Рэфэрэндум у Беларусі 1996 году
Рэфэрэндум 24 лістапада 1996 году — другі ў гісторыі незалежнай Беларусі рэфэрэндум. Быў выкліканы абвастрэньнем адносін паміж прэзыдэнтам і парлямэнтам краіны. Чатыры пытаньні, вынесеныя на рэфэрэндум, былі ініцыяваныя прэзыдэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам, яшчэ тры — Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь. У рэфэрэндуме прынялі ўдзел 6 181 463 чалавекі, або 84,14% электарата.
Паводле меркаваньня апанэнтаў улады і міжнароднай супольнасьці, рэфэрэндум быў праведзены з істотнымі парушэньнямі заканадаўства.[1][2]
Зьмест |
Пытаньні й вынікі [рэдагаваць]
Пытаньні, ініцыяваныя прэзыдэнтам [рэдагаваць]
- Аб перанясеньні Дня незалежнасьці Беларусі на 3 ліпеня — Дзень вызваленьня Менску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
- «За» прагаласавала 88,18% выбарнікаў, «супраць» — 10,46%.
- Аб занясеньні зьмен і дадаткаў да Канстытуцыі (прапанаваных прэзыдэнтам), якія значна пашыралі паўнамоцтвы прэзыдэнта.
- «За» прагаласавала 70,45% выбарнікаў, «супраць» — 9,39%.
- Аб увядзеньні вольнай без абмежаваньняў куплі-продажы земляў сельскагаспадарчага прызначэньня.
- «За» прагаласавала 15,35% выбарнікаў, «супраць» — 82,88%.
- Аб скасаваньні сьмяротнага пакараньня.
- «За» прагаласавала 17,93% выбарнікаў, «супраць» — 80,44%.
Пытаньні, ініцыяваныя Вярхоўным Саветам [рэдагаваць]
- Аб занясеньні зьмен і дадаткаў у Канстытуцыю (прапанаваных дэпутатамі парлямэнцкіх фракцый камуністаў і аграрыяў).
- «За» прагаласавала 7,93% выбарнікаў, «супраць» — 71,2%.
- Аб выбарнасьці кіраўнікоў мясцовых органаў выканаўчай улады.
- «За» прагаласавала 28,14% выбарнікаў, «супраць» — 69,92%.
- Аб фінансаваньні ўсіх галін улады адкрыта і толькі з дзяржаўнага бюджэту.
- «За» прагаласавала 32,18% выбарнікаў, «супраць» — 65,85%.
Мяркуемыя парушэньні [рэдагаваць]
Беларуская апазыцыя, праваабаронцы і міжнародныя назіральнікі зарэгістравалі значную колькасьць парушэньняў пры абвяшчэньні і правядзеньні рэфэрэндума. У прыватнасьці, назіральнікі ад Эўрапейскага інстытута па СМІ адзначылі, што 90% адпаведнага эфірнага часу на беларускай тэлевізіі былі прысьвечаныя агітацыі на карысьць пазыцыі прэзыдэнта, у выніку чаго выбары былі пазбаўленыя магчымасьці дэмакратычнага выбару[3].
Існуюць пытаньні датычна фінансаваньня рэфэрэндума, бо паводле словаў прэзыдэнта Лукашэнкі, рэфэрэндум адбыўся не за кошт бюджэтных сродкаў, але за кошт «добраахвотных ахвяраваньняў». У праекты канстытуцыйных зьменаў уносіліся істотныя папраўкі ўжо пасьля афіцыйнай публікацыі, што забаронена заканадаўствам. Масавы характар набыло датэрміновае галасаваньне, пры якім існуе небясьпека фальсыфікацыі вынікаў і да якога ўлады актыўна схілялі грамадзянаў. Так, у многіх местах датэрмінова прагаласавала 30 і больш адсоткаў выбарцаў.
Былі зафіксаваныя шматлікія парушэньні пры правядзеньні галасаваньня, падліку галасоў, адзначаліся выпадкі агітацыі на карысьць пазыцыі прэзыдэнта на выбарчых участках у дзень галасаваньня.
Паводле Сяргея Калякіна, кіраўніка фракцыі камуністаў у Вярхоўным Савеце, ад 20 да 50 працэнтаў галасоў былі сфальсыфікаваныя[4][3].
Старшыня Вярхоўнага Савета Сямён Шарэцкі назваў рэфэрэндум «фарсам і насільлем над народам» і заявіў, што «вынікі такога плебісцыта ня могуць быць прызнаныя ані ў Беларусі, ані сусьветнай супольнасьцю»[5].
Беларускі Хэльсынскі камітэт адзначыў наступныя парушэньні ў ходзе правядзеньня рэфэрэндуму[6]:
- Мясцовыя камісіі па правядзеньню рэфэрэндума былі ўтвораныя не адпаведнымі Саветамі дэпутатаў не пазьней, чым за месяц да рэфэрэндуму, а за 5-7 дзён органамі выканаўчай улады;
- У самы адказны пэрыяд падрыхтоўкі рэфэрэндуму ўказам прэзыдэнта быў незаконна адхілены ад пасады старшыня Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Віктар Ганчар. Тым самым была паралізаваная праца органа, які меў ажыцьцяўляць кантроль за законнасьцю галасаваньня і падвесьці вынікі рэфэрэндуму;
- Да моманту датэрміновага галасаваньня (9 лістапада) на ўчастках для галасаваньня адсутнічалі тэксты зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі і грамадзяне ня ведалі, за што яны галасуюць;
- У парушэньне заканадаўства выбарцы прыйшлі (а ў многіх выпадках прымушаліся) прагаласаваць датэрмінова. У выніку да дня рэфэрэндуму прагаласавала амаль чвэрць выбаршчыкаў;
- Бюлетэні для галасаваньня друкаваліся Упраўленьнем справамі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Яны былі дастаўленыя на выбарчыя ўчасткі мінуўшы Цэнтарвыбаркам і абласныя камісіі па рэфэрэндуме. Ўлік колькасьці бюлетэняў нікім не ажыцьцяўляўся.
- Насуперак заканадаўству, падрыхтоўка рэфэрэндуму і яго правядзеньне фінансаваліся не зь бюджэту, а выключна за кошт «дабрачынных» унёскаў. Цэнтарвыбаркам быў цалкам адхілены ад дзейнасьці па фінансаваньні рэфэрэндума;
- У аднабаковым парадку вялася агітацыя і прапаганда за пытаньні, вынесеныя на рэфэрэндум па ініцыятыве прэзідэнта. У шэрагу выпадкаў агітацыя вялася проста на ўчастках для галасаваньня;
- У дзень рэфэрэндуму чыніліся перашкоды назіральнікам, прадстаўнікам палітычных партый і грамадзкіх арганізацый пры ажыцьцяўленні кантролю за ходам галасаваньня; іх не дапускалі на ўчасткі, адмаўлялі ў атрыманьні патрабаванай інфармацыі;
- Тыповымі парушэньнямі заканадаўства на ўчастках для галасаваньня былі наступныя: адсутнічалі кабіны для тайнага галасаваньня; не было праектаў зьменаў і дапаўненьняў Канстытуцыі; выбаршчыкі дапускаліся да галасаваньня без дакумэнтаў, якія сведчаць асобу; меліся пашкоджаньні пломбаў на скрынях для галасаваньня; выяўленыя факты падробкі подпісаў выбаршчыкаў.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
- Афіцыйныя вынікі на сайце ЦВК (рас.)
- БелаПАН, Рэфэрэндум-1996 (рас.)
- TUT.BY, «Амэрыканскія горкі» беларускай Канстытуцыі
Спасылкі [рэдагаваць]
- ^ Кісель, Зьміцер. «Апазіцыя ў фарсе ўдзельнічаць не будзе», Ніва № 29 (2305), 16 ліпеня 2000 году.
- ^ Прэзідэнт назваў рэферэндум бездакорным, яго ўнутраныя апаненты — сфальсіфікаваным, Захад — антыдэмакратычным, Выбары ў Беларусі
- ^ а б «Свабода», 1996, нумар ад 29 лiстапада
- ^ Народная воля, № 109
- ^ Свабода. 1996, нумар ад 26 лiстапада
- ^ РЕФЕРЕНДУМ-96 (МНЕНИЕ ОППОЗИЦИИ): цифры, суждения, законность. Белорусский Хельсинский Комитет; Минск, 1996 г
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|
|