Робэрт Льюіс Стывэнсан
| Робэрт Льюіс Стывэнсан | |
| Robert Louis Stevenson | |
| Асабістыя зьвесткі | |
|---|---|
| Імя пры нараджэньні | Robert Lewis Balfour Stevenson |
| Нарадзіўся | 13 лістапада 1850 |
| Памёр | 3 сьнежня 1894 |
| Грамадзянства | Вялікабрытанія |
| Літаратурная дзейнасьць | |
| Род дзейнасьці | пісьменьнік, паэт |
| Гады творчасьці | 1866—1894 |
| Жанр | нэарамантызм |
| Дэбют | «Дзіўная гісторыя доктара Джэкіла і містэра Гайда» |
| Творы на сайце Knihi.com | |
Ро́бэрт Лью́іс Сты́вэнсан (па-ангельску: Robert Louis Stevenson, пачаткова Robert Lewis Balfour Stevenson, нар. 13 лістапада 1850 года ў Эдынбургу, пам. 3 сьнежня 1894 года ў Ваіліма, Самоа) — шатляндзкі пісьменьнік і паэт, галоўны прадстаўнік нэарамантызму ў ангельскай літаратуры. Аўтар вядомых прыгодніцкіх раманаў.
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Стывэнсан нарадзіўся ў Эдынбургу (Шатляндыя). Яго бацька, Томас Стывэнсан, і дзядуля, Робэрт Стывэнсан, былі архітэктарамі і інжынэрамі марскіх маякоў. Маці будучага паэта звалі Маргарэт Бэлфур. Пад час хрышчэньня атрымаў імя Робэрт Льюіс Бэлфур. Ад нараджэньня хлопчык меў слабае здароў’е, ён хварэў складанай формай сухотаў. У зімку ён праводзіў дні разам з сядзелкай, якая чытала яму Біблію. Улетку, Робэрта так сама абмяжоўвалі ў гульнях на адкрытым паветры. Бацька марыў што Робэрт будзе займацца радзіннай справай, тым больш што хлопчык меў здольнасьці да тэхнікі. Аднак пасьля школы малады чалавек, паступіўшы ў Эдынбурскі ўнівэрсытэт дзе вырашыў вучыцца на юрыдычным факультэце (скончыў у 1875 годзе). Атрымаўшы адвакацкі дыплём, Стывэнсан не працаваў па спэцыяльнасьці з-за здароў’я, а так сама з-за першых посьпехаў як пісьменьнік. Ва ўзросьце 18 гадоў Робэрт адмовіўся ад часткі «Бэлфур» у сваім імені, а ў слове «Льюіс» зьмяніў спосаб напісаньня з «Lewis» на «Louis», што не зьмяніла вымаўленьня.
У 1873—1879 г.г. Стывэнсан жыў пераважна ва Францыі, дзе пазнаёміўся са шматлікімі францускімі мастакамі. У гэтыя гады ён зьдзейсьціў падарожжы па Францыі, Нямеччыне і сваёй Шатляндыі, вынікам якіх сталі дзьве кнігі «Падарожжа унутры краіны» (Іn Inland Voyage, 1878 год) і «Вандроўка аслом у Чэвэне» (Travels with a Donkey in the Cevennes, 1879). У францускай вёсцы Гроз, пісьменьнік пазнаёміўся з Фаньні Осбарн, амэрыканкай, якая была старэйшая за яго на дзесяць гадоў. Пасьля таго, як яна разьвялася з мужам яна з трыма дзецьмі жыла ў Эўропе. Стывэнсан закахаўся і, пасьля таго, як развод быў аформлены, 19 траўня 1880 года яны ажаніліся ў Сан-Францыска. Іх сумеснае жыцьцё суправаджалася бесперапынным клопатам Фаньні пра здароў’е мужа. Стывэн пасябраваў зь яе дзецьмі і, празь некаторы час, пасынак Сэмюэль Осбарн, стаў сааўтарам трох яго кнігаў[1].
Практычна ўсё сваё наступнае жыцьцё Стывэнсан правёў у падарожжах, шукаючы лепшага клімату для свайго здароў’я. Ён наведаў Швайцарыю, поўдзень Францыі, Борнмут (Ангельшчына) а, у 1887—1888 г.г. жыў у Саранак-Лэйк, штат Нью-Ёрк. Турбуючыся пра сваё здароў’е, а так сама жадаючы набыць больш матэрыялаў для сваіх твораў, Стывэнсан, разам з жонкай, маці і пасынкам, на яхце адправіўся ў паўднёвую частку Ціхага акіяна. Разам яны наведалі Маркіскія астравы, Туамоту, Таіці, Гаваі, Мікранэзію і Аўстралію, набылі участак зямлі на Самоа, вырашыўшы тут застацца на працяглы час. Свой новы маёнтак, Стывэнсан назваў «Ваіліма» (Пяцірэчча). Пісьменьнік зблізіўся з мясцовым насельніцтвам. Да гэтага пэрыяду жыцьця адносіцца яго твор «Восем гадоў у небясьпецы на Самоа» (A Footnote to History: Eight Years of Trouble in Samoa, 1893 год). Клімат выспы спрыяў здароў’ю Стывэнсана, аднак ён памёр 3 сьнежня 1894 года ад інсульту ў сваім маёнтку Ваіліма.
Творчасьць [рэдагаваць]
Яго першая кніга «Пэнтландскае паўстаньне», выйшла ў сьвет у 1866 годзе. Сусьветную вядомасьць Робэрт Стывэнсан атрымаў пасьля выхаду ў сьвет прыгодніцкага рамана «Выспа скарбаў» (Treasure Island) у 1883 годзе. Пасьля гэтага былі выданы гісторыка-прыгодніцкія раманы «Прынц Ота» (Prince Otto, 1885 год), «Выкрадзены» (Kidnapped, 1886 год), «Чорная страла» (The Black Arrow, 1888 год), «Уладар Балантрэ» (The Master of Ballantrae, 1889 год), «Катрыёна» (Catriona, 1893 год), «Сент-Іў» (St. Ives), які быў скончаны толькі пасьля сьмерці аўтара. Апошні раман Стывэнсана «Уір Гермістан» (Weir of Hermiston), застаўся няскончаным. Акрамя гэтага Стывэнсан займаўся і напісаньнем вершаў, выдаўшы зборнікі вершаў «Дзіцячы кветнік вершаў» (1885 год) і «Баляды» (1890 год)[2].
На беларускую мову ў 1947 годзе быў перакладзены твор Стывэнсана «Чортава бутэлька», пераклад Баляслава Грабінскага і Вітаўта Тумаша[3].
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Біяграфія Стывэнсана на fantlab.ru
- ^ Біяграфія Стывэнсана на www.peoples.ru
- ^ Мікола Панькоў. Хроніка беларускага жыцьця на чужыне (1945—1984). — Мн., 2001.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Робэрт Льюіс Стывэнсан — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў