Пінскдрэў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Пінскдрэў»
Тып закрытае акцыянэрнае таварыства
Заснаваная 1880
Разьмяшчэньне Пінск, Беларусь
Ключавыя фігуры Аляксандар Суднік
Галіна дрэваапрацоўка
Прадукцыя мэбля
Лік супрацоўнікаў 6044 (2011)
Даччыныя кампаніі «Віцебсклес», «Эўрамэбля» (Берасьце)

«Пінскдрэў» — найбуйнейшы дрэваапрацоўчы холдынг Беларусі, заснаваны ў 1880 годзе ў якасьці фабрыкі ў Пінску. Найстарэйшае прадпрыемства Пінску, а таксама найстарэйшае прадпрыемства дрэваапрацоўчай прамысловасьці на Беларусі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канцы 1880 году браты Ліпа (Леапольд) і Аляксандар Лур’е зь Вены (Аўстра-Вугоршчына) пабудавалі ў Пінску (Менская губэрня, Паўночна-Заходні край, Расейская імпэрыя) фабрыку па вырабе сапожных шпілек, фанэры і фанэрных скрыняў. У 1890 годзе фабрыка наймала 566 супрацоўнікаў. У 1892 г. фабрыку пераабсталявалі для вытворчасьці запалак, што зрабіла яе першай падобнай вытворчасьцю ў месьце. У 1903 г. на фабрыцы пачалі вырабляць фанэру. У жніўні 1914 г., пасьля пачатку 1-ай сусьветнай вайны, фабрыка спыніла працу да 1918 году. У верасьні 1915 г. немцы занялі Пінск і пачалі вываз абсталяваньня ў Нямеччыну. На 1925 год вырабілі 8,7 тыс. м³ фанэры. У 1930 годзе — 12,5 тыс. м³ фанэры, 20% якой экспартавалася[1].

У 1939 г. фабрыку нацыяналізавалі і пераназвалі ў Дзяржаўны фанэрны завод № 4. У сьнежні 1944 г. фанэрную і запалкавую фабрыкі аб’ядналі ў Пінскі фанэрна-запалкавы камбінат. З 1959 году на прадпрыемстве пачынаюць выпускаць мэблю. У 1963 годзе да камбіната далучылі Гарадзішчанскі дрэваапрацоўчы камбінат (Пінскі раён). У 1965 годзе пабудавалі цэх драўнінна-стружкавых плітаў (ДСП). У 1971 годзе на базе Пінскага фанерна-запалкавага камбіната было створанае вытворчае дрэваапрацоўчае аб’яднаньне «Пінскдрэў». Аб’яднаньне займалася выпускам канапаў, фатэляў, ложкаў і школьнай мэблі. У 1983 годзе прадпрыемства ўзначаліў былы кіраўнік Гарадзенскай мэблевай фабрыкі Ларан Арыніч.

У 1992 г., пасьля выкупу дзяржаўнага прадпрыемства супрацоўнікамі, пачалася разбудова ўласнай сеткі крамаў[2]. Да 1996 году збудавалі фабрыку экспартнай мэблі, лесазавод і ніжні склад раскрыжоўваньня хлыстоў. У 1997 годзе зьмяніўся таварны знак прадпрыемства, на якім дагэтуль была намаляваная запаленая сярнічка, таксама збудавалі фабрыку зэдаляў і адчынілі даччынае прадпрыемства «Эўрамэбля» (Берасьце). У 1999 годзе адчынілі фабрыку сталоў і ўласныя склады для мэблі.

У 2000 годзе вытворчае аб’яднаньне ператварылі ў закрытае акцыянэрнае таварыства. На 2001 год у склад «Пінскдрэва» ўваходзілі Пінская запалкавая фабрыка, Пінскі фанэрны завод, фабрыкі — мяккай мэблі, экспартнай мэблі, сталоў, крэслаў, заводы — драўнінна-стружкавых плітаў (ДСП), струганага шпону і мэблі, лесазавод, лесапрамысловая гаспадарка (усе ў Пінску), Гарадзішчанская фабрыка корпуснай мэблі (Пінскі раён), «Эўрамэбля» (Берасьце), крама «Мэбля» (Менск)[3].

У 2006 годзе адчынілася мэблевая фабрыка «Заслаўе» (Менскі раён). У 2010 г. у вёсцы Вішавічы (Пінскі раён) пусьцілі вытворчасьць матрацаў, а затым адчынілі фабрыку вокнаў.

25 кастрычніка 2010 году на заводзе адбыўся выбух і пажар, што стала прычынаю сьмерці 14 чалавек[4]. Паводле інфармацыі МНС, пажар на прадпрыемстве спрычыніў «выбух адкладаньняў драўнянага пылу ў выніку парушэньня рэжыму эксплюатацыі абсталяваньня па вытворчасьці драўняна-паліўных гранулаў»[5]. Гэта была самая вялікая прамысловая аварыя ў Беларусі за некалькі дзесяцігодзьдзяў[6]. 10 студзеня 2011 году пасаду кіраўнік заняў Аляксандар Суднік

У 2011 г. «Пінскдрэў» вырабіў 19,7% кошту вырабаў дрэваапрацоўчай прамысловасьці Беларусі і 37,3% кошту вырабаў канцэрну «Беллеспаперапрам». Холдынг «Пінскдрэў» меў звыш 30 падразьдзяленьняў, у тым ліку некалькі даччыных сумесных прадпрыемстваў (СП) для вытворчасьці мяккай мэблі, СП для выпуску клеянай фанэры, 6 фабрык корпуснай мэблі, завод струганага шпону і мэблі, 2 лесапрамысловыя гаспадаркі, лесазавод і запалкавую фабрыку. На 1 верасьня 2011 г. кампанія налічвала 6044 супрацоўнікі. На прадпрыемстве працавалі каля 20% працаздольнага насельніцтва Пінска, якія стваралі 33,3% прамысловай вытворчасьці гораду і 37,4% яго экспарта за мяжу. Уласная сетка збыту налічвала 7 прадстаўніцтваў у абласных цэнтрах Беларусі, 36 уласных крамаў агульнай гандлёвай плошчай 14,5 тыс. м², 2 выставачныя залы і звыш 100 фірмовых аддзелаў у крамах[2]. Таксама ў 2011 г. удалося прыдбаць ААТ «Віцебсклес».

5 лістапада 2011 году ў цэху фабрыкі крэслаў, які належыць холдынгу «Пінскдрэў», пачала тлець электраправодка лякіравальнага станка, што выклікала чарговы пажар. Рабочыя самастойна пакінулі небясьпечную зону. У выніку пажару пацярпелых не было і тэхналягічны працэс парушаны ня быў. Да прыбыцьця выратавальнікаў пажарная ахова прадпрыемства ліквідавала пажар[7].

На 2012 г. холдынг улучаў 44 даччыныя прадпрыемствы. У 2012 годзе прадпрыемствы ЗАТ «Пінскдрэў» забясьпечылі траціну прамысловай вытворчасьці Пінску[8].

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Вікторыя Дубавец. Ад шпількі і запалкі (Перадача «Справы фамільныя» пра «Пінскдрэў») // Тэлеканал «Беларусь 3», 27 верасьня 2015 г. Праверана 20 лістапада 2015 г.
  2. ^ а б Уладзімер Хількевіч, Алена Даўжанок. Імклівую хаду холдынга «Пінскдрэў» цяжкасьці ня спыняць // Зьвязда : газэта. — 29 верасьня 2011. — № 186 (27049). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Міхаіл Галавешкін. «Пінскдрэў» // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2001. — Т. 12. — С. 368. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0198-2
  4. ^ Колькасць загінуўшых пры выбуху і пажары на «Пінскдрэў-ДСП» дасягнула 14 чалавек Грамадства. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (1 лістапада 2010). Праверана 2 студзеня 2011 г.
  5. ^ Магчымай прычынай НЗ на фабрыцы ў Пінску названы выбух адкладаў драўнянага пылу Грамадства. Беларускае тэлеграфнае агенцтва (26 кастрычніка 2010). Праверана 7 студзеня 2011 г.
  6. ^ Публичное сочувствие нецелесообразно? // naviny.by, 1 лістапада 2010  (рас.)
  7. ^ На прадпрыемстве “Пінскдрэву” зноў адбыўся пажар. Эўрапейскае радыё для БеларусіПраверана 7 лістапада 2011 г.
  8. ^ Сьвятлана Яскевіч. Пінскі варыянт // Зьвязда. — 28 верасьня 2013. — № 183 (27548). — С. 3.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]