Свабода (газэта, 1902)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Свабода
Тып газэта
Уладальнік Вацлаў Іваноўскі
Галоўны рэдактар Вацлаў Іваноўскі
Антон Луцкевіч
Іван Луцкевіч
Алаіза Пашкевіч
Заснаваная 1902
Закрытая 1902
Палітыка прабеларуская
Мова беларуская мова
Штаб-кватэра Пецярбург

Свабода — выданьне, адзіны нумар якога падрыхтавалі ў 1902 В. Іваноўскі, Антон Луцкевіч, Іван Луцкевіч, Алаіза Пашкевіч (Цётка), В. Валейка, Р. Мілер і інш.

Газэта «Свабода» была задумана як орган Беларускай рэвалюцыйнай партыі.

У 1902 годзе, пры садзейнічаньні польскіх сацыялістаў (сяброў ППС), у асяродзьдзі беларускіх студэнтаў Пецярбурга паўстала Беларуская рэвалюцыйная партыя (БРП) на чале з Вацлавам Іваноўскім (1880-1943). У гэтым жа годзе ў Пецярбург прыехалі на вучобу браты Антон і Іван Луцкевічы зь Менска і Алаіза Пашкевіч з навакольляў Ліды. Яны дапамаглі Іванаўскаму падрыхтаваць першы нумар газэты «Свабода». Падрыхтаваныя матэрыялы былі перавезены ў фальварак Лябёдка Лідзкага павету (цяпер Шчучынскі раён), які належаў Іваноўскім. Пад канец 1902 часопіс аддрукавалі на гектографе накладам 200 асобнікаў Вацлаў Іваноўскі, Тадэвуш Іваноўскі, а таксама браты Валейкі. На тытульным аркушы часопіса значылася: «Свабода, № 1, 1903 г.».

Але затым «Свабода» была зьнішчаная (верагодна самімі выдаўцамі) і не дайшла да чытача. Пасьля гэтага адзіны ці адзін з нямногіх пазасталых асобнікаў сканфіскавала ў студзені 1903 у старэйшага з братоў Іваноўскіх Ежы Іваноўскага варшаўская паліцыя, а сам ён быў арыштаваны і на 4 гады сасланы ў Наўгародзкую губэрню. Больш да нашага часу не было знойдзена ніводнага экзэмпляра выданьня.

Як пісаў ксёндз Адам Станкевіч, спасылаючыся на паведамленьне Вацлава Іваноўскага, у «Свабодзе» былі зьмешчаны два артыкулы, адзін зь якіх — на палітычную тэму, а другі — аб нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў. Зьмест гэтых артыкулаў невядомы. Затое вядомы паэтычны дэбют Алаізы Пашкевіч — верш «Мужыцкая доля». Верш Уладзіслава Сыракомлі «Добрыя весьці», зьмешчаны ў «Свабодзе», быў перароблены выдаўцамі: антырасейскія акцэнты арыгінальнага тэксту замянілі на антыцарскія, ідэя клясавай згоды паміж сялянствам і шляхтай, якую прапагандаваў Сыракомля, саступіла месца работніцка-сялянскай салідарнасьці. Верш гэты захоўваўся ў Архіве новых актаў у Варшаве, як адзіны сапраўдны фрагмэнт «Свабоды».

У 1990 у Менску пад такой самай назвай пачала выходзіць грамадзка-палітычная газэта, рэдакцыя якой лічыла яе пераемніцай выданьня «Свабоды», якое было надрукавана ў 1902 годзе.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. - Мн., 2006. ІSВN 985-6530-40-7 (бел.)