Робэрт Рос

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Робэрт Балдуін Рос
Robert Baldwin Ross
Robert Ross (1869-1918) nel 1911 in una foto di Elliott and Fry.JPG
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 25 траўня 1869
Тур, Францыя
Памёр 5 кастрычніка 1918
Лёндан
Грамадзянства Канада, Вялікабрытанія
Бацькі Q3182382
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці літаратурны крытык

Робэрт Болдўін Рос (па-ангельску: Robert Baldwin "Robbie" Ross; 25 траўня 1869, Тур, Францыя — 5 кастрычніка 1918, Лёндан) — журналіст і мастацкі крытык канадзкага паходжаньня, блізкі сябра Оскара Ўайлда.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бацька, Джон Рос, нарадзіўся ў Ірляндыі, большую частку жыцьця правёў у Канадзе, дзе стаў юрыстам і генэральным пракурорам у 1853 годзе, а ў 18531862 гадах быў прэзыдэнтам чыгуначнай кампаніі «Grand Trunk Railway». Маці Роса, Аўгуста Элізабэт Болдўін, была дачкою канадкага віцэ-прэм’ера Робэрта Болдўіна. У Робэрта было дзьве сястры і двое братоў. Пачатковую адукацыю Рос атрымаў у прэстыжнай школе Сэндрайд у Сурэі, дзе выявіў сябе здольным вучнем, асабліва ў галіне антычнай літаратуры і мастацтва. Лічыцца, што тамака ён атрымаў першы гомасэксуальны вопыт. У 13 гадоў яго прынялі на клясычнае аддзяленьне ў Грыфтан-коледж, аднак маці вырашыла, што сын занадта слабы для таго, каб вучыцца ў школе, а таму наступныя два гады ён правучыўся дома. Брат Алек, які на той момант ужо скончыў Кембрыдж, пачаў уводзіць Робэрта ў літаратурныя колы Лёндану. Прыкладна ў гэты час Рос пазнаёміўся з Оскарам Ўайлдам, аднак абставіны іх знаёмства невядомыя.

Хутка пасьля знаёмства 17-гадовы Робэрт спакусіў Ўайлда, але сэксуальная сувязь іх цягнулася вельмі нядоўга. У 1888 годзе Робэрт быў прыняты ў кембрыдзкі Кінгс-коледж. Адным з выкладчыкаў гісторыі там быў Оскар Браўнінг, які пасьля шмат дапамагаў Росу. Аднакурснікі не любілі Роса, магчыма, празь яго паводзіны і сьмелыя артыкулы ва ўнівэрсытэцкім часопісе. У сакавіку 1889 году група з шасьці чалавек напала на Роса і скінула яго ў фантан у двары коледжа. У Роса здарыўся нэрвовы крызыс (асабліва калі ён даведаўся, што крыўдзіцелі ня будуць пакараныя), і сям’я забрала яго дадому. У выніку ён вырашыў пакінуць унівэрсытэт.

Робэрт Рос у 24 гады.

У той жа час у сям’і заўважылі гомасэксуальнасьць Робэрта і вырашылі адаслаць яго далей ад спакусаў Лёндану. Рос зьехаў у Эдынбург, дзе працаваў у часопісе «Шкоцкі назіральнік» (Scott Observer). Прыкладна тады ж Рос напісаў апавяданьне «Як мы згубілі Кнігу Яшэр» (How we Lost the Book of Jasher), адно з тых нешматлікіх апавяданьняў, якія ён напісаў за сваё жыцьцё.

Разам з Морам Эйдзі Рос напісаў прадмову да перавыданьня рамана «Мэльмат-вандроўнік» Чарлза Мэт'юрына і адаслаў гэтую прадмову вядомаму і ўплывоваму крытыку Эдмунду Госу, жадаючы зьвярнуць на сябе ўвагу. Празь некаторы час Гос стаў добрым сябрам Роса. Апроч гэтага, Рос пазнаёміўся з Обры Бэрдсьлі і Ўільямам Ратэнштайнам, зь якімі таксама досыць шмат стасаваўся.

Калі ў 1895 годзе Оскар Ўайлд падаў у суд на маркіза Куінсбэры, бацьку Альфрэда Дугласа, Робэрт Рос спрабаваў яго адгаварыць ад гэтае задумы. Пасьля арышту пісьменьніка менавіта Рос забраў зь яго дома некаторыя рэчы Ўайлда, частку рукапісаў і прыватных папераў (каб апошнія не зьявіліся ў судзе як кампрамат). Пасьля шматлікіх настойлівых просьбаў маці Рос пакінуў Ангельшчыну і пасяліўся ў Кале, адкуль сачыў за далейшаю хадой падзеяў з газэт. 25 траўня Ўайлду быў вынесены прысуд, у той жа дзень Робэрт даведаўся пра сьмерць жонкі свайго брата Джэка і вярнуўся ў Ангельшчыну. Рос наведваў Ўайлда ў вязьніцы і дапамагаў яму ўладкаваць фінансавыя праблемы.

У 1897 годзе Оскара Ўайлда выпусьцілі з турмы, і ён паехаў у Францыю, дзе яго чакаў Рос. Цягам некалькіх першых месяцаў Ўайлд нават не загаворваў пра Дугласа, але празь некаторы час стала відавочна, што сустрэча непазьбежная. Незважаючы на ўсе аргумэнты сяброў, у верасьні Ўайлд зьехаў да Дугласа ў Нэапаль, што вымусіла Роса ледзь ня першы раз у жыцьці страціць сваю стрыманасьць і закідаць Ўайлда раззлаванымі лістамі. Памірыліся яны толькі празь некалькі месяцаў.

У гэты час рэзка пагоршылася здароўе яшчэ аднаго сябра Роса — Обры Бэрдслі, які быў хворы на сухоты. Хутка пасьля яго сьмерці Рос напісаў яму панэгірык, які ўвайшоў у выданьне камэдыі Бэна Джонсана «Вальпонэ» з малюнкамі Бэрдслі, выпушчанае Леанардам Сьмітэрсам. У траўні Рос дапамог маці і сястры Бэрдслі арганізаваць памінальную імшу ў езуіцкай капэле і аплаціў палову выдаткаў за яе.

У кастрычніку 1900 году Оскар Ўайлд моцна захварэў і папрасіў Роса прыехаць. Разам з Рэджыналдам Тэрнэрам Рос заставаўся з Ўайлдам да самое сьмерці, знайшоў сьвятара, які, згодна з жаданьнем пісьменьніка, ахрысьціў яго і памазаў, а пасьля сьмерці Ўайлда заняўся разьвязваньнем усіх фінансавых праблемаў, арганізацыяй пахаваньня і адказамі на лісты са спачуваньнямі. На пахаваньні Ўайлда Рос абмяняўся з Дугласам, які не наведаў пісьменьніка ў часе хваробы, але ўзяў на сябе ролю галоўнага плакальшчыка, некалькімі рэзкімі фразамі.

Пасьля вяртаньня ў Лёндан Рос атрымаў месца адміністратара ў галерэі «Карфакс» і ўзяўся за гэтую справу разам з Морам Эйдзі. Менавіта ў гэтай галерэі адбылася выстава сатырычных малюнкаў Макса Бірбама. Апроч гэтага, Рос займаўся літаратурнай спадчынай Ўайлда, афіцыйна аформіўшыся павернікам пісьменьніка. Настроены Рос быў рашуча: ён верыў у тое, што з часам творчасьць Ўайлда зойме вартае месца ў літаратуры і на сцэне, і тады ўсе прыбыткі будуць атрымліваць сыны пісьменьніка — Сырыл і Вівіян Голанды. Хутка Рос зрабіўся значнай асобай у сьвеце мастцтва. У 1903 годзе ў «Карфаксе» прайшла вальмі пасьпяховая выстава Роджэра Фрая, крытыка і мастака, пасьля чаго «Карфакс» атрымаў рэпутацыю рэспэктабельнага месца, якое пастаянна наведвалі знаўцы мастацтва.

У наступныя гады Рос шчыльна займаўся праблемамі літаратурнай спадчыны Ўайлда. У 1905 годзе ў Дрэздэне адбылася прэм’ера славутай опэры «Салямэя» Рыхарда Штраўса, у 1906 годзе было ануляванае банкруцтва Ўайлда, і ўвесь прыбытак ад аўтарскіх правоў пачалі атрымліваць Сырыл і Вівіян, у 1908 годзе дзякуючы Росу пачаў выдавацца 12-томнік твораў Ўайлда, а парэшткі самога пісьменьніка былі перавезеныя на могілкі Пер-Лашэз. Помнік Рос замовіў скульптару Джэйкабу Эпштэйну. 1908 год скончыўся трыюмфам Роса: 1 сьнежня ў лёнданскім гатэлі «Рытц» сабралося больш за сто пяцьдзясят гасьцей, каб падзякаваць Росу за ўсю яго працу над рэабілітацыяй рэпутацыі Ўайлда як выбітнага пісьменьніка.

Першая кніга Робэрта Роса выйшла ў 1909 годзе, была прысьвечаная Обры Бэрдслі і так і называлася — «Обры Бэрдслі» (Aubrey Beardsley). У верасьні таго ж году выйшла яшчэ адна кніга, «Маскі і фазы» (Masques and Phases) — зборнік эсэ, артыкулаў і кароткіх апавяданьняў (адзін з артыкулаў кнігі зноў жа прысьвечаны творчасьці Бэрдслі і мае падзагаловак «Погляд у мінулае»).

У пачатку 1910-х гадоў Рос прайшоў праз шэраг судовых працэсаў. Ініцыятарам некаторых зь іх выступіў Альфрэд Дуглас: ён падаваў у суд на біёграфа Ўайлда Рэнсама, які выкарыстаў у сваіх працах тэкст «De Profundis», а таксама на Роса, абвінаваціўшы яго ў гомасэксуальных сувязях. Першую справу Дуглас прайграў, другая была закрытая, як і справа Крослэнда, які абвінавачваў Роса ў злосным перасьледзе (Рос да гэтага падаваў у суд на Дугласа і Крослэнда за паклёп). За Роса заступаліся Гэрбэрт Ўэлз, Вівіян Голанд, Эдмунд Гос.

Апошнія гады жыцьця Роса зьвязаныя з паэтам Зыгфрыдам Сасунам. Рос ставіўся да Сасуна як апякун — падтрымліваў яго маральна, даваў прыстанак, уводзіў у літаратурныя колы і знаёміў зь пісьменьнікамі (у прыватнасьці, з Гэрбэртам Ўэлзам і Арналдам Бэнэтам). Сасун шмат напісаў пра Роса ў сваёй аўтабіяграфіі «Падарожжа Зыгфрыда» (Siegfried’s Journey, 1945).

У пачатку 1918 году Рос захварэў; 5 кастрычніка ён вярнуўся пасьля абеду зь сябрамі і сказаў, што ў яго баліць у грудзях і што ён крыху адпачне. Калі прыйшлі клікаць яго да вячэры, ён быў мёртвы. Прычынай сьмерці стала страта прытомнасьці, выкліканая хранічным бранхітам і гастрытам. У адпаведнасьці з тэстамэнтам ён быў крэміраваны, а урна зь яго прахам была ў 1950 годзе дастаўленая ў Парыж і зьмешчаная ў спэцыяльным паглыбленьні ў помніку Оскару Ўайлду — ужо замаўляючы помнік Эпштэйну, Рос вырашыў, што яго прах будзе ляжаць побач з прахам сябра.

Зыгфрыд Сасун у вышэйзгаданай аўтабіяграфіі напісаў: «Адпачываючы перад вячэрай, ён памёр — у яго спынілася сэрца. І, думаю, да месца будзе сказаць, што гэта быў адзіны выпадак, калі сэрца яго падвяло».

Пераклады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]