Скідаль
| Скідаль | |||||
|
|||||
| Вобласьць: | Гарадзенская | ||||
| Раён: | Гарадзенскі | ||||
| Насельніцтва: | 10 700 (2006) | ||||
| Часавы пас: | UTC+3 | ||||
| Тэлефонны код: | +375 15299 | ||||
| Паштовы індэкс: | 231761 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 53°35′10″ пн. ш. 24°15′07″ у. д. / 53.58611° пн. ш. 24.25194° у. д.Каардынаты: 53°35′10″ пн. ш. 24°15′07″ у. д. / 53.58611° пн. ш. 24.25194° у. д. | ||||
|
Скідаль на мапе Беларусі
Скідаль
|
|||||
Скі́даль, Скі́дзель — места ў Беларусі, на рацэ Скідалька. Уваходзіць у склад Гарадзенскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Насельніцтва 10,7 тыс. чал. (2006). Знаходзіцца за 30 км на паўднёвы усход ад Горадні; чыгуначная станцыя на лініі Горадня — Масты, на аўтамабільнай дарозе Горадня — Ліда.
Зьмест |
Назва [рэдагаваць]
Тапонім «Скідаль» мае балцкае (яцьвяскае[1]) паходжаньне і ўтварыўся ад слова «шчыт» з ужываньнем памяншальнага суфіксу «el». У сучаснай летувіскай мове ёсьць словы skydas — шчыт, skydelis — шчыток .
Мясцовая этымалёгія ад слова «скідаль» (складчына), на думку беларускага географа В. Жучкевіча, зьяўляецца сумнеўнай з тае прычыны, што падобныя назвы або іх эквіваленты адсутнічаюць у іншых рэгіёнах краіны[2].
Гісторыя [рэдагаваць]
Першы пісьмовы ўспамін пра Скідаль як двор вялікіх князеў у складзе Гарадзенскага павету Троцкага ваяводзтва датуецца 9 сакавіка 1498: «дву пустовщинъ в Городенском повете подле Скидла на имя Покладовъщины а Пашковъщины»[3]. У 1516 паселішча перайло ў заставу старосту гарадзенскаму Юрыю Радзівілу[4].
У 1588 Скідаль зрабіўся адміністрацыйна-гаспадарчым цэнтрам воласьці (3 войтаўствы, 13 сёлаў) у складзе Гарадзенскага староства. Паводле прывілею караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазы (1644) тут дазвалялася праводзіць 2 кірмашы на рок, таргі 2 разы на тыдзень. Скідаль зрабіўся гандлёвым цэнтрам на шляху з Горадні ў Слонім. Пад 1783 паселішча згадваецца як мястэчка Гарадзенскай эканоміі, цэнтар ключу.
У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Скідаль апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, з 1801 у Гарадзенскай губэрні. Станам на 1833 тут было 218 будынкаў. На 1885 — гарбарная прамысловасьць, вінакурня, народная вучэльня (з 1860), 2 царквы, 4 крамы, аптэка. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 482 будынкі (зь іх 77 цагляных), працавала лякарня.
Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Скідаль апынуўся у складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабіўся цэнтрам сельскай гміны Гарадзенскага павету Беластоцкага ваяводзтва. 17 верасьня 1939 у часе выправы савецкіх войскаў на Польшчу у мястэчку адбылася антыпольская дывэрсія, якая ў савецкай тэрміналёгіі значылася як «Скідальскае паўстаньне», і была першапачаткова падрыхтаваная мясцовымі габрэямі і беларусамі, якія ўчынілі напад на пастарункі польскай паліцыі. Бунт удалося здушыць па прыбыцьці аддзелаў Польскай арміі з Горадні.
У 1939 Скідаль увайшоў у БССР, дзе 15 студзеня 1940 атрымаў афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу і зрабіўся цэнтрам раёну (з 1962 у Гарадзенскім раёне.). У Другую сусьветную вайну з 27 чэрвеня 1941 да 14 ліпеня 1944 мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. 30 студзеня 1974 паселішча атрымала статус места.
- Места на старых здымках
Насельніцтва [рэдагаваць]

- XIX стагодзьдзе: 1830 — 552 муж., зь іх шляхты 4, духоўнага стану 1, мяшчанаў-юдэяў 506, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў 41[5]; 1833 — 1277 чал.; 1878 — 1525 чал., у тым ліку 1062 жыды[6]; 1885 — 1531 чал.; 1897 — 2790 чал.
- XX стагодзьдзе: 1931 — 3815 чал.; 1973 — 8,6 тыс. чал.; 1991 — 11,1 тыс. чал.[7]; 1999 — 11 460 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2004 — 10,9 тыс. чал.; 2006 — 10,7 тыс. чал.
Адукацыя [рэдагаваць]
У Скідалі працуюць 3 сярэднія, музычная і спартовая школы, 5 дашкольных установаў.
Мэдыцына [рэдагаваць]
Мэдычныя паслугі надае меская лякарня.
Культура [рэдагаваць]
Дзейнічаюць 2 дамы культуры, 3 бібліятэкі.
Эканоміка [рэдагаваць]
Прадпрыемствы харчовай і будаўнічых матэрыялаў прамысловасьці.
| Пералік прамысловых прадпрыемстваў Скідаля |
|---|
|
Турыстычная інфармацыя [рэдагаваць]
Дзейнічае музэй беларускага паэта Міхася Васілька. Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы[8].
Выдатныя мясьціны [рэдагаваць]
- Ешыбот (пач. ХХ ст.)
- Касьцёл Сьвятога Язэпа (1870)
- Парк пры былой сядзібе Антановічаў-Чацьвярцінскіх (1840-я), брама (1899) і гаспадарчыя пабудовы (XIX ст.)
- Царква Сьвятога Міхала Арханёла (1851)
- Чыгуначная станцыя (1-я пал. ХХ ст.)
У наш час у Скідалі збудавалі новы касьцёл (1990-я) і царкву (2005).
Страчаная спадчына [рэдагаваць]
- Сядзіба Антановічаў-Чацьвярцінскіх (XIX ст.)
- Царква Покрыва Прасьвятой Багародзіцы (1867—1870)
Цікавыя факты [рэдагаваць]
- У Скідалі да распаду СССР (1991) знаходзілася Гарадзенская штаб-кватэра Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Скідзель. 500 год у гісторыі. — Гродна, 2008. С. 4.
- ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 345.
- ^ Скідзель. 500 год у гісторыі. — Гродна, 2008. С. 7.
- ^ Вольга Князева. Скідзель // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. С. 320.
- ^ Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. С. 412.
- ^ Skidel // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew. — Warszawa, 1889. S. 670.
- ^ Скидель // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ^ Скидель // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.
Літаратура [рэдагаваць]
- Скідзель. 500 год у гісторыі / І. Барысаў, М. Дзелянкоўскі, А. Вашкевіч, Д. Люцік, Я. Лялевіч, С. Токць. — Гродна: Гродзенская абласная тыпаграфія, 2008. — 189, [2] c., [8] л. каляр. іл. ISBN 978-985-6835-39-4.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. ISBN 985-11-0214-8.
- Соркіна I. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010.— 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Skidel // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom X: Rukszenice — Sochaczew. — Warszawa, 1889. S. 670.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Скідаль — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- м. Скідаль на Radzima.org
- Здымкі на Globus.tut.by(рас.)
|
||||||||||||||||||||||||||||||||
|
||||||||