Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі
Flag of Belarus (1918, 1991-1995).svg
4 студзеня27 лютага 1919 Flag of the Lithuanian-Byelorussian SSR.svg
Сьцяг Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі Герб Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі
(Сьцяг) (Герб)
Месцазнаходжаньне Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі

ССРБ на мапе Савецка-польскай вайны

Афіцыйная мова беларуская, расейская
Сталіца Смаленск (1—7 студзеня 1919), Менск (з 8 студзеня 1919)
Форма кіраваньня савецкая сацыялістычная рэспубліка

Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі (ССРБ), Беларуская Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка (БССР) — дзяржаўнае ўтварэньне, якое існавала ў студзені-лютым 1919 пад кантролем бальшавіцкага ўраду.

Уздым нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі, абвяшчэньне 25 сакавіка 1918 Беларускай Народнай Рэспублікі і дзейнасьць яе кіруючых органаў падштурхнулі бальшавіцкі ўрад у Маскве да фармальнага прызнаньня права беларускага народу на самавызначэньне й нацыянальную дзяржаўнасьць.

Па пытаньні самавызначэньня Беларусі сярод партыйных і савецкіх работнікаў не было адзінага меркаваньня. Аляксандар Чарвякоў, Зьміцер Жылуновіч і іншыя лідэры выступалі за стварэньне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі й ўваходжаньне яе ў склад РСФСР на правах аўтаноміі. Кіраўнікі Паўночна-Заходняга абкаму РКП(б) і Заходняй вобласьці Аляксандар Мясьнікян, Вільгельм Кнорыньш, М. Калмановіч, Карл Ландар і іншыя не прызнавалі існаваньня беларускага этнасу, і ажыцьцяўленьня права нацыі на самавызначэньне ва ўмовах набліжэньня, як ім здавалася, сусьветнай рэвалюцыі таксама не прызнавалі.

Пасьля заканчэньня нямецкай акупацыі Беларусі ў канцы 1918 і заняцьця яе тэрыторыі Чырвонай Арміяй узьнікла неабходнасьць тэрміновага стварэньня на гэтых землях савецкай дзяржаўнасьці. Ліквідаваўшы войскамі Чырвонай Арміі БНР, у сьнежні 1918 ЦК РКП(б) прыняў рашэньне пра стварэньне беларускай савецкай рэспублікі.

30—31 сьнежня 6-я Паўночна-Заходняя канфэрэнцыя РКП(б) (гл. Першы зьезд КП(б)Б), якая адбылася ў Смаленску, прыняла рэзалюцыю пра абвяшчэньне самастойнай Савецай Рэспублікі Беларусь. У склад гэтага ўтварэньня ўвайшлі Віцебская, Гарадзенская, Магілёўская, Менская губэрні, заходнія паветы Смаленскай, беларускія паветы Віленскай, Ковенскай і Чарнігаўскай губэрняў. Сфармаваны Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі (старшыня Зьміцер Жылуновіч), маніфэстам якога 1 студзеня 1919 Беларусь абвешчаная Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікай, а Рада й ўрад БНР аб’яўленыя па-за законам. Такім чынам, партыйная канфэрэнцыя ўзяла на сябе функцыі ўстаноўчага сходу й парлямэнту Беларусі.

Існаваньню беларускай дзяржаўнасьці працівіліся прыхільнікі ідэі ўнітарнай камуністычнай дзяржавы, як у Маскве, гэтак і на месцах.

На Першым Усебеларускім зьезьдзе Саветаў, які адбыўся ў Менску 2—3 лютага 1919, была прынятая Канстытуцыя ССРБ, выбраны Цэнтральны выканаўчы камітэт БССР, зьезд пацьвердзіў адрыў ад ССРБ тэрыторый Смаленскай, Магілёўскай і Віцебскай губэрняў, якія перайшлі ў склад РСФСР. Старшыня ВЦВК Якаў Сьвярдлоў, што прыбыў на зьезд, патрабаваў аб’яднаньня Беларусі з савецкім урадам Паўднёвай Літвы, каб «засьцерагчы гэтыя рэспублікі ад небясьпекі праяўленьня ў іх нацыяналістычных імкненьняў». Усебеларускі зьезд Саветаў прыняў і гэтае патрабаваньне.

27 лютага 1919 на аб’яднаным пасяджэньні ЦВК Літоўскай ССР і ЦВК БССР у Вільні было аформленае стварэньне Літоўска-Беларускай Савецкай Сацыялітычнай Рэспублікі (Літбел) у складзе Менскай і Віцебскай губэрняў. Фактычна ССРБ — БССР перастала існаваць.