Раён
Раё́н — адзін з двух відаў адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу ў мовах пэўных постсавецкіх дзяржаваў: адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка або пэўная частка гораду.
Зьмест |
Апісаньне[рэдагаваць]
Раён у якасьці адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі існуе ў Азэрбайджане, Беларусі, Грузіі, Латвіі, Малдове, Расеі і Украіне. Панятак раён быў утвораны ад слова францускага паходжаньня і ў якасьці адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ўведзены Савецкай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1923–1929 гадоў, якая замяніла былыя воласьці і паветы Расейскай Імпэрыі на раёны.
Звычайна раён — адзінка, на два крокі ніжэйшая за нацыянальны ўзровень. Ён можа быць падпарадкаванай часткай наступных адзінак:
- вобласьці, вялікага гораду (у Беларусі);
- вобласьці, краю, рэспублікі, аўтаномнага округа альбо вялікага гораду (у Расеі);
- невялікай рэспублікі СССР, вобласьці, краю, рэспублікі або вялікага гораду буйной ССР (у былым Савецкім Саюзе);
- вобласьці, вялікага гораду, або Аўтаномнай рэспублікі Крым (ва Ўкраіне).
Звычайна раёны маюць пэўную ступень самакіраваньня ў форме публічнага выбраньня адміністрацыі раёну (райсавету) і мясцовага кіраўніка адміністрацыі, які часам выбіраецца, а часам прызначаецца.
Раёны ў Беларусі[рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Раёны Беларусі
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны раён[рэдагаваць]
Падзел на раёны ў Беларусі застаўся ад распаду СССР. Раён зьяўляецца адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай вобласьці.
Станам на 1 студзеня 2000 году ў Беларусі налічвалася 118 сельскіх раёнаў.
Гарадзкі раён[рэдагаваць]
У буйных гарадох уводзіцца адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на раёны. Кожны раён мае сваё раённае самакіраваньне. На раёны падзяляюцца ўсе абласныя цэнтры краіны і места Бабруйск.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Менску быў уведзены ў 1938 годзе і на наяўны момант налічваецца 9 адміністрацыйных раёнаў гораду.
Станам на 1 студзеня 2004 году ў Беларусі налічвалася 24 гарадзкіх раёнаў.[1]
Цікавая інфармацыя[рэдагаваць]
- Найбольшая колькасьць раёнаў у Менскай вобласьці — 22.
- Найменшая колькасьць раёнаў у Берасьцейскай вобласьці — 16.
- У Беларусі маецца 10 раёнаў, у склад якіх уваходзяць два места: Бярозаўскі, Жыткавіцкі, Івацэвіцкі, Камянецкі, Койданаўскі, Лідзкі, Лунінецкі, Мёрскі, Столінскі, Чашніцкі.
- Самая доўгая назва раёну Беларусі — Верхнядзьвінскі (15 літараў).
- Самая кароткая назва раёну Беларусі — Глускі, Ельскі, Лідзкі, Мёрскі, Пінскі, Слуцкі і Ўшацкі (па 6 літараў).
- Найбольшы па плошчы раён — Столінскі (3 342,06 км²)
- Найменшы па плошчы раён — Жабінкаўскі (684,17 км²)
- Найбольшы па насельніцтву раён — Барысаўскі (2009 год — 187,6 тыс.)
- Найменшы па насельніцтву раён — Краснапольскі (2009 год — 11,1 тыс.)
- У Ігуменскім раёне мястэчка Сьмілавічы адначасова зьяўляецца адміністрацыйным цэнтрам і пасялковага і сельскага саветаў.
Крыніцы[рэдагаваць]
- ^ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 2004. — 760 с.: іл. ISBN 985-11-0295-4 (т. 18. Кн. 2), ISBN 985-11-0310-1. Старонка 724