Рыгор Паляма

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рыгор Паляма

Рыгор Паляма (па-грэцку: Gregorios Palamas; 1296, Канстантынопаль — 14 лістапада 1359, Салёнікі) — бізантыйскі багаслоў і царкоўны дзяяч, прылічаны да сьвятых праваслаўнай царквой (1368).

Рыгор Паляма быў прыхільнікам і сыстэматызатарам містычнага вучэньня ісыхазму, якому даў філязофскае афармленьне. У палеміцы з прадстаўнікамі тэалягічнага рацыяналізму (Варлам Калабрыйскі, Рыгор Акіндзін, Нікіфар Грыгара) адстойваў тэзу, паводле якой аскет-ісыхаст у стане экстазу непасрэдна ўспрымае нятворанае і нярэчыўнае выпраменьваньне Бога (г.зв. «Фаворскае сьвятло», якое, паводле Эвангельля, бачылі апосталы на гары Фавор). Адмяжоўваючыся ад пантэізму, разьвіў у духу ідэалістычнай дыялектыкі Арыстотэля вучэньне пра адрозьненьне сутнасьці Бога і яго «энэргіяў», або самапраяўленьняў:

« ...сутнасьць знаходзіцца ў сабе і недаступная, «энэргіі» праймаюць сьвет і пераходзяць на чалавека, але такім спосабам, што «простасьць» і непадзельнасьць Боства пры гэтым не парушаюцца і адзінства сутнасьці застаецца адзінствам у шматвобразнасьці «энэргіяў» »

Пасьля доўгай барацьбы гэтае вучэньне было ў 1351 г. прызнана афіцыйнай дактрынай бізантыйскае царквы. Антрапалёгія Рыгора Паламы, падпарадкаваная практычным мэтам аскетычнай працы над сабою, уключае складаныя псыхалягічныя назіраньні. Ідэал Рыгора Паламы — такое «прасьвятленьне» духу, якое распаўсюдзілася бы й на цела: паводле яго поглядаў, чалавечы дух богападобны менавіта ў сілу сваёй здольнасьці «жыватварыць» цела, у адрозненьне ад бесьцялеснага духу анёлаў. Рыгор Паляма аказаў моцны ўплыў на традыцыю позьнебізантыйскае містыкі.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Patrologia cursus completas, series graeca, accur. J. P. Migne. t. 150, P., 1865 (руск.пер.: Три творения. Новгород, 1895);
  • Памятники византийской литературы 9—14 вв., М., 1969. С. 366—374.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Меуendorff J. Saint Grégoire Palamas et la mystique orthodoxe, P., 1959;
  • Кривошеин В. Аскетическое и богословское учение св. Григория Паламы // Seminarium Kondakovianum VIII. Praha, 1936, s. 99—154.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рыгор Палямасховішча мультымэдыйных матэрыялаў