Рыская аўтобусная фабрыка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Ры́ская Аўто́бусная Фа́брыка, РАФ (па-латыску Rīgas Autobusu Fabrika, скарочана RAF, па-расейску: Рижская Автомобильная Фабрика) — былая аўтамабільная фабрыка, якая знаходзілася ў латвійскім горадзе Елґава.

Завод РАФ быў адзіным у СССР вытворцам мікрааўтобусаў. Аўтобусы РАФ выкарыстоўваліся толькі дзяржавай, часьцей за ўсё як аўтамабілі хуткай дапамогі або таксоўкі, і не адпускаліся прыватным асобам. Адзінае выключэньне рабілася для сем’яў, што мелі 5 і болей дзяцей.

Фабрыка пачала сваё існаваньне ў 1949 годзе, калі на базе рыскай аўтарамонтнай фабрыкі №2 быў створаны завод для вытворчасьці аўтобусных кузаваў. У 1955 годзе яе перайменавалі ў Рыскі вопытны аўтобусны завод, прадукцыя якога атрымала абрэвіятуру РАФ.

Першай уласнай прадукцыяй завода РАФ стаў 22-мясцовы мікрааўтобус РАФ 251, які ўсталёўваўся на шасі ГАЗ-51. У 1958 годзе на аснове аґрэґатаў «ГАЗ-21 Волга» пачаўся выраб РАФ 977. Плянавалася, што будуць вырабляцца яго пасажырская, грузавая і спэцыяльная мадыфікацыі. Першая партыя 1-тонных фурґонаў была вырабленая ў 1962 годзе на мадэрнізаваных шасі 977Д. Аднак, з-за недастаткова вялікай вытворчай магутнасьці завода выраб мадэлі перанесьлі на Ерэванскі ЕрАЗ.

У 1976 годзе быў скончаны новы завод у Елґаве, разьлічаны на выпуск 17 000 самаходаў штогод. Пачаўся выраб мікрааўтобусаў РАФ 2203 на базе «Волгі» ГАЗ-24.

Напачатку 1990-х гадоў, РАФ 2203 цалкам састарэў і завод пачаў распрацоўку новай мадэлі. Першапачаткова меркавалася вырабляць новы РАФ «Roksana», створаны сумесна з брытанскай фірмай IAD. Мадэль пасьпяхова выстаўлялася на разнастайных аўтасалёнах, аднак ніколі не пайшла далей за прататып. Такі ж самы лёс чакаў і пярэднепрывадны мікрааўтобус «Stils».

У выніку распаду СССР, завод згубіў усе свае лініі паставак і рынкі збыту. Вытворчасьць падала з кожным годам. Інвэстыцыйная прапанова паступіла ад расейскага ГАЗа, аднак яна была адхіленая латыскім урадам, які бачыў у расейскім капітале пагрозу незалежнасьці Латвіі і, акрамя таго, болей спадзяваўся на заходніх інвэстараў. Аднак, хаця нямецкія, японскія, і карэйскія аўтамабільныя кампаніі і паказалі свой інтарэс да завода, усе яны ўрэшце рэшт палічылі такую магчымасьць занадта рызыкоўнай: лякальны рынак быў занадта маленькім, каб пачынаць вялікую вытворчасьць, а пэрспэктыўны расейскі быў амаль цалкам зачынены з-за складаных палітычных адносінаў Расеі і Латвіі.

У 1997 годзе з канвэеру сышла апошняя партыя 13-мясцовых РАФ-22039. Па іроніі лёсу, апошнім самаходам былога ґіґанта стаў РАФ-3311, прызначаны для перавозкі трупаў.

У 1998 годзе завод быў абвешчаны банкрутам і падзелены на некалькі дробных кампаніяў, каторыя доўгі час судзіліся за маёмасьць завода. Болей за ўсё пашанцавала RAF Avia, якая атрымала самалёты завода і стала пасьпяхова ўжываць іх для чартэрных рэйсаў.