Рамуальд Ялбжыкоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Рамуальд Ялбжыкоўскі (7 лютага 1876, в. Лентова Домб, цяпер Замброўскі павет, Падляскае ваяводзтва, Польшча-19 чэрвеня 1955, Беласток) - рымска-каталіцкі дзеяч 2-е Рэчы Паспалітае, біскуп ломжынскі (1925-1926), арцыбіскуп віленскі (1926-1955).

З шляхецкага роду Ялбжыкоўскіх гербу Ґрабе. У 1901 у Пецярбургу атрымаў капланскія пасьвячэньні. Выкладчык і віцэ-рэктар Духоўнае сэмінарыі ў Сейнах, канонік катэдральнае капітулы. У 1917 быў змушаны пакінуць Сейны, стаў пробашчам у Радзівіланцах, адначасова генэральны вікар сейненскае (аўгустоўскае) дыяцэзіі.

Ад 29 ліпеня 1918 біскуп тытулярны Кузэ, суфраган сейненскі (біскупскія сакры прыняў 30 лістапада 1918 у Ломжы ў касьцёле сьв. Арханёла Міхала й Яна Хрысьціцеля з рук арцыбіскупа Аляксандра Какоўскага, сукансакратарамі былі арцыбіскуп Станіслаў Ґаль і біскуп Юльлян Нававейскі). Кіраваў польскай часткай аўгустоўскае дыяцэзіі да яе ліквідацыі ў 1925, калі папеж Піюс XI сваёй булай Vixdum Poloniae unitas ад 28 кастрычніка 1925 злучыў польскую частку дыяцэзіі з новастворанай Ломжынскай дыяцэзіі (4 красавіка 1926 Піюс XI булай Lituanorum gente зь летувіскае часткі былое дыяцэзіі стварыў новую ў Вілкавішках, на чале якой стаў былы сейненскі біскуп Антоні Карась). 14 сьнежня 1925 прызначаны першым ломжынскім біскупам, але ўжо 24 чэрвеня 1926 прызначаны віленскім арцыбіскпам. У 1925-1926 генэральны сакратар Эпіскапату Польшчы.

2 ліпеня 1927 дапамагаў кардыналу Аляксандру Какоўскаму пры каранацыі Абразу Маці Божай Вастрабрамскай. У 1931 правёў архідыяцэзіяльны сынд. У 1942-1944 зьняволены немцамі. У студзені 1945 арыштаваны НКУС, але праз тры месяцы выпушчаны з ультыматумам выехаць у Польшчу. Выехаў у Беласток, заставаўся кіраўніком віленскае дыяцэзіі да канца жыцьця. Пахаваны ў Беластоцкай Меншай Базыліцы Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі.