Пітагарэйская школа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Пітагарэ́йцы — вучэньне заснаванай Пітагорам (каля 570—500 гадоў да н. э.) школы, сябры якой у Кратоні (Паўднёвая Італія) утваралі абшчыну манастырскага тыпу, засярэджвае ўвагу на значэньні лікаў.

Выходзячы, імаверна, з тэзы, што інтэрвалы музычнае гамы можна патлумачыць рацыянальна з дапамогай лічбавай узаемазалежнасьці паміж вібруючымі струнамі, пітагарэйцы разьвілі ідэю, што ў аснове ўсяго існага ляжаць лікі. Яны ствараюць парадак у космасе, вызначаючы і абмяжоўваючы нявызначанае (апэйрон). Рэчы лічацца адлюстраваньнямі лікаў, іхная сутнасная прырода адбіваецца ў іхнай матэматычнай структуры.

Сярод лічбаў існуюць заканамернасьці: так, адзінка стаіць над лічбамі і лічыцца іхным першапачаткам. Няпарны лік разглядаецца як абмежаваны і дасканалы, парны – як неабмежаваны і недасканалы.

Пітагарэйцы надалі тэорыі лічбаў завершаную форму ў розных сфэрах:

У матэматыцы яны дасягнулі сыстэматызацыі і распрацоўвалі аксыёмы. Тэарэма Пітагора вядзе да адкрыцьця іррацыянальных лічбавых заканамернасьцяў.

Па іхных уяўленьнях пра прыроду космасу, нябесныя сьвяцілы рухаюцца па арбітах у форме кола, падзеленых на пэўныя інтэрвалы, вакол нерухомага цэнтру.

Нягледзячы на навуковыя дасьледаваньні ў матэматыцы й тэорыі музыкі, усё ж такі ў пітагарэйскай школе пераважалі рэлігійная і містычная аснова. Гэта асабліва праяўляецца ў іхным вучэньні пра перасяленьне душаў: душа зьяўляецца сапраўднаю сутнасьцю чалавека, якая мусіць быць пазбаўленая ад усяго цялеснага шляхам ачышчэньня.

Эмпэдокл (каля 492 – 432 гг. да н.э.) лічыць асновай усяго існага чатыры элемэнты, што прыводзяцца ў рух сіламі любові й нянавісьці: вада, зямля, агонь і паветра.

У абсалютнай любові яны ўтвараюць гамагенную еднасьць, а з-за нянавісьці разьядноўваюцца. Калі змагаюцца гэтыя супрацьлеглыя сілы, то шляхам зьмешваньня элемэнтаў узьнікаюць канкрэтныя рэчы.

Для Анаксагора (каля 500 – 425 гг. да н.э.) існуе бязьмежная колькасьць якасна розных сыходных элемэнтаў. Адметнасьць кожнай рэчы вызначаецца характэрнымі суадносінамі тых элемэнтаў, якія ёсьць у кожнай зь яе нават якіх заўгодна малых частак. Элемэнты прыводзяцца ў рух і плянамерна ўпарадкуюцца розумам.

Ляўкіп (5 ст. да н.э.) лічыцца заснавальнікам атамістыкі, якую пераказаў і разьвіў далей ягоны вучань Дэмакрыт. Усё складаецца зь непадзельных (а-томас) часткаў, якія поўнасьцю падобныя да рэчыва, зь якога складаюцца, і адрозьніваюцца толькі формай ды разьмяшчэньнем у прасторы.

Атамы пастаянна рухаюцца, мэханічна ціснучы ды штурхаючы адзін аднаго. Паміж імі ёсьць толькі пустая прастора. Адрозныя рэчы ўзьнікаюць толькі дзякуючы групаваньню атамаў. У Ляўкіпа можна знайсьці фармулёўку закону прычыннасьці: «Ніводная рэч не ўтвараецца бяз мэты, а толькі адпаведна сэнсу і ў сувязі зь неабходнасьцю».

Дэмакрыт (каля 460 – 370 гг. да н.э.) разьвівае атамістычнае вучэньне Ляўкіпа ў матэрыяльную сыстэму. Рэчы складаюцца з комплексаў атамаў і маюць першасныя, аб’ектыўныя ўласьцівасьці: запаўненьне пэўнае прасторы, інэртнасьць, шчыльнасьць і жорсткасьць, тады як колер, пах, смак і г.д. зьяўляюцца другаснымі, суб’ектыўнымі ўласьцівасьцямі, якія вынікаюць толькі з успрыняцьця.

Пачуцьцёвае ўспрыняцьце тлумачыцца як успрыняцьце вобразаў, якія выпраменьваюцца рэчамі.

Душа таксама складаецца з тонкіх (вогненных) атамаў, якія прыводзяцца ў рух выпраменьваньнямі тых вобразаў, і адсюль вынікае пачуцьцёвае ўражаньне. Адпаведна таму Дэмакрыт тлумачыць усю разумовую дзейнасьць чалавека як матэрыяльны, атамарны працэс.

Этыка Дэмакрыта лічыць мэтай чалавека правільную будову душы, якая палягае ва ўраўнаважанасьці ды спакоі і дасягаецца дзякуючы розуму, памяркоўнасьці, стрыманасьці ў пачуцьцёвых асалодах і прагненьні духоўных каштоўнасьцяў. «Дух мусіць навучыцца чарпаць свае радасьці ў сабе самім».

Ксэнафан — першы прадстаўнік заснаванай у Элеі (Паўднёвая Італія) школы элеатаў. Галоўная яго мэта – барацьба з антропамарфізацыяй багоў, як іх выяўлялі Гамэр і Гэсіёд, а таксама разьвіцьцё ідэі пра адзінага бога: «Адзін Бог, найвялікшы сярод багоў і людзей, ні целам, ні думкамі непадобны да сьмяротных».