Словаўтваральная мадэль

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Словаўтваральная мадэль — канкрэтная схема пабудовы вытворнага слова з улікам яго фармальнага відазьмяненьня.

Словаўтваральная мадэль улічвае канкрэтныя асаблівасьці ўтварэньня пэўнага слова ці групы словаў у межах аднаго словаўтваральнага тыпу. Гэтыя асаблівасьці маюць пераважна марфаналягічны характар, значыць датычацца фармальнага (фанэмнага) складу вытворных словаў, і толькі зрэдку закранаюць марфоляга-структурны бок. Так у межах таго ці іншага словаўтваральнага тыпу пры ўтварэньні адных словаў адбываецца чаргаваньне фанэмаў на граніцы марфэмаў, а ў другіх такога чаргаваньня няма, у адных выпадках выкарыстоўваюцца інтэрфіксы, а ў другіх не, адбываецца ўсячэньне ўтваральных асноваў, або не адбываецца і г.д.

Вытворныя словы з такімі марфаналягічнымі адрозьненьнямі і складаюць унутры пэўнага словаўтваральнага тыпу асобныя словаўтваральныя мадэлі. Гэтыя мадэлі даюць магчымасьць паўней выявіць асаблівасьці словаўтварэньня таго ці іншага лексыка-сэмантычнага разраду, устанавіць канкрэтную формулу пабудовы вытворных.

Такім чынам, словаўтваральны тып можа аб’ядноўваць словы, утвораныя паводле розных мадэляў.

У лінгвістычнай літаратуры паняцьце словаўтваральнай мадэлі трактуецца неадназначна. Часта яго зьмешваюць з паняцьцем словаўтваральнага тыпу.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]