Салінскі мір

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Салінская дамова»)
Салінскі мір
Падпісаная 12 кастрычніка 1398 году
 ·  месца выспа Салін на Нёмане

Салінскі мір[1]умова, складзеная паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Тэўтонскім ордэнам. Узгадненьне тэксту ўмовы адбылося 23 красавіка 1398 году ў Горадні, абмен умоўнымі граматамі паміж вялікім князем літоўскім Вітаўтам і вялікім магістрам Ордэна Конрадам фон Юнгінгенам — 12 кастрычніка 1398 году на высьпе Саліне (на Нёмане, насупраць утокі ракі Нявежы).

Тэўтонскі Ордэн. Жамойць пазначана ружовым колерам

Згодна з умовай прадугледжвалася літоўская дапамога Ордэну для заваяваньня Пскова і ордэнская падтрымка ВКЛ для авалоданьня Вялікім Ноўгарадам і паходу супраць Залатой Арды. Вітаўт абяцаў саступіць Ордэну Жамойць да ракі Нявежа і палову Судувы; сваім парадкам, Ордэн абавязваўся не падтрымліваць прэтэнзіяў Сьвідрыгайлы на сталец ВКЛ.

Неафіцыйна Вітаўт заручыўся згодай Ордэна з сваімі плянамі дабівацца поўнай незалежнасьці ад Польшчы; на сьвяткаваньнях у гонар падпісаньня Салінскага міру Вітаўт быў адзінадушна абвешчаны фэадаламі ВКЛ «каралём Літвы і Русі». Гэта выклікала насьцярожанае стаўленьне да ўмовы польскага караля Ягайлы, а пляны захопу Ноўгараду і Пскова прывялі да пагаршэньня дачыненьняў ВКЛ з гэтымі рэспублікамі, а таксама Маскоўскім і Цьвярскім вялікімі княствамі. Рэальнай падтрымкі ў рэалізацыі сваіх экспансіянісцкіх плянаў Вітаўт не атрымаў, што, у прыватнасьці, абумовіла паразу войскаў ВКЛ у бітве на Ворскле 1399 году.

Варункі Салінскага міру былі ўдакладнены Рацёнскім дагаворам 1404 году, да якога далучылася і Польшча.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Краўцэвіч А. Вялікі князь Вітаўт: Нарыс. — Менск, 1998. С. 47.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]