Рэспубліка Комі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка
Рэспубліка Комі
комі. Коми Республика
рас.
Республика Коми
Coat of Arms of the Komi Republic.svg
Flag of Komi.svg
Герб Сьцяг
Гімн: «Ылын-ылын Войвылын»
Агульныя зьвесткі
Краіна Расея
Статус Рэспубліка
Уваходзіць у Паўночна-заходнюю фэдэральную акругу
Адміністрацыйны цэнтар Сыктыўкар
Найбуйнейшыя гарады Сыктыўкар, Варкута, Ухта
Дата ўтварэньня 26 сакавіка 1992
Кіраўнік Рэспублікі Вячаслаў Гайзэр
Афіцыйныя мовы расейская, комі-зыранская
Насельніцтва (2015)
864 424 (59-е месца)
Шчыльнасьць 2.07 чал/км² чал./км²
Нацыянальны склад расейцы- 65,1%, комі-зыране- 23,7%, украінцы- 4,2%, татары- 1,3%, беларусы- 1,0%
Плошча 416 774 км² (13-е месца)
Вышыня па-над узр. м.
 · найвышэйшы пункт

 1895 м
Комі ў складзе Расеі
Рэспубліка Комі на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас +4
Інтэрнэт-дамэн .ko
Код аўтам. нумароў 11
Афіцыйны сайт
Commons-logo.svg   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Рэспу́бліка Ко́мі (комі: Коми Республика, па-расейску: Республика Коми) — рэспубліка ў складзе Расейскае Фэдэрацыі і яе раўнапраўны суб’ект[1]. Знаходзіцца ў складзе Паўночна-Заходняе фэдэральнае акругі Расеі. Мяжуе з Архангельскай вобласьцю, Ненецкай АА, Ямала-Ненецкай АА, Ханты-Мансійскай АА, Пермскім краем і Кіраўскай вобласьцю. Сталіца — места Сыктыўкар (літаральна ў перакладзе з комі-зыранскай мовы — Сысольск, Места ракі Сысала).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Комі заселеная зь верхняга палеаліту. Да пачатку II тыс. н.э. завяршылася фармаваньне племяннога аб’яднаньня прамых продкаў сучасных комі (зыранаў), якія ў рускіх пісьмовых крыніцах XIXIV ст. згадваюцца як перм вычагодзкая. Яны займаліся пераважна паляўніцтвам і рыбалоўствам, а таксама лядна-агнявым земляробствам і жывёлагадоўляй; складваўся іх аселы побыт, узьнікалі рамесныя цэнтры. З распадам перабытнаабшчыннага ладу ў XI—XII ст. зараджаліся фэадальныя адносіны. У XII—XIV ст. перм вычагодзкая плаціла даніну Наўгародзкай Зямлі. У 1478 г. у выніку захопу Маскоўскай дзяржавай Наўгародзкіх земляў тэрыторыі, на якіх пражывалі зыране, апынуліся пад уладай маскоўскіх цароў[2].

У XVXVIII ст. праз Комі праходзілі гандлёвыя шляхі з Вяцка-Камскага басэйну ў Архангельск і ад Вялікага Усьцюгу ў Сыбір, у выніку заснаваны Усьць-Сысольск (цяпер места Сыктыўкар), Усьць-Вым і іншыя гандлёвыя цэнтры[2].

У XVIIXVIII ст. узьніклі саляварныя й гарнарудныя прадпрыемствы, нафтаперагонны завод (1745). У 1-й палове XIX ст. адбываліся масавыя выступленьні сялянаў супраць самавольства ўладаў і нацыянальнага прыгнёту. Пасьля рэформы 1861 г. узмацніліся працэсы разьвіцьця капіталістычных адносінаў, кансалідацыя комі ў нацыю. Вялікае месца ў гаспадарцы занялі лесараспрацоўкі, пашыралася адыходніцтва[2].

За часамі Расейскай імпэрыі сучасная тэрыторыя Комі ўваходзіла ў Архангелагародзкую губэрню ў якасьці трох паветаў — Яранскага, Сольвычагодзкага й Пячорскага паветаў. Напярэдадні Кастрычніцкае рэвалюцыі зямля комі была падзеленая паміж Архангельскай і часткова Валагодзкай, Вяцкай ды Пермскай губэрнямі.

22 жніўня 1921 году была ўтвораная АВ Комі (Зыранаў), якая падзялялася на 4 паветы: Сысольскі, Усьць-Вымскі, Усьць-Куломскі і Іжма-Пячорскі. У 1923 і 1929 гадох да аўтаномнае вобласьці былі далучаны адпаведна часткі Чардынскага павету Пермскае губэрні і Слудзкая воласьць разам зь сялом Усьць-Цыльма[2].

З 14 студзеня 1929 году па 5 сьнежня 1936 гады вобласьць уваходзіла ў Паўночны Край. 5 сьнежня 1936-га году вобласьць пераўтворана ў Комі Аўтаномную Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку і непасрэдна ўвайшла ў склад РСФСР як раўнапраўны яе суб’ект.

У 19301950-я Рэспубліка зьяўлялася адным з цэнтраў ГУЛАГу[2].

У верасьні 1990 г. Вярхоўны Савет Комі прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце. У 1991 г. уведзеная пасада прэзыдэнта[2]. 26 сакавіка 1992 году падпісаны новая фэдэратыўная дамова з Расейскай Фэдэрацыяй, Комі АССР пераўтвораная ў Рэспубліку Комі ў складзе Расейскае Фэдэрацыі.

Прырода[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рака Вым (Эмва)

Месьціцца на паўднёвым усходзе эўрапейскай часткі Расеі. Рэльеф пераважна раўнінны, слабахвалісты. З паўднёвага захаду на паўднёвы ўсход цягнецца Ціманскі краж (вышыня да 471 м., Чэтласкі Камень). На ўсходзе адгор’і Паўночнага, Прыпалярнага й Палярнага Ўралу (вышыня да 1895 м., г. На́гарадная). Паміж Ціманскім кражам і Ўральскімі гарамі Пячорская нізіна. Карысныя выкапні: буйныя запасы каменнага вугалю (Пячорскі вугальны басэйн), прыроднага газу й нафты (Ціманска-Пячорская нафтагазаносная правінцыя), баксытаў (Сярэднеціманская група радовішчаў), тытанавых рудаў, золата, фасфарытаў, марганцавых і полімэталёвых рудаў; ёсьць разнастайныя будаўнічыя матэрыялы[2].

Клімат на большай частцы рэспублікі ўмерана кантынэнтальны з працяглай і суровай зімой і кароткім, параўнальна цёплым летам. Кантынэнтальнасьць клімату павялічваецца з паўднёвага захаду на паўночны ўсход. Сярэдняя тэмпэратура студзеня ў Сыктыўкары -15,1 °C, ліпеня 16,6 °C, у Варкуце адпаведна -20,6 °C, і 12,4 °C. Ападкаў 500—700 мм, у гарах Уралу да 1500 мм за год. На поўнач і паўночны ўсход (пераважна за Палярным кругам) шматгадовая мерзлата[2].

Буйныя рэкі: Пячора з Усой і Іжмай, Вычэгда з Сысалай і Вым’ю, Мязень з Вашкай. Азёры — Ямвозера й Сындарскае.

7% тэрыторыі займаюць балоты. Пераважаюць падзолістыя глебы, паўночнай частцы — тундравыя; у поймах Пячоры й Вычэгды — поймавыя глебы, якія зьяўляюцца асновай для разьвіцьця сельскае гаспадаркі. Пад лесам каля 65% тэрыторыі, пераважна хваёвыя (хвоя, елка — 81% усіх лясоў), на поўдні трапляюцца лісьцевыя (бяроза, асіна); бліжэй да Ўралу кедравыя, піхтавыя й лістоўнічныя насаджэньні. Запасы драўніны каля 3 млрд. м³. На поўначы — тундра[2].

Шмат прамысловых зьвяроў: пясец, куніца, вавёрка, ліс, заяц, выдра; з птушак — цецярук, рабчык, глушэц, шэрая курапатка й інш. Рэкі багатыя каштоўнымі відамі рыб: сёмга, омуль, сіг, нельма й інш. Ёсьць Пячора-Ілыцкі запаведнік[2].

Культура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іван Куратаў(ru), паштовая марка СССР

Вытокі літаратуры Комі, якая разьвіваецца на комі-зыранскай і расейскай мовах, у багатым і разнастайным фальклёры. Казкі, эпічныя й лірычныя песьні, прыпеўкі, паданьні, галашэньні й іншыя творы вуснае народнае творчасьці пачалі зьбіраць і запісваць расейскія навукоўцы ў XIX ст. Першыя помнікі пісьменства Комі адносяцца да XIVXVI ст.

Заснавальнік пісьмовае літаратуры комі — паэт-дэмакрат XIX ст. Іван Куратаў(ru). Асноўныя жанры літаратуры — паэзія й драматургія — вызначыліся ў пачатку XX ст. У 1920-я г. плённа разьвівалася паэзія (Міхаіл Лебедзеў(ru), Васіль Лыткін(ru), Віктар Савін(ru), Веньямін Чысталёў(ru)). Каля вытокаў драматургіі творы Мікалая Папова(kv) (сацыяльна-бытавыя п’есы пра дарэвалюцыйнае жыцьцё вёскі), Міхаіла Лебедзева(ru) (аўтар першага на нацыянальнае мове драматычнага твора, вершавана-музыкальных камэдыяў подле фальклёрных матываў, твораў пра гістарычнае мінулае й сучаснасьць). Прадаўжальнікам традыцыяў у нацыянальнай мове стаў Мікалай Дзьяканаў(ru) (п’есы «Глыбокая запань», 1940, зь Сьцяпанам Ярмоліным(ru); «Вясельле з пасагам», пастаўлены ў 1940, Дзяржаўная прэмія СССР 1951; «Залаты мэдальён», 1971)[2]. Нарысы й апавяданьні пісаў Чысталёў.

У 1930—1950-я гады — пэрыяд станаўленьня тэматычна разнастайнай літаратуры. У 1934 г. створанае аддзяленьне Саюзу пісьменьнікаў рэспублікі Комі. Найбольшае разьвіцьцё атрымалі творы эпічнага жанру: аповесьці й раманы Ільлі Пысьціна(kv), Васіля Юхніна(ru), Якава Рочава(kv), Генадзя Фёдарава(kv). Традыцыі нацыянальнае літаратуры разьвіваліся ў гады Другой сусьветнай вайны (зборнікі паэзіі Івана Вавіліна(kv) «Ні кроку назад», 1942; «Савецкі воін», 1944)[2].

У пасьляваенны пэрыяд зьявіліся творы пра гістарычнае мінулае, пасьляваеннае адраджэньні: аповесьці Пысьціна «Франтавыя дні й ночы» (1946), Фёдарава «Ў дні вайны» (1952), раманы Юхніна «Ярка-чырвоная стужка» (1941, першы раман на мове комі), «Агні тундры» (ч. 1—3, 19491957), Рочава «Два таварышы» (1951), гістарычна-рэвалюцыйная раманы Фёдарава «На досьвітку», Бліскавіца (1982) і інш. Тэмы працоўнае клясы, урбанізацыі і інш. адлюстраваныя ў зборніках апавяданьняў і аповесьцяў «Дзе ты, горад?» (1971, Дзяржаўная прэмія Комі АССР 1972) Івана Торапава(ru), зборніку вершаў «Яснае рэха тайгі» (1970) і рамане «Чугра» (1981) Генадзя Юшкова(ru), паэтычных зборніках «Нарадзіўся я на Поўначы» (1960), «Блакітная тайга» (1972), «Сьнежная рэспубліка мая» (1977) Альбэрта Ванеева(ru)[2].

На беларускую мову перакладзеныя асобныя творы Куратава (перакладчык Мікола Аўрамчык)[2].

Музыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Музыка комі да 1917 г. існавала ў вуснай традыцыі. Музычны фальклёр уключае абрадавыя, працоўныя, сямейна-бытавыя, лірычныя, эпічныя, дзіцячыя песьні, баляды, прыпеўкі. Пашыраныя сольныя й харавыя сьпевы, звычайна 2—3-галосыя. Сярод народных інструмэнтаў: сігудэк (3-струнны смычковы й шчыпковы), чыпсаны й пэляны (дудкі, разнавіднасьць шматствольных флейтаў), этыка пэлян (берасьцяная дудка з падвойным язычком), сярган (бразготка), тотшкэдчан (калатушка) і інш., а таксама расейская балалайка й гармонік[2].

На аснове музычнага фальклёру напісаныя нацыянальныя творы: музычная драма «Усьць-Куломскае паўстаньне» Аляксандра Варанцова (1942), «Юбілейная кантата» Сяргея Кандрацьева(ru) (1946), опэры «Навальніца над Усьць-Куломам» Г. Дзехцярова (1960), «Домна Калікава» Б. Архімандрытава (1967), «На Ілычы» Якава Перапяліцы (1971); балет «Лясны чалавек» (1961), апэрэта «Песьні да зорак» (1963) Перапяліцы й інш[2].

Дзейнічаюць: Рэспубліканскі музычны тэатар (з 1958), філярмонія (з 1939), Дзяржаўны ансамбль песьні й танца «Ранішні досьвітак» (з 1939); музычная вучэльня (Сыктыўкар), музычныя школы. У 1978 годзе створаны Саюз кампазытараў Комі[2].

Адміністрацыйнае дзяленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У нашыя часы рэспубліка Комі падзяляецца на 4 мескія акругі (Сыктыўкар, Інта, Ухта, Усінск, Варкута) і 15 раёнаў.

Нумар раёну на мапе Назва Назва ў арыґінале
1 Сыктыўкар Сыктывкар, Сыктывкар
2 Варкута Воркута, Вöркута
3 Інта Инта, Инта
4 Усінск Усинск, Ускар
5 Ухта Ухта, Уква
6 Муніцыпальны раён Вуктыл Муниципальный район Вуктыл, Вуктыл район
7 Іжэмскі муніцыпальны раён Ижемский муниципальный район, Изьва район
8 Княжпагосцкі муніцыпальны раён Княжпогостский муниципальный район, Княжпогост район
9 Кайгародзкі муніцыпальны раён Койгородский муниципальный район, Койгорт район
10 Корткераскі муніцыпальны раён Корткеросский муниципальный район, Кöрткерöс район
11 Муніцыпальны раён Пячора Муниципальный район Печора, Печора район
12 Прылускі муніцыпальны раён Прилузский муниципальный район, Луздор район
13 Муніцыпальны раён Саснагорск Муниципальный район Сосногорск, Сӧснагорт район
14 Сыктыўдзінскі муніцыпальны раён Сыктывдинский муниципальный район, Сыктывдін район
15 Сысальскі муніцыпальны раён Сысольский муниципальный район, Сыктыв район
16 Троіцка-Пячорскі муніцыпальны раён Троицко-Печорский муниципальный район, Мылдін район
17 Удорскі муніцыпальны раён Удорский муниципальный район, Удора район
18 Вусьць-Вымскі муніцыпальны раён Усть-Вымский муниципальный район, Емдін район
19 Вусьць-Куломскі муніцыпальны раён Усть-Куломский муниципальный район, Кулöмдін район
20 Вусьць-Цылемскі муніцыпальны раён Усть-Цилемский муниципальный район, Чилимдін район

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Канстытуцыя рэспублікі Комі, частка 1, артыкул 1 (рас.)
  2. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1999. ISBN 985-11-0144-3. С. 395—396

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Рэспубліка Комісховішча мультымэдыйных матэрыялаў