Рапухі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рапухі
Клясыфікацыя
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
КлясаЗемнаводныя
АтрадБясхвостыя
СямействаРапухі
Бінамінальная намэнклятура
Bufonidae
Арэал
Арэал

Рапухі сапраўдныя (Bufonidae) — сямейства бясхвостых земнаводных.

Вядомы з позьняга мэзазою (каля 140 млн г. назад). Уключаюць больш за 300 відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды і Аўстраліі. Найбольш вялікі род — уласна рапухі (Bufo) — каля 200 відаў.

Даўжыня дарослых асобін да 25 см. Тулава звычайна шырокае, грузнае, канечнасьці кароткія. Зубы ў большасьці часткова або цалкам рэдукаваныя. Рапухі роду Bufo маюць гарызантальную зрэнку, пальцы задніх канечнасьцей часткова зьвязаны плавальнай перапонкай. За вачамі — буйныя ядавітыя залозы (паратыды), а па ўсёй сьпіне — дробныя. Скура, якая зьмяшчае шматлікія атрутныя залозы, мае гузаватую будову.

Рапухі — пераважна наземныя жывёлы. Актыўныя ў змроку. Кормяцца дробнымі бесхрыбетнымі.

Большасьць размнажаецца ў вадаёмах, некаторыя на сушы; ёсьць яйцажывародныя і жывародныя віды.

6 відаў рапух знаходзяцца ў Чырвонай кнізе МСАП. На Беларусі сустракаюцца 3 віды: рапуха зялёная (Bufo viridis); рапуха шэрая, або звычайная (B. bufo); рапуха чаротная (В. calamita), занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі.