Ружаны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Ружаны
Палац Сапегаў
Палац Сапегаў
BIA Różana COA.png
Герб Ружанаў
Першыя згадкі: 1552
Магдэбурскае права: 20 чэрвеня 1637
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Пружанскі
Пасялковы савет: Ружанскі
Насельніцтва: 3153 чал. (2009)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 1632
Паштовы індэкс: 225154[2]
СААТА: 1256555000
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 52°52′ пн. ш. 24°54′ у. д. / 52.867° пн. ш. 24.9° у. д. / 52.867; 24.9Каардынаты: 52°52′ пн. ш. 24°54′ у. д. / 52.867° пн. ш. 24.9° у. д. / 52.867; 24.9
Ружаны на мапе Беларусі ±
Ружаны
Ружаны
Ружаны
Ружаны
Ружаны
Ружаны
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
Неафіцыйны сайт

Ружа́ны — мястэчка ў Беларусі, на рацэ Ружанка. Цэнтар пассавету Пружанскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Знаходзяцца за 45 км на паўночны ўсход ад Пружанаў, за 130 км ад Берасьця, за 38 км ад чыгуначнай станцыі Івацэвічы (лінія Баранавічы — Берасьце); на скрыжаваньні аўтамабільных дарог Пружаны — Слонім і Ваўкавыск — Косава. Насельніцтва 3153 тыс. чал. (2009).

Ружаны — магдэбурскае мястэчка гістарычнай Слонімшчыны, колішняя рэзыдэнцыя магнацкага роду Сапегаў. Да нашага часу тут захаваліся руіны палацавага комплексу, вядзецца ягоная рэстаўрацыя.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Існуе некалькі вэрсіяў датычна паходжаньня тапоніму «Ружаны». Паводле першай зь іх, якой прытрымліваецца большасьць гісторыкаў, мястэчка атрымала сваю назву ў гонар ружы — кветкі, якая асабліва шануецца хрысьціянамі.

Згодна з другой вэрсіяй назва паселішча пайшла ад словаў «рог», «раздарожжа», што сьведчыла пра ягонае аддаленае разьмяшчэньне.

Таксама існуе легенда, паводле якой назву мястэчку даў ягоны ўладар ў гонар сваіх улюбёных дачок — Ружы і Ганны[3].

У мінулыя часы паселішча называлася Ражаная, Ражана, Ружана.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб мястэчка

XVI стагодзьдзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўспамін пра Ружаны (Ражаная) датаваны 1552. Мясьціна ўваходзіла ў склад Слонімскага павету Наваградзкага ваяводзтва і знаходзілася ў валоданьні Тышкевічаў. Праз паселішча праходзіла так званая Вітаўтава дарога, што злучала Воршу зь Люблінам. Пазьней гэтая дарога завецца «гасьцінцам вялікім»[4].

З ускосных зьвестак вынікае, што ўжо ў XVI стагодзьдзі тут існавала вялікая жыдоўская грамада[5].

У 1598 канцлер Леў Сапега набыў Ружаны з суседнімі фальваркамі за 30 000 коп ад Барташа Брухнальскага, каб уладкаваць тут адну з галоўных рэзыдэнцыяў роду.

XVII стагодзьдзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

20 чэрвеня 1637 кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў Ружанам Магдэбурскае права і герб: «у срэбным полі вянок чырвоных руж, у цэнтры — постаць сьв. Казімера з крыжам і лілеяй у руках»[6]. Новыя ўласьнікі збудавалі свой замак на ўзгорку каля мястэчка. Ужо ў 1644 року падканцлер Казімер Леў Сапега прымаў у ім караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазу, у гонар чаго паставілі памятную шыльду. За часамі Трынаццацігадовай вайны (16541667) у 1655 Віленская капітула, ратуючыся ад маскоўскіх захопнікаў, зьмясьціла ў палацы мошчы сьв. Казімера — нябёснага заступніка Вялікага Княства Літоўскага.

Станам на 1687 у Ружанах было 427 будынкаў і 2 рынкі; царква, касьцёл зь невялікім шпіталём, базыльянскі манастыр, кляштары дамініканцаў і кармэлітаў (1617, у 1850 разбураны), базыльянская школа, кафельны і цагляны заводы.

У вайну шляхты з Сапегамі ў 1698 мястэчка значна пацярпела.

Крывавая абмова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Ружанская крывавая абмова

За некалькі дзён да Пасхі 1657 року ў жыдоўскім квартале быў знойдзены труп хрысьціянскага дзіцяці. Як сьцьвярджала абвінавачаньне, хлопчык стаў «ахвярай прагі жыдоў да крыві».

Намагаючыся спыніць хваляваньні, Сапегі паабяцалі, што падазраваныя будуць аддадзеныя пад суд. Тым ня меней, самасуд усё ж адбыўся, паводле аднае вэрсіі, з-за невыкананьня Сапегам абяцаньня, а паводле другое — падчас ягонай адсутнасьці ў мястэчку. У 1659 на сьвята Рош Га-Шана хрысьціянскія насельнікі атакавалі жыдоў падчас малітвы ў сынагозе і запатрабавалі выдаць двух ганаровых чальцоў суполкі. Былі выбраныя рэб Ізраэль, сын Шалома, і рэб Тобія, сын Ёсэфа. На наступны дзень яны былі забітыя, іхняя магіла знаходзіцца на ружанскіх могілках. Жыды-ўраджэнцы Ружанаў адзначаюць іхнюю памяць да гэтага часу запальваньнем зьнічак на другі дзень Рош Га-Шаны[7].

XVIII стагодзьдзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Паўночную вайну 1700—1721 мястэчка ізноў разбуранае, пацярпеў у тым ліку і палац Сапегаў. У 1706 року ў Ружанах спыняўся Карл XII.

За Аляксандрам Міхалам Сапегам мястэчка стала асяродкам вялікасьвецкага жыцьця для ўсіх вакольных земляў. Для замежных гасьцей, якія праяжджалі праз Ружаны ў Пецярбург і назад, ладзіліся шыкоўныя балі, салюты, фаервэркі. Архітэктар Ян Самуэль Бэкер разбудаваў Ружанскі палац у позьнебарокавым стылі. Цягам 17651791 тут дзейнічаў адзін з найслыньнейшых тэатраў Літвы, таксама працавалі паперня, скураная і палатняная мануфактуры, карэтная фабрыка, вырабляліся дываны. 3 разы на год ладзіліся кірмашы. У 1784 канцлер Аляксандар Міхал Сапега прымаў у палацы караля і вялікага князя Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Ружаны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабіліся цэнтрам воласьці Слонімскага павету Слонімскай, з 1797 Літоўскай, урэшце з 1801 — Гарадзенскай губэрняў.

XIX стагодзьдзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1812 року францускія войскі разрабавалі і спустошылі мястэчка.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1831 расейскія ўлады канфіскавалі ў Сапегаў ружанскія ўладаньні (у тым ліку ўнікальную бібліятэку і архіў), а ў 1834 разьмясьцілі ў палацы ткацкае прадпрыемства.

За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1863 каля Ружанаў адбыўся бой з расейскімі карнікамі. У 1875 року ў мястэчку ўсчаўся пажар, які доўжыўся пяць гадзін і зьнішчыў у тым ліку жыдоўскую сынагогу XVI стагодзьдзя[5].

У XIX ст. у мястэчку працавалі 2 гарбарныя заводы, палатняная і 3 суконныя фабрыкі, 2 вадзяныя млыны; 2 праваслаўныя царквы, школа, касьцёл. Станам на 1897 тут было 769 дамоў, 5 дробных прадпрыемстваў, народная вучэльня.

XX стагодзьдзе[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Станам на 1910 у Ружанах дзейнічала Талмуд Тора, у 1914 было 26 прадпрыемстваў.

У Першую сусьветную вайну ў жніўні 1914 пажар зьнішчыў галоўны корпус палаца.

У студзені 1919 мястэчка на некалькі дзён занялі бальшавікі. 29 студзеня 1919 Ружаны з рук бальшавікоў адбіў Віленскі аддзел Польскага войска пад камандаю ротмістра Ўладыслава Дамброўскага[8]. 7 чэрвеня 1919 мястэчка ўвайшло ў склад Берасьцейскай акругі Грамадзянскай управы Ўсходніх земляў — часовай польскай адміністрацыйнай адзінкі[9]. У 1920—1921 дзейнічаў лягер для інтэрнаваных №18, дзе знаходзіліся жаўнеры 3 Данскога казацкага палку і цывільныя асобы (850—900 чалавек). Пасьля пераводу інтэрнаваных у Остраў-Камарова лягер быў зачынены[10].

Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Ружаны апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіліся цэнтрам гміны Косаўскага павету Палескага ваяводзтва.

У 1939 Ружаны ўвайшлі ў БССР, дзе 15 студзеня 1940 атрымалі афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і зрабіліся цэнтрам раёну1962 у Пружанскім раёне). У 1940 678 дамоў, працавалі электрастанцыя, 2 прадзільныя фабрыкі, 2 гарбарныя кустарныя прадпрыемствы, 6 лесазаводаў, 4 млыны, 4 цагельныя, 2 бэтонныя, 2 шкіпінарныя заводы, 2 фабрыкі калёснай мазі, кустарная вытворчасьць глінянага і драўлянага посуду. 2 школы, клюб, амбуляторыя, аптэка, кінатэатар, лазьня, пошта, тэлеграф.

У Другую сусьветную вайну з 23 чэрвеня 1941 да 13 ліпеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Тут было створанае гета, насельнікі якога пасьля былі зьнішчаныя ў лягеры сьмерці Трэблінка. У 1944 пажар зьнішчыў будынкі тэатру і манэжу палацавага комплексу.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1801 — 3,4 тыс. чал.; 1830 — 884 муж., зь іх шляхты 10, духоўнага стану 6, мяшчанаў-юдэяў 581, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 285, жабракоў 2[11]; 1888 — 2767 чал. (1398 муж. і 1369 жан.), у тым ліку 1895 юдэяў[12]; 1897 — 5016 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1914 — 6815 чал., зь іх 44% пісьменных; 1921 — 3622 чал.; 1940 — 4250 чал.; 1959 — 2875 чал.; 1999 — 3,7 тыс. чал.[13]
  • XXI стагодзьдзе: 2003 — 3,4 тыс. чал.; 2005 — 3326 чал.; 2006 — 3,3 тыс. чал.; 2008 — 3,3 тыс. чал.; 2009 — 3153 чал.[1]

Адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Ружанах працуюць сярэдняя, музычная і дзіцяча-юнацкая спартовая школы, 2 дашкольныя ўстановы.

Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мэдычныя паслугі надае местачковая лякарня.

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнічаюць дом культуры, 2 бібліятэкі.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай і паліўнай прамысловасьці. Лідэры: мэблевая фабрыка, вытворча-харчовы завод, вытворча-гандлёвы камбінат.

Ружаны — традыцыйны цэнтар ганчарнага рамяства, гэтак званай «ружанскай керамікі».

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Панарама палаца Сапегаў
Панарама палаца Сапегаў

Ружаны — цэнтар турызму дзяржаўнага значэньня. Празь мястэчка праходзяць турыстычна-экскурсійныя маршруты «На радзіму Тадэвуша Касьцюшкі», «Архіпэляг Сапегаў», «Сядзібы, палацы, замкі», «Старонкі каменнага летапісу» і інш.[14] Спыніцца можна ў гатэлі «Ружанскі» (вул. Леніна, 1).

Выдатныя мясьціны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Кляштар кармэлітаў (1617)

Вуліцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьпіс вуліцаў Ружанаў: Зялёная, Зарэчная, Кірава, Дудзінскага, Леніна, Набярэжная, Лугавая, Камсамольская, Сонечная, Калініна, Інтэрнацыянальная, Палявая, Чырвонаармейская, Чкалава, Савецкая, 1 Траўня, Я. Коласа, Горкага, Шпітальная, Пушкіна, Урбановіча, Піянэрская, Пружанская, Дзяржынскага, Садовая, К. Марача, Я. Купалы, Сьвярдлова, Някрасава, Косаўская.

Завулкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьпіс завулкаў Ружанаў: Кірава, Сонечны, Інтэрнацыянальны, 1-ы Леніна, Чырвонаармейскі, Горкага, Урбановіча, Піянэрскі, К. Марача.

Плошчы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьпіс плошчаў Ружанаў: 17 Верасьня.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вядомыя ўраджэнцы і жыхары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Перепись населения — 2009. Брестская область.(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Почтовые отделения по населенному пункту Ружаны(рас.) Пружанский район. БелпоштаПраверана 28 кастрычніка 2011 г.
  3. ^ Руслан Ананьеў. Ружаны: скарбы старыя і новыя // «Народная газета» № 139—140 (4263—4264), 23 чэрвеня 2006.
  4. ^ Первые владельцы местечка «Рожаная»(рас.) Всё о Ружанах Праверана 29 лютага 2012 г.
  5. ^ а б Sokolovsky M. History of the City of Ruzhany // [1] / Edited by: Meir Sokolowsky. — Tel Aviv: 1957. — С. 7.
  6. ^ Ружаны // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.
  7. ^ Ruzhany According to the Jewish Encyclopedia // [2] / Edited by: M. Sokolowsky. — Tel Aviv: 1957. — С. 8-9.|загаловак = |фармат = |назва праекту = |выдавец = |дата = 6 траўня 2012|мова = |камэнтар = }}
  8. ^ Lech Wyszczelski. Wojna polsko-rosyjska 1919—1920. Wyd. 1. — Warszawa: Bellona, 2010. ISBN 978-83-11-11934-5. — S. 52—53.
  9. ^ Dz. Urz. ZCZW z 1919 r. Nr 5, poz. 41.
  10. ^ История Ружан (XX в.). 1900—1938 гг.(рас.) Всё о Ружанах Праверана 29 лютага 2012 г.
  11. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 414.
  12. ^ Różana // Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў(пол.). Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888. S. 852.
  13. ^ Міхась Клімец. Ружаны // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 129.
  14. ^ Ружаны // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.
  15. ^ Эйзенштадт, Израиль Товия(рас.) Еврейская энциклопедия Брокгауза и Ефрона. Викитека. Праверана 12 сакавіка 2012 г.
  16. ^ Well-known Emigres and Descendants of Ruzhany(анг.) JewishGen Праверана 12 сакавіка 2012 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Ружанысховішча мультымэдыйных матэрыялаў