Ракаўскае прадмесьце
Ракаўскае прадмесьце — гістарычны раён Менску, разьмешчаны ўздоўж старадаўняга Ракаўскага шляху. Тут знаходзіліся вуніяцкая царква, кармеліцкі кляштар, Петрапаўлаўскі манастыр, ад якога захавалася Петрапаўлаўская царква. Падчас гітлераўскай акупацыі частка раёну ўваходзіла ў склад габрэйскага гета.
На захадзе ад Ракаўскага прадмесьця месьціца Раманаўская Слабада, на поўначы — Татарская Слабада (Пятніцкае прадмесьце), на ўсходзе — менскае Замчышча, на поўдні — цэнтральны раён Нізкі Рынак.[1]
Зьмест |
Гісторыя [рэдагаваць]
Ракаўскае прадмесьце — адзін з найстарэйшых раёнаў Менску, які пачаў засяляцца ў XI ст. як гандлёва-рамесьніцкі пасад старажытнага места Полацкага княства. Паводле сьведчаньняў беларускага падарожніка і краязнаўцы Паўла Шпілеўскага яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. менчукі адносілі Ракаўскае прадмесьце разам зь Нізкім Рынкам, Траецкая гарой і Пятніцкім (Татарскім) канцом да менскага Старога Места.[2]
У пачатку XX ст. Ракаўскае прадмесьце ўваходзіла ў другую паліцэйскую частку места. Праз прамесьце праходзілі Ракаўская, Няміская (цяпер вул. Няміга), Няміска-Ракаўская (Віцебская) , Уваскрасенская (Вызваленьня).[3]
У 1968—1973 менскія ўлады зьнесьлі большую і найбольш каштоўную частку гістарычнай забудовы былога прадмесьця ў сувязі з рэканструкцыяй Нямігі. Захаваліся некаторыя камяніцы, што не прымыкалі непасрэдна да колішняй Няміскай вуліцы.
Археалягічныя раскопкі [рэдагаваць]
Археолягі выявілі старажытнае прадмесьце на тэрыторыі паміж вуліцамі Ракаўскай, Нямігай, Віцебскай і Вызваленьня. Пласт шэрага і цёмнашэрага колеру, насычаны рэшткамі драўлянай забудовы XVI—XIX стст. і прадметамі матэрыяльнай культуры, дасьледаваў у 1976, 1979, 1980 рр. Валянтын Собаль. Найвялікшая таўшчыня пласта ўздоўж вуліцы Няміга дасягала каля 4,5 м, паступова яна памяншаецца каля вуліцы Раманаўская Слабада да 1—1,5 м. У раёне вуліцаў Віцебскай, Ракаўскай і Вызваленьня таўшчыня пласта складае 0,5—2 м.
Тэрыторыя Ракаўскага прадмесьця, паводле археалягічных дасьледаваньняў, была заселеная ў XV ст. Знойдзеныя ганчарны горан і каробчатая кафля канца XVI ст., упрыгожаная расьлінавымі і геамэтрычнымі ўзорамі, кавалкі гліняных прэсформаў, пры дапамозе якіх выціскалі ўзор на вонкавай пласьціне кафлі. Сярод знаходак — побытавая кераміка XV—XVIII стст. Большая частка вырабаў пакрытая палівай зялёнага або карычневага колераў. Трапляюцца чорнаглянцаваныя міскі, талеркі, збаны, а таксама посуд, упрыгожаны ангобнай размалёўкай пад празрыстую зялёную паліву. Знойдзеныя абутак, жалезныя прылады, шкляны посуд, манэты Рэчы Паспалітай і Расейскай імпэрыі.[4]
Старыя адрасы [рэдагаваць]
Канец ХІХ — пачатак ХХ стст.[5] [рэдагаваць]
- Рог Кацярынінскай і Ракаўскай. Кацярынінская (Жоўтая) царква. Будавалася ў 1611—1613. Да загаду Кацярыны II 1795 року аб перайменаваньні называлася Петрапаўлаўскай. У 1870-я праводзілася рэканструкцыя яе на мэце падагнаць вонкавы выгляд храма ў адпаведнасьць з існымі расейскімі канонамі. Пасьля рэстаўрацыі (1972—1979) будынак займалі Архіў навукова-тэхнічнай дакумэнтацьгі і Архіў-музэй літаратуры і мастацтва рэспублікі (Ракаўская, 4). Ад 1992 року храм дзейнічае як царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла Беларускае Праваслаўнае Царквы.
- Няміская, 9, дом Шабада. Прадстаўніцтва акцыянэрнага таварыства мальцаўскіх машынабудаўнічых заводаў у Летуве-Беларусі. Будынак стаяў на левым баку сучаснай вуліцы Нямігі, прыблізна паміж пачаткам праспэкта Пераможцаў і канцом вуліцы Камсамольскай.
- Няміская, 14, дом Давідзон. Тытунёвая фабрыка купчыхі Р. М. Цукерман-Давідзон. Пабудаваная ў 1883 року. Выпускала махорку, нюхальны тытунь. Частка вырабаў прадавалася ва ўласнай крамцы. У 1913 року на прадпрыемтсве працавалі дынама-машына і газавы рухавік. Разьмяшчалася прадпрыемства ў раёне Нямігі, паміж сучаснымі праспэктам Пераможцаў і вуліцай Раманаўская Слабада.
- Рог Няміскай, 26, і Новараманаўскай. Начлежны прытулак для бедных прыезжых габрэяў. Будынак стаяў на рагу сучасных вуліц Нямігі і Рэвалюцыйнай.
- Рог Ракаўскай і Няміга-Ракаўскай, дом Дам’е. Шпалерная фабрыка І. С. Шыфрановіча. Саўладальнік — Ліфшыц. Заснаваная ў 1892 року. У 1898 року зьявіўся паравы кацёл (дагэтуль вытворчасьць была цалкам ручной). У 1906 року зьявіліся паравая машына (45 конскіх сілаў) і дынама-машына. У 1912 року паміж кампаньёнамі пачаліся грашовыя рознагалосьсі, і фабрыка спачатку трапіла ў рукі да Сыркінай, а праз рок — да Гельфанда. Цяпер у гэтым будынку разьмешчаны хлебазавод № 1 (Ракаўская, 25).
- Ракаўская, 8, дом Рубінштэйна. Другая мужчынская аднаклясная прыходзкая вучэльня. У 1901—1906 роках пры ім працавала мужчынская нядзельная школа, арганізаваная К. Ізмайловіч. Будынак зьбярогся (Ракаўская, 14).
- Ракаўская, 13, дом Чэрчыса. У 1905—1906 у глядзельнай зале будынка наладжваліся рэвалюцыйныя сходы. Будынак зьбярогся (Ракаўская, 17), рэстаўруецца.
- Ракаўская, 26, дом Поляка. Шпалерная фабрыка А. С. Эпштэйна. Уступіла ў дзеяньне у 1898 року. У крызавым 1901 року гаспадар спыніў выплаты ўласных пазыковых абавязацельстваў, але, дзякуючы нечай падтрымцы, здолеў выйсьці зь цяжкага становішча. Тады на прадпрыемстве дзейнічаў газавы рухавік. У 1909 року Эпштэйн разам з сынам стварылі суполку і ўзьвялі на Вялікай Татарскай вуліцы новы корпус для другой фабрыкі. Закупілі спэцыяльнае вытворчае абсталяваньне і паравую машыну. Але ў 1911 року на новай фабрыцы здарыўся пажар, пасьля чаго яна закрылася. У 1912 року ў старым будынку надбудавалі другі паверх, перанеслі туды частку ўцалелага пасьля пажару абсталяваньня. У савецкі пэрыяд на базе шпалерні Эпштэйна ўзьнікла шпалерная фабрыка імя В. Вароўскага (1924). Зараз старыя памяшканьні рэстаўрыруюцца (Ракаўская, 28—30). У тым жа будынку ад 1910 року знаходзілася і абутковая фабрыка «Праца» Г. I. Гольдбэрга, Ф. Я. Бэнцмана, Л. Н. Гурвіча. У 1913 року на ёй меўся электрарухавік магутнасьцю 40 конскіх сілаў. У красавіку 1905 року прайшоў рабочы страйк.
- Уваскрасенская. Талмуд-Тора (рэлігійная школа па вывучэньні законаў юдайскай веры і асноваў габрэйскай граматы). Разьмяшчалася ў некалькіх двухпавярховых камяніцах, мела сад і ўласны адасоблены двор. Захаванасьць будынкаў ня вызначаная.
Сучаснасьць [рэдагаваць]
У цяперашні час пра існаваньне прадмесьця сьведчыць Ракаўская вуліца. Менскія ўлады распрацавалі дзяржаўную праграму па рэстаўрацыі старой забудовы, частка яе ўжо рэалізаваная.
Вуліцы і плошчы[3][6] [рэдагаваць]
| Цяперашняя назва | Першапачатковая назва | Былыя назвы |
| Віцебская вуліца | Наваракаўская вуліца[7] | Няміга-Ракаўская вуліца Няміска-Ракаўская вуліца Няміскі завулак |
| Вызваленьня вуліца | Уваскрасенская вуліца | Татарская вуліца Уваскрасенскі завулак Вялікая Татарская вуліца |
| Кальварыйская вуліца | Кальварыйская вуліца | Кальварыйска-Ракаўская вуліца Кальварыйскі тракт |
| Максіма Танка вуліца | Новая вуліца[7] | Навакрасная вуліца Танкавая вуліца (1928—1998) |
| Мельнікайтэ вуліца | Высокая вуліца[7] | Глухоўская вуліца (частка) Людамонцкі завулак (частка) Глухая вуліца Татарская Глухая вуліца Ратамская вуліца (да 1976) |
| Няміга вуліца | Няміская вуліца | Няміга-Школьная вуліца (частка) Няміга-Раманаўская вуліца (частка) Кацярынінская вуліца (частка, 1866—1926) Кастуся Каліноўскага вуліца (частка, 1926—1940-я) |
| Ракаўская вуліца | Ракаўская вуліца | Юраўская вуліца (частка) Новафранцішканская вуліца (частка) Астроўскага вуліца (1937—1993) |
| Шпалерная вуліца | Уваскрасенская вуліца | Уваскрасенскі завулак Вызваленьня вуліца |
| Юбілейная плошча | Юбілейная плошча | Плошча 25 Кастрычніка |
| Безыменны праезд да хлебазавода | Юрава-Завальная вуліца | Завальная вуліца |
| Не існуе | Няміска-Ракаўская вуліца |
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленьнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
- ^ Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. Мн., 1992. // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 459
- ^ а б Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
- ^ В. Е. Собаль. Ракаўскае прадмесьце // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 552
- ^ Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с.
- ^ Вячеслав Бондаренко. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы // «Минск старый и новый»
- ^ а б в План губернского города Минска (1858) // Т. А. Карповiч. Культурнае жыццё Мiнска I паловы XIX стагоддзя. Мiнск, «Рыфтур», 2007. С. 4—5. ISBN 978-985-6700-57-9
Літаратура [рэдагаваць]
- Шыбека З.В., Шыбека С.Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С.М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
- Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
- Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
- Т. А. Карповiч. Культурнае жыццё Мiнска I паловы XIX стагоддзя. Мiнск, "Рыфтур", 2007. — 64 c. ISBN 978-985-6700-57-9
- Вячеслав Бондаренко. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы // «Минск старый и новый»
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
|
||||||||||||||||||||||||||||