Сапегі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Сапегі
Herb Sapiehów.PNG
Герб «Ліс»
Краіна паходжаньня: Вялікае Княства Літоўскае
Прызнаныя ў: Вялікае Княства Літоўскае, Царства Польскае, Аўстра-Вугоршчына, Расейская імпэрыя
Першы з роду: Сямён Сапега (Сапіга)

Сапе́гі (Sapiehi) — шляхецкі род гербу «Ліс» беларускага[1][2] паходжаньня; у 16 стагодзьдзі ўвайшоў у шэрагі магнатаў Вялікага Княства Літоўскага.

Прадстаўнікі роду Сапегаў у 1518 ст. валодалі буйнымі лятыфундыямі і мелі значны ўплыў — займалі найвышэйшыя дзяржаўныя, адміністрацыйныя і вайсковыя пасады — сярод іх 25 ваяводаў, 4 кашталяны, 3 вялікія і 1 польны гетман, 2 канцлеры і 3 падканцлеры, 3 маршалкі вялікія, 3 генэралы артылерыі, 2 біскупы, некалькі маршалкаў надворных і інш., агулам 16 Сапегаў займалі дыгітарскія пасады.

Сапегі лічыліся другім паводле значнасьці, пасьля Радзівілаў, магнацкім родам Вялікага Княства Літоўскага. Першапачаткова былі праваслаўнымі, у 2-й пал. 16 ст. некаторыя прадстаўнікі роду далучыліся да пратэстанцтва, аднак ужо ў кан. 16 ст. усе Сапегі перайшлі ў каталіцтва.

Паходжаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Коданская галерэя партрэтаў Сапегаў, каля 1720. Літаграфія XIX ст.

Паводле радаводаў, складзеных ў 17—18 ст., паходжаньне Сапегаў выводзілася ад кашталяна троцкага Пунігайлы, нібыта сына Нарымонта Гедзімінавіча, сын якога Сунігайла Пунігайлавіч быццам ахрысьціўся з імем Сямён. Гэтая генэалёгія засноўвалася на «Historia Illustris domus Sapiehianae» (Вільня, 1724), панэгірычным творы А. А. Міштольта, на падставе якога Сапегі прэтэндавалі на тытул князёў. Аднак А. Банецкі, Ю. Вольф і У. Сямковіч у сваіх дасьледаваньнях паказалі, што Сапегі паходзяць ад Сямёна Сапігі (Сапегі) (узгадваецца ў 1440-я), пісара гаспадарскага пры Казімеры Ягайлавічы. Нашчадкі ж гістарычнага Сунігайлы, кашталяна троцкага, згодна з дасьледваньнямі У. Сямковіча ня мелі нічога агульнага з Сапегамі.

Першапачаткова маёнткі Сапігі і яго сыноў знаходзіліся ў Смаленскай зямлі: Ельня, Гарадзішча, Апакаўскі Пасад, але праз войны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам страцілі іх, у вайну 15001503 — Гарадзішча і Апакаў, у вайну 15121522 — Ельню. Аднак Сапегі, як і шмат іншых баярскіх і княскіх родаў, захавалі вернасьць Вялікаму Княству Літоўскаму.

Гісторыя роду[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1516 ст.[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сямён Сапіга меў 4 сыноў, зь якіх Багдан і Іван (Івашка) зрабіліся пачынальнікамі 2 галоўных лініяў роду — чарэйска-ружанскай і коданскай (у далейшым кожная з іх працягвала драбіцца).

Леў Сапега — найвыбітнейшы прадстаўнік роду Сапегаў

Багдан Сямёнавіч (да 1450 — пасьля 1512) праз шлюб з князёўнай з Друцкіх-Сакалінскіх атрымаў мацярынскія маёнткі сваёй жонкі: Чарэю ў Лукомскім княстве, Белую (сучасны Лепель) на Полаччыне, Тухачоў пад Віцебскам — пазьнейшае ядро ўладаньняў Сапегаў.

Іван (Івашка) Сямёнавіч (каля 14501517) як і бацька, зрабіў кар’еру ў якасьці пісара гаспадарскага, потым сакратара. Выконваючы шэраг пасольскіх і іншых дыпламатычных даручэньняў, ён атрымаў за службу шмат наданьняў, зь якіх найбуйнейшымі былі Друя, Іказьнь і Пагост на Браслаўшчыне, Боткі на Падляшшы, Кодань на Берасьцейшчыне.

Да 2-й паловы 16 ст. Сапегі не вылучаліся сярод іншай шляхты ні высокімі пасадамі, ні асаблівым багацьцем. Але прадстаўнікі абедзьвюх галін (асабліва старэйшай — чарэйскай) пашыралі свае ўладаньні. Іван Багданавіч і яго сын Іван праз шлюбы і выслугі набылі Палону, Лемніцу і Астроўну ў Віцебскім ваяводзтве, вялікую частку спадчыны князёў Друцкіх (Талачын і Старасельле каля Друцку, Горы і Горкі за Дняпром, Дзярэчыя Лукі на Віцебшчыне каля сучаснага Суража і інш.), Ляйпунікі ў Літве. Януш Багданавіч праз шлюб з княжной Крошынскай атрымаў Лунна на Гарадзеншчыне. Прадстаўнік малодшай — коданскай галіны Павал Сапега, у далейшым ваявода новагародзкі, дзякуючы шлюбу з князёўнай з Гальшанскіх, набыў частку Гальшан, а таксама Станькава і Жыцін у Менскім ваяводзтве. Праўда, пасьля сьмерці яго брата Міхала Іказьненскі замак і іншыя браслаўскія ўладаньні Сапегаў часова адыйшлі да нашчадкаў з жаночай лініі.

Замак Сапегаў у Высокім

Узвышэньне роду зьвязваецца зь дзейнасьцю Льва Сапегі, які на працягу свайго жыцьця займаў ледзь не ўсе найважнейшыя пасады ў дзяржаве — быў падканцлерам, канцлерам, вялікім гетманам, ваяводам віленскім. Спачатку перайшоўшы з праваслаўя ў кальвінізм, Леў Сапега пазьней прыняў каталіцтва, адным з прыхільнікаў караля Жыгімонта Вазы, пры якім асабліва ўзмацнілася Контррэфармацыя. Багацьці яго няўхільна пашыраліся; да бацькоўскай і мацярынскай спадчыны Леў далучыў Ласосін, Ружану і Зэльву на Слонімшчыне, Асьвею і Бешанковічы на Полаччыне, Бялынічы, Цяцерын і Круглае ў Аршанскім павеце, частку ўладаньняў князёў Лукомскіх, Дзятлава (Зьдзецел) на Новагародчыне, Чарнобыль на Кіеўшыне і шмат больш дробных уладаньняў. Ён жа выкупіў Іказьнь і Друю ў нашчадкаў коданскай галіны роду Сапегаў. У валоданьні Льва Сапегі знаходзіліся і вялізныя дзяржаўныя маёнткі (староствы): Слонім, Сьвіслач, Магілёў, Куранец, Маркава, Мядзел і інш. У выніку шлюбу яго сына Яна Станіслава з дачкой і спадчыньніцай Яна Караля Хадкевіча род Сапегаў прыдбаў маёнткі Быхаў, Ляхавічы, Цімкавічы, Любашанскае староства і шмат іншых уладаньняў. Багацьці Льва Сапегі дазвалялі яму нават фінансаваць вайну са Швэцыяй за Інфлянты. Ён жа быў і адным з натхняльнікаў паходу на Маскву ў час г.зв. смуты ў Масковіі пач. 17 ст.

1718 ст.[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікі герб роду Сапегаў, створаны ў 18581859

Вялізныя багацьці Льва Сапегі і яго сыноў пасьля сьмерці ў 1656 апошняга зь іх, Казімера Льва, былі падзеленыя паміж аддаленымі родзічамі і сваякамі. Найбольшую іх частку атрымаў траюрадны брат Казімера Льва — Павал Ян Сапега, які і без таго меў немалыя маёнткі (Высокае на Берасьцейшчыне і Беліца ў Аршанскім павеце). Цяпер да іх далучыліся Ружана, Ляхавічы, Быхаў, Чарэя, Косава. Павал Ян увайшоў у лік найбуйнейшых магнатаў, што спрыяла і яго палітычнаму ўзвышэньню. У 1656, у крытычны час «Патопу», ён атрымаў Віленскае ваяводзтва і гетманскую булаву. Менавіта пад яго кіраўніцтвам вайна з Расеяй і Швэцыяй скончылася пасьпяхова, тэрыторую Вялікага Княства ачысьцілі ад маскоўскіх войскаў.

Пры сынах Паўла Яна магутнасьць Сапегаў дасягнула максымуму. Кароль і вялікі князь Ян Сабескі, каб супрацьдзейнічаць роду Пацаў, даваў найвышэйшыя дзяржаўныя пасады Сапегам, якія ў сваю чаргу ня грэбавалі злоўжываньнямі. Казімер Ян Сапега, які праз шлюб з дачкой Юрыя Караля Глябовіча атрымаў палову спадчыны апошняга, у 1680-я дасягнуў дамінаваньня ў Вялікім Княстве. У 1696 супраць Сапегаў пачалася адкрытая барацьба большай часткі шляхты Вялікага Княства на чале зь віцебскім кашталянам Коцелам. На сойме 1696 шляхце ўдалося правесьці канчатковае ўраўнаваньне сваіх правоў з правамі польскай шляхты («каэквацыя»), у тым ліку ў кантролі над дзейнасьцю найвышэйшых службовых асобаў, і хоць сойм 1697 пацьвердзіў «каэквацыю» і прымірыў абодва бакі, канфлікт паміж Сапегамі і шляхтай працягваўся.

Пасьля абраньня ў 1697 саксонскага кюрфюрста Аўгуста Моцнага каралём польскім і вялікім князем літоўскім К. Я. Сапега павёў курс на аддзяленьне Вялікага Княства ад Кароны з мэтаю захапіць вялікакняскую ўладу. 14 верасьня 1700 імпэратар Леапольд I, каб узмацніць свой уплыў у Рэчы Паспалітай, надаў прадстаўнікам чарэйска-ружанскай лініі роду Сапегаў тытул князёў Свяшчэннай Рымскай імпэрыі. Маючы войска ў 9 тыс. наёмнікаў, Казімер Ян Сапега быў блізкі да сваёй мэты — толькі ўзброеная кааліцыя Караля Станіслава Радзівіла, князёў Агінскіх, Вішнявецкіх і іншых магнатаў, пачаўшы супраць Сапегаў сапраўднаю грамадзянскую вайну, здолела перамагчы іх у бітве пад Алькенікамі (1700) на поўдзень ад Вільні. Пасьля гэтага Сапегі перайшлі на бок швэдзкага караля Карла XII у часе Вялікай Паўночнай вайны (17001721) і падтрымалі караля Станіслава Ляшчынскага — швэдзкага вылучэнца на сталец Рэчы Паспалітай. Шляхта працягвала ваяваць супраць Сапегаў і склала з маскоўскім царом Пятром I дамову пра расейскую вайсковую і грашовую дапамогу (Сандамірская канфэдэрацыя). Тады Сапегі пайшлі нават на стварэньне казацка-сялянскіх атрадаў на чале з Юрэвічам, Більдзюкевічам і Хмарай, яны дзейнічалі супраць шляхты ва ўсходняй частцы Беларусі (пад Дуброўнай, Галоўчынам, Быхавам). У 1702 гэтыя атрады былі разьбітыя. У 1704 расейская армія ачысьціла цэнтральную частку Вялікага Княства Літоўскага ад швэдзкіх і сапегаўскіх атрадаў. Але ўжо ў 1707 Казімер Ян Сапега дамогся поўнай амністыі і ў далейшым быў ваяводам віленскім і гетманам да канца жыцьця. Пасьля Паўночнай вайны палітычны ўплыў Сапегаў значна паменшыўся, аднак яны па-ранейшаму атрымлівалі галоўныя пасады ў цэнтральнай і мясцовай адміністрацыі Вялікага Княства. Нашчадкі К. Я. Сапегі адышлі ў цень у параўнаньні зь нясьвіскай галіной Радзівілаў і князямі Агінскімі.

Малодшая — коданская галіна Сапегаў ня мела такіх дасягненьняў, але і яе прадстаўнікі былі не з апошніх у Рэчы Паспалітай. Асноўныя маёнткі коданскай галіны ляжалі за межамі сучаснай Беларусі: Кодань на забускай частцы Берасьцейскага ваяводзтва, Боткі і Дубна на Падляшшы. На Беларусі адна з галін Сапегаў (Багдан, затым яго сын Павал Стэфан) валодала Гальшанамі. Коданская галіна праз шлюб Тамаша Сапегі, сына Фрыдэрыка, у 1647 набыла спадчыну згаслага роду паноў Дарагастайскіх (Дарагастаі, Мураваную Ашмянку, Нарач і інш.). Брат Тамаша Крыштап меў за жонку княжну Саламярэцкую, уладальніцу Століна.

Панарама руінаў Ружанскага палаца Сапегаў
Панарама руінаў Ружанскага палаца Сапегаў

1921 ст.[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Непраўдзівымі зьяўляюцца зьвесткі пра наданьне Івану Сапегу графскага тытула імпэратарам Максымілянам II 6 студзеня 1572 і пацьвярджэньне гэтага тытула Жыгімонтам Аўгустам 4 траўня 1572. Гэтыя фальсыфікаваныя дакумэнты былі ўпісаныя ў Мэтрыку ВКЛ у 1744 канцлерам Янам Фрыдэрыкам Сапегам.

У 1768 на просьбу Сапегаў сойм Рэчы Паспалітай на падставе гэтых запісаў прызнаў усіх Сапегаў князямі, нашчадкамі Нарымонта Гедзімінавіча. Княскі тытул быў пацьверджаны ў Каралеўстве Польскім у 1822 годзе, у Аўстра-Вугоршчыне — 1840, у Расейскай імпэрыі — 24 ліпеня 1874.

Сапегі зьбіралі бібліятэкі, архівы, калекцыі твораў мастацтва, трымалі тэатры. За ўдзел некаторых прадстаўнікоў роду ў паўстаньні 1830—1831 гадоў расейскія ўлады канфіскавалі іх маёнткі. У 19151918 Сапегі прэтэндавалі на сталец Вялікага Княства Літоўскага, якое меркавалася аднавіць пасьля магчымай перамогі Нямеччыны ў 1-й Сусьветнай вайне; У 19181939 у Польшчы — землеўладальнікі, дыпляматы, службоўцы. Пасьля 2-й сусьветнай вайны ў эміграцыі.

Выбітныя прадстаўнікі роду[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іканаграфія роду Сапегаў у наш час захоўваецца ў зборах Аўстрыі, Беларусі, Летувы, Польшчы, Расеі, Украіны.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Анатоль Грыцкевіч. Сапегі // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 545.
  2. ^ Анатоль Грыцкевіч. Сапегі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 223.
  3. ^ А. И. Журавский. Деловая письменность в системе старобелорусского литературного языка // Восточнославянское и общее языкознание. — М., 1978. С. 185—191.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Сапегісховішча мультымэдыйных матэрыялаў