Самадыйскія мовы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
самадыйская галіна
Народнасьць самадыйскія народы
Арэал заходняя і цэнтральная частка Поўначы Расеі,
поўнач Заходняе Сыбіры,
у мінулым — навакольлі Саянаў
Лінгвістычная клясыфікацыя уральская сям'я
Склад
паўднёвая і паўночная групы
Колькасьць носьбітаў прыкладна 30 000 чал.
ISO 639-5: syd
Распаўсюджваньне самадыйскіх моваў. У XVII ст. (прыблізна, штрыхоўка) і напрыканцы ХХ ст. (суцэльная зафарбоўка).

Самады́йскія мовы — група роднасных моваў у складзе ўральскае моўнае сям'і (разам з групаю фіна-вугорскіх моваў утварае ўральскую сям'ю).

Таксама, паводле іншых клясыфікацыяў, могуць лічыцца сям'ёю, тады як уральскія мовы, адпаведна, — макрасям'ёй.

Паходзяць ад агульнае протасамадыйскае мовы.

Этымалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першапачаткова група самадыйскіх моваў мела назву самаедзкія (ад расейскага самоѣдскіе), што ўтвораны ад тэрміну самаед, якім у сваю чаргу ў расейскамоўным асяродку пазначалі некаторыя карэнныя народы Сыбіры. Часам гэты тэрмін лічыўся прыніжальным з прычыны таго, што этымалёгія тэрміну паходзіць ад расейскага самоѣдъ (па-беларуску: «самаед», то бок «чалавек, які есьць сам сябе»)[1]. Іншыя інтэрпрэтацыі этымалёгіі даводзяць, што тэрмін паходзіць ад выразу same-edne, пераклад якога прапаноўваецца як «зямля саамаў»[2]. Існуюць і іншыя вэрсіі, паводле якіх прыметнік самодийский (які стаўся асновай для беларускага «самадыйскі») мог быць утвораны ад экзаэтнонімаў самоди, самодины, які выкарыстоўваўся датычна ненцаў, або ад пазначэньня аднаго з плямёнаў энцаў — сомату[3].

Клясыфікацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Група самадыйскіх моваў (і, адпаведна, самадыйскія народы, што размаўляюць на гэтых мовах) падзяляецца на таёжную, тундравую ды горную групы, якія ў сваю чаргу ўваходзяць у паўднёвую ды паўночную групы ў складзе самадыйскіх моваў. Трэба адзначыць, што дадзеная клясыфікацыя зьяўляецца тэрытарыяльнай, а не генэалягічнай.

Генэалягічная клясыфікацыя дае падставы рабіць выснову пра раньняе разыходжаньне нганасанскае і (магчыма, у меншай ступені) маторскае моваў з энецка-ненцка-юрацкімі ды камаса-сялькупскімі, якія ўтварылі ўнутраныя галіны[4]. Паводле гэтае клясыфікацыі месца ненецкіх моваў выглядае наступным чынам:

  • нганасанская мова
  • маторская мова †
  • уласнасамадыйскія мовы:
    • энецка-ненецкія мовы:
      • энецкая мова
      • юрацкая мова
      • ненецкая мова
        • лясная ненецкая
        • тундравая ненецкая
    • камаса-сялькупскія мовы:
      • кайбальская мова †
      • камасінская мова †
      • карагаская мова †
      • маторская мова †
      • саёцкая мова †
      • сялькупская мова
      • тайгійская мова †

Лінгвістычная характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Граматыка, марфалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З марфалягічнага пункту гледжаньня самадыйскія мовы адносяцца да аглютынацыйных моваў. Словаўтварэньне збольшага прадстаўленае суфіксацыяй, з дапамогаю суфіксаў утвараюцца новыя лексыка-граматычныя значэньні. Для моваў уласьцівы намінатыўны лад.

У самадыйскіх мовах налічваецца тры лікі: адзіночны, множны, дваісты. Адзначаецца вялікая колькасьць склонаў, напрыклад у сялькупскай — ад 13 да 21 (у залежнасьці ад крытэраў ацэньваньня). Большая частка склонаў выражае прасторава-часавыя адносіны. Апрача склонаў назоўнік можа мець асабова-прызначальныя формы (напр., энецкае teðoða — «алень для яго»). Імёны могуць зьмяняцца паводле асобы, ліку і часу.

Самадыйскія прыметнікі маюць шчыльную сувязь з назоўнікам. Шэраг назоўнікаў можа выступаць у ролі прыметніку.

Пераходнасьць, каўзатыўнасьць ды імпэратыўнасьць у дзеясловах выражаюцца шляхам суфіксаў.

Серад займеньнікаў адзначаецца асаблівая роля асабовых займеньнікаў, якія выкарыстоўваюцца пераважна ў дачыненьні да людзей. У выпадку, калі асабовыя займеньнікі маюць ролю дзейнікаў, іх ужываньне абмяжоўваецца толькі да функцыі значнага выражэньня дзейнай асобы. Адмоўныя ды нявызначаныя займеньнікі ўтвараюцца ад пытальных.

Лексыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апроч лексыкі ўласна ўральскага паходжаньня ў самадыйскіх мовах адзначаюцца цюрскія ды расейскія запазычаньні, якія ў асноўным датычаць вынікаў культурных абменаў паміж носьбітамі самадыйскіх моваў і носьбітамі цюрскіх і расейскай моваў. Асабліва выразна лексычны расейскі ўплыў акрэсьліўся за савецкім часам.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За сёньняшнім часам самадыйскамоўныя тэрыторыі ўлучаюць у сябе тэрыторыі ўздоўж расейскіх прыарктычных рэгіёнаў на працягу ад Белага мора да Мора Лапцевых, а таксама прылеглае навакольле, у прыватнасьці архіпэляг Новая Зямля, паўвостравы Ямал ды Таймыр, вусьці Обі і Енісею. У геаграфічным пляне самадыйскія мовы зьяўляюцца блізкімі да обска-вугорскіх моваў і мовы комі, зь іншымі ўральскімі мовамі яны геаграфічна аддзеленыя тэрыторыямі, населеных носьбітамі расейскае мовы. На ўсход ад арэалу распаўсюджваньня самадыйскіх моваў распаўсюджаныя цюрскія мовы, у прыватнасьці якуцкая.

Тэрыторыя гістарычнага распаўсюджваньня паўднёвых самадыйскіх моваў распасьціралася на вялікай тэрыторыі ў Заходняй Сыбіры, ад басэйну Обі на захадзе да Саянскіх ды Байкальскіх нагор'яў на ўсходзе. З гэтых моваў у цяперашні час захавалася толькі сялькупская мова.

Захаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Расеі навучаньне самадыйскім мовам ажыцьцяўляецца ў якасьці прадмету ў некаторых школах.

Дапамогу расейскім пэдагогам у арганізацыі выкладаньня самадыйскіх (і фіна-вугорскіх) моваў паводле сыстэмы «моўных гнёздаў» зьдзяйсьняе таварыства «Финляндия-Россия», аднак адна з праблемаў, зьвязаных з гэтаю мэтодыкаю, заключаецца ў тым, што для яе выкарыстаньня патрабуюцца высокакваліфікаваныя спэцыялісты, такіх як пэдагогі ды мэтадысты[5], у якіх адчуваецца востры недахоп. На думку Анікі Пасанэн, кіраўніка праграмы «моўных гнёздаў» у Саамскім рэгіёне Фінляндыі, дзеці могуць хутка й эфэктыўна вывучыць мову адно ў тым выпадку, калі гэта адбываецца натуральным чынам і калі ім гэта цікава, а таму захаваньне і адраджэньне моваў нацыянальных меншасьцяў мажлівае толькі ў тым выпадку, калі гэтая мэтодыка выкарыстоўваецца і ў дашкольных установах, і школах. Дзьвюх гадзінаў на тыдзень, якія вылучаюцца на вывучэньне роднае мовы ў школьных праграмах у шматлікіх раёнах пражываньня нацыянальных меншасьцяў у Расеі, для выжываньня моваў, на думку Пасанэн, абсалютна недастаткова, а нізкі статус роднае мовы ў школе, паводле яе словаў, зьяўляецца для дзяцей выразным сыгналам, што «на роднай мове можна пець на канцэрце, але моваю адукацыі, цывілізацыі, ёсьць расейская мова»[5].

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]