Саюз вызваленьня Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Спра́ва «Саю́зу вызвале́ньня Белару́сі» — палітычна-крымінальная справа, распачатая ДПУ БССР у 1930 годзе супраць дзеячаў беларускай навукі й культуры; частка рэпрэсіяў у БССР 1929—1931 гг.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Справа пачалася арыштам (17.2.1930) П. Ільючонка. Агулам па справе СВБ вясной — летам 1930 арыштавалі 108 дзеячаў беларускай навукі й культуры. Першапачаткова ў ДПУ за кіраўніцтва СВБ лічылі В. Ластоўскага, А. Цьвікевіча і А. Смоліча, але іх уплыў у Беларусі быў невялікі. Пазьней за кіраўніцтва СВБ у ДПУ лічыліся А. Адамовіч, А. Баліцкі, П. Ільючонак і Дз. Прышчэпаў, але іх справу разглядалі асобна. Абвінавачаньні ў прыналежнасьці да СВБ выстаўляліся Янку Купалу й Якубу Коласу, У. Ігнатоўскаму, І. Васілевічу й інш.

Справу падсьледных-камуністаў вылучылі ў асобную вытворчасьць. Калегіяй АДПУ усе арыштаваныя, апроч 18, былі асуджаныя на розныя тэрміны зьняволеньня або ссылкі. У. Ігнатоўскі застрэліўся 4 лютага 1931 г. Кіраўнікі СВБ былі асуджаныя на 10 гадоў лягераў кожны (рэабілітаваныя ў чэрвені 1988 г.), справа разглядалася асобна. Большасьць астатніх падазроных як чальцы СВБ — 77 чалавек высланая на 5 гадоў ва ўнутраныя раёны СССР. Усяго па справе былі асуджаныя 86 чалавек. У 1937—1941 гг. справа была перагледжаная, многіх з падазроных як чальцоў СВБ расстралялі, іншыя былі зьняволеныя ў лягеры. У 1937—1939 ліквідаваныя й многія сьледчыя ДПУ, што вялі справу «Саюзу вызваленьня Беларусі». Рэпрэсіі супраць падазроных як чальцоў СВБ, што засталіся ў жывых на той час, адбыліся ў 1949—1952.

Справа «Саюзу вызваленьня Беларусі» азначыла сабой першыя практычныя наступствы зьмяненьня балянсу сілаў у ВКП(б) і выніковага павароту палітычнага курсу ў СССР і БССР, якія адбыліся ў канцы 1920-х гг. і былі скіраваныя, у тым ліку, на згортваньне тагачаснай нацыянальнай палітыкі («каранізацыя»). Вастрыня крытыкі нацыянал-дэмакратызму вырасла яшчэ ў 1927 г; Камуністычная партыя Беларусі ў 1929 г. сваёй устаноўкай прызнала нацыянал-дэмакратызм «галоўнай небясьпекай на дадзеным этапе разьвіцьця», а ў траўні 1930 г. рэзалюцыяй свайго XIII зьезду назвала яго «галоўнай небясьпекай для нацыянальнай палітыкі».[1]

Ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дасюль дакладна невядома, ці праўда існаваў «Саюз вызваленьня Беларусі». У позьняй савецкай гістарыяграфіі дасьледчыкі лічылі СВБ выдумкай ДПУ, а асуджаных па гэтай справе — ахвярамі[2]. Прыкладна такога ж меркаваньня трымаліся й беларускія эмігранцкія гісторыкі, праўда зь іншых матываў, бо асуджаныя па справе СВБ у асноўным былі іх палітычнымі праціўнікамі.

Таксама існуе меркаваньне, што СВБ існаваў і яго кіруючы цэнтар быў не ў інтэлігенцкім асяродку, а ў нацыянальных колах ураду БССР, што за савецкім часам зацямнялася па зразумелых прычынах[3].

Яшчэ ў 1957 г. спэцслужбы выказвалі такую вэрсію: «У 1926 годзе на тэрыторыі БССР нацыяналісты стварылі антысавецкую паўстанцкую арганізацыю з цэнтрам у Менску, … якая атрымала назву „Саюз вызваленьня Беларусі“ (СВБ). Яна мела філіялы ў Віцебску, Полацку і іншых гарадах Беларускай ССР. Для пашырэньня антысавецкай дзейнасьці „Саюза вызваленьня Беларусі“ спэцыяльная група на чале з актыўным нацыяналістам Улашчыкам вэрбавала ў падпольле моладзь. Агентурнай распрацоўкай і сьледзтвам па справе „Саюза вызваленьня Беларусі“ выяўлена, што праграма гэтага варожага падпольля была накіраваная на ліквідацыю заваяваньняў Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі й аднаўленьня ў рэспубліцы ўлады памешчыкаў і капіталістаў.»[4].

У 1988 г. КДБ БССР у адказ на зварот Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КПБ адказаў, што «…руплівым вывучэньнем архіўных матэрыялаў ня выяўлена якіх-колечы дакумэнтальных матэрыялаў аб верагоднасьці існаваньня „Саюзу вызваленьня Беларусі“».[1]

Пералік падазроных ва ўдзеле ў Саюзе вызваленьня Беларусі[a][рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Пералік ня поўны, ўключае толькі 97 падазроных

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Чыгрынаў. Гісторыя Беларусі…, С.482.
  2. ^ Сачанка, Б. Баліць, крывавіць…
  3. ^ Аркуш А. Рызыкоўная…
  4. ^ Белорусские буржуазные националисты: Учебный материал. / сост. Бойченко В. М. и Ерёмин П. П. — М.: «Редакционно-издательский отдел Высшей школы КГБ при Совете Министров СССР», 1957. — С. 14.
  5. ^ Иоффе Э. Раздел III. Григорий Рапопорт…

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Аркуш А. Рызыкоўная барацьба намэнклятуры // Наша Ніва, № 7;
  • Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20-50-х гадоў на Белару­сі. — Мн., 1994;
  • Васілеўская, Н. У. Абвінавачваецца ў нацыянал-дэмакратызме: (Пра наркома асветы Беларусі А. В. Баліцкага) / Пад рэд. Палуяна У. А.; АН Беларусі. Ін-т гісторыі. — Мінск: Навука і тэхніка, 1995;
  • Иоффе Э. Раздел III. Григорий Рапопорт: «Изобретатель „СВБ“» / И палачи и жертвы. (Руководители карательных органов СССР и Беларуси) // Репрессивная политика советской власти в Беларуси. Вып. I. — Минск, 2007.
  • Сачанка, Б. Баліць, крывавіць / З пісьменніцкіх дзённікаў // Віртуальны музей Барыса Сачанкі — Эл.рэсурс sachenko.iatp.by
  • Сідарэвіч А. Трыюмвіры, або Помнік камісарам // Наша Ніва, № 13.