Расьціслаў Глебавіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Расьціслаў Глебавіч
князь
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся невядома
Памёр 1165,
Нашчадкі Глеб Расьціславіч[d]
Дынастыя Рурыкавічы[d] і Глябовічы[d]
Бацька Глеб Усяславіч
Маці Настасься Яраполкаўна[d]

Расьцісла́ў Гле́бавіч (1090-я — пасьля 1161/1162), князь менскі (1140-я — 1151; 1158—1161/1162), князь полацкі з 1151 па 1158 год. Сын менскага князя Глеба Ўсяслававіча. Вёў барацьбу за ўстанаўленьне дамінуючага становішча Менску ў Полацкай зямлі. Жанаты на Сафіі Яраслаўне, сястры Юрыя Яраслававіча Тураўскага.

У 1151 годзе ў выніку змовы палачан супраць Рагвалода-Васіля Расьціслаў заняў полацкую пасаду, а Рагвалод-Васіль быў зьняволены ў менскай турме. Менск быў перададзены ў валоданьне Расьціслававага брата Валадара Глебавіча. 23 кастрычніка 1157 году была выдадзена замуж за караля Даніі Вальдэмара I Расьціславава пляменьніца Сафія Валадараўна. Відаць гэта было вынікам нейкага Расьціслававага пагадненьня заключанага паміж Полацкай зямлёй і Даніяй.

У 1158 годзе быў вымушаны вызваліць Рагвалода-Васіля, які хутка захапіў Друцак выгнаўшы адтуль сына Расьціслава — Глеба. Расьціслаў разам з Валадар наладзіў выправу на Друцак, але ня здолеўшы захапіць яго браты склалі мір з Рагалодам-Васілём. У тым жа 1158 годзе палачане склалі змову супраць Расьціслава, нават хацелі забіць яго, але ён быў папярэджаны сваім «дзецкім» — малодшым дружыньнікам. Расьціслаў быў вымушаны пайсьці з Полацку ў Менск, але па дарозе моцна парабаваў полацкія воласьці. Полацкім князем з 8 ліпеня 1158 году зноў стаў Рагвалод-Васіль, які ў хаўрусе з смаленскімі князямі выступіў супраць Глебавічаў. Забраўшы ў іх Ізяслаўль і перадаўшы яго сваім хаўрусьнікам Давыдавічам, пратрымаўшы ў безвыніковай 10-дзённай аблозе Менск заключыў з Расьціславам мір. Валадар жа не заключаў міру з Рагвалодам-Васілём, бо ў гэты час «ходяше под Литвою в лесех» — недзе ў Менскім княстве на памежжы зь літоўцамі.

У 1159 годзе Глебавічы вярнулі сабе Ізяслаўль захапіўшы Давыдавічаў — Брачыслава і Валодшу, пасадзіўшы іх у менскую турму. У выніку гэтага ў 1160 годзе Рагвалод-Васіль наладзіў новую выправу на Менск — Давыдавічы былі вызваленыя і ім быў вернуты Ізяслаўль.

У 1161 годзе Рагвалод-Васіль па нейкіх прычынах зноў ваяваў з Глебавічамі, але безвынікова. У гэтым жа годзе Расьціслаў памёр, менскім князем стаў Валадар.

Нашчадкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Глеб
  • Сьвятаслаў ? — магчыма тоесны з Глебам, калі так, то магчыма ў Расьціслава быў адзіны вядомы нам сын — Сьвятаслаў-Глеб.
Папярэднік
Рагвалод III Васіль
Полацкі князь
1151—1158
Наступнік
Рагвалод III Васіль

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]