Рыю Аві Віла-ду-Кондзі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рыю Аві
Поўная назва Rio Ave Futebol Clube
Заснаваны 1939
Горад Віла-ду-Кондзі, Партугалія
Стадыён Рыю Аві
Умяшчальнасьць: 12 815
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Прымэйра-Ліга
 · 2022—2023 12 месца
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
rioavefc.pt (парт.)

«Рыю Аві» (па-партугальску: Rio Ave) — партугальскі футбольны клюб з гораду Віла-ду-Кондзі. Заснаваны ў 1939 годзе. Сваю кар’еру ў клюбе ў свой час пачыналі такія вядомыя партугальскія футбалісты, як то Алфрэду Каштру, Паўліньню Сантуш, Кім Вітарыну, Руй Жоржы і Фабію Куэнтран. Таксама праз клюб прайшлі такія таленавітыя замежнікі, як то Ян Облак і Эдэрсан.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Рыю Аві» быў заснаваны ў 1939 годзе купай зь пяці чалавек і неўзабаве атрымаў мянушку Раю Грандзі, што перакладаецца як «Вялікая рака». Свой першы матч дружына правяла 6 траўня 1939 году ў Бэйрышы, дзе саступіла мясцовай камандзе зь лікам 2:1. На пачатку 1940 году «Рыю Аві» набыў уласны стадыён Эштадыю да Авэніда, на якім каманда гуляла да 1984 году. Дружына з прадмесьця Порту доўгі час брала ўдзел у рэгіянальных спаборніцтвах, а таксама ў найніжэйшых лігах чэмпіянату Партугаліі. Упершыню «Рыю Аві» згуляў у Прымэйра-Лізе ў сэзоне 1979—1980 гадоў, але дэбют быў змрочаны стратай камандай месца ў лізе. Аднак, клюб хутка вярнуўся ў найвышэйшую лігу, дзе правёў амаль дзесяцігодзьдзе. У 1980-я гады галоўным дасягеньнем было 5 месца ў сэзоне 1981—1982 гадоў, калі каманду ачольваў Фэлікс Маўрыньню, бацька Жузэ Маўрыньню. Таксама каманда прасунулася да фіналу Кубка Партугаліі ў 1984 годзе, але атрымала паразу зь лікам 4:1[1].

У пачатку 1990-х галоўным трэнэрам быў Аўгушту Інасію, які раней быў футбалістам «Спортынгу», «Порту» і нацыянальнай зборнай Партугаліі, але празь некалькі гадоў працы ён сышоў працаваць асыстэнтам трэнэр у «Порту». Вяртаньне каманды да Прымэйры адбылося толькі ў сэзоне 1996—1997 гадоў. Клюб некаторы час вагаўся паміж двума дывізіёнамі, а трывала замацаваўся ў найвышэйшай лізе толькі ў 2008 годзе, стаўшы моцным серадняком.

У 2013—2014 гадах клюб дакрочыў да фіналаў абодвух партугальскіх кубкаў (Кубка Партугаліі і Кубка партугальскае лігі), але абодва разы атрымаў паразу ад «Бэнфікі», якая ў той сэзон здабыла яшчэ і чэмпіёнскі тытул. Трэнаваў тады каманду выбітны партугальскі трэнэр Нуну Эшпірыту Санту. Дзякуючы памянёнаму раскладу «Рыю Аві» ўпершыню ў сваёй гісторыі кваліфікаваліся ў эўрапейскія турніры, уласна ў Лігу Эўропы[2]. Пасьля посьпехаў Санту пакінуў клюб, ачоліўшы гішпанскую «Валенсію». З новым галоўным трэнэрам Пэдру Мартыншам «Рыю Аві» пракрочыла праз кваліфікацыю Лігі Эўропы, выбіўшы швэдзкія клюбы «Гётэборг» і «Эльфсборг», далучыўшыся да групавога этапу. Каманда не дала рады і прагуляўшы ўсе гульні ў гасьцях, а таксама прагуляўшы дома ўкраінскаму «Дынама», скончыла эўрасэзон на апошнім чацьвертым месцы ў групе.

Пад кіраўніцтвам трэнэра Мігела Кардозу «Рыю Аві» фінішавала на пятым месцы ў сэзоне 2017—2018 гадоў[3]. У 2019 годзе да каманды далучыўся іранскі галеадор Мэгдзі Тарэмі, які дапамог паўтарыць вынік нядаўняга сэзону. Каманда скончыла сэзон на пятым месьце, а Тарэмі поруч з двума гульцамі «Бэнфікі» з 18 галамі стаў найлепшым бамбардзірам лігі. Неўзабаве клюб не ўтрымаўся ў найвышэйшым дывізіёне і перайшоў да Лігі 2, але хутка вярнуўся да эліты.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ da Silva Campos, António (25.06.2017). «Felix [sic Mourinho deixou-nos um legado eterno»]. Rio Ave F.C.
  2. ^ «First-timers Rio Ave out to finish off IFK». UEFA.
  3. ^ «Nantes hire coach Miguel Cardoso to replace Claudio Ranieri». ESPN.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]