СМЕРШ

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

СМЕРШ (скарот расейскага выразу СМЕРть Шпионам! («сьмерць шпіёнам!»)) — савецкая контарвыведчая і рэпрэсіўная служба, сфармаваная падчас Другой сусьветнай вайны для абароны тылу Чырвонае Арміі, барацьбы з дэзэртырствам, шпіёнамі і дывэрсантамі, а таксама барацьбы зь «дзекабрысцкім сындромам» і вольнадумствам сярод савецкіх жаўнераў.

Стварэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўная ўправа контар-выведкі СМЕРШ была створаная 19 красавіка 1943 пры Народным камісарыяце абароны СССР. Поўная назва структуры гучала, як «Главное управление контрразведки СМЕРШ Народного комиссариата обороны СССР» («Галоўнае ўпраўленьне контарвыведкі СМЕРШ Народнага камісарыяту абароны СССР»). Ачоліў ведамства Віктар Абакумаў, падпарадкаваны непасрэдна Сталіну. Адначасова існаваў аддзел СМЕРШ у народным камісарыяце Ваенна-марскіх сіл СССР.

Напярэдадні нападу гітлераўскае Нямеччыны на СССР, у лютым 1941 г. з адзінае сыстэмы органаў НКВД СССР, што існавала з 1934 г., быў выдзелены асобны Народны камісарыят дзяржаўнае бясьпекі. Ваенная контарвыведка падпарадкоўвалася НК абароны і ваенна-марскога флёту (НКО і НКВМФ). У НКВД СССР ад былое Галоўнае ўправы дзяржаўнае бясьпекі застаўся толькі 3-і аддзел, які ажыцьцяўляў контарвыведчае забесьпячэньне памежных і ўнутраных воскаў. Каардынацыя дзейнасьці асобных галінаў сыстэмы спэцслужбаў ускладалася на створаны для гэтага Цэнтральны Савет.

Меней чым празь месяц пасьля пачатку вайны — 17 ліпеня 1941 г. — органы 3-е ўправы НКО зноў ператварыліся ў асобыя аддзелы НКВД СССР. Вэртыкаль органаў ваеннай контарвыведкі ўзначаліла Ўправа асобых аддзелаў НКВД на чале зь Віктарам Абакумавам. Ва ўмовах імклівага нямецкага наступу контарвыведка атрымала шырокія паўнамоцтвы па кантролю за гнанай усё далей у тыл Чырвонай арміяй.

З пачатку вайны па 1 сьнежня 1941 адмысловымі аддзеламі былі арыштаваныя 35 738 чалавек, у тым ліку «шпіёнаў» — 2343, «дывэрсантаў» — 669, «здраднікаў» — 4647, «панікёраў і трусаў» — 3325, «дэзэртыраў» — 13 887, «распаўсюднікаў правакацыйных чутак» — 4295, «самастрэльцаў» — 2358, «за бандытызм і марадэрства» — 4214. Растраляна па прысудах — 14 473, зь іх публічна, перад шыхтам — 411. Па дадзеных НКВД на 8 жніўня 1942 органамі дзяржбясьпекі з пачатку вайны былі арыштаваныя 11 765 «нямецкіх агентаў».

На Ўсходнім фроньце дзейнічалі больш за 130 выведчых дывэрсійных каманд SD і Abwehr, функцыянавала каля 60 школаў, што падрыхтоўвалі агентуру для закіду ў тыл Чырвонае Арміі. Акрамя таго шырылася падтрымка акупантаў з боку насельніцтва Беларусі, Украіны, Балтыі, Расеі. На баку нацыстаў супраць Чырвонае арміі ваявалі некалькі мільёнаў савецкіх грамадзянаў.

Разгром Чырвонае арміі ў першыя месяцы вайны прымусіў камуністычнае кіраўніцтва цэнтралізаваць кіраўніцтва абаронай і шпіёнскай службай.

Указам Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР ад 9 кастрычніка 1942 г. была зьменшаная роля паліторганаў, якія ажыцьцяўлялі кіраўніцтва «асабістамі» на палкавым узроўні. Пастановай Савету народных камісараў СССР ад 19 красавіка 1943 г. Упраўленьне асобых аддзелаў НКВД ператвараецца ў Галоўнае упраўленьне контарвыведкі СМЕРШ НКО СССР. Замест абцякальнае абрэвіятуры «особые отделы» камуністычная ваенная контарвыведка атрымала ў якасьці найменьня лёзунг «Смерть шпионам!». На базе 9-га аддзелу УОО НКВД СССР ствараецца Упраўленьне контарвыведкі СМЕРШ НКВМФ СССР.

Зафронтавая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Было цэнтралізаванае кіраваньне зафротнавай дзейнасьцю: каардынацыя падрыхтоўкі агентуры для выкананьня задачаў за лініяй фронту, аналізаваць матэрыялы аб рабоце органаў і школаў выведкі нацыстаў, іх асабістым складзе стаў 4-ы аддзел ГУКР СМЕРШ.

З красавіку 1943 па люты 1944 г. у органы і школы Abwehr і SD былі засланыя 75 савецкіх шпіёнаў. Былі арыштаваныя 176 нямецкіх дывэрсантаў.

Па афіцыйных дадзеных зь 1 кастрычніка 1943 па 1 траўня 1944 савецкай контарвыведкай ў тыл немцаў былі перакінутыя 345 агентаў, у тым ліку 50 перавербаваных нямецкіх выведчыкаў.

Некаторыя агентам камуністаў атрымалася пранікнуць у фармаваньні Расейскае вызваленчае арміі (РОА) генэрала Ўласава, пераманіць да 1202 чалавекі на савецкі бок, дзе іх чакаў расстрэл ці савецкія канцлягеры.

Дзейнасьць СМЕРШ на савецкім тыле[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У першую чаргу дзейнасьць СМЕРШ была накіраваная супраць г.зв. «антысавецкіх элемэнтаў» — тых, хто выказваў сумнеў у правільнасьці савецкага ладу сярод жаўнераў Чырвонае Арміі. Барацьба зь іншадумствам набыла для савецкага рэжыму актуальнасьць пад час вайны, калі людзі адчулі сябе раскаваней і свабодней, а па той бок лініі фронту ваявала шматтысячная Расейская вызваленчая армія. СМЕРШ быў у першую чаргу рэпрэсіўны, а ня контарвыведчы апарат.

СМЕРШ нават меў права праводзіць расьсьледаваньні ўнутры НКВД, нават начальства савецкае тайнае паліцыі не былі абароненыя ад ваеннай супрацьвыведкі. Любы начальнік пры малейшым падазрэньні аб яго ўдзеле ў змове ці шпіянажы мог трапіць у катавальні СМЕРШ, дзе зь яго выбівалі прызнаньне, потым давалі прысуд на паказным судзе і стралялі альбо ссылалі ў канцлягер.

У дзейнасьць СМЕРШ таксама ўваходзіла «фільтраваньне» жаўнераў, якія вярталіся з палону, і насельніцтва на вызваленых ад нацыстаў тэрыторыях. Арганізацыяй гэтага займаўся 2 аддзел ГУКР СМЕРШ НКО СССР пад началам палкоўніка Карташова. Пераважная большасьць вызваленых савецкіх ваеннапалонных адразу накіроўвалася ў якасьці гаматнага мяса ў штрафныя баталёны ці (пасьля вайны) ў канцэнтрацыйныя лягеры ГУЛАГ.

Адразу пасьля траўня 1945 г. хаўрусьнікі СССР па антыгітлераўскай кааліцыі пачалі вяртаць на радзіму многіх савецкіх грамадзянаў супраць іх волі. У выніку гэтага мінімум адзін мільён чалавек зьмянілі нацысцкія канцлягеры на савецкія.

Дакладных зьвестак аб тым, колькі чалавекаў апынуліся ў руках СМЕРШ, няма, бо многія дакумэнты былі зьнішчаныя альбо дагэтуль недасягальныя для незалежных дасьледчыкаў. Паводле афіцыйных зьвестак, праз жарнавы СМЕРШ прайшлі звыш за чатыры мільёны ваеннапалонных. Зь дзясяткаў тысяч людзей пыткамі выбіваліся прызнаньні ў супрацоўніцтве зь Нямеччынай.

За час вайны празь СМЕРШ у канцэнтрацыйныя лягеры былі памешчаныя каля дзьвюхсот з паловай соцень тысяч чалавекаў, расстраляныя парадка сямідзесяці тысяч. Дажылі да вяртаньня зь лягераў і памерлі сваёй сьмерцю адзінкі зь вязьняў.

Пасьля заканчэньня вайны СМЕРШ быў даручаны захоп Адольфа Гітлера ці прынамсі знаходжаньне ягонага цела. Чырвонаармейскія афіцэры і аґенты СМЕРШ знайшлі труп Гітлера каля ягонага бункеру пасьля яго самагубства. Пасьля рассьледваньня абставінаў сьмерці нацысцкага фюрэра, труп быў сакрэтна пахаваны ў Маґдэбурґу.

СМЕРШ зрабіў нямала для таго, каб пабудаваць па сваім узоры спэцслужбы камуністычных рэжымаў у НДР, Чэхаславаччыне. Акрамя таго на тэрыторыі Нямеччыны і Польшчы на некалькі год былі захаваныя нацысцкія канцэнтрацыйныя лягеры, у якія пачалі памяшчацца «праціўнікі сацыялістычнага выбару».

У 1946 годзе СМЕРШ быў падпарадкаваны Народнаму камісарыяту абароны, які потым быў ператвораны ў Міністэрства абароны.


Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]