Сандра Батычэльлі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сандра Батычэльлі
Фрагмэнт карціны «Пакланеньне вешчуноў» — верагодна, аўтапартрэт мастака
Імя пры нараджэньні Алесандра ды Марыяна ды Ваньні Філіпэпі
Дата нараджэньня каля 1445[1][2]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 17 траўня 1510[3][4][5][…]
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Адукацыя у майстэрні Філіпа Ліпі, Андрэа Вэрокіё
Занятак алтары, партрэты, алегорыі, рэлігійныя карціны
Месца працы
Псэўданімы di Mariano Filipepi, Alessandro
Жанры партрэт[9][7], гістарычны жывапіс[9][7], рэлігійны жывапіс[d][9], алегорыя[d][7], міталягічнае малярства[d][7] і рэлігійнае мастацтва[d][7]
Плынь Адраджэньне

Алесандра ды Марыяна ды Ваньні Філіпэпі (па-італьянску: Alessandro di Mariano di Vanni Filipepi), больш вядомы як Сандра Батычэльлі (па-італьянску: Sandro Botticelli, 1 сакавіка 1445, Флярэнцыя, Флярэнтыйская рэспубліка, цяпер Італія17 траўня 1510, Флярэнцыя) — італьянскі мастак флярэнтыйскай школы пэрыяду Раньняга Адраджэньня (Кватрачэнта).

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходжаньне і навучаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям’і заможнага гарбара Марыяна ды Ваньні Філіпэпі. Мянушка Botticelli («бочачка») перайшла да Сандра ад яго брата-таўстуна Джаваньні. Другі брат Антоніё займаўся ювэлірным мастацтвам і, верагодна, ён і даў хлопцу першыя навыкі малюнку.

З 1462 году навучаўся жывапісу ў манаха-кармэліта Філіпа Ліпі (Filippo Lippi, каля 14061469) і пераняў ў яго тую палкасьць ў адлюстраваньні кранальных матываў, якой вылучаюцца гістарычныя карціны Ліпі. Як нядаўна выявілі, у гэты час, Батычэльлі магчыма быў адпраўлены ў Вугоршчыну, дзе ўдзельнічаў у стварэньні фрэскі ў Эстэргоме, якую замовіў у майстэрні Фра Філіпа Ліпі арцыбіскуп Вугоршчыны Вітэз Янаш. Пасьля працаваў у вядомага скульптара Андрэа Вэрокіё. У 1470 годзе, ва ўзросьце 25 гадоў, адкрыў уласную майстэрню, дзе выконваў замовы багатых флярэнтыйскіх сем’яў — асабліва сям’і Мэдычы, а з 1472 быў прыняты ў Гільдыю Сьв. Лукі як незалежны мастак.

Першыя творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1470 годзе атрымаў першую значную замову — алегорыі для залі суда Гандлёвай гільдыі. Працаваў разам з Антоніё дэль Паляёлё. Сярод першых самастойных твораў — Сьвяты Сэбасьцьян для царквы Санта Марыя Маджорэ ў Флярэнцыі. Пачаліся і першыя замовы зь іншых гарадоў — паводле дакумэнтаў мастак працаваў у горадзе Піза (капліца Каранавані, дзе стварыў фрэску, разбурана).

Двор Лярэнца Мэдычы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да 1475 адносяць стварэньне карціны «Пакланеньне вешчуноў» па замове банкіра Джавані Лямі, блізкага да дома Мэдычы. Ламі і распавёў аб таленавітым, маладым мастаку знакамітай сям’і.

Збліжэньне з дваром Лярэнца Мэдычы і гуманістамі, якія групаваліся вакол яго, абумовіла зьяўленьне ў творчасьці Батычэльлі рысаў паэтычнай вытанчанасьці і нэрвовай экзальтацыі (шматлікія мадонны, фрэскі Сыкстынскай капэлы ў Рыме, 14811483, партрэты). Вобразы антычнай міталёгіі набываюць у яго своеасаблівую казачнасьць, мэлянхалічнае зачараваньне («Вясна», каля 1482[10], і «Нараджэньне Вэнэры», каля 1485, у Флярэнцыі). Вастрыня бачаньня і тонкая паэтычнасьць — два крылы творчасьці Батычэльлі. Ён глыбока зазірнуў у духоўны сьвет чалавека і, супаставіўшы яго з рэчаіснасьцю, прызнаў сум і боль натуральнымі чалавечымі пачуцьцямі і адлюстраваў іх у сваіх карцінах і партрэтах.

Таленавіты партрэтыст[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Партрэт невядомага з мэдалём Казіма Мэдычы Старэйшага, 1474[11] г., Уфіці.

Батычэльлі зьяўляецца адным з самых вядомых партрэтыстаў эпохі. У адрозьненьне ад рэалістычных або штодзённых карцінаў Філіпа Ліпі, Дамініка Гірляндаё, Пэруджына — Сандра Батычэльлі востра паказваў ўнутраны сьвет сваіх сучасьнікаў, сьвет супярэчнасьці, незадаволенасьці і цяжкіх духоўных пошукаў. Шматлікія партрэты створаны мастаком на фрэсках. Нават мілаваньне зьнешняй прыгажосьцю аблічча анёлаў не перашкаджала Батычэльлі ўзнагародзіць іх смуткам, нэрвовасьцю, хваравітым прадчуваньнем будучых хвацкіх часоў. Сярод характэрных партрэтаў Батычэльлі — партрэт юнака з залатым мэдалём у руках, мажлівы партрэт свайго старэйшага брата Антоніё, ювэліра. Невялікія па памерах партрэты Батычэльлі адрозьніваюцца вастрынёй характарыстык і спробай дакладна адлюстраваць складаны ўнутраны сьвет сучасьнікаў.

«Пакінутая»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сандра Батычэльлі. «Пакінутая», 1495, Рым.

Асабліва гэта адбілася ў маленькай карціне «Пакінутая». У Батычэльлі мала карцін з адной постацьцю, калі гэта не партрэт. Пакінутая горка плача перад парталам багатай сядзібы, якая павернутая на вуліцу фасадам-крэпасьцю. Першыя паверхі дамоў Флярэнцыі XV стагодзьдзя адводзілі пад склады, сьвіраны. Яны мелі вельмі маленькія вокны, якія да таго ж закрываліся моцнымі кратамі. Вялікія вокны мелі 2-і і 3-і паверхі. У карціне Батычэльлі нават першы паверх багатага дома не мае вокнаў. І гэта ўзмацняе адрынутасьць, варожасьць дома, што нядаўна быў родным для Пакінутай. А раскіданае адзеньне сьведчыць, што была бойка, якая скончылася яшчэ адной чалавечай трагедыяй.

«Вясна» або «Прымавэра»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З мастацкай спадчыны, што дайшла да нас, асабліва ўражвае яго «Вясна» — даніна алегарычнасьці тагачаснага мастацтва. Адраджэньне прыроды намаляванае мастаком у выглядзе маладой дзяўчыны, якая раскідвае з прыполу кветкі. Філязафічнасьць гэтага вобразу не выклікае сумневаў: момант абнаўленьня жыцьця аб’ядноўвае мінулае і сучаснасьць, законам якіх падуладны і чалавек. Карціна Батычэльлі «Нараджэньне Вэнэры», дзе паўстала зь пены марской прыўкрасная багіня каханьня Вэнэра сьлізгае па паверхні мора да берага, яднае два ідэалы жаночай прыгажосьці — антычны і рэнэсансны. Падкрэсьлены лірызм вобразу, рамантызм агульнай атмасфэры карціны маюць асабліва сьвецкі характар, пазначаны цікавасьцю да асобы. Пад пэндзлем Батычэлі сьвет выступае ў бясконцасьці сваіх мэтамарфозаў, ва ўласьцівым яму імкненьні найбольш поўнага зьдзяйсьненьня.

Створаны Батычэльлі тып жаночай прыгажосьці — журботны, з далікатным бледным тварам і шырока расплюшчанымі вачыма — уласьцівы пэрсанажам міталягічных кампазыцыяў і мадоннам. Сацыяльныя хваляваньні ў Флярэнцыі ў 1490-х гадох і палымяныя прамовы Джыраляма Саванаролы мелі вялікі ўплыў на творчасьць Батычэльлі, якая набыла выключную драматычную напружанасьць. Ён стварыў сэрыю напоўненых сапраўдным трагізмам і вялікім паэтычным моццу малюнкаў да «Боскай камэдыі» Дантэ, карціну «Паклёп» (каля 1494, Флярэнцыя). Рэлігійны аскетызм і глыбокі сум вызначаюць позьнія карціны Батычэльлі («Сцэны з жыцьця сьв. Зіновія», Дрэздэн; «Сьмерць Лукрэцыі», Бостан; «Каляды», Лёндан, і інш.).

«Вясна» Батычэльлі

Сьмерць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мастак памёр ва ўзросьце 65 гадоў і быў пахаваны на цьвінтары царквы Аньісанці, недалёка ад дому, дзе нарадзіўся.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]