Салярыс (фільм, 1972)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

«Саля́рыс» — драма, зьнятая Андрэем Таркоўскім у 1972 годзе па матывах аднайменнага раману польскага пісьменьніка-фантаста Станіслава Лема пра этычныя праблемы чалавецтва праз прызму кантактаў з пазазямным розумам. Шырокаэкранны фільм складаецца зь дзьвюх роўных частак.

Узнагароджаны Гран-пры Канскага кінафэстывалю.

Сюжэт фільму[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзеяньне адбываецца ў будучыні. Салярыстыка — навука, якая вывучае далёкую плянэту Салярыс, — зайшла ў тупік. На Зямлі разгараецца дыскусія — ці працягваць марнаваць рэсурсы на дасьледаваньні плянэты або канчаткова згарнуць іх. Спрэчкі падагравае сьведчаньне пілёта Бэртана, некаторыя робяць зь яго выснову, што акіян плянэты, магчыма, мае розум. Псыхоляг, доктар Крыс Кельвін вылятае на Салярыс, каб прыняць рашэньне на месцы.

На вялізнай арбітальнай напаўзакінутай навуковай станцыі «Салярыс» ужо некалькі гадоў жывуць толькі трое навукоўцаў: Снаўт, Сарторыюс і Гібарыян. Апынуўшыся на станцыі, скептычна настроены Крыс выяўляе, што яе экіпаж змучаны невытлумачальнымі зьявамі: да людзей прыходзяць «госьці» — матэрыяльнае ўвасабленьне іх самых пакутлівых успамінаў. Пазбавіцца ад «гасьцей» немагчыма ніякім чынам — яны вяртаюцца зноў і зноў. Снаўт цалкам дэмаралізаваны, Сарторыюс ратуецца пад маскай халоднага, цынічнага дасьледчыка, а Гібарыян скончыў жыцьцё самагубствам незадоўга да прыбыцьця Кельвіна. Зямляне, напэўна, самі сталі аб’ектам дасьледаваньняў з боку разумнага акіяну плянэты.

Пакуль Кельвін сьпіць, «госьць» прыходзіць і па яго. Акіян матэрыялізуе вобраз яго загінулай дзесяць гадоў таму жонкі, Хары. Спачатку Кельвін, як і іншыя салярысты, спрабуе пазбавіцца ад двайніка, але марна. З часам Кельвін пачынае ставіцца да «госьця» як да жывога чалавека. Копія Хары таксама паступова ўсьведамляе сваю сутнасьць. Разумеючы, што сваім існаваньнем яна робіць Кельвіну пакуты, яна спачатку спрабуе забіць сябе, а пасьля няўдачы просіць Снаўта і Сарторыюса яе зьнішчыць, што яны й робяць шляхам анігіляцыі. Потым Сарторыюс і Снаўт праводзяць экспэрымэнт, паслаўшы энцэфаляграму Кельвіна акіяну, і ён прыносіць вынік — візыты «гасьцей» спыняюцца. Затое акіян пачаў праяўляць іншую незразумелую актыўнасьць — пачалі зьяўляцца дзіўныя астравы на яго паверхні.

У фінале Крыс Кельвін вяртаецца да бацькі, і абодва застываюць на парозе дома ў позе пэрсанажаў «Вяртаньня блуднага сына» Рэмбранта. Пасьля гэтага камэра падымаецца ўверх, верагодна, што на самай справе гэта не Зямля, а востраў у акіяне Салярыс.

Акторы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Данатас Банёніс — Крыс Кельвін
  • Натальля Бандарчук — Хары
  • Анатоль Саланіцын — Сарторыюс
  • Юры Ярвет — Снаўт
  • Уладзіслаў Дваржэцкі — Анры Бертон
  • Мікалай Грынько — бацька Крыса Нік Кельвін
  • Сос Саргсян — Гібаран
  • Вольга Барнэт — маці Крыса ў маладосьці
  • Аляксандар Мішарын — старшыня камісіі
  • Юліян Сямёнаў — старшыня навуковай канфэрэнцыі