Самадыйскія народы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Самады́йскія народы — тэрмін, пад якім вядомая група параўнальна малалікіх этнасаў поўначы Расеі, якія размаўляюць на мовах аднайменнае галіны (гл. самадыйскія мовы), што, у сваю чаргу, уваходзіць у склад уральскае моўнае сям’і. Пражываюць у асноўным на паўночным усходзе эўрапейскае часткі Расеі, а таксама ў паўночнай Сыбіры, дзе найбуйнейшыя з самадыйскіх этнасаў з часоў савецкае палітыкі карэнізацыі маюць аднайменныя аўтаномныя тэрытарыяльныя ўтварэньні.

Агульная колькасьць усіх самадыйскіх народаў складае прынамсі ня больш за 50 тыс. чалавек[1]. Практычна ўсе сучасныя самадыйскія народы цесна зьвязаныя са спэцыфічнай гаспадаркай тундравых і лесатундравых зонаў, гістарычна маючы качавы або паўкачавы лады жыцьця.

Тэрміналёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сучаснай беларускай тэрміналёгіі ўральскія народы паўночнае Расеі вядомыя пад тэрмінамі самады́йскія народы або самады́йцы, якія зьяўляюцца засвоенымі з расейскае мовы. У літаратуры заходніх краінаў выкарыстоўваецца пераважна тэрмін Samoyedic, які, у сваю чаргу, паходзіць ад састарэлага расейскага самоѣдъ — экзаэтноніму, які ўжываўся расейцамі дзеля пазначэньня шэрагу карэнных народаў Сыбіры[2]. Народная этымалёгія выводзіла значэньне дадзенае лексэмы да панятку «чалавек, які сам сябе есьць», што, аднак, зьяўлялася памылковай трактоўкай.

Першапачаткова — назва ненцаў у якасьці расейскага экзаэтноніму, пасьля чаго адбылося паступовае перасоўваньне гэтага тэрміну адносна ўсіх самадыйскіх народаў. Паводле некаторых вэрсіяў этымалёгія тэрміну ўзыходзіць да расейскае дыялектнае формы самодин (адз.л.), самоди (мн.л.), што выкарыстоўвалася ў расейскім маўленьні нганасанаў і энцаў у якасьці саманазваў гэтых група. Іншыя гіпотэзы тлумачаць этымалёгію тэрміну з формы *same-edne зь літаральным значэньнем «зямля саамаў»[3]. У 1938 годзе расейскім савецкім лінгвістам Георгіем Пракоф’евым былі прапанаваныя тэрміны самодийские народы і самодийцы, якія былі таксама перанятыя ў гістарычнай і мовазнаўчай тэрміналёгіі беларускае мовы.

Мовы самадыйскіх народаў маюць генэтычную блізкасьць між сабою, з прычыны чаго аб’ядноўваюцца ў аднайменны таксон у складзе ўральскае сям’і моваў. Уласна народы, што аб’ядноўваюцца пад тэрмінам самадыйскія народы, імаверна, праяўляюць толькі лінгвістычную роднасьць з прычыны адсутнасьці выключных прыкметаў, прысутных усім самадыйцам і нехарактэрных для іншых суседніх этнасаў.

Склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пад тэрмінам самадыйскія народы аб’ядноўваецца шэраг уральскіх народаў, мовы якіх маюць большыя генэтычныя сувязі ў параўнаньні зь іншымі мовамі ўральскае сям’і. Пад дадзеным тэрмінам аб’ядноўваюцца сучасныя самадыйскія народы, якія пражываюць у паўночнай Расеі — ненцы, энцы, нганасаны, селькупы, а таксама група г.зв. саянскіх самадыйцаў — сукупнасьці іншых самадыйскіх народаў, якія ў гістарычна аглядны пэрыяд пражывалі ў паўднёвай Сыбіры ў рэгіёне Саянскага хрыбту й цягам часу былі асыміляваныя больш уплывовымі суседнімі цюрскімі этнасамі, а потым і расейцамі. Саянскія самадыйцы ўключалі ў сябе этнічныя групы, вядомыя пад тэрмінамі камасінцы, кайбалы, маторы, карагасы й саёты. Іншым асыміляваным самадыйскім этнасам зьяўляюцца юракі, якія пражывалі на поўначы Расеі[4].

Сучасныя самадыйскія народы ўключаюць у сябе ненцаў (паўночна-заходняя Сыбір, Таймыр, паўночны ўсход эўрапейскае Расеі), энцаў і селькупаў (цэнтар паўночнае Сыбіры), а таксама нганасанаў (заходні Таймыр)

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як мяркуецца ў сучаснай уралістыцы, прасамадыйская мова, носьбітамі якой зьяўлялася супольнасьць, што дала пачатак будучым самадыйскім этнасам, узьнікла ў выніку распаду праўральскае мовы, што адбылося паводле розных падлікаў у пэрыяд ад VI да ІІІ тыс. да н.э.[5][6][7] Прарадзіма самадыйцаў, хутчэй за ўсё, была цесна зьвязанай з прарадзімай супольнасьці, зь якой вылучыліся прасамадыйцы — праўральцаў, і знаходзілася ў рэгіёне між сярэдняй Об’ю й Енісеем, што складае цэнтральную частку заходняе Сыбіры[8]

Сярод суседніх усходніх славянаў вядомыя ўжо з пачатку другога тысячагодзьдзя н.э., пасьля чаго паступова трапляюць спачатку ў залежнасьць ад Наўгародзкае рэспублікі (захад арэалу), пазьней пасптупова ўваходзяць у склад Масковіі ў рамках засваеньня апошняй Сыбіры.

У сярэдзіне XVIII ст., амаль адразу ж пасьля адкрыцьця двух агменяў расьсяленьня самадыйскіх народаў, паўночнага ды паўднёвага, падзеленых шырокай паласою зямель арэалу фіна-вугорскіх народаў (мансі й ханты), расейскай акадэмічнай навукай былі высунутыя дзьве гіпотэзы адносна самадыйскага этнагенэзу. Да цяперашняга часу дамінуе г.зв. «паўднёвая гіпотэза», згодна зь якой самадыйскія жывёлагадоўчыя плямёны сфармаваліся ў паўднёвай Сыбіры, пакінуўшы ў якасьці матэрыяльнае спадчыны Каракольскую й Кулайскую археалягічныя культуры. У прыватнасьці, вядомы дасьледчык уральскіх народаў і моваў Матыяс Кастрэн меркаваў, што ў І—ІІ тыс. н.э. у працэсе перасяленьня народаў самадыйцы былі выцесьненыя цюркамі з рэгіёну Саянскіх гораў на поўнач, дзе быў пакладзены пачатак такім народам як ненцы, энцы, нганасаны й селькупы[9] Продкі сучасных ненцаў пры засяленьні паўднёвага ўсходу эўрапейскае Расеі й поўначы Сыбіры, хутчэй за ўсё, сутыкнуліся з дасамадыйскімі тубыльцамі, этнічнае паходжаньне якіх не паддаецца выяўленьню, аднак разам з тым сьведчаньні даўніх кантактаў захаваліся ў ненецкай міталёгіі ў выглядзе апісаньня мітычнага народу сірця[10]. Гэтая ж гіпотэза пастулюе паступовае ўваходжаньне тых групаў самадыйцаў, што захавалі свой арэал а рэгіёне Саянаў, у склад новых цюрскіх этнасаў: сыбірскіх татараў, тувінцаў, хакасаў, шорцаў і г.д.

Ужо ў часы позьняга Сярэднявечча ўсе самадыйскія народы пачынаюць зварачацца ў хрысьціянства, аднак і ў цяперашні час захоўваюцца істотныя перажыткі шаманісцкіх і язычніцкіх практык.

Мова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: самадыйскія мовы

Размаўляюць на самадыйскіх мовах, якія ўтвараюць асобную галіну ў складзе ўральскае сям’і моваў. Традыцыйна падзяляюцца на дзьве галіны: паўночнасамадыйскую й паўднёвасамадыйскую, аднак больш новыя клясыфікацыі прапаноўваюць падзел самадыйскае галіны на паўночнасамадыйскую, сельскупскую, камасінскую й маторскую групы. З усіх самадыйскіх моваў найбольшую архаічнасьць праяўляе мова энцаў — энецкая, у той час як мова нганасанаў — нганасанская адметная дзякуючы найбольшай ступені невядомага субстратнага ўплыву. Практычна ўсе самадыйскія мовы нясуць на сабе сьляды суседніх іншамоўных уплываў[8].

Усе самадыйскія мовы ў пісьмовым дачыненьні адносяцца да моваў, якія атрымалі параўнальна шырокую літаратурную функцыю ў часы СССР падчас палітыкі г.зв. карэнізацыі, да гэтага выкарыстоўваліся толькі пры перакладзе хрысьціянскіх тэкстаў з мэтаю зварачэньня самадыйскіх народаў у хрысьціянства. Ужываецца кірылічны альфабэт. Сучасныя самадыйскія мовы маюць надзвычай абмежаванае выкарыстаньне ў мясцовых СМІ і афіцыйнай рэгіянальнай дзейнасьці.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Всероссийская перепись населения 2010 г. Население по национальности, полу и субъектам Российской Федерации(рас.) Демоскоп.weekly. Праверана 14 ліпеня 2014 г.
  2. ^ Balzer, Marjorie. The Tenacity of Ethnicity: A Siberian Saga in Global Perspective. — Princeton University Press, 1999. — 326 с.
  3. ^ Anthropology of the North: Translations from Russian Sources. — Arctic Institute of North America, 1963.
  4. ^ Janhunen J., Salminen S. Yurats // UNESCO Red Book on engagered languages: Northeast Asia. — 1993-1999.
  5. ^ Хайду П. Уральские языки // Языки мира. Уральские языки. — М.: Наука, 1993. — С. 8. — ISBN 5-02-011069-8
  6. ^ Напольских В. В. Введение в историческую уралистику. — Ижевск: УИИЯЛ УрО РАН, 1997. — С. 125. — ISBN 5-7691-0671-9
  7. ^ Janhunen J. Proto-Uralic — what, where, and when? // [1]. — The Quasquicentennial of the Finno-Ugrian Society. — 2009 Т. 258. — С. 68. — ISBN 978-9-5256-6711-0, 978-952-5667-12-7
  8. ^ а б Хелимский Е. А. Самодийская лингвистическая реконструкция и праистория самодийцев. — М.: 2000. — С. 13-25. — (Компаративистика, уралистика: Лекции и статьи).
  9. ^ Происхождение аборигенов Сибири и их языков: материалы всесоюзной конференции 14-16 июня 1973 г. — Изд-во Томского университета, 1973. — 235 с.
  10. ^ Лашук Л. П. «Сиртя» — древние обитатели субарктики. — Проблемы антропологии и исторической этнографии Азии. — М.: 1968. — С. 178-193.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Hajdú P. A szamojédok etnogenezisehéz. — NyK: 1952.
  • Hajdú P. The Samoyed Peoples and Languages. (UAS 14). — Bloomington; The Hague: 1963.
  • Васильев В. И. Проблемы формирования северосамодийских народностей. — М.: 1979.
  • Васильев В. И. Основные проблемы формирования и развития самодийских этносов (ненцы, энцы, нганасаны, селькупы). — Проблемы этногенеза и этнической истории самодийских народов. Тезисы докладов областной научной конференции по этнографии. — Омск: 1983.
  • Хелимский Е. А. Самодийская мифология // Мифы народов мира. — М.: 1982 Т. Т. 2.
  • Хлобыстин Л. П. О расселении предков самодийских народов в эпоху бронзы (II тысячелетие до н.э.). — «Материалы конференции Этногенез народов Северной Азии». Вып. 1. — Новосибирск: 1969.
  • Чернецов В. Н. Древняя история Нижнего Приобья. — М.: 1953. — (Материалы и исследования по археологии СССР).
  • Чернецов В. Н. Нижнее Приобье в I тыс. н. э. — М.: 1957. — (Материалы и исследования по археологии СССР).