Райт (браты)
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
РАЙТ, браты Уілбер (па-ангельску: Wilbur Wright, 1867—1912) і Орвіл (па-ангельску: Orville Wright, 1871—1948), амэрыканскія вынаходнікі–авіяканструктары.
Уілбер Райт нарадзіўся 16 красавіка 1867 каля Ньюкасла ў Індыяне. Орвіл Райт нарадзіўся 19 жніўня 1871 у Дэйтане, Агаё. Іх бацька быў біскупам, таму сям'і прыходзілася часта зьмяняць месца жыхарства, пакуль у 1884 г. яны не пасяліліся ў Дэйтане.
Навучаньне ў школе ніколі не зьяўлялася для братоў асоба важным, а вышэйшай адукацыі яны так і не атрымалі. У школе пачалі рабіць паветраных зьмеяў, якіх прадавалі. У 1892 г. адчынілі краму па продажы ровараў, затым рамонтную майстэрню, а ў 1895 г. запусьцілі ўласную вытворчасьць ровараў. У 1900 г. пачалі экспэрыментаваць са сваім першым планёрам у Кіці-Хоўк, а ў 1901 выпрабавалі другі планёр. У 1902 г. прыступілі да стварэньня першага маторнага аэраплана, рухавік для якога сабралі самі (маса — 77 кг, хуткасьць кручэньня вала — 1200 аб/хв, магутнасьць 12 к.с.).
17 сьнежня 1903 зьдзейснілі першы ў гісторыі пілатуемы палёт на маторным аэраплане «Флайер-1». Адлегласьць першага палёту (пілотам быў Орвіл Райт) была роўная 37 мэтраў. Апарат прабыў у паветры 12 секундаў. У той жа дзень ужо Уілбер Райт пратрымаўся ў паветры 59 сэкундаў і пераадолеў 260 мэтраў.
У наступныя два гады працягвалі ўдасканальваць канструкцыю аэраплана і зьдзейснілі больш за 200 палётаў. 22 траўня 1906 г. атрымалі патэнт на сваё вынаходніцтва. А ў 1909 г. заснавалі кампанію «Райт», якая вырабляла самалёты і навучала пілотаў.
Уілбер Райт памёр ад брушнога тыфу 30 траўня 1912 г. у Дэйтане. Орвіл Райт памёр 30 студзеня 1948 г. у Дэйтане. Пасьля яго смерці першы маторны аэраплан «Флайер-1» паступіў у якасьці экспаната ў Смітсанаўскі інстытут у Вашынгтоне.