Рэпрэсіі ў БССР

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Курапацкі лес — адно з найвядомейшых месцаў пахаваньня ахвяраў рэпрэсіяў у БССР.
Emblem of the Byelorussian SSR.svg

Рэпрэсіі ў БССР — неабгрунтаванае прыцягненьне да крымінальнай адказнасьці за дзяржаўныя (г.зв. «контррэвалюцыйныя») злачынствы, а таксама высылка — накіраваньне на спэцпасяленьні за межы БССР судовымі або пазасудовымі органамі па палітычных, сацыяльных, нацыянальных, рэлігійных і іншых матывах. Пачаліся ў 1917 року, сыстэматычны характар набылі ў 1930, найбольшы размах мелі ў 19371938, спыніліся разам са сьмерцю Сталіна ў 1953.

Дакладную лічбу рэпрэсаваных, як і падрабязныя сьведчаньні савецкіх злачынстваў, у наш час высьветліць немагчыма з тае прычыны, што архівы КДБ дагэтуль закрытыя для дасьледнікаў[1].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

30 студзеня 1930 г. Палітбюро Цэнтральнага камітэту Ўсерасейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) ухваліла «абсалютна тэрарыстычны дакумэнт»[2] — зусім таемную Пастанову аб захадах па ліквідаваньні кулацкіх гаспадарак у раёнах суцэльнай калектывізацыі, што прадугледжвала: а) адбор на карысьць калгасаў у 3-5% сялянскіх гаспадарак зь ліку найбагацейшых кулакоў сродкаў вытворчасьці, быдла, гаспадарчых пабудоваў, жытла, перапрацоўчых прадпрыемстваў, кармоў і насеньня; б) перасяленьне кулакоў разам зь сем'ямі па-за межы калгасаў малымі пасёлкамі пад кіраўніцтвам адмысловых камітэтаў (тройка) і ўпаўнаважаных, прызначаных раённымі выканаўчымі камітэтамі; в) зьняволеньне за 4 месяцы (люты-травень) сіламі Аб'яднанага дзяржаўнага палітычнага ўпраўленьня (АДПУ) ў канцэнтрацыйныя лягеры 60 тыс. кулакоў разам зь сем'ямі, у тым ліку 4-5 тыс. зь Беларускай ССР; г) высылку за 4 месяцы сіламі АДПУ ў неабжытыя акругі Паўночнага краю (70 тыс. сем'яў), Сыбіры (50 тыс. сем'яў), Уралу (20-25 тыс. сем'яў) і Казахстану (20-25 тыс. сем'яў) 150 тыс. кулакоў разам зь сем'ямі, у тым ліку 6-7 тыс. з БССР, пры расьсяленьні малымі пасёлкамі пад кіраўніцтвам прызначаных камэндантаў; д) забарону найму кулакоў на прамысловыя прадпрыемствы; е) закрыцьцё цэркваў[3].

На думку беларускага дасьледніка Л. Маракова, у 1930-я на Сталіна працавалі сакрэтныя інстытуты НКВД, якія пралічылі значны патэнцыял у геапалітычным становішчы Беларусі. Для таго, каб беларусы ніколі не атрымалі незалежнасьць ад Расеі, яны сыстэматычна вынішчалі інтэлектуальны генафонд нацыі. Як адзначае Л. Маракоў: «Зьмянілася ўжо некалькі пакаленьняў, а нам усё ніяк не атрымоўваецца аднавіць згубленае. Усё таму, што мы — дзеці горшых, лепшых выразалі»[1].

Колькасьць ахвяраў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле няпоўных падлікаў (многія дакумэнты не захаваліся) ахвярамі палітычных рэпрэсіяў у Беларусі у 19171953 сталі каля 600 тыс. чал.[4][5], згодна зь іншымі зьвесткамі — ня менш за 1 млн 400 тыс. чал.[6], зь іх 250 тыс. асуджаныя судовымі ці пакараныя рашэньнямі пазасудовых органаў («двоек», «троек», асобых нарадаў, калегіяў АДПУ, НКУС, Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі (МДБ)). Акрамя асуджаных у 19201930-я, рэпрэсавана і выслана за межы БССР больш за 250 тыс. «раскулачаных» сялянаў і чальцоў іх сем’яў. У 19171953 да найвышэйшай меры пакараньня (расстрэлу) прысуджаныя 358 686 чалавек.

Усяго з 1954 да пачатку 2000 року ў Беларусі рэабілітавана больш за 200 тыс. ахвяраў палітычных рэпрэсіяў[4].

Наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Навука[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад рэпрэсіяў 1930-х пацярпелі 26 акадэмікаў і 6 чальцоў-карэспандэнтаў Беларускай акадэміі навук. З 139 асьпірантаў, якія былі ў 1934, засталося толькі шасьць чалавек. Дасьледаваньні ў галіне гуманітарных навук практычна спыніліся[7].

Гістарыяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1930-я савецкія ўлады фізычна і духоўна зьнішчылі 32 менскія гісторыкі, іх працы выдалілі з навуковых бібліятэк. Увогуле, была поўнасьцю зьніштожаная беларуская гістарычная школа[8].

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 540—570 літаратараў, якія друкаваліся ў Беларусі ў 1920—1930-я гады XX стагодзьдзя было рэпрэсавана ня менш за 440—460 (80%), у тым ліку Тодар Кляшторны, Андрэй Мрый ды мноства іншых вядомых аўтараў. Калі улічваць аўтараў, вымушаных зьехаць з радзімы, то рэпрэсіям падвергліся ня менш за 500 (90%), чвэртка усёй колькасьці літаратараў (2000), рэпрэсаваных у СССР[9].

Тым часам, паводле падлікаў У. Маракова, ва Ўкраіне колькасьць рэпрэсаваных літаратараў склала каля 35-40%, у Расеі — ня больш за 15%[1].

Мэдыцына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агулам пад рэпрэсіі трапіла 1520 пэрсаналіяў, зь іх каля 500 лекараў, больш за 200 мэдычных сясьцёр, блізу 600 вэтэрынарных працаўнікоў, некалькі соцень іх сваякоў і тых, хто праходзіў зь імі па адной супольнай справе[10].

Нацыянальны склад рэпрэсаваных: беларусы — 738, палякі — 331, габрэі — 203, расейцы — 168, украінцы — 25, латышы — 18, летувісы — 13, немцы — 9, чэхі, эстонцы — па 2 чалавекі, грузіны, вугорцы, казахі, малдаване, татары, французы, чувашы — па адным, нявызначаныя — 4[10].

У 1930-х адбыўся поўны заняпад сыстэмы мэдычнага абслугоўваньня насельніцтва БССР. На большасьць раённых лякарань прыходзіўся толькі адзін лекар. Кожны трэці-чацьверты лекарскі ўчастак быў ня толькі бяз доктара, але і бяз фэльчара, нават без акушэркі. Арышты праходзілі з такой хуткасьцю, што трыста выпускнікоў Менскага і Віцебскага мэдычных інстытутаў штогод не пасьпявалі займаць парожнія месцы. Аднак іх рыхтавалі найперш для адмысловых лякарань, клінік і санаторыяў, у якіх лекаваліся партыйныя бонзы і энкавэдысты[10].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Кастусь Лашкевич, Леонид Моряков (21.10.2010) Как в БССР уничтожали врачей и избавлялись от больных(рас.). TUT.BYПраверана 22 кастрычніка 2010 г.
  2. ^ Алег Дзярновіч. Рэпрэсіўнае заканадаўства БССР і РСФСР 1920-х - 1960-х гадоў // Рэабілітацыя / Алег Дзярновіч. — Менск: Athenaeum, 2001. — Т. ІІІ. — С. 14-19. — 178 с. — (Архіў найноўшае гісторыі). — 2000 ас. — ISBN 985-6374-12-x
  3. ^ Пастанова Палітбюро ЦК УКП(б) ад 30 студзеня 1930 г. аб захадах па ліквідаваньні кулацкіх гаспадарак у раёнах суцэльнай калектывізацыі // Рэабілітацыя / Алег Дзярновіч. — Менск: Athenaeum, 2001. — Т. ІІІ. — С. 62-69. — 178 с. — (Архіў найноўшае гісторыі). — 2000 ас. — ISBN 985-6374-12-x
  4. ^ а б В. Ф. Кушнер. Грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у 1920—1930-я гг. // Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 370.
  5. ^ 600 000 ахвяраў — прыблізная лічба: з І. Кузьняцовым гутарыць Руслан Равяка // Наша Ніва, 3 кастрычніка 1999.
  6. ^ І. Кузьняцоў. Рэпрэсіі супраць беларускай інтэлігенцыі і сялянства ў 1930—1940 гады. Лекцыя 2. // «Беларускі Калегіюм», 15 чэрвеня 2008.
  7. ^ В. Ф. Кушнер. Культурнае і духоўнае жыццё савецкай Беларусі. // Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005. С. 402.
  8. ^ Андрэй Катлярчук. Прадмова да «літоўскага» нумару // Arche №9, 2009.
  9. ^ Прадмова // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  10. ^ а б в …А медсястра ў вар’ятку ператварылася // Наша Ніва, 13 верасьня 2010

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн.1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 3. Кн. 2. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 4. — Мн:, 2007.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967: Энцыклапедычны даведнік: У 2 т. Т. 1. — Мн:, 2007.
  • Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967: Энцыклапедычны даведнік: У 2 т. Т. 2. — Мн:, 2007.
  • Гісторыя Беларусі (у кантэксце сусветных цывілізацый). Вучэбн. дапаможнік / В. І. Галубовіч, З. В. Шыбека, Д. М. Чаркасаў і інш.; Пад рэд. В. І. Галубовіча і Ю. М. Бохана. — Мн.: Экаперспектыва, 2005.— 584 с. ISBN 985-469-120-9.