Расейская праваслаўная царква

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Расейская праваслаўная царква
рас. Русская православная церковь
Катэдральны сабор РПЦ
Храм Хрыста Збавіцеля ў Маскве
Абрэвіятура РПЦ
МП
Папярэднік Маскоўская мітраполія
Дата ўтварэньня дэ-факта — 1448 год
дэ-юрэ — 1589 год
Юрыдычны статус рэлігійнае аб’яднаньне
Мэта пашырэньне праваслаўнай хрысьціянскай веры
Штаб-кватэра Данілаў манастыр, Масква
Дзейнічае ў рэгіёнах Расея, Украіна, Эстонія, Латвія, Летува, Беларусь, Малдова, Азэрбайджан, Казахстан, Узбэкістан, Кыргыстан, Таджыкістан, Туркмэністан
Патрыярх Кірыла (Гундзяеў)
Кіроўны орган Сынод
Сайт patriarchia.ru

Расейская праваслаўная царква (РПЦ; рас. Русская православная церковь, да 1943 году — рас. Российская Православная Церковь), іншая афіцыйная назва — Маско́ўскі патрыярха́т (МП; рас. Московский патриархат) — рэлігійнае аб’яднаньне Расейскай Фэдэрацыі, аўтакефальная хрысьціянская праваслаўная царква, якая займае 5-е месца ў дыптыху праваслаўных цэркваў, найбольшая з існых праваслаўных цэркваў.

Утварылася ў 1448 годзе як кананічна ізаляваная[1] Маскоўская царква (царква Маскоўскай дзяржавы) у выніку самавольнага выхаду Маскоўскай мітраполіі з-пад юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату. Фактычнае вызнаньне здабыла толькі ў 1589 годзе, але ў адрозьненьне ад іншых аўтакефальных цэркваў ніколі не атрымлівала томасу аб аўтакефаліі[2]. У 1686 годзе з парушэньнем царкоўных канонаў захапіла Кіеўскую мітраполію Канстантынопальскага патрыярхату. У 1721—1917 гадох фактычна ўзначальвалася обэр-пракурорамі «Найсьвяцейшага ўрадавага сыноду», сьвецкімі чыноўнікамі Расейскай імпэрыі. Па савецкіх рэпрэсіх, якія зьнішчылі значную частку сьвятароў, у 1943 годзе аднавіла дзейнасьць пры спрыяньні Сталіна і трапіла пад кантроль КДБ СССР. У наш час абвяшчае сябе адзінай кананічнай праваслаўнай царквой на тэрыторыі былога СССР з выняткам Грузіі і Армэніі[3], аднак на частку гэтай тэрыторыі прэтэндуюць іншыя аўтакефальныя праваслаўныя цэрквы — Малдаўская і Эстонская, а таксама аўтакефальныя праваслаўныя цэрквы Беларусі і Ўкраіны. Усяленскі (Канстантынопальскі) патрыярхат вызнае Расейскую праваслаўную царкву толькі ў межах 1589 году, калі заходняя граніца Маскоўскай дзяржавы прыкладна адпавядала сучаснай заходняй граніцы Расейскай Фэдэрацыі.

15 кастрычніка 2018 году ў адказ на наданьне аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве і спыненьне дзеяньня граматы 1686 году, якая часова перадавала патрыярхату маскоўскаму права хіратоніі мітрапаліта кіеўскага (улада якога гістарычна пашыралася ў тым ліку на тэрыторыю Беларусі), у аднабаковым парадку разарвала эўхарыстычныя дачыненьні з Усяленскім (Канстантынопальскім) патрыярхатам і выйшла ў схізму[4].

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па фактычным аддзяленьні Маскоўскай мітраполіі ад Канстантынопальскага патрыярхату (1448 год) незалежная царква Маскоўскай дзяржавы ўпершыню ўпамінаецца як Маскоўская царква (рас. «Церковь Московская») у дакумэнце Маскоўскага сабору 1459 году[5], тады ж гэтая назва замацавалася як афіцыйная[6]. За часамі «Найсьвяцейшага ўрадавага сыноду» не існавала аднастайнай (афіцыйна або юрыдычна зафіксаванай) назвы праваслаўнай царкоўнай арганізацыі на тэрыторыі Расейскай імпэрыі, і ў розных крыніцах сустракаюцца варыянты: Праваслаўная каталіцкая грэцка-расейская царква (рас. Православная кафолическая греко-российская церковь), Расейская Царква (рас. Российская Церковь, Русская Церковь), Расейская Праваслаўная Царква (рас. Российская Православная Церковь), Расейская Праваслаўная каталіцкая Царква (рас. Российская Православная кафолическая Церковь), Грэцка-Расейская Царква (рас. Греко-Российская Церковь), Праваслаўная Грэцка-расейская Царква (рас. Православная Греко-российская Церковь), у XVIII ст. — Расейская Царква грэцкага закону (рас. Российская Церковь греческого закона)[7]. У дакумэнтах Усерасейскага царкоўнага сабору (1917—1918) царква ў Расеі, як правіла, называецца «Расейская Праваслаўная Царква» (рас. Российская Православная Церковь).

У 1943 годзе адбылася зьмена другой афіцыйнай назвы Маскоўскага патрыярхату — з Расейскай праваслаўнай царквы (рас. Российская православная церковь) на «Рускую праваслаўную царкву» (рас. Русская православная церковь)[1]. Тытул прадстаяцеля царквы зьмянілі з Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Расеі (рас. Патриарх Московский и всея России) на «Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі» (рас. Патриарх Московский и всея Руси). Пытаньне аб назьве патрыярхату ўзьняў Сталін, аднак паводле афіцыйнай вэрсіі[8], сам тытул прапанаваў будучы новы патрыярх Сергій (Старагародзкі), Сталін нібы толькі пагадзіўся з прапановай і дадаў, што «гэта слушна». Тым часам у назьве царквы ня мусіць быць прыналежнасьці да пэўнай нацыі — расейцаў (рас. русские), бо Праваслаўная царква зьяўляецца адзінай і належыць Хрысту, а ня нейкай нацыі або дзяржаве. З гэтай прычыны ў грэцкай мове Расейскую праваслаўную царкву (аналягічна праваслаўным цэрквам у іншых краінах) называюць Праваслаўнай царквой у Расеі (грэц. Ρωσική Ορθόδοξη Εκκλησία). Адпаведна, пазначэньне прыналежнасьці царквы да пэўнай нацыі сьведчыць пра ерась этнафілетызму — рэлігійны нацыяналізм[9].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Утварэньне Маскоўскай мітраполіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расейская праваслаўная царква выводзіць сваю гісторыю з 988 году — часу Хросту Кіеўскага княства і ўтварэньня Кіеўскай мітраполіі Канстантынопальскага патрыярхату. Аднак існаваньне Маскоўскай мітраполіі (папярэдніцы Маскоўскага патрыярхату) пачалося толькі па захопе Залатой Ардой Кіева ў 1240 годзе, калі загінуў мітрапаліт кіеўскі Ёсіф, а ў 1299 годзе мітрапаліт Максім перанёс сваю рэзыдэнцыю ўва Ўладзімер на Клязьме — бліжэй да ардынскай сталіцы Сараю.

У 1352 годзе катэдру перанесьлі ў Маскву, пры гэтым тамтэйшыя мітрапаліты працягвалі тытулявацца «кіеўскімі». Тым часам самавольны перанос біскупскай катэдры не адпавядае царкоўным канонам, бо забараняецца правілам 82 Картагенскага сабору, таму такое тытуляваньне было некананічным[10]. Фактычная ліквідацыя Кіеўскай мітраполіі (бо мітрапаліт больш не знаходзіўся ў Кіеве) прычынілася да ўтварэньня асобных Маскоўскай і Наваградзкай (Літоўскай) мітраполіяў Канстантынопальскага патрыярхату.

Кананічная ізаляцыя Маскоўскай царквы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Арыгінальны абрад МЦ «Шествие на осляти». Масква, 1654 г.

У 1448 годзе ўтварылася незалежная Маскоўская царква (упершыню значыцца пад назвай рас. «Церковь Московская» у дакумэнце Маскоўскага сабору 1459 году[5]), што стала вынікам самавольнага выхаду Маскоўскай мітраполіі з-пад юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату. За гэта праваслаўныя цэрквы перасталі лічыць яе кананічнай і вызначылі як схізму.

Укосны васьміканцовы крыж — сымбаль МЦ[11] — на гербе Аляксея Міхайлавіча ў час Патопу Вялікага Княства Літоўскага, 1661—1662 гг.

Па захопе Асманскай імпэрыяй Канстантынопалю ў 1453 годзе і гібелі апошняга бізайтыйскага імпэратара Маскоўская царква ўзялася дапамагаць гаспадарам Маскоўскай дзяржавы ў іх імкненьні прэтэндаваць на ролю «трэцяга Рыму» — абвяшчаць сябе спадкаемцамі Бізантыі і выратавальнікамі хрысьціянаў ад усіх «паганых» і «раскольнікаў»[12].

Кананічная ізаляцыя Маскоўскай царквы працягвалася 141 год і прычынілася да зьяўленьня ў яе богаслужбовай практыцы пэўных разыходжаньняў зь іншымі праваслаўнымі цэрквамі[1]. У канцы XV ст. Маскоўская царква пачала шырока выкарыстоўваць васьміканцовы крыж з касой папярочкай. На саборы 1551 году маскоўскі гаспадар Іван IV Тыран пастанавіў уніфікаваць формы крыжоў, каб адмежаваць Маскоўскую дзяржаву ад «літоўскага, Полацкага крыжа»[13]. У зборніку пастановаў сабору (глава 41, пытаньне 8) значыцца: рас. водружен бысть и поставлен святый крест (заўв. — укосны васьміканцовы крыж) благочестивым царем Иваном на саборной церкви пречистыя Богородицы... и таковые святые кресты на церквях и впредь до поставляются же. Апроч таго, з гэтага часу ўкосны васьміканцовы крыж разьмяшчаўся на дзяржаўным гербе, а таксама на вайсковых сьцягах Маскоўскай дзяржавы[14]. Паводле ўкраінскага дасьледніка Вадзіма Шчарбакоўскага, Масква ўвяла гэты крыж наўмысна, з палітычнымі мэтамі[15].

Утварэньне Маскоўскага патрыярхату[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1588 годзе фактычны маскоўскі гаспадар Барыс Гадуноў запрасіў патрыярха канстантынопальскага Ерамію II у Маскву на перамовы пра магчымы пераезд з захопленага туркамі-асманамі Канстантынопалю. Аднак у самой Маскве Гадуноў на паўгода зьняволіў[16] патрыярха і марыў яго голадам[17]. Гэта прымусіла Ерамію II у 1589 годзе ня толькі фактычна вызнаць аўтакефалію Маскоўскай царквы, але і абвясьціць яе патрыярхатам. Пры гэтым у адрозьненьне ад іншых аўтакефальных цэркваў Маскоўская царква не атрымала ад Канстантынопалю томасу аб аўтакефаліі[2]. У 1606 годзе маскоўскі гаспадар Васілі Шуйскі пазбавіў патрыяршага пасаду другога патрыярха маскоўскага Ігнація за тое, што ён сустракаў і ўзьвёў на гаспадарскі пасад Дзьмітрыя Самазванца. Нягледзячы на цалкам беспадстаўнае з пункту гледжаньня царкоўных канонаў пазбаўленьне пасаду, патрыряха Ігнація выкрасьлілі з сучаснага афіцыйнага пераліку патрыярхаў маскоўскіх[18].

Важным этапам у гісторыі Маскоўскага патрыярхату былі рэформы патрыярха Нікана (1653—1660), які прыбраў пэўныя адрозьненьні ад Канстантынопальскай царквы ў богаслужбовых кнігах, богаслужбовай практыцы і абрадах, якія ўзьніклі ў пэрыяд кананічнай ізаляцыі Маскоўскай царквы як расейскія нацыянальныя адметнасьці[19]. Важную ролю ў правядзеньні гэтых рэформаў адыгралі ўкраінскія і беларускія праваслаўныя багасловы і кніжнікі, якія дзейнічалі ў Маскоўскай дзяржаве[1]. Аднак ня ўсе прынялі Ніканаўскія рэформы, частка вернікаў на чале з пратапопам Авакумам ня вызнала іх і пайшла ў раскол, што прывяло да ўтварэньня стараабрадніцтва як асобнай канфэсіі.

Пётар I

Сярод іншага патрыярх Нікан пастанавіў замест укоснага 8-канцовага ўжываць 4-канцовы крыж[20]. Замену ўкоснага васьміканцовага крыжа 4-канцовым тлумачаць у тым ліку пашыранай у Маскоўскай дзяржаве прыктыкай зьняважлівага стаўленьня да апошняга[21]. Неўзабаве аднак расейскія праваслаўныя зноў пачалі ўжываць укосны васьміканцовы крыж. Так, паводле сьведчаньня мітрапаліта разанскага і мурамскага Стэфана, укосны васьміканцовы крыж насіў маскоўскі гаспадар Пётар I (1672—1725)[22].

Захоп Кіеўскай мітраполіі Канстантынопальскага патрыярхату[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Укосны васьміканцовы крыж на вайсковым сьцягу Маскоўскай дзяржавы, 1696—1699 гг.

Па вайне з Рэччу Паспалітай (1654—1667), у выніку якой Маскоўская дзяржава захапіла Кіеў, у 1685 годзе маскоўскі гаспадар Аляксей Міхайлавіч даслаў ліст патрыярху канстантынопальскаму Якаву з просьбай перадаць Кіеўскую мітраполію Маскве, на што атрымаў адмову. Тады ён самавольна з парушэньнем царкоўных канонаў (у тым ліку 8-га правіла III Усясьветнага Сабору і 2-га правіла II Усясьветнага Сабору[1]) ажыцьцявіў гвалтоўны перавод праваслаўных прыходаў, што знаходзіліся на заваяванай тэрыторыі Рэчы Паспалітай, пад уладу Маскоўскага патрыярхату.

Па сьмерці патрыярха Якава ў 1686 годзе Аляксей Міхайлавіч зьвярнуўся да ўладаў Асманскай імпэрыі, на тэрыторыі якой на той час была рэзыдэнцыя патрыярха канстантынопальскага, і прапанаваў ім мір. Адзінай умовай была згода з боку новага патрыярха Дыянісія на перавод Кіеўскай мітраполіі ў юрысдыкцыю Масквы[23]. Неўзабаве той мусіў падпадаркавацца асманскім уладам і выдаў адпаведную грамату, за што атрымаў матэрыяльную ўзнагароду[24]. Аднак ужо ў 1687 годзе Канстантынопальскі сабор асудзіў патрыярха Дыянісія за адмову ад Кіеўскай мітраполіі на карысьць Масквы і пазбавіў яго патрыяршага пасаду за сыманію (хабарніцтва). Хоць выдадзеная на загад сьвецкіх уладаў грамата Дыянісія ня можа лічыцца кананічным дакумэнтам[25], з гэтага часу Кіеўская мітраполія апынулася дэ-факта ў складзе Маскоўскага патрыярхату.

Скасаваньне патрыярхату і ўтварэньне «Найсьвяцейшага ўрадавага сыноду» Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Найсьвяцейшы ўрадавы сынод
Будынак урадавых сэнату і сыноду ў Санкт-Пецярбургу

У выніку рэформаў, праведзеных Пятром I, адбылася ліквідацыя інстытуту патрыярхату дзеля беспасярэдняга кіраваньня царквой маскоўскімі гаспадарамі (расейскімі імпэратарамі[26]). З 1721 году Маскоўская царква кіравалася «Найсьвяцейшым урадавым сынодам», які разам з урадавым сэнатам належаў да сыстэмы найвышэйшых органаў дзяржаўнага кіраваньня Расейскай імпэрыі[27]. На практыцы ўрадавым сынодам з волі маскоўскага гаспадара кіравалі сьвецкія обэр-пракуроры[1]. У 1832 годзе выйшлі Асноўныя законы Расейскай імпэрыі, згодна зь якімі (артыкул 42) вярхоўным кіраўніком Маскоўскай царквы абвяшчаўся маскоўскі гаспадар[a].

Праз пашырэньне межаў Расейскай імпэрыі тэрыторыя юрысдыкцыі «Найсьвяцейшага урадавага сыноду» значна павялічылася. Пры гэтым расейскія ўлады даручылі яму галоўную ролю ў маскалізацыі анэксаваных земляў Рэчы Паспалітай. Ператварэньне Маскоўскага патрыярхату ў частку дзяржаўнага апарату Расейскай імпэрыі прывяло да пашырэньня ерасяў, фармаваньня разнастайных рэлігійных сэктаў, страты даверу да царквы з боку часткі вернікаў[1].

Аднаўленьне патрыярхату, зьнішчэньне Царквы савецкімі ўладамі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Патрыярх Ціхан

Патрыярхат аднавіўся толькі па распадзе Расейскай імпэрыі ў 1917 годзе. На патрыяршы пасад абралі Ціхана, мітрапаліта маскоўскага. Неўзабаве ў 1918 годзе савецкія ўлады афіцыйна аддзялілі Маскоўскі патрыярхат ад дзяржавы. У 1922 годзе патрыярх Ціхан у сваім афіцыйным лісьце вызнаў справядлівай просьбу ўраду БНР пашырыць ужываньне беларускай мовы, дазволіў выкарыстоўваць яе ў беларускіх праваслаўных япархіях. Таксама ён паабяцаў, што ў час прызначэньня герархаў Праваслаўнай царквы ў Беларусі перавага будзе аддавацца тым, хто валодае беларускай мовай. Пры канцы ліста патрыярх блаславіў беларускі народ і ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі.[28][29]

Па сьмерці патрыярха Ціхана ў 1925 годзе савецкія ўлады не дазволілі правесьці сабор дзеля абраньня новага кіраўніка царквы. Месцаахоўнікам патрыяршага пасаду стаў мітрапаліт Пётар (Палянскі), якога неўзабаве арыштавалі і закатавалі. Мітрапаліту Пятру ўспадкоўваў мітрапаліт Сергій (Страгародзкі) (зь сьнежня 1925 да 27 сьнежня 1936 году называўся намесьнікам патрыяршага месцаахоўніка). У 1927 годзе мітрапаліт Сергій выдаў Пасланьне (вядомае як «Дэклярацыя»), у якім прызнаў Савецкі Саюз грамадзянскай радзімай, заклікаў япіскапаў, сьвятароў і прыхаджанаў да грамадзянскай ляяльнасьці савецкай уладзе, а таксама запатрабаваў ад замежнага духавенства поўнай палітычнай ляяльнасьці да савецкага ўраду[30]. Пасланьне і наступныя звальненьні пэўных нязгодных япіскапаў прывяло да пратэстаў і адмове падпарадкаваньня Сергію (Старагародзкаму) з боку шэрагу групаў унутры Царквы і да ўтварэньня іншых «старацаркоўных» арганізацыяў, якія не прызналі законнасьці царкоўнай улады намесьніка месцаахоўніка, а таксама да «спыненьня дачыненьняў»[31] з Маскоўскім патрыярхатам большасьці расейскіх япіскапаў у эміграцыі.

Паводле некаторых зьвестак, у першыя пяць гадоў па Кастрычніцкім перавароце бальшавікі пакаралі сьмерцю 28 япіскапаў і 1200 сьвятароў[32]. У 1930-я гады супрацоўнікі НКВД расстралялі або выслалі ў лягеры амаль усіх япіскапаў, а таксама значную частку сьвятароў і актыўных прыхаджанаў. Царква апынулася ў цяжкім стане.

Дазвол дзейнасьці, зьмена назвы з ініцыятывы Сталіна і кантроль НКВД-КДБ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сталін

Па нападзе Трэцяга Райху на СССР палітыка савецкіх ўладаў зьмянілася. У 1943 годзе пры спрыяньні Сталіна ў Маскве прайшоў Сабор япіскапаў, на якім адбылася зьмена другой афіцыйнай назвы Маскоўскага патрыярхату — з Расейскай праваслаўнай царквы (рас. Российская православная церковь) на «Рускую праваслаўную царкву» (рас. Русская православная церковь)[1]. Тытул прадстаяцеля царквы зьмянілі з Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Расеі (рас. Патриарх Московский и всея России) на «Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі» (рас. Патриарх Московский и всея Руси). Пытаньне аб назьве патрыярхату ўзьняў Сталін, аднак паводле афіцыйнай вэрсіі[8], сам тытул прапанаваў будучы новы патрыярх Сергій (Старагародзкі), Сталін нібы толькі пагадзіўся з прапановай і дадаў, што «гэта слушна». У 1945 годзе адбыўся Памесны Сабор, на якім зацьвердзілі новую назву, а таксама абралі новага патрыярха. У сьнежні 2017 году СБУ зьняла грыф «цалкам сакрэтна» з дакумэнтаў КДБ аб стварэньні Маскоўскай патрыярхіі. З рассакрэчаных дакумэнтаў вынікае, што НКВД і яго падразьдзелы ў саюзных і аўтаномных рэспубліках, краях і абласьцях займаліся падборам кандыдатаў дзеля ўдзелу ў Саборы: «важна, каб у ліку вызначаных кандыдатаў пераважалі агенты НКВД, здольныя правесці на Саборы патрэбную нам лінію»[b]. З гэтай мэтай трэба было абраць «асоб, якія маюць рэлігійны аўтарытэт сярод духавенства і вернікаў і ў той жа час правераных на агентурнай або патрыятычнай працы»[33].

У ліпені 1948 году ў Маскве ўрачыста адзначалі 500-годзьдзе аўтакефаліі Маскоўскай царквы. Да юбілею прымеркавалі нараду кіраўнікоў і прадстаўнікоў памесных праваслаўных цэркваў (спачатку кіраўніцтва СССР задумвала гэтую нараду як Сусьветны сабор «для разьвязаньня пытаньня аб наданьні Маскоўскай Патрыярхіі тытулу Сусьветнай»[34]), якая асудзіла экумэнічны рух і унію як прыладу экспансіі папізму. Аднак на нараду не прыехалі прадстаяцелі ўсходніх грэцкіх патрыярхатаў.

Па заняцьці Чэхаславаччыны войскамі СССР у 1946 годзе Маскоўскі патрыярхат захапіў Чэхаславацкую праваслаўную царкву, а 9 верасьня 1951 году патрыярх маскоўскі надаў ёй аўтакефалію (Канстантынопальскі патрыярхат доўгі час не вызнаваў легітымнасьць гэтай пастановы і вызнаў аўтакефалію Чэхаславацкай праваслаўнай царквы толькі 9 верасьня 1998 году). 22 жніўня 1948 году пад ціскам савецкіх спэцслужбаў Польская праваслаўная царква «зраклася» аўтакефаліі, атрыманай у 1924 годзе ад Канстантынопальскага патрыярхату, і атрымала аўтакефалію ад Маскоўскага патрыярхату.

Па распадзе СССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па 1991 годзе (распадзе СССР) афіцыйная юрысдыкцыя Маскоўскага патрыярхату набыла транснацыянальны характар у межах былога СССР (бяз Грузіі і Армэніі): упершыню за ўсю гісторыю свайго існаваньня ён пачаў разглядаць у якасьці сваёй «кананічнай тэрыторыі» (тэрмін увялі ў абарот у 1989 годзе[35]) тэрыторыю мноства сувэрэнных і незалежных дзяржаваў. Адміністрацыйныя падразьдзяленьне Маскоўскага патрыярхату апынуліся ў розных краінах і пачалі функцыянаваць у розных дзяржаўна-праўных, грамадзка-палітычных і канфэсійна-культурных умовах. У выніку, з пачатку 1990-х гадоў паўстала кананічна ненармальная сытуацыі паралельных юрысдыкцыяў у Эстоніі і Малдове, а з 2000-х — у Кітаі і Ўкраіне.

17 траўня 2007 году ў выніку падпісаньня Акту аб кананічных дачыненьнях у склад Маскоўскага патрыярхату на правах самакіравальнай царквы ўвайшла Расейская праваслаўная царква ў замежжы. Аднак частка духавенства і сьвецкіх РПЦЗ пад кіраўніцтва біскупа Агафангела не прызнала гэты акт і працягнула сваё існаваньне як незалежная царква — РПЦЗ пад амафорам мітрапаліта Агафангела.

27 студзеня 2009 году прадстаяцелем Расейскай праваслаўнай царквы стаў 16-ы (паводле афіцыйнага падліку) патрыярх Кірыла (Гундзяеў). 25 сьнежня 2013 году Сынод Маскоўскага патрыярхату прызначыў кіраўніком Беларускага экзархату мітрапаліта разанскага Паўла (Панамарова), ураджэнца Караганды і грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі. Тым часам закон Беларусі «Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях» у артыкуле 13 забараняе кіраваць рэлігійнымі арганізацыямі іншаземцам[36].

Разрыў з Канстантынопальскім патрыярхатам[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

13 чэрвеня 2016 году Маскоўскі патрыярхат адмовіўся ад удзелу ва Ўсеправаслаўным саборы на востраве Крыце, падрыхтоўка да якога вялася з 1961 году. Тым часам яшчэ ў студзені 2016 году Кірыла (Гундзяеў) урачыста паабяцаў узяць удзел у Саборы[9]. Апроч таго, Маскоўскі патрыярхат ня прыняў пастановаў Сабору[37].

15 кастрычніка 2018 году ў зьвязку з прадстаўленьнем Украінскай праваслаўнай царкве аўтакефаліі Маскоўскі патрыярхат у аднабаковым парадку разарваў эўхарыстычныя дачыненьні з Канстантынопальскім патрыярхатам і выйшаў у схізму.

6 сакавіка 2022 году ў дзень, калі Расейская праваслаўная царква адзначае даравальную нядзелю, яе кіраўнік Кірыл (Гундзяеў) у казаньні ў храме Хрыста Збаўцы ў Маскве выказаўся пра расейскае ўварваньне ва Ўкраіну: ён не асудзіў вайны і заявіў, што ваенныя дзеяньні вядуцца таму, што на Данбасе ня хочуць гей-парадаў[38]. 14 сакавіка падчас нядзельнай службы ў храме Хрыста Збаўцы Кірыл (Гундзяеў) перадаў кіраўніку Расгвардыі Віктару Золатаву абраз, той жа ў адказ адрапартаваў: «Хачу паведаміць вам і ўсім прысутным тут прыхаджанам, што войскі Нацыянальнай гвардыі сумесна з Узброенымі сіламі Расейскай Фэдэрацыі выконваюць усе задачы, пастаўленыя ў ходзе гэтай ваеннай контрапэрацыі, і хачу сказаць, што ня ўсё так ідзе хутка, як хацелася б... Але мы ідзем да намечанай мэты крок за крокам. Перамога будзе за намі, і гэты абраз будзе абараняць расейскае войска і паскараць нашу перамогу»[39]. У той жа дзень Расейская праваслаўная царква ў Амстэрдаме заявіла аб разрыве з Маскоўскім патрыярхатам праз вайну ва Ўкраіне: «Сьвятары аднагалосна заявілі, што больш ня могуць функцыянаваць у складзе Маскоўскага патрыярхату і забясьпечваць духоўна бясьпечнае асяродзьдзе для нашых вернікаў»[40].

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У якасьці рэлігійна-праўнай асновы сваёй дзейнасьці разглядае Сьвятое Пісаньне, а таксама Святую Традыцыю. Апошняя ўлучае каноны, аўтарызаваныя Царквой богаслужбовыя тэксты, творы сьвятых айцоў, жыціі Сьвятых, а таксама звычаі Царквы.

З 1991 году мае статус юрыдычнай асобы.

Кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найвышэйшым органам кіраваньня ў адпаведнасьці з статутам зьяўляецца Архірэйскі сабор, ніжэй за яго ёсьць Памесны сабор, і Сьвяты сынод на чале з прадстаяцелем царквы, патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Расеі.

Структура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На канец 2006 году, і да далучэньня РПЦЗ, Маскоўскі патрыярхат меў 136 япархіяў у Расеі, Украіне, Эстоніі, Латвіі, Летуве, Малдове, Азэрбайджане, Казахстане, Узбэкістане, Кыргыстане, Таджыкістане і Туркмэністане (гэтыя краіны абвяшчаюцца «кананічнымі тэрыторыямі»), а таксама ў дыяспары — Аўстрыі, Аргентыне, Бэльгіі, Францыі, Нідэрляндах, Вялікабрытаніі, Нямеччыне, Вугоршчыне, ЗША і Канадзе[41]; 1 экзархат (Беларускі); 171 архіерэяў, зь іх 131 епархіяльных, 40 вікарных, без уліку 13, якія былі на адпачынку. Дзейнічаюць 713 манастыроў, у тым ліку ў Расеі: 208 мужчынскіх і 235 жаночых; ва Ўкраіне: 89 мужчынскіх і 84 жаночыя; у іншых краінах у межах былога СССР: 38 мужчынскіх і 54 жаночыя; у рэшце замежных краінаў: 2 мужчынскія і 3 жаночыя. Стаўрапігіяльных манастыроў 25. Агульная колькасьць прыходаў — 27 393 (колькасьць хутка расьце). Агульная колькасьць духавенства — 29 450.

Прыходы, прадстаўніцтвы і іншыя падразьдзяленьні РПЦ існуюць у Фінляндыі, Швэцыі, Нарвэгіі, Даніі, Гішпаніі, Італіі, Швайцарыі, Грэцыі, на Кіпры, у Ізраілі, Лібане, Сырыі, Іране, Тайляндзе, Аўстраліі, Эгіпце, Тунісе, Марока, ПАР, Бразыліі і Мэксыцы[41]. У склад РПЦ намінальна ўваходзяць Японская аўтаномная праваслаўная царква, якая кіруецца самастойным мітрапалітам усяе Японіі, што абіраецца на Саборы гэтае Царквы, і Кітайская аўтаномная праваслаўная царква, якая ў цяперашні час ня мае ўласнай герархіі[41].

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2016 год Расейская праваслаўная царква мела адну агульнацаркоўную асьпірантуру і дактарантуру, 5 духоўных акадэміяў (у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Кішынёве, Менску), 6 унівэрсітэтаў і інстытутаў, 53 духоўных сэмінарыі, 29 духоўных вучэльняў.

Выданьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Друкаваныя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Афіцыйны друкаваны орган Маскоўскай патрыярхіі — месячнік рас. «Журнал Московской Патриархии». Апроч выпадковых кніг, зборнікаў (у тым ліку непэрыядычных зборнікаў духоўных акадэміяў пад назвай рас. «Богословские Труды»), РПЦ выдае месячнік укр. «Православний Вісник» (друкаваны орган экзарха ўсяе Ўкраіны) і за мяжой ням. «Stimme der Orthodoxie» (друкаваны орган Цэнтральна-эўрапейскага экзархату).

З 1989 году выдаецца газэта рас. «Церковный вестник» (да лютага 2003 году — рас. «Московский церковный вестник») — друкаваны орган Маскоўскай патрыярхіі.

Электронныя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Патриархия.Ru — афіцыйны сайт Маскоўскага патрыярхату, які падтрымліваецца Сынадальным інфармацыйным аддзелам
  • Mospat.Ru — афіцыйны сайт Аддзелу замежных царкоўных дачыненьняў
  • Богослов.Ru — багаслоўскі партал, створаны ў 2007 годзе
  • Православие.Ru — сайт створаны 1 студзеня 2000 году рэдакцыяй інтэрнэт-праектаў маскоўскага Стрэчанскага манастыра з блаславеньня Аляксія II (Рыдыгера)
  • Канал Расейскай Праваслаўнай царквы на Youtube — афіцыйны канал Расейскай праваслаўнай царквы на сэрвісе YouTube, адкрыты 11 кастрычніка 2010 году
  • Седмица.Ru — сайт царкоўна-навуковага цэнтру «Православная энциклопедия» Расейскай праваслаўнай царквы

Навуковыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Православная энциклопедия
  • Церковно-исторический вестник
  • Вестник ПСТГУ
  • Вестник церковной истории

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Верхаводзтва дзяржавы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яшчэ ў XIX ст. расейскі філёзаф і багаслоў Уладзімер Салаўёў крытыкаваў Маскоўскую царкву за вызнаньне верхаводзтва Расейскай дзяржавы[c][42][43]:

« Наша Маскоўская царква, каб мець ад дзяржавы гарантыі свайго існаваньня і саступкі, безумоўна аддала сябе ў рабства дзяржаве. Названыя ў дзяржаўных крымінальных законах віды прымусу і гвалту — гэта адзіная зброя, якой наша Царква змагаецца з адступнікамі і іншай верай. Крохкае і сумніўнае адзінства нашай царквы трымаецца толькі на гвалтце і фальшы (хлусьні), якое наша дзяржава ня толькі прызнае, але і падтрымлівае. Напрыклад, падрабляе дакумэнты выдуманага царкоўнага сабора, або пераклад дакумэнтаў Сусьветных Сабораў. Уся абаронная і наступальная дзейнасьць нашай царквы — гэта суцэльнае махлярства, фальш і хлусьня, якія зьдзяйсьняюцца беспакарана, пад абаронай дзяржаўнай цэнзуры, якая дбае, каб хтосьці ня выкрыў усіх тых махлярстваў... Наша Маскоўская царква прызнае за аснову менавіта верхаводзтва дзяржавы над царквой і патрэбу дзяржаўнага кіраваньня царквой. Гэта прынцып запісаны ў нашых дзяржаўных і царкоўных законах. »

Пра Маскоўскую царкву выказваўся кіраўнік нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў у анэксаваным Расейскай імпэрыяй Вялікім Княстве Літоўскім, нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі: «3ь дзядоў і прадзедаў была ў нас уніяцкая вера, гэта значыць, што мы, будучы грэцкай веры, прызнавалі за намесьнікаў Боскіх сьвятых айцоў, што ў Рыме. Царом маскоўскім і гэта стала завідна, для таго, скасаваўшы ў Маскве грэцкую веру, а зрабіўшы царскую, што то называецца праваслаўе, і нас адарвалі ад праўдзівага Бога і ўпісалі ў сыэму пагану»[44].

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка паказвае на тое, што паводле Ўладзімера Пуціна, сучасная Расейская дзяржава трымаецца на двух слупах — Расейскай праваслаўнай царкве і ядзернай зброі[45].

Некананічны статус па-за гістарычнымі межамі Маскоўскай дзяржавы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1924 годзе Ўсяленскі патрыярх Рыгор VII, надаўшы аўтакефалію Польскай праваслаўнай царкве, у склад якой увайшла значная частка былой Кіеўскай мітраполіі, у тым ліку Заходняя Беларусь зь Віленшчынай, у сваім томасе зазначыў, што далучэньне Кіеўскай мітраполіі да Маскоўскага патрыярхату не было кананічным[46]. У 1990-я гады ў лісьце патрыярху маскоўскаму Аляксію (Рыдыгеру) Усяленскі патрыярх Дзімітры заявіў, што Канстантынопаль вызнае Маскоўскі патрыярхат у межах 1589 году, гэта значыць без тэрыторыі Беларусі, Украіны, Балтыі і Смаленшчыны, якія на той час уваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Наступны патрыярх Барталамей дадаў, што РПЦ бесьперапынна ўрывалася ў краіны, якія знаходзяцца пад духоўнай юрысдыкцыяй Канстантынопаля, менавіта ў Эстонію, Вугоршчыну і іншы краіны, робячы гэта заўсёды з дапамогай узброенай сілы савецкай арміі[47]. У 2006 годзе патрыярх Барталамэй зрабіў заяву ў Кіеве, што Канстантынопаль лічыць Кіеўскую мітраполію сваёй дачкой і, калі прыйдзе час, разгледзіць пытаньне аб яе самастойнасьці. 11 кастрычніку 2018 году Сынод Канстантынопальскай царквы спыніў дзеяньне граматы 1686 году, якая часова перадавала патрыярхату маскоўскаму права хіратоніі мітрапаліта кіеўскага[4][48]. Прычынай стала парушэньне Маскоўскім патрыярхатам умоваў, на якіх гэтае права раней надавалася[49].

Увогуле, праваслаўныя каноны (34-е апостальскае правіла[50]) патрабуюць асобнай царквы для асобнага народу, аднак РПЦ працягвае не прызнаваць беларусаў і ўкраінцаў асобнымі народамі. З гэтай прычыны на розных узроўнях агучваецца і паўтараецца формула пра «трыадзіны расейскі народ»[51].

Сыстэматычнае парушэньне царкоўных канонаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Патрыярх кіеўскі Філярэт зьвінавачвае Маскоўскі патрыярхат у парушэньні царкоўных канонаў і прыводзіць у прыклад наступны эпізод з найноўшай гісторыі: у 1992 годзе Харкаўскі сабор склікалі незаконна, бо згодна з канонамі, яго мусіў склікаць мітрапаліт кіеўскі, а яго склікаў япархіяльны архірэй харкаўскі. Апроч таго, ён зазначае, што Маскоўская (Расейская) праваслаўная царква сыстэматычна парушае царкоўныя каноны на працягу ўсёй сваёй гісторыі: калі Расейская імпэрыя захапіла Грузію, грузінскага патрыярхата-Каталікоса, які існаваў стагодзьдзямі, скасавалі, а замест яго прызначылі экзарха, прычым расейца, а не грузіна; аналягічная сытуацыя была з Малдовай па далучэньні да СССР, калі Малдаўскую царкву таксама далучылі да РПЦ, хоць яна была часткай Румынскай царквы; цэрквы балтыйскіх краінаў таксама далучылі да РПЦ, хоць яны былі ў складзе Канстантынопальскага патрыярхату. Аднак раней, паводле патрыярха Філярэта, ніхто ня мог запярэчыць гэтым відавочным парушэньням царкоўных канонаў, бо Расейская імпэрыя і пазьней СССР былі моцнымі дзяржавамі[52].

Ерась этнафілетызму[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На Ўсеправаслаўным саборы, які адбыўся на востраве Крыце 21 чэрвеня 2016 году, Маскоўскі патрыярхат зьвінавацілі ў ерасі этнафілетызму. Зьвінавачваньне абвясьціў архіяпіскап кіпрскі Хрызастом II[53].

Супраца з спэцслужбамі, гандаль тытунем і побытавая раскоша[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сакавіку 2018 годзе ў час свайго візыту ў Баўгарыю Кірыл (Гундзяеў) выказаў у прысутнасьці прэзыдэнта краіны прэтэнзіі да баўгараў. Ён некалькі хвілін гаварыў пра сваё расчараваньне тым, як у Баўгарыі інтэрпрэтуецца вызваленьне ад туркаў. Паводле кіраўніка Маскоўскага патрыярхату, пералічэньня ў сьпісе нацыяў, якім падзякавалі за вызваленьне, нароўні з расейцамі народаў былой Расейскай імпэрыі — беларусаў, палякаў, фінаў, летувісаў — зьяўляецца прымяншэньнем ролі Расеі ў гэтых падзеях. Гэта выклікала рэакцыю баўгарскіх уладаў. Віцэ-прэм’ер Валеры Сімяонаў упершыню на высокім узроўні агучыў інфармацыю пра тое, што Кірыла (Гундзяева) называюць тытунёвым мітрапалітам Расеі, бо з 1996 году ён завёз на 14 мільярдаў даляраў безакцызных цыгарэт. Таксама віцэ-прэм’ер зазначыў раней паказаную ў мас-мэдыя раскошу, якая атачае кіраўніка Маскоўскага патрыярхату (асабісты самалёт, гадзіньнік за 30 тысячаў даляраў). Апроч таго, ён зьвярнуў увагу на тое, што Кірыл (Гундзяеў) — даведзены агент КДБ СССР з пазыўным «Міхайлаў»[54].

У 2018 годзе Нацыянальны архіў Латвіі апублікаваў засакрэчаныя дакумэнты КГБ Латвійскай ССР. У сьпісе завэрбаваных грамадзянаў знайшлі Аляксандра Кудрашова. Цяпер ён — кіраўнік Рыскай япархіі Расейскай праваслаўнай царквы (г.зв. «Латвійскай праваслаўнай царквы»). Высьветлілася, што Кудрашова ў 1982 годзе завэрбаваў супрацоўнік 5-га аддзелу 4-га аддзяленьня КГБ Латвійскай ССР Аляксандар Ішчанка, які надаў свайму агенту псэўданім «Чытач». У гэты час Кудрашоў працаваў бармэнам[55], аднак неўзабаве атрымаў сьвятарскае пасьвячэньне, а ў 1990 годзе ўзначаліў Рыскую япархію. У 1996 годзе Кудрашоў даручыў камэрцыйнай арганізацыі, створанай Ішчанкам у 1992 годзе, «кіраваць і атрымліваць прыбытак з жылых дамоў з гаспадарчымі пабудовамі, якія належаць Латвійскай праваслаўнай царкве»[56].

Сатанінскія дзеяньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

15 кастрычніка 2018 году ў зьвязку з наданьнем Украінскай праваслаўнай царкве аўтакефаліі Маскоўскі патрыярхат у аднабаковым парадку разарваў эўхарыстычныя дачыненьні з Канстантынопальскім патрыярхатам і фактычна выйшаў у схізму. Кіраўнік экзархату Канстантынопальскага патрыярхату ў Сідэ й Антальі зрабіў з гэтай прычыны наступную заяву[57]:

« Гэтыя іх дзеяньні даюць радасьць толькі антыхрысту, які змагаецца з Хрыстом і Яго Царквой. Усе разумныя людзі глыбока засмучаныя падобнымі сатанінскімі дзеяньнямі. »

Прыхоўваньне Крыжа Эўфрасіньні Полацкай[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Крыж Эўфрасіньні Полацкай

У 2020—2021 гадох зьявіліся сьведчаньні і аргумэнты за тое, што сьвятыня беларускага народу Крыж Эўфрасіньні Полацкай патаемна ад грамадзкасьці захоўваецца ў рызьніцы патрыярха маскоўскага Троіца-Сергіевай лаўры. Беларускі гісторык і археоляг Сяргей Тарасаў спасылаецца на атрыманую ў канцы 1990-х — пачатку 2000-х гадоў прыватную інфармацыю ад двух незнаёмых паміж сабой чалавек, зьвязаных з спэцслужбамі, паводле якіх маскоўскі патрыярх лічыць Крыж асабістай сьвятыняй і прыяжджае да яго маліцца. Паводле Сяргея Тарасава, пра гэта ведаюць герархі Беларускага экзархату і найвышэйшыя функцыянэры рэжыму Лукашэнкі, якія мелі магчымасьць пабачыць рэліквію на ўласныя вочы. Апроч таго, знаходжаньне Крыжа ў СССР па Другой сусьветнай вайне засьведчыў тагачасны кіраўнік БССР Панцеляймон Панамарэнка, а ў 1997 годзе Крыж як «дошку», што «зусім нядаўна паступіла зь дзяржаўнага музэю» ў Троіца-Сергіевую лаўру дакладна апісаў кіраўнік Беларускага экзархату Філарэт (Вахрамееў), які ўзяў зь яго часьцінку крыві Хрыста дзеля стварэньня копіі рэліквіі[58].

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ У заўвазе да гэтага артыкула зазначаецца: «У гэтым сэнсе Імпэратар у Акце аб спадкаемстве стальцу 5 красавіка 1797 г. называецца Кіраўніком Царквы» (рас. «В сем смысле Император в Акте о наследии престола 1797 г. апр. 5 именуется Главою Церкви»)
  2. ^ Ліст, скіраваны ў верасьні 1944 году на месцы за подпісам начальніка 2-га ўпраўленьня НКВД СССР Фядотава і кіраўніка пятага аддзелу 2-га ўпраўленьня Карпава
  3. ^ Цытаты паводле ўкраінскага гісторыка Паўла Штэпы

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж Мицик Ю. Московський Патріархат // Енциклопедія історії України : у 10 т. / редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. ; Інститут історії України НАН України. — К.: Наук. думка, 2010. — Т. 7 : Мл — О. С. 87.
  2. ^ а б У Вселенському Патріархаті заявили, що не давали Томосу Російській Церкві (укр.). Релігійно-Інформаційна Служба УкраїниПраверана 2018-09-20 г.
  3. ^ Статут РПЦ. Глава 1
  4. ^ а б Віряни УПЦ МП перед вибором: схизма разом з РПЦ або єдність зі вселенським православ'ям, — Євстратій Зоря, LB.ua, 15.10.2018.
  5. ^ а б Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. — Буэнос-Айрес, 1966. — Минск: Белорусский Экзархат Русской Православной Церкви, 1990. С. 116.
  6. ^ Остапенко А. В. Етнічні фактори у процесах формування білоруського народу та нації : автореф. дис. … д-ра іст. наук : [спец.] 07.00.05 «Етнологія» / Остапенко Анатолій Володимирович ; Київський нац. ун-т ім. Тараса Шевченка. — Захищена 26.04.2021. — Київ, 2021. С. 164—165.
  7. ^ Прот. Владислав Цыпин. Ведомство православного исповедания // Православная энциклопедия. Т. VII. — М. : Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2004. С. 369.
  8. ^ а б Одинцов М.И. Русские патриархи ХХ века. М.: Изд-во РАГС, 1994. С. 290 [1].
  9. ^ а б Хоменко С., Денисов М. Константинополь: Московского патриархата на Украине больше нет, Расейская служба BBC, 2 лістапада 2018 г.
  10. ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. — Буэнос-Айрес, 1966. — Минск: Белорусский Экзархат Русской Православной Церкви, 1990. С. 88.
  11. ^ Liungman C. G. Symbols — Encyclopedia of Western Signs and Ideograms. Ionfox AB. — HME Publishing, 2004. P. 140. ISBN 978-91-972705-0-2.
  12. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 142.
  13. ^ Белы А. Крыж Еўфрасінні Полацкай // Наша Слова. № 29 (817) 1 жніўня 2007 г.
  14. ^ Shpakovsky V., Nicolle D. Armies of Ivan the Terrible: Russian Troops 1505-1700. — Osprey Publishing, 2006. — P. 23. — ISBN 978-1-84176-925-7.
  15. ^ Щербаківський В. Чи трираменний хрест із скісним підніжком – національний хрест України? // Визвольний шлях. — 1952, листопад. — Ч. 11 (62). С. 33—34.
  16. ^ Саган О. Вселенське православ'я. Суть. Історія. Сучасні реалії. — Київ. Світ знань. 2004. С. 486.
  17. ^ Сідарэвіч А. Па ўсіх канонах: чаму аўтакефалію дае канстанцінопальскі патрыярх // Наша гісторыя. № 4, 2018. С. 37.
  18. ^ Сідарэвіч А. Ці адарве Масква Беларусь ад Праваслаўя?, Радыё Свабода, 12 кастрычніка 2018 г.
  19. ^ Нуруллаев А. А. Нуруллаев А. Ал. Религия и политика. — М., 2006. С. 299.
  20. ^ Изотова О., Касперович Г., Гурко А., Бондарчик А. Кто живет в Беларуси. — Минск: «Беларуская навука», 2012. С. 740
  21. ^ Русский крест: символика православного надглавного креста. — Москва, 2006. С. 147.
  22. ^ Гнідець Р. Св. Хрест, його форма та різновиди в Україні // Греко-Католицька Традиція №9 (193), вересень 2013 р.
  23. ^ Патріархат-рейдер [2] // Український тиждень, № 6 (171), 11.02.2011
  24. ^ Мицик Ю., Солодкий П. Історія і сучасність українського православ'я, Українська Правда, 25.07.2013.
  25. ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. — Буэнос-Айрес, 1966. — Минск: Белорусский Экзархат Русской Православной Церкви, 1990. С. 209.
  26. ^ Шэйкін Г. Сінод // ЭГБ. — Мн.: 2001 Т. 6. Кн. 1. С. 301—302.
  27. ^ Рубльова Н. С. Синод // Енциклопедія історії України: Т. 9. Прил — С / Редкол.: В. А. Смолій (голова) та ін. НАН України. Інститут історії України. — К.: В-во «Наукова думка», 2012. С. 565.
  28. ^ Тіхон. Патрыярх Маскоўскі і усяе Русі. Пісьмо Патрыярха Тіхона Старшыне Рады Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі. / Клаўдзі Дуж-Душэўскі // Беларускі сьцяг : часопіс. — Коўна: Урад БНР, 1922. — № 1 красавік—травень. — С. 27, 28.
  29. ^ Як патрыярх Маскоўскі блаславіў Беларускую Народную Рэспубліку // Наша Ніва, 14 сакавіка 2018 г.
  30. ^ Послание заместителя патриаршего местоблюстителя, Митрополита Нижегородского Сергия (Страгородского) и временного при нем Патриаршего Священного Синода («Декларация» Митрополита Сергия). 1927 г.
  31. ^ Послание Архиерейского Синода Русской Зарубежной Церкви боголюбивой пастве о преодолении духовного разделения в Русской Православной Церкви
  32. ^ Ostling R. Cross Meets Kremlin // Time. June 24, 2001.
  33. ^ Московський патріархат створювали агенти НКВС, — свідчать розсекречені СБУ документи. Еспресо TVПраверана 11 сьнежня 2017 г. г.
  34. ^ Лисовой Н. Н. Русская Церковь и Патриархаты Востока. Три церковно-политические утопии XX века. // Религии мира. История и современность. — М., «Наука», 2002. С. 151.
  35. ^ Кандидат богословия игумен ИННОКЕНТИЙ ПАВЛОВ: «Католические миссионеры ни за кем не гоняются, но если люди понимают, что истинная Церковь — это Церковь Католическая, они должны быть приняты туда
  36. ^ Мітрапаліт Павел ня мае і ня будзе атрымліваць беларускага грамадзянства, хоць абавязаны, Радыё Свабода, 7 кастрычніка 2016 г.
  37. ^ Постановления Освященного Архиерейского Собора Русской Православной Церкви (29 ноября ― 2 декабря 2017 года), Официальный сайт Московского патриархата
  38. ^ Патрыярх Кірыл не асудзіў вайну ва Ўкраіне і заявіў, што яна ідзе таму, што ў Данбасе ня хочуць гей-парадаў, Радыё Свабода, 7 сакавіка 2022 г.
  39. ^ Патрыярх РПЦ Кірыл перадаў кіраўніку Расгвардыі абраз, а той прызнаў, што ва Ўкраіне ў іх «ўсё ідзе ня так хутка, як хацелася б», Радыё Свабода, 14 сакавіка 2022 г.
  40. ^ РПЦ у Амстэрдаме першай з заходніх цэркваў заявіла аб разрыве з Маскоўскім патрыярхатам праз вайну ва Ўкраіне, Радыё Свабода, 14 сакавіка 2022 г.
  41. ^ а б в Как устроена Русская православная церковь  (рас.)
  42. ^ Solovieff V. La Russia et l'Eglise Universelle. — Stock, 1885.
  43. ^ Штепа П. Московство його походження, зміст, форми й історична тяглість. Видання четверте. — Дрогобич–Львів, 2013.
  44. ^ Правілы жыцьця Кастуся Каліноўскага, Радыё Свабода, 23 лістапада 2014 г.
  45. ^ Парашэнка — прадстаўнікам РПЦ ва Украіне: Вам няма чаго тут рабіць. Дадому, у Расію! // Наша Ніва, 7 лістапада 2018 г.
  46. ^ Сідарэвіч А. Беларусь, Літва і Ўкраіна — ня вотчыны РПЦ, Царква, 8 верасьня 2011 г.
  47. ^ Канфлікты і рознагалосьсі паміж праваслаўнымі цэрквамі, Радыё Свабода, 31 студзеня 2004 г.
  48. ^ Канстанцінопаль скасаваў указ 1686 года аб падпарадкаванні Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату // Наша Ніва, 11 кастрычніка 2018 г.
  49. ^ Рішення Синоду: Українська церква отримає томос, Українська правда, 11.10.2018.
  50. ^ Сяргей Абламейка. Беларускі архіяпіскап: Адсутнасьць у Беларусі аўтакефаліі парушае апостальскія каноны // Радыё «Свабода», 14 верасьня 2018 г. Архіўная копія ад 14 верасьня 2018 г. Праверана 25 кастрычніка 2018 г.
  51. ^ Абламейка С. Праваслаўныя беларусы — народ без сваёй царквы, Радыё Свабода, 1 кастрычніка 2018 г.
  52. ^ Щербина С., Лєліч М. Патріарх Філарет: Ми готові прийняти всіх архієреїв УПЦ МП в нову помісну церкву, РБК-Україна, 17.09.2018.
  53. ^ «ΠΡΟΣΦΩΝΗΣΗ ΤΟΥ ΑΡΧΙΕΠΙΣΚΟΠΟΥ ΚΥΠΡΟΥ ΚΥΡΙΟΥ ΚΥΡΙΟΥ ΧΡΥΣΟΣΤΟΜΟΥ ΣΤΗΝ ΑΓΙΑ ΚΑΙ ΜΕΓΑΛΗ ΣΥΝΟΔΟ» Праверана 24 червня 2016 г. Архіўная копія ад 24-06-2016 г.  (грэцк.)
  54. ^ Гезгала С. Віцэ-прэм'ер Балгарыі: І патрыярх Кірыл, гэты агент КГБ «Міхайлаў», мае нахабства вучыць нас «ісціне»? // Наша Ніва, 9 сакавіка 2018 г.
  55. ^ Архив Латвии опубликовал данные агентов КГБ. На спецслужбу работал действующий глава рижской епархии РПЦ Александр (Кудряшов). ДОКУМЕНТ, ЦЕНЗОР.НЕТ, 21 сьнежня 2018 г.
  56. ^ Латвія адкрыла архівы КГБ: праваслаўны мітрапаліт быў агентам і даручыў кіраваць маёмасцю царквы свайму куратару, Наша Ніва, 21 сьнежня 2018 г.
  57. ^ Канстанцінопальскі мітрапаліт назваў дзеянні РПЦ сатанінскімі, Наша Ніва, 6 лістапада 2018 г.
  58. ^ «Патрыярх лічыць яго асабістай святыняй і прыязджае да яго маліцца». Дзе знаходзіцца Крыж Ефрасінні Полацкай?, Наша Ніва, 9 чэрвеня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]