Свабода (радыё)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Радыё «Свабода»
Радыё «Свабодная Эўропа»/Радыё «Свабода»
Горад Прага
Краіна Чэхія
Частасьць 612 кілягэрц
Час вяшчаньня 6:00-8:00, 18:00-00:00
Зона вяшчаньня Паўночны захад Беларусі
Пачатак працы 1949 год
Замяніла Радыё Вызваленьне
Доля 7,8% слухачоў Беларусі (2007)[1]
Заснавальнік ЦРУ ЗША
Уласьнік Кангрэс ЗША
Кіраўнікі Джэфры Гедмін
Сайт www.svaboda.by
Twitter svaboda
Facebook svaboda.org
Вконтакте radiosvaboda
YouTube svabodavideo
Он-лайн-трансьляцыя akamai.com

Радыё «Свабодная Эўропа»/Радыё «Свабода» (анг. Radio Free Europe/Radio Liberty) — радыёстанцыя, якая фінансуецца Кангрэсам ЗША. Старшыня — Джэфры Гедмін[2].

Паводле сайту радыёстанцыі, місія Радыё «Свабода» — «падтрымка дэмакратычных каштоўнасьцяў і інстытутаў шляхам пашырэньня інфармацыі і ідэяў»[3].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Створана ў 1949 годзе ў Нью-Ёрку. У 1950 годзе сядзіба перамясьцілася ў Мюнхэн (Нямеччына). Улетку 1950 году пачалося вяшчаньне зь перасоўных радыёперадатчыкаў, уладкаваных у аўтафургонах, якія перамяшчаліся ўздоўж мяжы з Чэхаславакіяй — першыя перадачы былі на чэскай мове. Прыкладна праз год у Мюнхэне пад радыёстанцыю абсталявалі асобны будынак.

Радыё «Свабодная Эўропа» ўтварылі для вяшчаньня на краіны Усходняй Эўропы, якія пасьля 1945 году трапілі ў сфэру ўплыву СССР, а таксама на Летуву, Латвію ды Эстонію (ЗША не прызналі іх улучэньня ў склад СССР). Для астатніх 12 рэспублік СССР утварылі Радыё «Свабода». Беларуская служба Радыё «Вызваленьне» пачала вяшчаньне 20 траўня 1954 году[4]. У 1959 годзе адбылася зьмена назову радыёстанцыі з «Вызваленьне» на «Свабода»[5]. У 1973 годзе Радыё «Свабода» й Радыё «Свабодная Эўропа» вывелі з-пад фінансавай апекі Галоўнай разьведвальнай ўправы ЗША й перадалі пад кіраваньне адмыслова створанаму Камітэту міжнароднага радыёвяшчаньня. Ад таго часу фінансаваньне ажыцьцяўляецца адкрыта праз амэрыканскі Кангрэс[6]. 1 кастрычніка 1976 году «Свабодную Эўропу» й Камітэт Радыё «Свабода» злучылі ў адно прадпрыемства[7]. Пасьля ўсталяваньня дыпляматычных дачыненьняў між ЗША й КНР у 1979 годзе спынілі вяшчаньне на уйгурскай мове[8], а пазьней — і на карачаева-балкарскай[9]. 21 лютага 1981 году ў мюнхэнскім будынку радыёстанцыі адбыўся выбух, зладжаны на замову Аддзелу дзяржаўнае бясьпекі Румыніі групаю асобаў на чале з вэнэсуэльскім тэрарыстам Ільічом Рамірэсам Санчэсам зь мянушкай Шакал, які дагэтуль адбывае пажыцьцёвае зьняволеньне. У выніку выбуху некалькі чалавек было паранена, матэрыяльныя страты склалі некалькі мільёнаў даляраў[10].

30 лістапада 1988 году СССР спыніў радыёглушэньне[11]. У выніку скарачэньня ўрадавых выдаткаў амэрыканскім Кангрэсам і прэзыдэнтам Білам Клінтанам у 1993 годзе зачынілі вугорскую й аўганскую службы[12]. У студзені 1994 году вяшчаньне пашырылася на краіны былой Югаславіі — Босьнію, Сэрбію, Харватыю й Чарнагорыю. Улетку 1994 году Біл Клінтан прыняў прапанову прэзыдэнта Чэхіі Вацлава Гаўла й чэскага ўраду аб пераезьдзе радыёстанцыі зь Мюнхэну ў пусты будынак фэдэральнага чэхаславацкага парлямэнту ў цэнтры Прагі. У жніўні амэрыканскі Кангрэс зацьвердзіў пастанову аб пераезьдзе, што закончылі ў 1995 годзе, а таксама «Закон аб міжнародным радыёвяшчаньні», на падставе якога ўсе невайсковыя ўрадавыя службы міжнароднага вяшчаньня падпарадкавалі адмыслова створанай Радзе кіраўнікоў радыёвяшчаньня. У 1994 годзе таксама адчынілася прадстаўніцтва ў Менску, першаю кіраўніцаю якога стала Жана Літвіна[13]. Пасьля пераезду першыя перадачы з Прагі загучалі 1 красавіка 1995 году, а першая беларуская — 8 траўня[14].

У 1990-я гг., пасьля палітычных зьменаў ва Ўсходняй Эўропе, зачынілі таксама польскую, чэскую й славацкую службы. Адначасна пачалося вяшчаньне на Іран ды Ірак.

З 2000-х гадоў у этэр выходзяць перадачы на больш як 20 мовах. Вяшчаньне вядзецца на кароткіх хвалях, праз спадарожнікі й сеціва. Перадачы таксама рэтрансьлююцца ў многіх краінах мясцовымі радыёстанцыямі. На сядзібе ў Празе працуе 550 супрацоўнікаў. Прадстаўніцтвы працуюць у 19 краінах[15].

Кіраўнікі беларускай службы:

Перадачы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Частасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сярэднія хвалі: 612 кілягэрцаў а 6:00-8:00 і 18:00-0:00. Кароткія хвалі: 6075 і 6105 кілягэрцаў а 6:00-8:00, 6120 і 11890 кілягэрцаў а 18:00-20:00, 5930 кілягэрцаў а 20:00-0:00. Спадарожнік «Хот Бёрд(en)» 8: арбітальнае(be) разьмяшчэньне — 13° усходняй даўгаты, палярызацыя хваляў(en) — вэртыкальная, частасьць — 12,226 гігагэрцаў, папераджальнае выпраўленьне памылак(en) — 3/4, новая знакавая хуткасьць(en) — 27,5 мэгазнакаў/сэк., распазнавальнік пакета відэа і спасылкі на гадзіньнік перадачы — HB1-8:4260 і HB9-28:4360, хуткасьць дадзеных(en) — 192 кілябіт/сэк., кадаваньне(be) — MPEG2(en).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Нацыянальнае апытаньне ў верасьні 2007 г. (пытаньне №58)(рас.) // Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў (НІСЭПД), 15 кастрычніка 2007 г. Праверана 26 ліпеня 2014 г.
  2. ^ Алесь Дашчынскі. Гедмін моцна расчараваны, як беларуская ўлада ставіцца да Курапатаў // Радыё «Свабода». 21 траўня 2009
  3. ^ Місія Радыё Свабода
  4. ^ Свабодзе — 55! // Радыё «Свабода». 18 траўня 2009
  5. ^ Сяргей Шупа. Радыё Свабода год за годам: 1959 // Радыё «Свабода». 6 ліпеня 2009
  6. ^ Сяргей Шупа. Радыё Свабода год за годам: 1973 // Радыё «Свабода». 20 ліпеня 2009
  7. ^ Сяргей Шупа. Радыё Свабода год за годам: 1976 // Радыё «Свабода». 23 ліпеня 2009
  8. ^ Сяргей Шупа. Радыё Свабода год за годам: 1979 // Радыё «Свабода». 26 ліпеня 2009
  9. ^ Сяргей Шупа. Радыё Свабода год за годам: 1982 // Радыё «Свабода». 29 ліпеня 2009
  10. ^ Сяргей Шупа. Радыё Свабода год за годам: 1981 // Радыё «Свабода». 28 ліпеня 2009
  11. ^ Сяргей Шупа. Радыё Свабода год за годам: 1988 // Радыё «Свабода». 4 жніўня 2009
  12. ^ Сяргей Шупа. Радыё Свабода год за годам: 1993 // Радыё «Свабода». 9 жніўня 2009
  13. ^ Сяргей Шупа. Радыё Свабода год за годам: 1994 // Радыё «Свабода». 10 жніўня 2009
  14. ^ Сяргей Шупа. Радыё Свабода год за годам: 1995 // Радыё «Свабода». 11 жніўня 2009
  15. ^ Вольга Грынявіцкая. Джэф Гэдмін: «Калі ўлады баяцца Радыё Свабода, то гэта выглядае, што яны баяцца свайго народа…» // Народная воля. №79-80 (3005-3006) 26 траўня 2009
  16. ^ http://www.svaboda.mobi/a/25380334.html

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]