Радзім Гарэцкі
Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі (нарадзіўся 7 сьнежня 1928, Менск) — беларускі вучоны-геоляг, грамадзкі дзяяч. Акадэмік НАН Беларусі. Сын Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага, пляменьнік Максіма Гарэцкага. Цесьць Генадзя Вугляніцы[1].
Зьмест |
[рэдагаваць] Адукацыя
Скончыў Маскоўскі нафтавы інстытут імя І. М. Губкіна.
[рэдагаваць] Навуковая дзейнасьць
У 1952—1957 навуковы супрацоўнік Геалягічнага інстытута АН СССР. З 1971 загадчык аддзела (а з 1978 лябараторыі) Інстытута геахіміі і геафізыкі АН БССР (з 1994 Інстытут геалягічных навук). Член-карэспандэнт АН БССР (1972), з 1977-га — правадзейны член АН БССР. У 1977—1993 дырэктар Інстытута геахіміі і геафізыкі АН Беларусі.
У 1973—1990 сябра Бюро, намесьнік старшыні, старшыня Міжведамаснага тэктанічнага камітэта АН СССР. З 1975 намесьнік старшыні, старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта па Міжнароднай праграме геалягічнай карэляцыі, з 1993 сябра Амэрыканскага геафізычнага саюзу. У 1992—1997 віцэ-прэзыдэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. З 1993 галоўны рэдактар часопіса «Літасфэра». У 1995—1997 працаваў загадчыкам катэдры Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Радзім Гарэцкі зьяўляецца заснавальнікам беларускай школы тэктаністаў. Добра вядомы ў міжнародных навуковых колах. Імем Радзіма Гарэцкага названа некалькі відаў выкапнёвых арганізмаў. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і мэдалямі.
[рэдагаваць] Навуковыя працы
Навуковыя працы прысьвечаныя тэктоніцы і геадынаміцы плятформаў, уключаючы тэрыторыю захаду Ўсходне-Эўрапейскага кратона і Беларусі, геалёгіі карысных выкапняў. Удзельнічаў у складаньні шматлікіх тэктанічных мапаў у якасьці галоўнага рэдактара ці аўтара. Р. Гарэцкі зьяўляецца аўтарам 500 навуковых прац.
Надрукаваў шэраг твораў, прысьвечаных нацыянальнаму адраджэньню Беларусі.
Узнагароджаны дзяржаўнымі прэміямі СССР, БССР, Расейскай АН.
[рэдагаваць] Грамадзкая дзейнасьць
Радзім Гарэцкі зьяўляецца сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і актыўным грамадзкім дзеячам. Ён клапоціцца пра адраджэньне нацыянальнай культуры. На працягу васьмі гадоў, з 1993 да 2001, зьяўляўся прэзыдэнтам «Згуртаваньня беларусаў сьвету „Бацькаўшчына“», на цяперашні момант сябра Вялікай і Малой Радаў арганізацыі.