторический. — Пинск: «Пинск-900», 1997. — 48 с.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць]
Пінск — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Пінск Radzima.org Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
- Пінскі гарвыканкам(рас.) Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
- Навіны Пінску(рас.) Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
- Пінск(рас.). Регионы Брестской области. Праверана 15 кастрычніка 2011 г.
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
||||||||